Перад балем: сустрэча з міністрам

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Традыцыйны Рэспубліканскі баль выпускнікоў з удзелам Прэзідэнта краіны адбыўся ў Мінску 23 чэрвеня. Яму папярэднічала ўскладанне кветак моладдзю да стэлы “Мінск — горад-герой” у памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, а таксама сустрэча міністра культуры Барыса Святлова з лепшымі сёлетнімі выпускнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі ў сферы культуры 2017 года.

На сустрэчы прысутнічала кіраўніцтва трох вядучых устаноў вышэйшай адукацыі ў сферы культуры — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (з боку выпускнікоў яе прадстаўлялі Ягор Бякаў, Варвара Пархомава, Вікторыя Маслабоева), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (Дар’я Данцэвіч, Павел Козіч, Таццяна Красічэнка, Дар’я Чарвякова), Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (Паліна Чарнеўская, Сяргей Мікель). Закраналіся пытанні развіцця айчыннай спецыялізаванай адукацыі, рэальнай падтрымкі дзяржавай таленавітай моладзі, яе ролі ў развіцці культуры нашай краіны.

/i/content/pi/cult/644/14273/25 kultura 2.jpg

Сустрэча паказала, што сёлетніх выпускнікоў хвалюе, сярод іншага, і эфектыўнасць заканадаўства ў сферы культуры, і магчымае стварэнне новых кінафестываляў, і перспектывы прыватных бібліятэк, і падтрымка Міністэрствам культуры музычных фестываляў.

Барыс Святлоў, адказваючы на пытанні, адзначыў, што стварэнне Кодэкса аб культуры з’яўляецца важным крокам у жыцці краіны, у той жа час заканадаўства ў гэтай галіне пастаянна патрабуе пэўных карэкціровак, выкліканых жыццём. Міністр выказаў перасцярогу адносна мэтазгоднасці арганізацыі маладзёжнага кінафестывалю, паколькі асобная праграма беларускага кіно кожны год прадстаўляецца на “Лістападзе”, а дадатковых сродкаў на новыя буйнамаштабныя праекты ў бюджэце пакуль няма. У той жа час, на думку міністра, нельга губляць з поля зроку маладых творцаў.

Разважаючы пра развіццё бібліятэчнай сферы, Барыс Святлоў адзначыў, што бібліятэка паступова ператварылася ў сацыякультурны цэнтр, дзе кожны можна знайсці для сябе нешта цікавае. Таму стварэнне новых форм бібліятэчнай дзейнасці, у тым ліку дзякуючы прыватным ініцыятывам, пойдзе толькі на карысць агульнай справе.

У сваім звароце да выпускнікоў міністр зазначыў, што галоўныя экзамены іх чакаюць ужо за сценамі “альма матэр”. Ён папярэдзіў пра магчымыя цяжкасці ў час пераходу ад тэорыі, атрыманай у ВНУ, да практыкі на першым працоўным месцы. Па словах Барыса Святлова, установы адукацыі ў сферы культуры імкнуцца пастаянна ўдасканальваць свае праграмы ў кірунку практыкаарыентаванасці, што будзе працягвацца і надалей. Цяпер жа задача выпускнікоў — максімальна аддаць назапашаныя веды на карысць нашага грамадства, а дзяржава абавязкова падтрымае іх праз дзейсныя механізмы.

— Установы культуры чакаюць выпускнікоў, спадзяюцца на новыя цікавыя і карысныя ідэі, якія раней ці пазней будуць увасоблены ў жыццё, — падкрэсліў міністр.

/i/content/pi/cult/644/14273/25 kultura 2 copy.jpg

Напрыканцы сустрэчы народная артыстка Беларусі, оперная спявачка Настасся Масквіна, працытаваўшы “Апокрыф” Максіма Багдановіча, адзначыла вялікую ролю творцаў — “васількоў” — у жыцці краіны. Выпускнікі атрымалі ў падарунак ад Міністэрства культуры сертыфікаты на наведванне лепшых музейных збораў Беларусі.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"