Розгалас у Польшчы

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

500-годдзю беларускага кнігадрукавання былі прысвечаны ІІІ Дні славянскага пісьменства і культуры, якія прайшлі з 19 па 26 мая 2017 года ў горадзе Бельск-Падляшскі (Польшча).

/i/content/pi/cult/640/14233/5-1.jpgУ рамках святочных мерапрыемстваў адбыўся традыцыйны кніжны кірмаш духоўнай і асветніцкай літаратуры беларускіх і польскіх выдаўцоў, выступленні фальклорных калектываў з Беларусі, Польшчы і Літвы, у тым ліку ансамбля “Грамніцы” з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, першая замежная прэм’ера фольк-рок-оперы Рамана Арлова “Усяслаў Чарадзей”, гастролі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама міжнародная міждысцыплінарная навуковая канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел вучоныя з Беларусі, Польшчы і Расіі.

Да гэтага свята Фондам у гонар дабравернага князя Канстанціна Астрожскага (Беласток, Польшча) была створана перасоўная выстава на польскай мове “500 гадоў “Бібліі рускай” Францыска Скарыны”, на якой прадстаўлены не толькі выявы старадрукаў нашага першадрукара, але і фотаздымкі месцаў і людзей, з якімі ён быў так ці іначай звязаны. Падчас Дзён славянскага пісьменства і культуры выстава размяшчалася ў цэнтральным гарадскім парку імя каралевы Алены. У бліжэйшых планах арганізатараў паказаць праект у Беластоку, Варшаве, Кракаве.

Матэрыялы для выставачнага праекта былі прадстаўлены намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем Сушам. Ім жа сумесна з прафесарам з Польшчы Антоніем Мірановічам быў падрыхтаваны тэкст буклета, якім будзе суправаджацца выставачны праект.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"