Адпусцi сябе ў Венецыю!

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 20, 21, 23.)

/i/content/pi/cult/642/14285/24.jpg

Лебедзі

Павільён Чэхаславакіі не сталі дзяліць паміж сабой дзве незалежныя краіны-спадчынніцы названай дзяржавы, і праект паказалі не толькі агульны, але пры гэтым нават персанальны. Яна Жэлiбска, як я зразумела, працуе з гендарнай тэмай, і прадставіла аб’екты і відэа аб жаночай ідэнтычнасці — з марамі, памяццю, экзістэнцыйнасцю. У якасці візуалізацыі была абрана інсталяцыя возера і лебедзяў, напоўненых неонавым святлом. У чымсьці яны выклікалі асацыяцыю з маляванымі дыванамі нашых Алены Кіш або Язэпа Драздовіча (мужчынская версія), з апошнімі серыямі беларускай мастачкі Жанны Капуснікавай. Вядома, канцэпцыя распісвае вобразы лебедзяў як сімвал прыгажосці, свабоды, любові, чысціні і тут жа ўсю гэту справу развенчвае. Відэасповедзі злучаюць усе катаклізмы свету — ад экалагічных да інтымных — але прапануюць гледачу зрабіць выбар на карысць энергіі натуральнага жыцця. Глыбіні і ўсвядомленай дыстанцыі ў свеце, дзе пануе абсурд і мітусня. Вось такое цяпер яно, наіўнае мастацтва.

Праца з памяццю, якую мы так любім

Прывяду прыклад такой канцэпцыі ў польскім павільёне ад Нацыянальнай галерэі мастацтваў “Захента”. Шарон Локарт разам з куратарам Барбарай Пiваварскi падрыхтавалi ў Джардзіні Little review (“Невялікі агляд”). Ён прысвечаны праблемам сталення, першага вопыту і сацыяльнай тэрапіі падлеткаў, але праз прызму педагагічнай школы Януша Корчака. Імя геніяльнага педагога-наватара стала зыходнай кропкай праекта. Ход абраны дакладны, дасціпны і з поўным адчуваннем слушнасці. Праўда, яго нават цяжка сфармуляваць — гэта не больш, чым адчуванне.

На практыцы ўсё выглядае так: перакладзена на англійскую мову газета Корчака — выпуск № 7, год 1926-ы. Гэта не факсімільнае выданне і нават не рэпрынтнае — гэта рэканструкцыя. Славуты педагог, лекар і пісьменнік быў польскім афіцэрам і ваяваў у Першай сусветнай вайне, загінуў у Трэблінцы разам са сваімі выхаванцамі з “Дома сірот” у час Другой сусветнай, але ў міжваенны перыяд заклаў такія асновы педагогікі, якія засталіся актуальнымі для Польшчы і цяпер. Відэазапісы гісторый сучасных дзяцей і яго тэксты з газеты Maly Przeglad (“Малы агляд”) даюць гэты эфект сумяшчэння, сапраўдны зварот да памяці і аптымістычны пасыл у будучыню, без якога ўся гэта гісторыя не мела б сэнсу.

Павінна сказаць, што і летась, на архітэктурным біенале, польскі павільён вылучаўся такім жа дакладным патрапленнем у сённяшні дзень. Тады тэма была “рэпартаж з лініi фронту”, і палякі запоўнілі ўсю (!) прастору павільёна будаўнічымi лясамi. У другой зале змясцілiся відэазапісы з каментарыямі рабочых, самых розных. Ідэя была ў тым, што на самой справе, за прэстыжнай і такой прыгожай прафесіяй архітэктара стаіць цяжкая, часам небяспечная i заўсёды брудная, фізічная праца будаўнікоў. Як сапраўдная “лінія фронту”.

/i/content/pi/cult/642/14285/24+.jpg

Футурызм: матывы

Са 120 прадстаўленых мастакоў 103 удзельнічаюць у біенале ўпершыню. Гэта не самы строгі паказчык іх маладосцi, але пэўную скіраванасць у будучыню нельга не ўбачыць. Цэлы шэраг аўтараў, і ў асноўным праекце, і ў нацыянальных, прадставілі ці то касмічныя ландшафты, ці то тэхнагенныя, а часцей уяўныя гарызонты, якія цяжка апiсаць і аналізаваць, але яны добра ўключаюць фантазію.

Латвійскі фатограф Мікеліс Фiшарс прыйшоў да разьбы па дрэве і светлавых інсталяцый у праекце What Can Go Wrong (“Што дрэннага можа здарыцца” — назва павільёна, а ўласна серыя — “Структура турботы”). Яго героі — па выразе мастака, “постапакалiптычныя пачвары”, але выкананыя яны ў стылі комікса, са змрочным гумарам. Экспазіцыйны дызайн дазваляе падсветленым пачварам разгортваць у цёмнай прасторы нейкiя жыццёвыя калізіi адносна харчавання, размнажэння, транспарту, мiстыкi і гэтак далей. У выніку ўся такая немагчымая сумесь атрымліваецца вельмі вытанчанай — не сказала б, як некаторыя крытыкі, што гламурнай, але эстэцкай — безумоўна. Пры гэтым Фiшарс піша, што космас неабавязкова наведваць, а тым больш скараць фізічна: “не трэба браць з сабой цела, можна ўзаемадзейнічаць, але не ўрывацца...” Ёсць жа галаграфія, ёсць сны, ёсць праекцыя ў космас дзеянняў чалавека на Зямлі, ну і ўяўленне адносна Іншага.

Вельмі экспрэсіўна кажа пра будучыню італьянскі павільён. Гэта Magical World (“Цудоўны свет”), куды наведвальнік трапляе спачатку праз пластыкавы тунэль, а потым, калі хопіць духу, яшчэ і глядзіць перформанс. Сутнасць у тым, што ўздоўж тунэлю, у нішах, размяшчаецца нешта накшталт… анатамічнага тэатра з бiяморфнымi аб’ектамі (мастак Раберта Куагоў). Кожны такі постчалавек падключаны да таямнічай камеры, ці то гэта халадзільная ўстаноўка, ці, наадварот, тая, што электрызуе, сагравае. Адсылка да нашумелых “Пасажыраў” (амерыканскі фантастычны фільм Мартэна Тыльдума, 2016 год) прысутнічае, але пачуццёвы эфект зусім іншы: гэта рэальная лабараторыя будучыні, якая працуе дзеля ўваскрасення выкапняў. Вось зараз паўстануць муміі...

Дадамо, што італьянскі павільён знаходзіцца ў вялізнай зале, у самым канцы асноўнага будынка Арсенала, і такі манументальны акорд у заключэнне ўсяго глядацкага марафону вельмі ўражвае. Няма адказу, вядома, але пытанне застаецца: што пакіне пасля сябе наш час?

У брытанскім павільёне будучыня паўстае ў выглядзе лабірынта зусім ужо абстрактных формаў: велічных, з прыродных і бытавых матэрыялаў — камень, дрэва, кардон, тэкстыль, гіпс. Гэта персанальная татальная інсталяцыя folly Фiлiды Барлоў, і калі перакласці яе назву як “неразважлівасць” (другі варыянт — “глупства”), то, мабыць, таксама можна разважаць пра постчалавечы час. Калі на планеце яшчэ застанецца такое паняцце, як вымярэнне эпохі. У скульптурах Барлоў ёсць намёкі на злавесны бетонны горад і свята з апельсінамі, абломкі фартэпіяна і рэкламныя шчыты, шыны і абутак. У выніку глядач апынаецца ў вельмі драматычным кантэксце — крытыкі пішуць аб “фізічнай, тактыльнай прысутнасці, якая належыць іншаму часу”, і з гэтым нельга не пагадзіцца.

З гэтага пункту гледжання стварэнні згаданага вышэй Фiшарса выглядаюць цалкам прымальна для нашай цяперашняй свядомасці, прычым цікава, як мастак развіваўся ад фатаграфіі з яе кантактнымі адбіткамі да разьбы па дрэве — думаецца, што постфальклор прыйшоў на змену яго патрыярхальнай форме. А тэхналогіі нейкім чынам спалучыліся з універсальнасцю народнай традыцыі, якая ахоплівае і лад жыцця, і адносіны з прыродай, эканоміку, выхаванне ў сям’і і гэтак далей.

Ізраільскае Sun Stand Still (“Сонца спынілася”) Галя Вэйнштэйна і скандынаўскі павільён Mirrored (“люстраны”) нечакана для мяне таксама звярнулiся да тэмы бiяморфных істот і тэхналогій ці то кіравання імі, ці то адчужанага назірання. Візуальна і канцэптуальна гэта вельмі моцныя экспазіцыі, прычым, нязменна моцныя ад названых краін у апошнія гады.

Кардыяграма зрухаў

Нарэшце, пра пераможцаў. Можа, гэта з-за іх трэба ехаць у Венецыю? Можа, гэта яны — самыя яркія зоркі на карце, тыя, да якіх слушна калі не імкнуцца, то хаця б бачыць іх святло, іх сілу?

“Залаты леў” за лепшы нацыянальны павільён атрымала Германiя з вельмі паказальнай фармулёўкай: “За магутную і трывожучую інсталяцыю, якая ўздымае надзённыя пытанні нашага часу, занурваючы гледача ў стан дыскамфорту.” Прызнаюся, не бачыла амаль 5-гадзінны спектакль “Фаўст” — занадта вялікая чарга стаяла. Але сам павільён, вядома, паглядзела: сцэнай для перформанса стала прастора са шкляной падлогай, такімi ж сценамi і перагародкамі — так што адчуванне заклапочанасці прысутнічала першапачаткова. Па сцэнарыi мастачкі Ганны Iмхоф дзеянні разгортваліся пад нагамі ў гледачоў, прыкладна на метровай глыбіні. У выглядзе таго, што ў ім спалучыліся харэаграфія, спевы і музыка, прысутнасць сабак і вось такое прасторавае абмежаванне, можна толькі ўявіць, наколькі моцна ўсё ўражвае.

Бразільскі Hunting ground (“Паляўнічая гаспадарка”) атрымаў спецзгадку прыкладна за тое ж: “інсталяцыю, якая стварае загадкавую і нестабільную прастору, у якой мы не можам адчуваць сябе ў бяспецы”. Яшчэ адна спецыяльная згадка: Чарльз Атлас за “Тыранію свядомасці”. Лепшым мастаком асноўнай выставы названы Франц Эрхард Вальтэр — вось гэта не вельмі мне зразумела, але, думаю, папрок у бок Крысцін Масэль з нагоды дэкаратыўнасці і сыходу ад сацыяльных праблем усё ж беспадстаўны. Пераможцы і моцныя праекты біенале арыентаваныя на прарыў, на новае слова — у форме, у канцэпцыi i куратарскай інтэрпрэтацыі. І ад таго, наколькі адкрыта і бясстрашна гэта прад’яўленне сябе робіцца, залежыць водгук гледача і ўласна ўплыў заявы. Хочацца верыць, што мастака і яго краіну абавязкова пачуюць.

Любоў ГАЎРЫЛЮК,
арт-журналіст 
(спецыяльна для “К”),
Мінск — Венецыя — Мінск