Калі на прасторы Instagram мы дзелімся штучнымі момантамі, то ў межах YouTube гледачы разам з аўтарамі відэа перажываюць сумесна пэўны час жыцця. Яны не толькі разам ядуць, ходзяць па вуліцы горада ды падарожнічаюць, а таксама фарбуюцца, глядзяць фільмы, аналізуюць мясцовыя серыялы ды гуляюць у камп’ютарныя гульні. Больш за тое — з часам забава ўзрасла да камерцыйнага фармату. Сама відэапляцоўка адзначае, што па стане на 2015 год на YouTube было заліта больш за 10 000 ролікаў, якія набралі звыш мільярда праглядаў. Здымкі забаўляльных відэа пераўтварыліся ў прафесію, якая патрабуе не толькі практыкі, але і пэўнай падрыхтоўкі.
У Беларусі ўсё тое самае: мы маем вядомых блогераў і вірусныя відэа. Але мяне зацікавіла адзінае пытанне: калі відэапрастора настолькі папулярная, чаму ёй не карыстаюцца для распаўсюджання культурных асаблівасцей краіны?
Арганізатар YouTube-фестывалю “Відак” у Мінску Дзмітрый Радчанка перакананы, што калі нашы блогеры пачнуць размаўляць на роднай мове, яны згубяць усіх сваіх падпісчыкаў, бо большасць з іх — гэта гледачы з Расіі. “Пытанне мовы ўвогуле не павінна стаяць, бо варта памятаць, што амаль уся Беларусь размаўляе на рускай. Чалавек — беларус, і ўсё. Не важна, на якой мове ён размаўляе”, — лічыць ён.
На думку Дзмітрыя, для папулярызацыі беларускай культуры блогі не прызначаныя: “Яны створаны, каб дзяліцца, у першую чаргу, асабістымі зацікаўленасцямі”. Да ўсяго, у відэапрасторы найбольш папулярныя менавіта эпатажныя стужкі. Таму тут паўстае яшчэ адно пытанне: ці патрэбны нам трэш-кантэнт з культурным ухілам?