Хто заўжды крыху "не зараз"?

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Чаму праз Скарыну можна зразумець многае пра нас
Пісьменнік, публіцыст, калумніст Віктар МАРЦІНОВІЧ інтэлігентна трымаецца ў баку ад мэйнстрымавых высвятленняў адносін. Каб чарговая кніга была напісана ў манеры, уласцівай толькі ёй, пісьменнік штораз літаральна змяняе ўласную мову. Падаецца, і падчас сустрэчы з рэдакцыяй “К” у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пасля прэм’еры гістарычна недакладнай камедыі “Кар’ера доктара Рауса” наша гаворка натуральна пераходзіла ў рэчышча то беларускай, то рускай мовы, змяняла свой накал і глыбіню. Прапануем фрагменты гэтай сустрэчы.

/i/content/pi/cult/644/14279/DSC_6738.jpg

— Прэм’ера ў РТБД дала нагоду для пытання: ваша п’еса — спроба падысці да тэксту з іншага боку?

— Я даволі дасведчаны ў напісанні раманаў, вельмі вольна пачуваюся ў гэтым. Аднак заспакаенне — загана, бо пісьменнік, каб намацаць патрэбную інтанацыю, знайсці сэнс, павінен увесь час быць няўпэўненым. Я ўзяўся за драматургію, каб паспрабаваць сябе ў новым. Мне даўно было цікава паглядзець, як тэкст мусіць ператварыцца ў дзеянне. — Вельмі істотныя адрозненні нават тэхнічна: інакш выбудоўваецца дзеянне, бо фактычна няма наратара — голасу, які распавядае. Для мяне ў пастаноўцы РТБД, скажам, сапраўднай цікавосткай падаўся рэжысёрскі ход, калі мае аўтарскія рэмаркі, што мусілі быць тэхнічным апісаннем мізансцэн, уклалі ў вусны акцёраў. Гэта наблізіла п’есу да літаратуры.

Наогул, неаднаразова чуў пра магчымасць экранізацыі маіх твораў, аднак, пакуль тое — толькі словы. Напрыклад, у Беларусі кажуць пра перанос на вялікі экран рамана “Сфагнум”, у Германіі пайшла размова пра “Возера радасці”, але... Урэшце, два гады таму зрабіў першы крок: для венскага праекта “Ganymed” падрыхтаваў міні-п’есу “Самы лепшы час на свеце”. Аднак гэта крыху не тое, ўсё ж хацелася знайсці шлях на сапраўдную сцэну. “Кар’еру доктара Рауса” я напісаў яшчэ да рэспубліканскага конкурсу для драматургаў “Францыск Скарына і сучаснасць”. (Віктар Марціновіч стаў адным з яго пераможцаў — Н.П.)

— Які век вы адвядзеце спектаклю па вашай п’есе на айчыннай сцэне?

— У нас якасць мастацкага твору не заўсёды вызначае працягам яго жыцця... Дый як аўтар я не магу быць добрым прагназістам. Скажу толькі, што ставіў сваёй задачай стварыць “культурны”, мастацкі тэкст, які дапамог бы гледачу зразумець, што такое быць беларусам. Мне падаецца, сёння асоба Скарыны ўспрымаецца як помнік. Яго ж трэба вяртаць у “статус” чалавека! Праз гэтую персону можна зразумець многае пра нас усіх. Я паспрабаваў выказацца і пры гэтым пазбавіць гісторыю натужнага драматызму. Мне хацелася, каб чытач, які возьме ў рукі маю п’есу, глядач, які прыйдзе ў тэатр, смяяўся больш, чым смуткаваў.

— У Варшаве ці не ўсе афішы пабудаваныя на пазнавальных абліччах акцёраў. Беларускія афішы — збольшага дызайнерскія рашэнні. Нават да “Кар’еры доктара Рауса”: яна не змяшчае ні сцэн з пастаноўкі, ні выявы Скарыны, ні імені аўтара…

— Па маім адчуванні, сітуацыя, калі афішы запрашаюць у тэатр з дапамогай дызайну, вынікае з пэўнай нябачнасці культурных герояў. У Варшаве акцёр — гэта вельмі пазнавальная асоба. У Мінску з плакатаў на гараджан артысты амаль не паглядаюць. Сацыяльны статус людзей культуры, на жаль, празмерна нязначны, дый у сферы гэтай няма асаблівых грошай. Мне падаецца, сітуацыю трэба змяняць. Але дэ-факта моц любой дзяржавы вымяраецца не ВУП, скажам, а менавіта культурай.

— Што дапаможа займець культурных герояў з ліку дзеячаў культуры?

— У нашага грамадства іхне так і шмат, бо тое, што робяць дзеячы культуры, амаль нідзе не бачна. Возьмем літаратуру: у Беларусі пішуцца класныя раманы! Нам не хапае чытача. Той не ведае пра нашыя кнігі, бо па “скрыні” ідуць бясконцыя расійскія серыялы і навіны часцяком пра што заўгодна, толькі не пра культуру. Пра творы літаратараў не распавядаюць, у вечаровых навінах пра прэзентацыі кніг не пачуеш. Калі адкрыццё выставы, прэм’еру спектакля, прэзентацыю кнігі айчынныя мас-медыя пачнуць расцэньваць як значную інфармацыйную нагоду, хутка ўсё стане на свае рэйкі.

— Тым часам на вядомым айчынным партале рубрыка “Культура” змясцілася амаль у канец экрану прагляда...

— Так, і адно з вядучых медыя замяняе нават само гэтае слова у назве рубрыкі на “Кругагляд”. Але справа не ў тым, што айчынная культура нібыта нецікавая: каб навіны пра яе набіралі рэйтынгі, неабходна зрабіць культуру медыя-феноменам. Пачніце пісаць пра дзеячаў мастацтва — і праз пару месяцаў яны стануць пазнавальнымі, праз паўгода да іх выказванняў пачнуць прыслухоўвацца, герояў будуць пазнаваць.

— Вы пішаце калонку для нямецкага штотыднёвіка. Па вашых адчуваннях, у тамтэйшай аўдыторыі існуе цікавасць да вас, як да пісьменніка ці як да выхадца з Беларусі?

— Мне падаецца, немцы не моцна задаюцца пытаннем, адкуль я. Іх увагу прыцягваюць узнятыя тэмы. Беларускія пісьменнікі цікавяць Еўропу, там на нас звяртаюць дастатковую ўвагу, але, каб тое ацаніць, неабходна перамясціцца хаця б у нямецкамоўны свет. Не хачу пералічваць прозвішчы — а іх сапраўды шмат! — каб выпадкова каго не забыць і тым самым незнарок не пакрыўдзіць. Зраблю толькі адно выключэнне: у Цюрыху я проста не паверыў, калі разгарнуў газету Neue Zurcher Zeitung і пабачыў артыкул пра нямецкамоўныя вершы Алеся Разанава! І за чыім аўтарствам — Ільмы Ракуза! Пісьменніцы, перакладчыцы, прызнанага ў Заходняй Еўропе літаратурнага крытыка, сябры Іосіфа Бродскага (менавіта яна падаравала яму друкарку “Алімпія”, з якой ёй з’язджаў у ЗША). Дарэчы, калі Разанаў ладзіў ў Літве сустрэчу са студэнтамі, то на лекцыю зляцелася з дзясятак вядучых крытыкаў, бо яго лічаць важнай з’явай сваёй культуры : ён настолькі авалодаў літоўскай, што стаў пісаць на ёй! Такіх прыкладаў шмат. За мяжой нас заўважаюць не таму, што хтосьці хоча дапамагчы беларусам, а таму што мы сапраўды ствараем. Каб фота Разанава з’явілася на сталічных бігбордах, гэта было б глабальна слушна, бо чалавек займае значнае месца ў заходнееўрапейскай культуры.

— Міністэрствам культуры агучана лічба тэатральных прэм’ер па творах айчыннай драматургіі: летась іх доля ў агульнай колькасці пастановак склала 23 працэнты. Па меркаванні некаторых рэжысёраў, у нас адсутнічае сучасная нацыянальная драматургія і няма маштабных празаічных твораў.

— Трэба быць добра знаёмым з беларускай літаратурай, каб не ўзнікала катэгарычнага адчування, што няма чаго ставіць. Чаму беларускі тэатр часцей аддае перавагу небеларускім аўтарам? Я вельмі люблю Чэхава, надзвычай паважаю рускую класіку, але мы ўсё ж беларусы. Бенедыкт Андэрсан (французскі гісторык, даследчык гістарычнай памяці — Н.П.) казаў што нацыя як уяўная суполка канструюецца праз тры рэчы: карту, бо мы, калі глядзім на яе, разумеем прыналежнасць да сваёй краіны; музей, бо там нам распавядаюць пра нашу гісторыю; перапіс насельніцтва, бо, калі нас запытваюць, хто мы такія, мы вызначаем сябе. Для Беларусі, дзе ідэнтычнасць была размытая савецкім вопытам, тэатр і кіно — у дадатак да сказанага Андэрсанам — з’яўляюцца надзвычай важнымі фактарамі. Падаецца, справа тут у асабістай ахвоце зацікавіцца сваім. Хаця б таму, што наша літаратура адзначана найвышэйшай пячаткай якасці — Нобелеўскай прэміяй. Сёння беларускіх празаікаў шмат перакладаюць за мяжой: безумоўна, шырока прадстаўлена Святлана Алексіевіч, перакладзены на нямецкую і зараз перакладаецца на французскую мову Альгерд Бахарэвіч. Правы на ўсе напісаныя мной творы ўжо выкупленыя для Германіі, некаторыя назвы перакладзены на фінскую, англійскую. Наогул, мне падаецца, праект “новая беларуская літаратура” ўжо здзейсніўся. Адно выбірай, што ставіць, каб з нацыянальных падмосткаў прамаўлялі не толькі пра мінулае, але і пра сучаснае жыццё грамадства.

/i/content/pi/cult/644/14279/25 kultura 7.jpg

— У краіне з’явіўся новы трэнд: інтэлектуальны клуб Святланы Алексіевіч, літаратурны клуб Альгерда Бахарэвіча. Можа, клуб Віктара Марціновіча адкрыецца неўзабаве?

— Мне больш падабаецца пісаць, чым выступаць. З’яўляецца на публіцы мне надзвычай дыскамфортна. Для стварэння ж інтэлектуальнага клуба патрэбна знаходзіцца ў пэўным коле людзей, з якіх можна нельга прэзентаваць публіцы. У гэтым сэнсе я катастрафічны адзіночка, хоць і ведаю вялікую колькасць прыстойных асобаў, пра якіх хацеў бы распавесці сваім чытачам. Я гэта і раблю — праз свае кнігі. Мне падаецца, было б цудоўна запрашаць у той жа клуб Алексіевіч іншамоўных інтэлектуалаў, напрыклад, Джуліана Барнса (англійскі пісьменнік-постмадэрніст — Н.П.), Архана Памука (турэцкі пісьменнік, нобелеўскі лаўрэат 2006 года — Н.П.) Людзей, якія суадносныя па ўзроўні са статусам Святланай Аляксандраўны, аднак, не абавязкова прадстаўляюць славянскія культуры.

— Ад рэплік у сацыяльных сетках узнікае адчуванне, што ў Беларусі ад пісьменніка чакаюць большага за літаратуру...

— Узмацняецца сумная тэндэнцыя: сёння інтэрв’ю пісьменніка больш запатрабаванае за тое, што ён напісаў. Я даўно заўважыў, што раман прачытваюць тысячы чалавек, а інтэрв’ю — дзясяткі тысяч... Нават калі цябе адзін раз паказваюць на буйным тэлеканале ў Германіі, ты выходзіш на аўдыторыю ў 30 — 40 тысяч чалавек, кніга ж усё роўна выдаецца накладам — максімум у 10 тысяч экзэмпляраў. Зараз літаратары ўспрымаюцца публічнымі персонамі, якіх можна аб нечым распытаць, і новая кніга ў гэтым выпадку — усяго толькі нагода да пачатку размовы. Але ж мы не прафесійныя “давацелі” інтэрв’ю! Пісьменнік працуе з вечнасцю, ён заўсёды крыху “не зараз”. Сапраўдны тэкст абавязкова жыве “даўжэйшым” за чалавечае. Адна з маіх улюбёных кніг зараз — “Маральныя лісты да Луцылія” Сенэкі. Яны так напісаны, што, калі мне становіцца сумна, я адкрываю гэты тэкст і максімум праз чатыры старонкі знаходжу тое, што тлумачыць, як выйсці з сітуацыі.

— Іншымі словамі, сённяшнія тыражы ў 300-500 асобнікаў ці ў ледзь не завоблачную тысячу дэманструюць адэкватныя лічбы?

— Мы сумуем па часе, калі ў Караткевіча кніга на беларускай мове разыходзілася тыражом у 200 тысяч асобнікаў. Тады гэта было нармальным. Вернемся да Варшавы: у тамтэйшым метро часцей за ўсё рэкламуюцца кнігі і канцэрты. Так, ёсць падаткавая зніжка на такога кшталту рэкламу, але… Калі інфармацыю пра айчынныя выданні стане магчымым пабачыць у метро, верагодна, тыражы будуць не 300, а тры тысячы ці нават 30 тысяч асобнікаў (дарэчы, у Беларусі ёсць пісьменнікі, якія ўжо дэманструюць такія наклады). Але больш лічба расці наўрад ці стане. На жаль, мы згубілі ў постсавецкім часе статус тых, хто чытае больш за астатніх.

Да ўсяго, нашы людзі спрэс у гаджэтах. У Германіі, Францыі, Швейцарыі ў цягніку кожны трэці чытае папяровыя кнігі і газеты. У цягніку Мінск — Вільнюс я сустракаю людзей з электронымі кнігамі. Часам падаецца, што хайтэкавая індустрыя працуе на постсавецкія краіны, бо ў нас не адладжаны ў такой ступені механізм абароны аўтарскіх правоў, як на захадзе. Нездарма для пісьменніка друкавацца там зручна і прыбыткова, а ў нас — не. Баюся, што па занурванні ў гаджэты беларусы знаходзяцца ў галаве ўмоўнага цягніка. Магчыма, старая Еўропа праз гадоў дваццаць таксама прыйдзе да татальнай камп’ютарызацыі. Дакладна ведаю, што ў некаторых сур’ёзных еўрапейскіх універсітэтах прапануецца весці выкладанне прадмета толькі на аснове мультымедыя і іншых тэхнічных навінак. Чалавецтва пачынае задумвацца аб існаванні без кнігі. І калі тое адбудзецца, то апошняй сувяззю пісьменніка з чытачом стане абавязковы спіс школьнай праграмы. Але я бачу, што захоўваецца невялікі працэнт людзей, якія працягваюць чытаць кнігі і будуць іх чытаць заўсёды.

— У працяг размовы пра цягнікі: з Мінск — Вільнюс усё зразумела, а што рабіць з напрамкамі на Маладзечна, Асіповічы… Ці трэба пісьменнікам вашага пакалення туды прарывацца?

— Чалавекам, якога я паважаю, было сказана, што раман “Сфагнум” — тая кніга, якую можна браць у электрычку. Сапраўды, яго чыталі не толькі ў сталічных барах ці ў кавярнях. Другая палова ХХ стагоддзя сцерла падзел культуры на элітарную і папсовую. Узгадаем Говарда Лаўкрафта, які пры жыцці публікаваўся ў мяккіх часопісах, ці Філіпа Кейдзіка, які не мог знайсці прыстойнага выдаўца, бо пачынаў публікавацца ў часопісах з коміксамі на вокладцы. Але і Лаўкрафт, і Кейдзік стварылі сапраўдныя культурныя архетыпы, тым самым паўплывалі на людзей культуры. Сёння гэтыя фантасты найбольш цытаваныя ў свеце, па іх творах працягваюць здымаць фільмы і серыялы. І я не бачу вялікай праблемы пісаць літаратуру, якая была б масавай. Асабліва ў Беларусі, дзе не чытаюць свайго. Толькі неэлітарная літаратура зможа нешта змяніць тут.

— А калі скарыстацца іншым спосабам: не указваць на вокладцы, што аўтар беларус?

— Мне падаецца, гэта спрацоўвала гадоў дзесяць таму. Калі ў расійскім выдавецтве выходзіў мой першы раман “Параноя”, мне прапанавалі выдаліць з тэксту словы “Беларусь” і “Мінск”. Першае усё ж такі прыбралі, назва сталіцы праскочыла за ўвесь тэкст пару разоў. Але вялікая літаратура заўсёды пра чалавека, безадносна да яго нацыянальнасці, але кожная з постсавецкіх літаратурных плыняў распавядае пра сваё. Мне падаецца, наша сёння вельмі моцна адрозніваецца ад украінскай, рускай. Беларусы могуць чытаць Шаргунова, Прылепіна і ўсіх хэдлайнераў рускіх літаратурных прэмій, толькі каб адчуць, як дзіўна жывуць суседзі. Гэта не пра нас болей. Я ўсё часцей чую: “Гэта кніжка пра Беларусь, таму яе патрэбна прачытаць”.

— Музыканты пасля працы над альбомам на працягу года цешацца прысмакам ад зробленнага: канцэрты, гастрольныя туры. Пісьменнік скончыў раман — а далей вы гэту кнігу адпускаеце?

— Гэта было б аптымальна, але на справе пісьменнік заўсёды вымушаны вяртацца назад. У момант, калі максімальна гэтай кнігай зараджаны, ты знаходзішся з сабой сам-насам. Наступны год займае рэдактура і друк, потым пачынаюцца пераклады. У выніку, да моманту прэзентацыі наконт гэтага тэкста няма ніякіх пачуццяў. Ты павінен іх у сябе неяк выклікаць, бо сустракаешся з людзьмі, усхваляванымі ім. Гэта адвечнае пракляцце!

Калі працуеш над новым раманам, табе падаецца, што ствараеш самае галоўнае ў сваім жыцці. Без гэтага пачуцця нельга садзіцца пісаць. Раман — пякельна складаная праца. Трэба доўгі час правесці ўнутры выдуманага свету, цалкам ў яго верыць. Гэта падобна да кахання, якое не зможа стаць сапраўдным, калі абодва бакі не вераць, што гэтае пачуццё назаўсёды.

— Як у перакладзе "Мовы" на нямецкую вырашылі пытанне з беларускамоўнымі тэкстамі айчынных класікаў?

— Томас Вайлер пераклаў на нямецкую некалькі твораў з нашай класікі, за якія да яго ніхто не браўся. У кнізе беларускія вершы падаюцца ў нямецкай транскрыпцыі. Балазе падчас прэзентацыі выдання звычайна просяць прачытаць фрагмент па-беларуску. З-за мілагучнасці вельмі люблю строфы Ларысы Геніюш, але яе паэзія часам бывае напоўнена пафасам. Таму для еўрапейцаў мне падабаецца чытаць Дубоўку: яго вершы і прыгожыя, і вельмі дакладныя па сутнасці. Аднойчы са мной адбыўся напаўанекдатычны выпадак: у Еўропе на імпрэзы з чытачамі кніг не бяру, бо тыя шмат важаць, у маёй “чыталцы” “Мовы” няма, таму звычайна важу з сабой ноўтбук, а ў Берлін узяць яго забыўся, дык давялося чытаць Дубоўку з нямецкай транскрыпцыі.

Падчас перакладу рамана нечакана спатыкнуліся на фрагменце, калі цыгане прадаюць герою скрутак, які не “торкае”, бо ў ім не беларуская мова, а ўкраінская — урывак з Сяргея Жадана. Пагадзіцеся, задача няпростая: увесці ў нямецкі дыскурс нейкую іншую, але падобную да нямецкай, мову. Томас Вайлер вырашыў гэтую праблему элегантна: звярнуўся да нідэрландскага перакладчыка Жадана і папрасіў зрабіць пераклад верша на галандскую, якая вельмі блізкая да нямецкай. І ў выніку неабходны эфект быў дасягнуты.

— Пытанне да аўтара манаграфіі “Радзіма. Марк Шагал у Віцебку”: вяртанне Шагала ў Беларусь сапраўды адбылося?

— Дваццаць гадоў таму Шагала любіла інтэлектуальная эліта, яна дабівалася яго легалізацыі. У 2012 годзе адбылося паўнавартаснае прызнанне творцы. Але большасць людзей, мяркуючы па каментарыях да навін пра экспазіцыю майстра ў сталічных музеях, Шагала прынамсі не разумее.

— Няўжо гэтая выбарка для вас рэпрэзентатыўная?

— Калі нехта на форуме, які наведалі 30 тысяч чалавек, лічы, абражае Шагала і атрымлівае на гэта 900 пазітыўных рэакцый і толькі сто негатыўных, то гэта пэўныя, хоць і не зусім карэктныя, сацыялагічныя даныя. У Еўропе аб велічы Шагала спрачацца не проста не прынята. У Беларусі трэба даводзіць, што Шагал геніяльны. Не ведаю, як гэта пераадолець. Але “Белгазпрамбанк” моцна ўклаўся ў папуліярызатарскую працу. Але і сёння патрэбна тлумачыць каларыстыку, семантыку вобразаў творцы, яго месца ў мастацтве ХХ стагодзя.

— Як вы ставіцеся да спробаў закручваць вакол медыйных персон скандальныя сенсацыі?

— Увогуле, што з табой ні адбывалася б, у Беларусі абавязкова знойдзецца нехта, хто скажа: тая сітуацыя — чорны піяр. Я не ведаю, якія словы падабраць, каб хаця б людзі, якія мне давяраюць, не вяліся на такое. Кнізе патрэбная ўвага, але ёсць і межы! Я ніколі не апускаўся да скандалістыкі і рабіць гэтага не буду, бо адчуваю гідлівасць да такіх спосабаў папулярызацыі твораў. Усяго працягваю пісаць кнігі і распавядаць, чаму я лічу, што іх трэба пачытаць.

— Намалюем гіпатэтычную карціну, быццам вам тэлефануюць з Ашмянскага райвыканкама (да гэтай зямлі вы прывязаныя сямейнымі нітамі) з просьбай паўдзельнічаць у стварэнні кнігі пра раён. Гэта замова з рэгламентаваным аб’ёмам, характарам тэксту. Прынялі б такую прапанову?

— Я люблю Ашмяншчыну. Ці бачу сябе ў сітуацыі літаратурнага падрадчыка? Я так ніколі не рабіў і, адчуваю, што з такой работай магу не справіцца. Кантракт звязвае рукі, а я не сістэмны чалавек. Праўда, пасля колішняй паездкі з журналістам “К” на малую радзіму, магчыма, і ўключу ў якісьці твор што-небудзь пра Ашмяны.

— Як вы лічыце, вашы кнігі займаюцца прасоўваннем іміджу Беларусі?

— Мне падаецца, адзінае, як можна прасоўваць імідж Беларусі, гэта рабіць культурны прадукт. Пры гэтым не мае значэння, у якім ключы — адмоўным ці станоўчым — ідзе гаворка пра нас у дадзеным праекце. Тут трэба кіравацца досведам піяршчыкаў, якія раціруюць не колькасць станоўчых артыкулаў пра іх падзею, а спасылкі на яе. Чым больш згадванняў пра Беларусь у нейкіх магістральных дыскурсах, тым больш верагоднасць, што сюды нехта прыедзе. Чаму служаць мае кнігі? “Параноя” — гэта гімн Мінску. Прынамсі, у немцаў, мяркуючы па тым, што я чуў, па прачытанні рамана ўзнікае вострае жаданне прыехаць сюды і прайсціся па гэтым самым прыгожым і дзіўным горадзе на зямлі. “Сфагнум” — вясёлая гісторыя пра беларускую правінцыю, спроба пазіцыянаваць Беларусь у бясбашным ключы. Не думаю, што ўводжу ў зман чытачоў. Я малюю беларусаў культурным народам, які дакладна захапляе і якім трэба цікавіцца.

Падрыхтавала Настасся ПАНКРАТАВА

Пытанні задавалі Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Алег КЛІМАЎ, Лідзія НАЛІЎКА, Наталля ОВАД, Настасся ПАНКРАТАВА, Сяргей ТРАФІЛАЎ, Ганна ШАРКО

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ