Красная плошча беларускіх старонак

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Што прапануюць расійскім чытачам айчынныя выдавецтвы?
У Маскве з 3 па 6 чэрвеня адбудзецца кніжны фестываль “Красная плошча”. “К” высветліла, што прадставяць у нацыянальным павільёне Беларусі.

/i/content/pi/cult/640/14232/4-1.jpgРаман “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”

— “Авантуры Пранціша Вырвіча” — цыкл гісторыка-прыгодніцкіх раманаў, падзеі якіх разгортваюцца ў XVIII стагоддзі, — расказвае пісьменніца Людміла Рублеўская. — Гэта цікавы і малаапісаны перыяд у гісторыі Беларусі, насычаны падзеямі, што дазваляюць разгарнуць на іх фоне нечаканы сюжэт, стварыць каларытных персанажаў: шкаляра, збяднелага шляхціча Пранціша Вырвіча і яго слугі, а затым і сябра — доктара Баўтрамея Лёдніка. Ужо выйшла чатыры кнігі з гэтага цыкла, чытачы просяць напісаць працяг, але не ўсё так проста, бо я працую з дакументальнай асновай. Якімі б фантастычнымі ні былі прыгоды герояў, гістарычныя асобы і падзеі павінны быць праўдзівымі. Спадзяюся, што беларусы адкрываюць для сябе сваю гісторыю і руйнуюць стэрэатыпы пра сябе як пра “паноў сахі і касы”, бо ў нас дастаткова было ў той час яшчэ і паэтаў ці вучоных. Замежнаму чытачу таксама павінна быць цікава змяніць свае ўяўленні пра нашу краіну. Па водгуках разумею, што Пранціша Вырвіча ведаюць у Расіі, на Украіне. Мне хочацца, каб пасля прачытання кнігі людзям хацелася яшчэ больш даведацца пра Беларусь.

Кніга пераствораных прадмоў Францыска Скарыны да надрукаваных ім кніг Бібліі “Маем найбольшае самі”

— Усе прадмовы Скарыны да кніг “Бібліі” прачытаныя, але не ўсе скарыстаныя. Не ўсё адназначна, не ўсё раўназначна, не ўсё на адным узроўні напісана, — сказаў у інтэрв’ю “К” аўтар перастварэнняў, паэт Алесь Разанаў. — Адны прадмовы насычаны проста фактурай, другія маюць паўторы ў іншых, адрозніваючыся граматыкай, асаблівасцямі напісання пэўных словаў. Прычым сям-там гаворыцца пра чытанае недзе больш разлегла, а дзесьці — наадварот сцісла. Так, у “Кнігу Лічбаў” я не знайшоў як і з чым увайсці ў размову. Таму толькі там, дзе тэксты прадмоў выклікалі водгук, браўся і працаваў. Тут, як кажуць, або ёсць, або няма. Да ўсяго, акрамя задачы перакладаць з таго, што ёсць, паўставала і задача стыліста. Скажам, дзесьці прысутнічае зерне ісціны, але Скарынам яно не выяўленае. Таму яго патрабавалася разгарнуць, нават датлумачыць, то бок увесці ў нейкія жывыя кантэксты.

Уладзімір Мулявін. “Сэрцам і думамі…”

— Гэта ўжо другая мая спроба дакрануцца ў дакументалістыцы да постаці найвыдатнага Музыканта ХХ стагоддзя, якога беларускі народ узвёў у ранг Песняра нароўні з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, — кажа аўтар праекта і яго рэдактар-укладальнік Людміла Крушынская. — Першай была кніга “Нота лёсу”, якая пабачыла свет, гэтаксама як і “Сэрцам і думамі…”, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Перыпетыі лёсу заўсёды спадарожнічаюць такім выбітным асобам, як Уладзімір Георгіевіч Мулявін. Таму акрамя маіх журналісцкіх назіранняў ды запісаў інтэрв’ю з родзічамі, сябрамі, паплечнікамі, з тымі, хто ішоў з артыстам праз ягоны таленавіты творчы і пакручасты чалавечы шлях, у кнізе змешчаны даследаванні, дакументы, успаміны людзей — ідэйных спадкаемцаў Песняра — тых, хто сёння захоўвае ды транслюе ягоную спадчыну маладому пакаленню беларусаў.

У гэтым фаліянце — больш за 600 старонак тэксту і звыш 700 фотаздымкаў, эскізаў канцэртных касцюмаў мулявінскага ансамбля “Песняры” розных гадоў, шмат іншых эксклюзіўных дакументальных “украпленняў”. Наш выдатны мастак-ілюстратар Усевалад Свентахоўскі ўклаў у старонкі кнігі, абапіраючыся на Купалаву “Малітву” ды на “Малітву” Мулявіна, напісаную кампазітарам Алегам Молчанам, “і сэрца, і думы”. Прынамсі як і ўсе мы, хто працаваў над біяграфічнай кнігай пра любімага народамі нашага Песняра. Мо менавіта таму летась яна была ўзнагароджана Гран-пры на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.

“Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны”

— Гэта рэгіён, дзе на тэрыторыі Беларусі лепш за ўсё захаваліся сядзібы, — кажа аўтар Анатоль Федарук. — Гісторыя сядзібнага дойлідства на нашых землях налічвае больш за пяць стагоддзяў. Мне хочацца, каб нашы сучаснікі і нашчадкі разумелі, што ўяўляла з сябе сядзіба ў мінулым. Гэта не проста аб’ект матэрыяльнай культуры — сядзібны дом, службовыя і гаспадарчыя пабудовы, а феномен, ідэальны свет, прастора, дзе абмяркоўваліся і вырашаліся жыццёвыя пытанні. У сядзібах нараджалася асаблівая культура садова-паркавага мастацтва, земляробства і жывёлагадоўлі. Калекцыянаванне з’яўлялася паказчыкам добрага густу і адукаванасці гаспадароў. Асабліва каштоўнымі ў сядзібах былі архівы і бібліятэкі. У кнізе мы пастараліся адзначыць асноўныя бібліятэчныя зборы найбольш буйных сядзіб.

Энцыклапедыя “Асветнікі Беларусі: Ефрасіння Полацкая. Кірыла Тураўскі. Францыск Скарына”

— З гэтай кнігі ў мінулым годзе распачалася серыя “Асветнікі Беларусі” для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, — тлумачыць аўтар Эдуард Дубянецкі. — У папулярнай форме там расказваецца пра жыццё і асветніцкую дзейнасць нашых знакамітых суайчыннікаў. Выданне багатае на ілюстрацыі. Усе цытаты з прац асветнікаў перакладзены на сучасную беларускую мову, каб іх лягчэй было ўспрымаць. Важна, што апісваецца не толькі біяграфія, але і аналізуецца светапогляд Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і Францыска Скарыны. Усяго ў серыі пра асветнікаў запланавана восем кніг. Літаральна тыдзень таму выйшла чацвёртая, прысвечаная Лаўрэнцію Зізанію, Мялецію Сматрыцкаму і Казіміру Лышчынскаму.

Кнігі з серый пра Маму Му і Пэтсана і Фіндуса

— Дзіцячай літаратуры на беларускай мове такога кшталту няшмат, таму гэтыя кнігі сталі ў нас вельмі папулярнымі, — кажа аўтар перакладу Юі Вісландэр са шведскай мовы на беларускую Надзея Кандрусевіч. — Шведская літаратура адрозніваецца ад традыцый, якія маем мы. Дзякуючы Астрыд Ліндгрэн, якая ў 1940-я сканцэнтравалася ў сваіх творах на дзіцяці і ў той жа час стала ўздымаць сур’ёзныя тэмы, многія пісьменнікі таксама пачалі працаваць у гэтым кірунку. Мне як маме не хапае ў нас такой літаратуры, таму я ўзялася перакладаць кнігі шведскіх аўтараў. Гісторыі пра прыгоды каровы Мамы Му — ужо класіка ў Швецыі. У Беларусі зараз выйшла шостая кніга з дзевяці.

Свэн Нурдквіст жа ілюстраваў кнігі пра Маму Му, таму я звярнула на яго ўвагу, і ўся серыя з дзевяці кніг на беларускай мове была гатовая ўжо тры гады таму, — працягвае перакладчыца. — Зараз выйшла толькі пятая кніга, увосень будзе шостая. Гэтым кнігам пра спадара Пэтсана і яго ката Фіндуса каля трыццаці гадоў, а іх усё яшчэ прадаюць вялікімі накладамі нават у Швецыі, дзе і зараз шмат новых цікавых ілюстратараў ды пісьменнікаў у такой колькасці, што нам у Беларусі нават складана ўявіць. Але гэта таксама класіка, якую можна разглядаць і чытаць бясконца.

Альбом “Гісторыя Мінска ў паштоўках і фатаграфіях”

— Кніга падзеленая на тры часткі: у першай размова ідзе пра гісторыю развіцця паштоўкі і фатаграфіі ў Мінску, у другой узгадваюцца біяграфіі фатографаў, якія працавалі ў сталіцы, у трэцяй параўноўваюцца сучасныя віды горада з тымі, што захаваліся на паштоўках, — апісвае выданне аўтар Аляксандр Вялічка. — Тэма фатаграфіі не настолькі папулярная, таму мы пашырылі яе і паказалі, як змяніўся Мінск за апошнія сто гадоў. Думаю, гэта цікава шырокаму колу чытачоў, але перадусім тым, хто неяк звязаны з беларускай сталіцай.

Каталог “Манеты і банкноты Беларусі”

— Тут сабраная інфармацыя пра ўсе манеты і банкноты, выпушчаныя ў Беларусі з 1996 па 2016 год, — кажа адзін з аўтараў кнігі Аляксандр Вялічка (другі — Сяргей Назараў). — Гэта можа прыдацца як калекцыянерам, так і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй, працуе з фінансамі. Большая частка кнігі прысвечана менавіта манетам — іх звыш шасцісот. Апісаныя не толькі тэхнічныя даныя, але і рэальны кошт, таму можна прасачыць, становяцца яны даражэй ці танней. У другой частцы сабраныя дзясяткі два банкнот, якімі карысталіся на працягу гісторыі суверэннай Беларусі.

Першы том кнігі “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”

— Выданне мае вялікі фармат (21,8 на 29 сантыметраў), пад цвёрдай вокладкай змяшчае 223 старонкі апавяданняў з гісторыі Беларусі, якія суправаджаюцца партрэтамі знакамітых асоб і дэталізаванымі панарамамі гарадоў ці значных бітваў. Кніга найперш адрасаваная дзецям і падлеткам, але будзе цікавая і дарослым, — адзначае пісьменнік Уладзімір Арлоў. — Калі мы працавалі над ёй з мастаком Паўлам Татарнікавым, то ўяўлялі сваю аўдыторыю, таму гэта наклала адбітак і на сам тэкст, і на яго стылістыку. Кожны аповед заканчваецца гістарычнай віктарынай. Усе ілюстрацыі да выдання створаныя Паўлам Татарнікавым — найлепшым сучасным мастаком, які працуе з гістарычнай тэмай. Зараз ідзе праца над другім томам, у якім будуць ахопленыя падзеі на тэрыторыі Беларусі з 1795-га да 1990-х.

Альбом “Традыцыйны беларускі касцюм”

— Па рэакцыі наведвальнікаў, што прыходзяць паглядзець музейную калекцыю традыцыйных касцюмаў да нас у Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, мы даўно зразумелі, што ёсць неабходнасць выдаць такі альбом і прадставіць строі не на манекенах, а на жывых людзях, — расказвае аўтар, мастацтвазнаўца Марыя Віннікава (другі аўтар — Паліна Богдан). — Па тыпажах падбіралі мадэлей, стараліся праводзіць здымкі на прыродзе. Выкарысталі касцюмы і асобныя прадметы строяў з нашай калекцыі і з фондаў, прыцягнулі да падрыхтоўкі альбома іншыя музеі Беларусі і Расіі, штосьці аднавілі адмыслова для гэтай працы. Прадстаўленыя ў альбоме строі адносяцца да канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Ранейшых па часе проста не захавалася, а пазнейшыя ўжо былі мадэрнізаваныя. Традыцыйны касцюм не ў адзін момант выйшаў з ужытку. Альбом пабудаваны так, што можна за гэтым прасачыць — кожнаму рэгіёну Беларусі прысвечаны асобны раздзел.

Дзіцячая энцыклапедыя “Францыск Скарына” (частка другая “Чалавек свету” і частка трэцяя “Чалавек-легенда”)

— Кнігі прызначаныя для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, а таксама ўсім, хто цікавіцца багатай гісторыяй нашай краіны, — кажа аўтар Алесь Суша. — Жыццёвы і творчы шлях беларускага першадрукара і асветніка звязвае нашу зямлю з многімі краінамі свету. А праз асобу Скарыны многія дазнаваліся пра Беларусь. Гэтаму прысвечаны другі том. У трэцім размова ідзе пра Скарыну як пра чалавека-легенду, які першым з усходніх славян выдаў кнігу друкарскім спосабам і зрабіў кніжнае слова, а праз яго і ўсе веды чалавецтва даступнымі для ўсіх і кожнага. Засталіся лічаныя экзэмпляры другога і трэцяга тамоў. Першы з гэтай серыі дае адказ, хто такі Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, выдавец, перакладчык Бібліі на родную мову, пісьменнік, філосаф-гуманіст, тэолаг, вучоны, лекар, батанік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, але гэта кніга хутчэй за астатнія разышлася, і яе пакуль нельга нідзе набыць.

“Ад Мінска да Вільні. Гісторыя Беларусі ў журналісцкіх нататках”

— Я ўсвядоміў сябе беларусам у 1990-я, — кажа аўтар Віктар Корбут. — Гэта адбылося ў тым ліку дзякуючы папулярным кнігам па гісторыі, у якіх, на жаль, было шмат недакладнасцяў. У сваёй кнізе я акцэнтую ўвагу на той спадчыне, якая бясспрэчна належыць беларусам і адначасова расказваю пра агульныя традыцыі з суседзямі. Мне хацелася даць шырокую панараму гісторыі Беларусі і адказаць на вечнае пытанне: з чаго пачынаецца наша Радзіма? Куды паглыбляюцца карані радаводу нашай нацыі? Што нас найперш вылучае сярод іншых народаў? Чаму беларусы, нягледзячы на падабенства да суседзяў, усё ж адметны народ? Адказы ёсць у кнізе.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"