Пра касу, дзяркач і кніжны растамер

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Вельмі даўно быў я ў вёсцы Вішоў Бялыніцкага раёна. Надзвычай здзівіла тое, што мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя даплачвала сваім рабочым за ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Днямі вырашыў пацікавіцца, якая сітуацыя з “артыстычнымі стыпендыямі” на сёння. І здзівіўся ўдвая: нічога не змянілася! Дырэктар Вішоўскага сельскага цэнтра культуры Алена Хортава распавяла, што кожны месяц падае спіс артыстаў-аматараў эканамістам СВК “Калгас “Радзіма”, якім кіруе Аляксандр Лапацентаў. І эканамісты выплачваюць актывістам ад культуры (60 працэнтаў ад агульнай колькасці дарослых “самадзельшчыкаў”) дзесяць працэнтаў месячнага заробку.

/i/content/pi/cult/644/14306/25 kultura 11 copy.jpg

У Бабруйскай гарадской бібліятэцы № 8 імя Ефрасінні Полацкай рэалізоўваецца беларускамоўны культурна-асветніцкі праект “Кніжкіна гісторыя”. Са студзеня тут ладзяцца заняткі для юных чытачоў. Іх наведала 310 дзяцей. Яны пазнаёміліся з гісторыяй літар і алфавіту, старадрукаў, рукапісных фаліянтаў і першых бібліятэк. Да Дня памяці Ефрасінні Полацкай прайшлі заняткі пра нашу асветніцу. Далей гаворка пойдзе пра жыццё і творчасць першадрукара і гуманіста Францыска Скарыны.

11 чэрвеня ў горадзе Свіслач прайшоў абласны кніжны фестываль “Кніга і час”, ініцыяваны Свіслацкай раённай бібліятэкай пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, Свіслацкага райвыканкама, мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Год таму фэст ладзіўся як раённы. Сёлетняя змена статусу — доказ запатрабаванасці мерапрыемства. Тон падзеі задала навукова-краязнаўчая канферэнцыя “Шлях беларускага друкаванага слова ў Свіслацкім краі”, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Краязнаўцы і людзі, зацікаўленыя гісторыяй роднага краю, мелі магчымасць праслухаць даклады супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Потым была тэатралізаваная дзея “З кнігай праз стагоддзі”. А ў конкурсе “Бібліятэчная пляцоўка” бралі ўдзел прадстаўнікі 14 раённых бібліятэк. Інфармацыйна-выставачны комплекс быў прадстаўлены тэматычнай экспазіцыяй “Кніга Скарыны — шлях праз стагоддзі”. Пазнавальна-забаўляльную праграму фестывалю прадоўжыў спектакль “Сон маленького бездельника” тэатра “Памфлет” Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Шпак.

Мастоўская раённая бібліятэка таксама прыняла ўдзел у фестывалі “Кніга і час”. Вось што распавядае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай райбібліятэкі Надзея Навагродская: “У Свіслачы сабраліся прадстаўнікі чатырнаццаці бібліятэк Гродзеншчыны. Былі прэзентаваны выставы-экспазіцыі пра гісторыю ўстаноў, слынных землякоў. (Мастоўская раённая бібліятэка атрымала дыплом.) Сярод экспанатаў можна было ўбачыць самаробныя кнігі, краязнаўчыя рэкламныя буклеты. Мастоўская раённая дзіцячая бібліятэка падрыхтавала гульнявую пляцоўку “Зялёны востраў”.

Раённы конкурс з вельмі трапнай назвай — “Звініць каса — жыве вёска” — ладзіцца ў аграгарадку Ганчары ў другі раз. Пра гэта напісала вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш. Сярод шматлікіх канкурсантаў знайшлася нават жанчына-касец — Марыя Бальцэвіч. А прыклад моладзі на касьбе траў жвава паказваў Іван Матусевіч, якому больш за 80 гадоў.

Аналагічны конкурс прайшоў, як піша супрацоўніца Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель, і ў аграгарадку Ліпнішкі. Называлася акцыя “Ліпнішкаўскія сенажаці”. Як і ў папярэднім выпадку, мастацкую падтрымку мерапрыемству аказалі работнікі культуры.

Свята дзеркача прайшло ў аграгарадку Каменка, што на Шчучыншчыне. Вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гардзейчык піша: “Дзяркач дапамагае прывесці гаспадарку ў чысціню. Ёсць ён у кожным двары. Чысты двор — чыстыя памкненні… На свяце прэзентаваліся вырабы майстрых Надзеі і Ірыны Дужык, Аліцыі Гайдук. Выступілі носьбіты песеннага фальклору Ядвіга Гулько ды Ірына Дысь. А яшчэ былі майстар-класы па вырабе дзеркачоў і венікаў-абярэгаў”.

Загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці з Зэльвеншчыны Алена Ламека напісала яшчэ пра адно свята — клубніц. Адбылося яно ў аграгарадку Бародзічы. Тут гэтыя ягады вырошчвае амаль кожны. Работнікі культуры правялі пад адкрытым небам тэатралізаваную дзею. Можна было пакаштаваць выпечку з клубнічным начыннем. Модніцам прапаноўваўся “клубнічны” манікюр.

/i/content/pi/cult/644/14306/25 kultura 11.jpg

Ганна Керэль — бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі — распавядае пра першы досвед наладжвання бібліяночы. Акцыя ў падтрымку чытання ўтрымлівала шмат цікавага. Кніжны растамер падказваў, з якой колькасці кніг складаецца рост чытача. Варажбітка прапаноўвала літаратурныя гаданні. У летняй кіназале дэманстраваліся мультфільмы паводле ўлюбёных дзіцячых твораў. А ў кнігасховішчы ладзіўся квэст. Чытальная зала сабрала аматараў сямейнага чытання. Завяршылася мерапрыемства дыскатэкай “Бібліятусоўка”.

У Лельчыцкім цэнтры культуры і народнай творчасці, як распавядае галоўны спецыяліст мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Лісіцкая, адбыўся ўрачысты канцэрт з нагоды 50-годдзя ўтварэння дзіцячай школы мастацтваў гарадскога пасёлка Лельчыцы.

Навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Лупач распавяла пра гісторыю Жукоўшчынскага парка пейзажнага тыпу. Сядзібна-паркавы комплекс быў закладзены пры Эдмундзе Корсаку ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Неагатычны палац падчас Вялікай Айчыннай вайны гарэў, пасля яго разабралі на будаўнічыя матэрыялы. Застаўся парк з ліпавай, грабавай, яловай алеямі. Ён уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Бібліятэкар Арэпіцкай сельскай бібліятэкі Жабінкаўскай раённай ЦБС Святлана Мазоль напісала, як стварала куток памяці земляка Васіля Дудара, які загінуў на афганскай зямлі. Маці Васіля перадала бібліятэцы асабістыя рэчы сына, у тым ліку зборнік вершаў Сяргея Ясеніна. Неўзабаве ў кутку памяці з’явяцца звесткі пра іншых слаўных землякоў: настаўніка і заснавальніка Арэпіцкай школы Цімафея Лося, урача і заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Рыгора Шораха…

Учора ў Слоніме сабраліся больш за 20 самых творчых сям’яў краіны: пачаўся Рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”. У конкурснай праграме — пяць намінацый: “Харавое выкананне”, “Харэаграфія”, “Ігра на музычных інструментах”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Фальклор і этнаграфія”. Мерапрыемства завершыцца 25 чэрвеня.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"