Сезон беларускіх прэм’ер адкрыты

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

22 чэрвеня на “Беларусьфільме” адбыўся прэс-паказ новых дакументальных стужак студыі “Летапіс”. Прадставілі фільмы вядомых рэжысёраў-дакументалістаў: “Янка Купала” Віктара Аслюка, “Чужое і свае” Галіны Адамовіч, “Агмень” Юрыя Цімафеева. Па словах намесніка дырэктара падраздзялення Уладзіміра Мароза, падобную практыку кінастудыя плануе актыўна развіваць і далей, больш шырока інфармуючы грамадскаць пра новыя кінатворы.

/i/content/pi/cult/644/14305/18553747_1804702989846625_1.jpg

Кадр з фільма "Агмень".

Стужка Юрыя Цімафеева “Агмень” знятая пра цікавостку Ганцавічскага краю — “Музей АнтыБахус” у вёсцы Лактышы. Відавочны кірунак антыалкагольнай прапаганды з’яўляецца ў фільме падставай для выхаду на больш шырокія тэмы: заняпаду і сыходу вёскі як сацыяльнага ўтварэння, культуры сяла.

— Так атрымалася, што тэма сыходзячай натуры — гэта тое, што мяне цікавіць, — прызнаўся падчас абмеркавання карціны рэжысёр. — Хацелася напачатку зняць камедыю, але па выніках атрымалася трагікамедыя.

Гэты натуральны паварот у фільме да асяродка і лакальнага кантэксту толькі робіць карціну глыбейшай і вастрэйшай. Юрый Цімафееў стварае праблемную карэспандэнцыю, але погляд аўтара не перабольшванне — Лактышы жывуць мінулым. А будучыня вёскі наогул, бадай, пакуль нявызначаная.

“Янка Купала” Віктара Аслюка — цалкам нешараговы падыход да творчасці беларускага класіка, чыё імя і радкі вядомыя, здаецца, кожнаму беларусу. Але Віктар Аслюк ідзе з пытаннем пра Купалу ў народ, і ў выніку прыходзіць да тэмы канструявання нацыі — якім чынам яна фарміруецца і якія сродкі ў яе праектаванні задзейнічаны сёння. Што маем зараз у народнай свядомасці? Ці не ператварылася спадчына Песняра ў адно набор гукаў і забранзавелы артэфакт? Моцная і цікавая карціна, не пазбаўленая гумару, яскравых візуальных вобразаў, што выводзяць у цалкам нечаканыя абшары судакрання з паэзіяй Купалы.

/i/content/pi/cult/644/14305/004.jpg

Кадр з фільма "Янка Купала".

— На гэтай карціне ўжо не пасмяешся, — зрабіў невялікія ўводзіны перад паказам стужкі Галіны Адамовіч Уладзімір Мароз. — “Чужое і сваё” — гэта і сапраўды няпросты і вельмі важны расповед пра дзіцячы хоспіс, палеатыўную дапамогу дзецям і іх сем’ям, пра жыццё і смерць. У цэнтры стужкі — дырэктар дзіцячага хоспіса Ганна Гарчакова. Фільм можна лічыць каштоўным матэрыялам, каб данесці людзям звесткі пра тое, што такое дзіцячы хоспіс, хто ў ім працуе, як жывуць сем’і, чые дзеці маюць складаныя дыягназы, як адгукаецца на іх бяду грамадства. Увогуле “Чужое і сваё” — гэта заход на тую тэрыторыю, куды не прынята “збочваць”, таму што сорамна, страшна, не хочацца…

Стужка ўздымае тэму смерці і кажа пра сустрэчу герояў з ёю.

— Ёсць тыя пытанні, на якія не маеш адказу, — каментуе матыў стварэння сваёй карціны Галіна Адамовіч. — Жыццё і смерць. Але прыцягальнасць таямніцы вялікая. І мне захацелася звярнуцца да гэтых пытанняў, з якімі сутыкаецца кожны. “Чужое і сваё” — гэта зварот да таго, дзе палягае мяжа паміж сваім горам і чужым, смерцю чужой і сваёй, жыццём — таксама сваім і чужым…

Абмеркаванне пасля прагляду натуральна перайшло да пытанняў пра далейшы лёс дакументальных карцін. Праблема іх тэлевізійнай трансляцыі, як высветлілася, па-ранейшаму актуальная.

— Мы ведаем некалькі праграм, прысвечаных дакументальнаму кіно на расійскім тэлеканале “Культура”, і ніводнай падобнай у нас, — кажа Галіна Адамовіч. — Між тым матэрыялу на студыі дастаткова: ад стужак 20-гадовай даўніны да сённяшняга часу. Найцікавейыя, важныя карціны, якія распавядаюць пра лёс нашай краіны.

— Угаварыць тэлеканалы зрабіць падобную праграму не ўдаецца, — пагадзіўся Уладзімір Мароз.

Прэс-паказ, што адбыўся, яшчэ раз пацвердзіў пазіцыі беларускай дакументалістыкі, якая ў варунках тэматычнай замовы захоўвае высокі мастацкі ўзровень і цвярозы погляд на рэчаіснасць, яна вядзе рэй і выклікае ў гледачоў водгук, бо ўлоўлівае сучасны момант і жыве ў ім. На жаль, пакуль пра гэты выдатны прадукт — ужо які год — ведае няшмат людзей.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"