“Грызу” бібліятэчны граніт

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Ганна РАБЦЭВІЧ, загадчык Раздзялавіцкай сельскай бібліятэкі Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці
Скажыце, як часта вы наведваеце бібліятэку, і я скажу, хто вы. Я наведваю бібліятэку кожны дзень, таму што я — бібліятэкар. А гэта значыць, я — у ліку тых, хто не ўяўляе сябе без кнігі.

/i/content/pi/cult/642/14301/Rabcevich Anna.jpgВы заўважалі, што, калі трапляеш з шумнай вуліцы ў бібліятэку, здаецца, быццам час запавольвае хаду: там, звонку, жыццё кіпіць, людзі спяшаюцца па справах, а тут — цішыня, раўнамерна-нетаропка цікае гадзіннік на сцяне. Вы, магчыма, скажаце, што сёння неабавязкова хадзіць у бібліятэку, каб атрымаць патрэбную інфармацыю: практычна любую кнігу можна купіць ці знайсці патрэбныя звесткі ў інтэрнэце? А мне дзіўна чуць такое меркаванне. Папяровая кніга — гэта папяровая кніга, а інтэрнэт — гэта інтэрнэт. Гаворка пра розныя формы падачы інфармацыі, якія дапаўняюць, а не адмяняюць адна адну. Можна толькі вітаць разнастайнасць, узаемадзеянне, шырыню.

Але сустрэча з добрай кнігай — гэта як сустрэча з чалавекам. Пра яе наступствы можна казаць колькі заўгодна. Уплыў кніг — з’ява вельмі індывідуальная, але відавочная. Вось таму бібліятэку і называюць Храмам. А бібліятэкар — не проста службовец пры кнігах. Ён — іх праваднік у жыццё, калі хочаце — самаахвярны місіянер.

Таму натуральна, што ў апошнія гады мы з калегамі пільную ўвагу надаем не толькі рэканструкцыі бібліятэчнай прасторы, але і стварэнню ўмоў для рэалізацыі права асобы на свабоду самавыяўлення. Так што апошнія дзесяцігоддзі можна смела назваць перыядам рэфармавання бібліятэчнай справы, прафесійнай і творчай рэалізацыі бібліятэкараў.

Шматлікія літаратурна-музычныя святы, гульні, прэзентацыі носяць не толькі забаўляльны, але і асветніцкі характар. Так, мы хочам здзівіць інфармацыяй, “зачараваць” кнігай, падзяліцца фантазіяй. Так, наш чытач, і малады, і сталы, мае вострую патрэбу ў актуальнай інфармацыі. А попыт, як вядома, нараджае новыя праблемы: напрыклад, як зрабіць працу больш адраснай, якую форму дзейнасці выбраць, каб яшчэ і будучыню прадбачыць.

Я “грызу” бібліятэчны граніт навукі, стараюся ўводзіць навацыі. Ведаю, што для кагосьці з маіх калег — гэта ўжо норма, аднак гэтае веданне не замінае маім пошукам. Выхоўваю юных “грынпісаўцаў” у клубе “Мурашнік”, стараюся, каб маленькі чытач хутчэй навучыўся думаць: параўноўваць, аналізаваць. Цвёрда перакананая — свет можна спасцігнуць толькі праз прыроду, і, магчыма, тое, што я працую ў бібліятэцы — не выпадковы збег абставінаў, а пакліканне, прызначэнне звыш. А кніга — найпершы дапаможнік таго, што існуе і наўкола чалавека, і ў ягонай душы.

Самае цяжкае: зносіны з чытачом — гутаркі, кансультацыі, рэкамендацыі. Тут важна зразумець, дапамагчы, стаць сябрам. Сённяшняе тэлебачанне не выхоўвае. Наша задача — прапанаваць годную альтэрнатыву з бібліятэчных стэлажоў. Я чытаю кнігу і адначасова думаю, каму з маіх чытачоў яна можа спатрэбіцца. І гэты працэс — пастаянны.