Зусім не рэмейк

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

“Доктар філасофіі” на Коласаўскай сцэне
Здараецца ж, што памяць пра спектакль-легенду перадаецца з пакалення ў пакаленне. Былі і на коласаўскай сцэне такія знакавыя спектаклі кшталту “Доктара філасофіі” паводле вядомай, нават класічнай камедыі сербскага драматурга мяжы XIX — ХХ стагоддзяў Браніслава Нушыча. Праз 35 гадоў да той жа п’есы зноў звярнуўся рэжысёр Міхась Краснабаеў.

/i/content/pi/cult/642/14286/24++.jpg

У ранейшым спектаклі зіхацелі таленты народных артыстаў Беларусі Георгія Дубава, Зінаіды Канапелька, Тадэвуша Кокштыса (які і сёння добра памятае тую сваю даўнейшую работу — вобраз прайдзісвета Благае — і можа распавесці пра яе), заслужаных артыстаў Валянціны Петрачковай і Баляслава Сяўко ды многіх іншых. Па словах жа пастаноўшчыка новай версіі, аўтар — сербскі Астроўскі. З гэтага, відаць, трэба і зыходзіць, разглядаючы форму спектакля. Кватэра (ці дом) заможнага буржуа, ці, як зараз сказалі б, прадпрымальніка, выхадца з нізкага саслоўя, што ўласнае жытло ўладкаваў з сапраўднай раскошай і прэтэнзіяй (мастак-пастаноўшчык Святлана Макаранка). Салонны пакой для прыёму гасцей з шыкоўнай мяккай мэбляй залацістага колеру, шафай для вінных напояў і абавязкова сейфам (трэба ж стварыць уражанне на наведвальнікаў). Замыкаюць сцэнічную прастору разьбяныя шырмы, якія, відаць, “хаваюць” анфілады многіх іншых пакояў. Справа — арка, закрытая заслонай, і лесвіца, праз якую і з’яўляюцца госці (дэталь афармлення і разам з тым — метафара нязбытных мрояў гаспадара дома).

Сюжэтнае рэчышча, ды і сам характар галоўнага героя — гэтага “мешчаніна ў дваранах” — мае даўнюю літаратурную традыцыю, якая вельмі ўпісваецца і ў сучасны кантэкст. Спадар Жывата (артыст Юрась Цвірка) апантаны ідэяй сцвердзіць сябе ў шляхетным грамадстве, а можа, і трапіць на самы верх сацыяльнай лесвіцы. З гэтай мэтай ён пад імем сына-лайдака пасылае вучыцца за мяжу іншага чалавека, які бліскуча заканчвае ўніверсітэт. Праўда, прыдбаў хлопец не толькі дыплом, але і жонку Клару з сынам Пепікам. Зрэшты, спадар Жывата пра гэта нічога не ведае і носіцца ўжо з іншым планам — парадніцца з самім прэм’ер-міністрам. У таго няма дачкі? Ну, на горшы выпадак падыдзе і міністр шляхоў зносін: у ягоных руках будаўніцтва трансбалканскай чыгункі — заманлівы праект! Глядач смяецца з дарэмных намаганняў Жываты, ды, разам з тым, шкадуе і па-чалавечы разумее яго, бо трэба ж неяк выжываць у рацыянальным свеце, дзе ўсё прадаецца і ўсё купляецца, а чалавек вымяраецца тытуламі, званнямі, багаццем. Так падае яго выканаўца, магчыма, так выпісаў гэты вобраз і аўтар, бо не дарэшты ж персанаж ягоны сапсаваны, не зусім згубіў сумленне і чалавечую аснову, пра што сведчыць фінал, калі герой прымае чужое дзіця як сваё. Да таго ж, артыст, які мае вялікі досвед сыграных камедыйных роляў, выдатна адчувае жанр спектакля, вытрымлівае ў “сваіх” сцэнах рытм дзеяння, спалучае акцёрскі ансамбль, фактычна трымае на сабе ўвесь спектакль.

Яго жонка Мара Цвіёвіч (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова) апантаная вялікай любоўю да сына Міларада. Менавіта на гэтым робіць акцэнт выканаўца. Яна даволі скептычна адносіцца да матрыманіяльных планаў мужа (здаецца, Мара больш звыклася са сваім мяшчанскім асяродкам), іншым часам яны яе нават азадачваюць, але вядзе сябе пры гэтым даволі стрымана, бо ёсць у гэтай сям’і такая завядзёнка: слухаць, што скажа муж, і паўтараць тое, што ён загадае.

Псіхалагічна апраўданымі здаюцца паводзіны яе сына Міларада. Артыст Дзмітрый Каваленка іграе героя, які праз сваю легкадумнасць і жыццёвае марнатраўства пратэстуе супраць бацькоўскага дыктату, залежнасці ад тытулаў, званняў, багацця. У другой палове спектакля, пасля сустрэчы Міларада з “чужой-сваёй” жонкай Кларай (Святлана Сухадолава), яго вокамгненнай закаханасці ў яе, гэты характар набывае больш канкрэтныя абрысы не хлапчука, а мужчыны.

Вельмі яскравымі атрымаліся ў спектаклі эпізадычныя персанажы. Гэта два адмысловыя дуэты — ілжэсведкаў Сімы (Пятро Ламан, які дарэчы, выступіў і перакладчыкам п’есы на беларускую мову) і Сойкі (Вікторыя Шамардзіна), а таксама прадстаўніц дзіцячага прытулку, якія ў самы непадыходзячы момант з’яўляюцца ў доме Жываты — спадарыні Спасоевіч (Наталля Аладка) і спадарыні Проціч (заслужаная артыстка краіны Галіна Букаціна). Выканаўцы падабраныя па прынцыпе кантрасту, і яны арганічна існуюць па законах камедыйнага жанру.

Трэба ўхваліць выбар рэжысёрам п’есы Браніслава Нушыча яшчэ і за тое, што, у адрозненне ад многіх сучасных “касавых” хітоў, тут ёсць і ярка выпісаныя сітуацыі, і яскравыя аб’ёмныя характары. Такім чынам, згаданая драматургія, якая зусім не страціла актуальнасці і нават злабадзённасці ў наш час, яшчэ з’яўляецца і добрай школай для акцёраў.

Юрый ІВАНОЎСКІ,
тэатразнаўца