“Два тузіны…”, Бэнэдэці і Уршуля

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

“Два тузіны пунсовых ружаў” Альда дэ Бэнэдэці “ўзраслі” ў Нясвіжскім тэатры імя Уршулі Радзівіл. А ўрэшце, з моманту стварэння ў 1746 годзе княгіняй Францішкай Уршуляй Радзівіл прыдворнага тэатра, культурны Нясвіж трымае еўрапейскую тэатральную традыцыю. Да гэтых слынных вытокаў звярнуўся створаны ў сярэдзіне ХХ стагоддзя народны тэатр Нясвіжскага раённага цэнтра культуры — заслужаны аматарскі калектыў Беларусі.

/i/content/pi/cult/641/14249/8-2.jpg

Сцэна са спектакля “Два тузіны пунсовых ружаў”. / Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ

Амаль восем гадоў з трупай працуе Яўген Валабоеў — заснавальнік інклюзіўнага тэатра ў Беларусі і стваральнік антрэпрызы “Тэатральны каўчэг”. За гады працы з нясвіжцамі былі пастаўленыя многія спектаклі. Прэм’ерай жа лірычнай камедыі ”Два тузіны пунсовых ружаў” Альда дэ Бэнэдэці ў яго пастаноўцы нясвіжская трупа адкрыла традыцыйнае свята мастацтваў “Музы Нясвіжа-2017”.

Заўсёды ў цэнтры твораў Бэнэдэці, славутага п’есай у жанры камедыі гратэску, — мужчына і жанчына, паказаныя ў нечаканых для гледача жыццёвых абставінах, якія рэзка змяняюць іх звыклыя ўзаемаадносіны. Так, аднойчы інжынер Альберта Верані (Максім Курганскі) здымае трубку тэлефона і прымае заказ на два тузіны пунсовых ружаў. Той, хто тэлефанаваў, памыліўся нумарам, але Альберта прыемна здзіўлены і знаходзіцца ў прадчуванні рамантычнай прыгоды з незнаёмкай. Дастаўленыя кветкі атрымлівае Марына, жонка Альберта (Людміла Вітко). Сярод ружаў яна знаходзіць картку з подпісам “Незнаёмы”. Яе апаноўвае жаданне сустрэцца з гэтым таямнічым спадаром. Альберта разумее, што адбылося, і жадае працягнуць розыгрыш, уцягваючы ў гульню сябра іх сям’і — адваката Тамаза Савелі (Андрэй Курганскі). Альберта хоча праверыць, наколькі Марына верная яму і як далёка яго жонка можа зайсці. Ён кожны дзень пасылае ёй ружы і раўнуе да неіснуючага суперніка, а насамрэч да самога сябе.

Як потым заўважыць Марына, каб муж казаў ёй тыя словы, што былі ў таемных запісках, яму не варта было б баяцца здрады. У фінале спектакля рэжысёр дае гледачу магчымасць зразумець: Марына ад пачатку адчула, хто быў тым загадкавым незнаёмцам...

Нясвіжскі аматарскі калектыў працуе годна, бо Яўген Валабоеў шмат увагі надае акцёрскай школе па сістэме Канстанціна Станіслаўскага. Вялікая вартасць артыстаў-аматараў — культура сцэнічнай мовы, а гэтага не хапае часам і прафесіяналам. Браты Курганскія выконваюць ролі Альберта і Тамаза, арганічна існуючы ў сваім прыродным амплуа. Людміла Вітко ў ролі Марыны — незвычайна тонкая, жаноцкая, зусім нетутэйшая і ўзнёслая асоба. На працягу спектакля яна змяняе некалькі гарнітураў, якія вылучаюцца элегантнасцю і густам.

Мастак-пастаноўшчык спектакля Сяргей Антонаў прапануе ў якасці цэнтральнага вобразу пранізлівае вечаровае сонца. Найбольш выразна гэты вобраз іграе ў нечакана яркай, рытмічнай і кранальнай сцэне Альберта і Марыны, дзе яны прызнаюцца ў крызісе сваіх адносін. Добра ўпісваецца ў дзеянне музычная тэма Марыны, якая становіцца не толькі лірычным лейтматывам персанажа, але і ўсяго спектакля (музычнае афармленне самога рэжысёра).

Артысты Тэатра імя Уршулі Радзівіл шкадуюць аб тым, што кожны паказ — прэм’ерны, бо рэпертуарныя спектаклі дэманструюцца толькі некалькі разоў. Нягледзячы на тое, што нясвіжцы прыходзяць у Раённы цэнтр культуры як у сапраўдны тэатр, у невялікім горадзе няшмат прыхільнікаў спрадвечна элітарнага тэатральнага мастацтва. Магчыма, выхадам з гэтага становішча могуць стаць гастролі хаця б у межах раёна, а таксама далучэнне тэатра да маршрутаў перспектыўнага турыстычнага цэнтра? Пры ўмове пастаяннага развіцця і ўдасканалення, поспех нясвіжскага тэатра не выклікае сумненняў. Бо, спазніўшыся на захад, можна заўсёды паспець на досвітак…

Зміцер ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ, тэатразнаўца