Платформа, якая можа стаць трамплінам

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Беларускае кіно з беларускім поглядам чакаюць на нямецкім фестывалі
Не так даўно ў Мінск завітаў праграмны кансультант кінафестывалю ў Котбусе Марсэль МАЙГА. Падчас свайго візіту, арганізаванага цэнтрам “Арт Карпарэйшэн”, нямецкі госць пабываў на кінастудыі “Беларусьфільм”, пакрытыкаваў удзельнікаў фэсту “Cinema Perpetuum Mobile” і пазнаёміўся з айчыннымі кінематаграфістамі. Але галоўная яго місія — падрыхтоўка паўнавартаснай праграмы беларускага кіно, упершыню запланаванай на сёлетнім фестывалі ў Котбусе, што пройдзе ў лістападзе.

— Мы прыкладна пяць гадоў абмяркоўвалі гэту ідэю і кожны раз адкладвалі, мяркуючы, што наступным годам абавязкова ўсё зробім як мае быць, — кажа спадар Майга. — Але заўсёды ўзнікалі нейкія перашкоды, каб прыехаць да вас і навесці масты. Тым больш, самы буйны беларускі фестываль “Лістапад” праходзіць адначасова з нашым, таму разарвацца не атрымліваецца. Аднак урэшце намер здзейсніцца.

— Чым абумоўлена такая цікавасць менавіта да беларускага кіно?

— Яна цалкам заканамерная. Наш фестываль кожны год прадстаўляе новую старонку кінасвету Усходняй Еўропы: раней гэта былі Румынія, Малдова, Балгарыя, Чэхія, Украіна… Беларусь — пакуль адзіная краіна ў рэгіёнe, не нанесеная на гэту карту. Стужкі вашых аўтараў не вельмі часта дэманструюцца за мяжой, і таму мала хто ведае, што ў вас адбываецца і ці здымаюць тут кіно. Мы хацелі б выправіць гэты недахоп, задаволіўшы цікаўнасць нашых сталых гледачоў і завяршыўшы складанне кінематаграфічнага атласу рэгіёна.

Таксама сёлета будзе зроблены асаблівы акцэнт на в’етнамскае кіно, вельмі экзатычнае для еўрапейскага вока. Канешне, В’етнам не належыць да Усходняй Еўропы, але гэта краіна застаецца сацыялістычнай, а раней была часткай камуністычнага блоку. І многія рэжысёры ў свой час вучыліся ў СССР, таму іх тып кінамыслення доўгі час знаходзіўся пад уплывам савецкай школы. Думаю, нашай аўдыторыі гэтыя стужкі будуць цікавыя.

— А якая мэтавая аўдыторыя фестывалю ў Котбусе?

— Перш за ўсе, гэта жыхары горада, якія вельмі актыўна наведваюць мясцовыя кінатэатры. За пяць дзён фестывалю гледачоў набіраецца прыкладна 25 тысяч. І, канешне ж, прафесіяналы ў сферы кіно не толькі з усёй Германіі, але таксама і з іншых заходнееўрапейскіх краін. Яны даўно сталі заўсёднікамі падзеі, і штогод іх прыязджае багата.

— Вы кажаце, што за мяжой наша кіно пакуль мала каму вядомае. На ваш погляд, чаму так адбылося?

— Мы гэта і самі намагаемся высветліць. Магчыма, сярод іншага, справа таксама і ў менталітэце — існуюць дзяржавы, якія здымаюць кіно выключна для сябе і не імкнуцца да яго распаўсюду за мяжу.

— Вы лічыце, тут адыгрывае ролю і суб’ектыўны фактар? Ці багата было ў мінулыя гады заявак на ўдзел у вашым фестывалі ад беларускіх аўтараў?

— У тым і справа, што не. Прыгадваю хіба кароткаметражкі — прычым некаторыя з іх траплялі ў конкурс. Таксама была дзіцячая стужка ад “Беларусьфільма”, а яшчэ напрыканцы 1990-х — і ваша дакументалістыка. Вядома, гэтага замала, каб скласці хоць якое ўражанне пра кінапрацэс у цэлай краіне.

— Ці ўдалося вам гэта зрабіць падчас цяперашняга візіту?

— Мне ўжо даводзілася неаднаразова бываць у Беларусі, але апошнім разам гэта было гадоў дзесяць таму. Як мне падаецца, культурны асяродак у вас стаў куды больш актыўны. Але, вядома, за пару дзён маёй камандзіроўкі было цяжка адчуць усе нюансы. Прыкладам, наведаўшы “Беларусьфільм”, я ўбачыў там новыя павільёны і студыі, у якіх можна здымаць што заўгодна: ад поўнага метра да рэкламных ролікаў. А рэквізітарская база мяне папраўдзе ўразіла: колькі там розных касцюмаў і прадметаў! Але адказ на пытанне, што на вашай студыі цяпер робяць (калі не лічыць, вядома, расійскіх тэлесерыялаў), для мяне застаўся адкрытым.

— Што вы думаеце пра ўбачаную вамі айчынную праграму на СPM?

— Для мяне гэта незвычайны досвед, таму што стужкі былі вельмі рознымі па жанрах і тэматыцы. Напрыклад, дакументальны фільм пра сямейны гвалт мог суседнічаць у праграме з лёгкай камедыяй. Пераважалі эксперыментальныя рэчы, асаблівым прыхільнікам якіх я не з’яўляюся. Тым не менш, было вельмі цікава іх праглядзець, каб скласці пэўную карціну беларускага кіно. Але найбольш мне запомніліся абмеркаванні пасля паказу, дзе часта ўзнікалі дыскусіі пра тое, што ў той ці іншай стужцы з’яўляецца беларускім, якія элементы. Гэта вельмі дзіўнае пытанне для мяне, і, магчыма, яно нават можа стаць ключом да разумення агульнай сітуацыі ў вашым кіно. Прынамсі, у Германіі такіх пытанняў не пачуеш.

— Якія стужкі ад Беларусі вы плануеце ўключыць у праграму і якім чынам іх шукаеце?

— Арганізатары “Лістапада” пазнаёмілі нас з некаторымі ўдзельнікамі Нацыянальнага конкурсу. Але я заахвочваю таксама і іншых аўтараў дасылаць спасылкі на свае працы на электронную пошту фестывалю. Гарантую, што ўсе прапановы будуць разгледжаныя. Прыём заявак завершыцца напрыканцы жніўня, каб мы паспелі перавесці адабраныя карціны ў неабходны тэхнічны фармат і надрукаваць промапрадукцыю для фестывалю.

— А якія крытэрыі адбору?

— У нас няма абмежаванняў па жанрах ці хронаметражы. Усё залежыць найперш ад мастацкай задумы, якасці сцэнарыя, тэхнікі здымак. Пажадана, каб у сваім фільме аўтар распавёў штосьці пра беларусаў або тым месцы, дзе ён жыве. Неабавязкова наўпрост: маўляў, вось ён, Мінск, паглядзіце… Хай гэта будзе погляд на Польшчу ці Германію — але менавіта погляд беларускі.

Занатаваў Тарас ТАРНАЛІЦКІ