І булачка да чаю…

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Рэзервы Мёршчыны: выкарыстаныя і напаўзабытыя
Так атрымалася, што па-за ўвагай нашага аўтатуру аказаліся раёны Беларусі па перыметры мяжы. Вырашылі гэты недахоп ліквідаваць, бензін не эканоміць і гэтым разам дабрацца ці не да самай паўночнай кропкі краіны. Інакш кажучы, рушылі па зямлі Віцебшчыны ў бок Асвеі. Тое, што бачылі па дарозе, настройвала на выключна дзелавы лад.

/i/content/pi/cult/641/14246/10-1.jpgУразіла, да прыкладу, Глыбоччына. Дакладней — прыдарожная рэклама, датычная цікавостак мясцовай культуры. Першы банер радасна распавёў, што брэнд раённага цэнтра — згушчонка. Наступны шчыт паведаміў: “Глыбокае — вішнёвая сталіца“. А яшчэ праз колькі часу заўважылі з акенца легкавіка яшчэ два банеры. Адзін за адным яны даводзілі мінакам, што на гэтай зямлі нарадзіліся славутыя Язэп Драздовіч ды Ігнат Буйніцкі. Так што брэндаў (якія раскручваюцца!) на Глыбоччыне больш чым дастаткова. Не скажам, што ў іншых раёнах іх менш, але вось такой шчыльнасці прыдарожнага піяру мы нідзе бадай не бачылі. І аргументы для тлумачэння сітуацыі ведаем больш-менш дакладна: маўляў, плаціць трэба шмат. Абяцаем разабрацца і ў бліжэйшы час паведаміць, у якую капейку абышлася мясцовай культуры такая рэклама. Для іншых рэгіёнаў гэтая інфармацыя павінна быць карыснай. А кіраўнікі Глыбоцкага раёна — малайцы! Прынамсі, яны ведаюць, што такое менеджмент і маркетынг… А мы рушым далей.

Дом цвярозасці — даўніна ды сучаснасць

Чым было адметнае мястэчка Дзісна, што на Мёршчыне? У плане культуры тым, што з 1901 года тут працаваў “уезны аддзел Папячыцельства аб народнай цвярозасці”. Калі мовай не колішняй афіцыйнай, а сённяшняй простай — Дом цвярозасці. Пра гэта нам распавяла дырэктар гарадскога Дома рамёстваў Алена Балаш. А мы слухалі і здзіўляліся. Дык вось, на другім паверсе адмысловага будынка чырвонай цэглы ладзіліся культурныя дзеі. Да прыкладу, тут у 1911 годзе дэбютаваў са сваёй тэатральнай трупай памянёны ўжо Ігнат Буйніцкі. Першы ж паверх адводзіўся пад чайную з більярдам: тут можна было атрымаць бясплатныя чай і булачку. Ну скажыце, чым не правобраз клубнай установы будучыні? Насамрэч, усё новае — добра забытае старое. Да нядаўняга часу ў гэтым будынку месціўся Дом рамёстваў, месца хапала і для гурткоў, і для выстаў, бо класных майстроў-рамеснікаў у наваколлі вельмі шмат. І апошняе, калі гаворка пра мінулае: у маляўнічым двухпавярховым дамку здымаліся сцэны суда кінастужкі Валерыя Рыбарава “Сведка“. (Увогуле, у антуражы маляўнічай Дзісны знята больш за дзясятак мастацкіх стужак з удзелам знакамітых савецкіх кінаакцёраў.)

А цяпер — пра дзень сённяшні. Дом рамёстваў арандуе памяшканні ў аддзела адукацыі. Справа ў тым, што Дом цвярозасці ніколі капітальна не рамантаваўся, і на сёння ён — у аварыйным стане. Не, работы тут распачалі, перакрылі, да прыкладу, дах. Але з 2011 года рамонт “замарожаны“ з-за адсутнасці фінансавання.

Але няма падстаў казаць, што на новым месцы жыхарства ГДР пачувае сябе ў гультаяватых прымаках. Наадварот (відаць, экстрэмальныя ўмовы паспрыялі), установа (самая маладзейшая з раённых дамоў рамёстваў — ёй 10 гадоў) вызначаецца зайздроснай актыўнасцю. Тут дзевяць (!) кірункаў дзейнасці: паходы, гутаркі, экспедыцыі, кірмашы, вечары сустрэч, выставы, майстар-класы, гурткі, экскурсіі. Рэканструяваныя не толькі мясцовы летні, але і зімовы строй, чаго мы нідзе не бачылі.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Не чакаў, што мяне можа так моцна здзівіць ідэя Дома цвярозасці. А мы яшчэ думаем, якім павінен быць клуб будучыні. Шчырым у духоўных праявах яго работнікаў! Можна правесці сотню мерапрыемстваў, скіраваных супраць заганных звычак, а зло не стане меншым. А можна душу ў справу ўкласці. І вынік стане адчувальным. Згадайце ксяндза Бульку і яго Мосар. Для мяне бясплатная булачка да бясплатнага чаю — сімвал шчырасці, якая заўжды перамагае. Ды плюс аднаўленне тэатральных традыцый Ігната Буйніцкага. А Дзісна яшчэ знакамітая і Язэпам Драздовічам, які ў свой час вучыўся ў тамтэйшай гімназіі. (Ягоныя родныя Пунькі ўваходзілі тады ў Дзісненскі павет.) І мясцовыя майстрыхі пачынаюць адраджаць манеру стварэння маляванак гэтага незвычайнага мастака... Я ўпершыню пабываў у Дзісне і цяпер адчуваю, як яна пачынае мяне вабіць. У першую чаргу — шчырасцю. Да сустрэчы, Дзісна!

І старое, і новае

Ну а зараз — пра мары, якія прынята называць доўгатэрміновымі перспектывамі. Дзісна прэтэндуе на тое, каб стаць бойкім турыстычным цэнтрам. Хаця б з той прычыны, што тут праходзіў шлях “з вараг у грэкі“; краязнаўцы кажуць, што калісьці ў мястэчку нават вуліца Шведская была. Да слова, на адной “ватэрлініі“ з Домам цвярозасці ўладкаваная памятная ладдзя вікінгаў (па-іхняму — дракар). Славілася паселішча не толькі архітэктурай, але і зухаватымі майстрамі-рамеснікамі, да прыкладу — керамістамі (радовішчы гліны і па сёння захаваліся ля вёскі Горкі). А яшчэ — неверагоднымі па смаку булачкамі!

Тут сапраўды наездамі бываюць замежнікі, якія цікавяцца тутэйшай даўніной ды сучаснасцю. Бываюць досыць часта, таму сёй-той з работнікаў культуры нават уласнымі аграсядзібамі абзавёўся. Але пра гэта — ніжэй.

Адным словам, сітуацыю з былым Домам цвярозасці, як сцвярджае Алена Балаш, варта змяняць карэнным чынам. Па-першае, вернуцца немалыя плошчы, што дазволіць аднавіць работу мастацкіх галерэй. Па-другое, паселішчу, па словах мясцовых жыхароў, хранічна не стае кавярні. Дык чаму не аднавіць структуру колішняга Дома цвярозасці. На другім паверсе — рамеснікі, на першым — кавярня. І ўсё гэта спалучаецца вельмі арганічна — ну, проста як булачка з чаем. І мы падумалі, што ідэю стварэння (ці адраджэння) кавярні не варта аддаваць на водкуп сістэме грамадскага харчавання, бо цудоўных гаспадынь-кулінараў хапае і сярод работніц культуры. Аднак мары пакуль застаюцца марамі.

Змяніць сітуацыю

У такіх выпадках духоўны кіраўнік рэдакцыйнага навукова-папулярнага праекта “Лабараторыя“ і загадчык кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Макарава не стамляецца казаць: “Не хапае маркетынгавага падыходу да справы“. Інакш кажучы, не стае фандрайзінгу ў спалучэнні з ініцыяцыяй грантавых праектаў. Вось што думае наконт гэтага начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мёрскага райвыканкама Аляксандр Тронькін, чалавек ініцыятыўны і прагны да ўсяго прагрэсіўнага: “Цалкам з вамі згодны! Дзісна можа і павінна стаць аб’ектам павышанай турыстычнай увагі. Так, праект — менавіта доўгатэрміновы, дзе Дому цвярозасці адведзена не апошняе месца. Зразумела, мы будзем старацца прыцягваць для рэалізацыі задуманага пазабюджэтныя сродкі“. Іншага адказу мы і не чакалі. Усе цяпер спрабуюць сістэмна займацца праектнай дзейнасцю. Не ва ўсіх пакуль атрымліваецца, але тэорыя заўжды мацуецца практыкай. І да духмянай гарбаты заўжды патрэбна апетытная булачка.

Пра тое, што трансгранічныя праекты — справа рэальная, мы пераканаліся ў Дзісненскім гарадскім цэнтры культуры. Як нам распавёў Аляксандр Тронькін, самадзейныя артысты гэтай установы ўжо добра асвоілі латвійскую сцэнічную прастору: пастаянна выступаюць у тамтэйшых цэнтрах беларускай культуры. А мастацкі кіраўнік ГЦК Ксенія Кагукіна — вельмі хуткая на ўздым і вобразна, і літаральна. Паўсюль паспявае, бо раз’язджае па Дзісне на скутары: падрыхтавала і правяла творчыя справаздачы двух харэаграфічных калектываў, гэтымі днямі рыхтуе сцэнарый для мітынгу-рэквіема на яўрэйскіх могілках. Тут 75 гадоў таму фашысты знішчылі амаль чатыры тысячы чалавек. Для таго, каб жыць заўтрашнім днём, не трэба забывацца на ўчарашні.

У госці да балацяніка

Патрыёты свайго мястэчка жывуць не толькі ў Дзісне. Хапае іх і ў аграгарадку Язна. Мясцовых работнікаў культуры начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мёрскага райвыканкама называе “вечнымі рухавікамі“. І ўвогуле вёска — багатая на жыхароў, і ўсе яны лічаць сельскі дом культуры (тут і бібліятэка знаходзіцца) — ці не галоўнай установай паселішча. Мастацкі кіраўнік Вольга Александроўская кажа: “У нашай мастацкай самадзейнасці занята 112 чалавек! І пастаянна ёсць ахвотныя ўвайсці ў склад таго ці іншага калектыву. Хоць конкурс-адбор рабі“. Мы ў той дзень на ўласныя вочы пераканаліся, што і ў радасці, і ў горы язненцы ідуць у клуб.

Язна шчыльна супрацоўнічае з Дзісной у справе культурнага абслугоўвання турыстаў. Справа ў тым, што замежнікаў (і не толькі) прывабліваюць не адно архітэктурныя ды гістарычныя аб’екты, але і не менш прыцягальныя экалагічныя прынады, скажам, беларускія балоты. У дадзеным выпадку — балота Жада ў пяць тысяч гектараў і багатае на журавіны. (Нездарма брэндавы мясцовы фэст называецца “Журавы, журавіны Мёрскага краю“.) Можна замовіць у лясніцтве балотаход і выправіцца ў такую вандроўку, што пакіне след на ўсё жыццё. (А ў нас на яе часу не хапіла!)

(Не)лірычнае адступленне Канстанціна Антановіча

Некалькі гадоў таму, вяртаючыся з камандзіроўкі з Брэста, давялося паспрачацца са сваім выпадковым суразмоўцам — вадзіцелем турыстычных аўтобусаў з Расіі. Ён ніяк не мог паверыць, што Беларусь можа мець турыстычны патэнцыял праз свае балоты. І тым не менш язненскі прыклад пераконвае, што такі адметны від турызму, ды яшчэ насычаны культурным зместам у выглядзе аўтэнтычнага фальклору, не толькі можа, але павінен прыносіць дывідэнды — пры добрым падыходзе і супрацоўніцтве замежных і айчынных турыстычных арганізацый з установамі культуры можа атрымацца перспектыўны і доўгатэрміновы праект.

“Язынка“ не толькі спявае

Так што турысты гасцююць не толькі ў Дзісне, але і ў Язне. Да іх паслуг — дзве аграсядзібы. У адной — гаспадыняй дырэктар СДК Ларыса Бервячонак, другую ўтрымлівае салістка народнага фальклорнага гурта “Язынка“ і кіраўнік аднаго з клубных гурткоў Тамара Касатая. У яе нават турысты з Малайзіі гасцявалі. Натуральна, “Язынка“ старанна “агучвае“ і першую сядзібу, і другую. Тамара Аляксандраўна — знаная саломкапляцельшчыца, кожны пакой упрыгожаны яе пано. І булачкі да чаю гатуе неверагодныя. А дапамагае Касатай муж — Іван Мітрафанавіч, знаўца Жады, мясцовай флоры ды фаўны. Гэта ён нам распавёў пра вандроўкі на балатаходзе, якія карыстаюцца нязменным поспехам у турыстаў. Але і абрады ў выкананні “Язынкі“ ім таксама падабаюцца.

Аграсядзібы — месца пражывання і саміх гаспадароў. Безумоўна, у Ларысы Бервячонак — менш часу на гасціннасць: усё ж яшчэ і клубам кіруе. І кіруе няблага. План па аказанні платных паслуг насельніцтву выконваецца. Апрача “Язынкі“, ёсць яшчэ пяць калектываў дзіцячай самадзейнасці. На канцэрты збіраецца ледзь не па 200 чалавек: дамарослыя мастацкія здольнасці — у пашане. Вёска, карацей кажучы, — перспектыўная. Апрача сельскагаспадарчай арганізацыі ды лясніцтва, ёсць сярэдняя школа, меліярацыйнае прадпрыемства. А ў клубным будынку, апрача бібліятэкі, працуе музычная школа, дзе распачаліся вакацыі. І што цікава, у работнікаў клуба і бібліятэкі ёсць сваякі і родзічы, якія працуюць выкладчыкамі ў ДШМ. Мы гэта назвалі экспансіяй талентаў.

(Не)лірычнае агульнае заканчэнне

Хто пра што, а млынар — пра муку. Дакладней — пра піяр. А ў дадзеным канкрэтным выпадку — пра поўную яго адсутнасць. Чаму мы раней не ведалі пра колішні Дом цвярозасці? Пра неабходнасць яго капітальнага рамонту крычаць варта на ўвесь голас. Глядзіш, і сабралі б ужо сёй-той фандрайзінгавы капітал хаця б для пачатковых работ. Па сённяшнім часе добрая справа без належнай рэкламы, што булачка без чаю. “К“ будзе адсочваць сітуацыю з далейшай будучыняй не абы-якога будынка.

А ў наступнай публікацыі нашага аўтатуру чытайце пра лепшага бібліятэкара Віцебшчыны і пра многае іншае і не менш цікавае.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"