Перад фасадам ці ў скверы?

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Ну вось, можна сказаць: адбылося! Больш дакладна: амаль адбылося. Тое, пра што марылі сотні тысяч прыхільнікаў галоўнага нашага музычнага Песняра Уладзіміра Мулявіна: восенню гэтага года ў беларускай сталіцы з’явіцца помнік на бульвары, які горда носіць яго імя. У прынцыпе, праект і рабочая мадэль падрыхтаваныя (аўтары скульптар Аляксандр Каструкоў і архітэктар Сяргей Каперын), і, наколькі я ведаю, адобраныя гарадскімі ўладамі і Міністэрствам культуры. І папярэдне вызначана месца — сквер на бульвары Уладзіміра Мулявіна, з тыльнага боку будынка Белдзяржфілармоніі, дзе службовы ўваход. У храме музыкі музыкант прапрацаваў шмат гадоў.

/i/content/pi/cult/642/14265/3-1.jpgПраўда, рабочую мадэль Каструкова ў натуры я не бачыў у сувязі з маёй адсутнасцю ў Мінску, але мяркуючы па якасных фатаграфіях — ад эскіза да будучага перспектыўнага размяшчэння помніка ў скверы, якія мне прыслалі па інтэрнэце, — я застаўся ёй у цэлым задаволеным. Тым больш, што творчыя магчымасці Аляксандра Каструкова я даўно ведаю, асабліва ў рамках яго шматгадовага дачынення да вобраза Мулявіна (ён — аўтар і надмагільнага помніка Песняру на Усходніх могілках, і мемарыяльнай дошкі на доме №13 па вуліцы Леаніда Бяды, дзе апошнія гады жыцця жыў Уладзімір Георгіевіч, і шматлікіх партрэтных бюстаў музыканта, а таксама цікавых асабістых успамінаў пра музыканта, надрукаваных у кнізе Людмілы Крушынскай “Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі...”).

І тут у інтэрнэце разгарэліся сапраўдныя пачуцці людзей, для якіх Мулявін быў і застаецца выдатным Песняром зямлі беларускай. У асноўным, дыскусіі ідуць наконт месца ўстаноўкі помніка. Адны — за тое, каб помнік быў менавіта ў скверы, за філармоніяй, як гэта і мяркуецца сёння; іншыя лічаць, што помнік павінен стаяць перад філармоніяй, гэта значыць на праспекце Незалежнасці, насупраць азгураўскага Якуба Коласа. А трэція наогул лічаць, што помнік Мулявіну мог быць і на сучаснай плошчы Калініна — замест бронзавай фігуры “ўсесаюзнага старасты”. Я ўдзячны абсалютна ўсім, для каго імя Мулявіна неабыякавае. Значыць, Пясняр не пайшоў у нябыт, значыць, ён жывы. Ён заўсёды з намі — са сваёй музыкай, з песнямі, з гітарай, са сваёй непаўторнай усмешкай, са сваім няпростым, але вельмі сумленным характарам чалавека і творцы... Так ужо павялося, што шмат “зорак” у прасторы культуры і мастацтва, часам вельмі яркіх, пасля адыходу з жыцця хутка гаснуць, саступаючы месца другім “зоркам”, якія ў сваю чаргу таксама хутка знікаюць, як з “белых яблонь дым”. І толькі некаторыя імёны з гэтага шэрагу (іх вельмі мала) застаюцца надоўга ў нашых сэрцах і ў сэрцах нашых нашчадкаў, нягледзячы на перамену мод, густаў, творчых кірункаў і гэтак далей. Да такіх “вечна жывых” творцаў магу аднесці, напрыклад, Уладзіміра Высоцкага. І, канешне, нашага Мулявіна.

А што да месца ўстаноўкі помніка, то выкажу сваю асабістую думку. (Гэта, зразумела, не ісціна ў апошняй інстанцыі.) Месцам для помніка, больш дакладна, для камернай паркавай скульптуры Песняра павінен быць толькі сквер на бульвары імя Уладзіміра Мулявіна. Менавіта там, паміж рэпетыцыямі, Валодзя любіў адпачыць, перакурыць з калегамі, перакінуцца свежымі анекдотамі. І наогул — камерны помнік такога роду будзе вельмі чалавечны, зямны, будзе заўсёды побач з такімі ж людзьмі, для якіх ён разам са сваімі слаўнымі “Песнярамі” натхнёна іграў і спяваў. Не трэба яму велічэзных “пастаментных” помнікаў, дзе фігуры ўзвышаюцца гігантамі над натоўпам. Я ведаю, што такі манументальны “жанр” Муля не любіў, калі распавядаў мне пра тое, якія скульптуры ён бачыў у час сваіх песняроўскіх гастроляў па свеце. Памятаю, ён вельмі захапляўся помнікам Ваг Гогу ў Парыжы разца Осіпа Цадкіна (амаль без пастамента, дзе Вінсэнт паказаны ў рост).

...Пройдзе нейкі час, і сквер з помнікам Мулявіну можа ператварыцца ўласна ў намолены “мулявінскі сквер”, дзе будуць адпачываць жыхары раёна, артысты, прыхільнікі таленту Уладзіміра Георгіевіча. Магчыма, тут будзе абсталяваная летняя сцэна, дзе ў цёплыя поры года мог іграць сімфанічны ці камерны аркестр, выступаць сённяшнія “Песняры” і колішнія артысты ансамбля. А яшчэ ў прасторы сквера маглі быць адлюстраваныя скульптурныя вобразы тых, хто, акрамя Мулявіна, у розныя перыяды быў звязаны з беларускай філармоніяй: Яўген Глебаў, Рыгор Шырма, Іосіф Жыновіч, Яўген Цікоцкі, Віктар Вуячыч і іншыя.

А што да пляцоўкі перад філармоніяй, то хай яна застанецца той, што сёння ёсць: з моцнай і шумнай плынню транспарту, з манументальным скульптурным комплексам, прысвечаным Песняру Якубу Коласу з яго героямі, што насупраць філармоніі, з гандлёвымі ўстановамі па баках. У рэшце рэшт, каб гаворка, скажам, на дзяржаўным узроўні ішла толькі пра гэта канкрэтнае месца для ўстаноўкі помніка і не пра што іншае, тады спатрэбіўся б зусім-зусім іншы скульптурна-архітэктурны праект з сур’ёзнай рэарганізацыяй і перабудовай усёй пляцоўкі. Прычым, з улікам рашэння пытанняў пра “мастацкі” лёс тых выдатных творцаў, якія працавалі ў філармоніі...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"