Вачыма Скарыны: прарыў, абшар і… сэлфі

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Калі ўяўляеш постаць філосафа-асветніка Францыска Скарыны, памяць узнаўляе гравюру з яго, як сёння сказалі б, “сэлфі”, вязьмо шрыфтоў старабеларускай “Бібліі Рускай” і незабыўныя словы прадмовы да “Кнігі Юдзіф”: “Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае…” Аднойчы іх пачуўшы, ніколі не забудзеш. Але рэжысёр дакументальнай стужкі “Першадрук” Ігар Чышчэня робіць нечаканае і простае ў дачыненні да слыннай постаці беларускага пантэону: ён ператварае яе ў прастору. У прастору еўрапейскай цывілізацыі, дазваляючы ўбачыць справу і думку беларускага гуманіста ў глабальным кантэксце.

/i/content/pi/cult/640/14229/10-1.jpgЗ пазіцыі сучасніка

У Музеі гісторыі беларускага кіно адбылася перадпрэм’ера новай карціны студыі “Летапіс” кінастудыі “Беларусьфільм” пра беларускага першадрукара, пісьменніка, а да ўсяго — прадпрымальніка і доктара. Падчас яе прэзентацыі сцэнарыст фільма і вядомы кінематаграфіст Уладзімір Мароз прызнаўся, што запрашэнне Ігара Чышчэні ў каманду стужкі было свядомым крокам студыйцаў. Для напісанага сцэнарыя патрабаваўся акурат позірк маладога рэжысёра. Стужка прайшла рэспубліканскі конкурс кінапраектаў па тэме 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і атрымала фінансаванне.

Адной з несумненных якасцяў маладога рэжысёра, які, адзначу, ужо склаў сабе рэпутацыю таленавітага дакументаліста (фільмы “Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне”, “Страчаная песня”, “Подых балот”), можна назваць шчырую спробу казаць пра сучаснасць і адпавядаць ёй праз пошук актуальнай кінамовы. Ігар умее, здымаючы прыгожа, не адмаўляць рэчаіснасці ў яе праблемах. Назіраць узвышана і прыземлена адначасова. І ў выпадку “Першадруку” гэта спрацавала найлепшым чынам: стваральнікі фільма выходзяць з “пакоя” асветніцка-ідэалагічнага кіно ў прастору падарожнага, амаль медытатыўнага нарыса. І менавіта гэты павольны рух — ад горада да горада, ад думкі да думкі, яшчэ раз  — ад прасторы  да прасторы, дазваляе ўбачыць вядомую постаць, упісаную ў пантэон нацыянальных герояў, з пазіцыі сучасніка — калі вяртанне адбываецца з усведамленнем таго, што маем сёння.

На скрыжаванні гарадоў і эпох

“Што значыць вынаходніцтва кнігадрукавання для ўсяго свету? Для беларускай нацыі?” — каментуе сваё прачытанне “справы жыцця” асветніка з Полацка рэжысёр “Першадруку”. Ігар Чышчэня падкрэслівае, што яго кіно было спробай асэнсавання значэння друкаванага слова ў еўрапейскім кантэксце. У дадзеным выпадку падзяляць беларускі і еўрапейскі абшар не выпадае. Полацк, Прага, Кракаў, Вільня… Гарады Скарыны, дзе ён нарадзіўся, вучыўся, працаваў, і, адпаведна, гарады, якія былі агульнай прасторай для жыхароў ВКЛ — гэта і ментальная прастора ў тым ліку. Бадай, глядач не бачыць толькі Падуі, але… кантэкст зададзены і спыняцца не хочацца. Час Скарыны — гэта час нараджэння эпохі Асветніцтва, пульсацыі гарадоў. Адпаведна, рэжысёру як чалавеку ўжо ХХІ стагоддзя цікавы гэты шпацыр па прасторы, якая захавалася да сёння і стала асяродкам жыцця ўжо новых пакаленняў.

Мы трапляем не толькі на вуліцы і плошчы славутых мясцінаў, але і ў еўрапейскія ўніверсітэты, бібліятэкі, якія захавалі дух гісторыі, свае інтэр’еры, экстэр’еры, напаўненне з розных эпох... Патрэбен час, які дазваляў бы разгледзець іх абліччы, атрымаць асалоду ад сузірання архітэктуры і ашаламляльных залаў  — і гэты час стваральнікі фільма прадбачліва “разгортваюць”. Рух камеры Аляксандра Акавіцкага  — акурат як разгортванне “скрутка”, каляровая сучасная інтэрпрэтацыя старадаўніх гравюр. Што адразу вылучае “Першадрук” — яго павольны рытм, калі нетаропкае апавяданне задае інтанацыю няспешнай размовы, дзе паўзы і музыка Аляксандра Круцеля даюць магчымасць “прагучаць” візуальнаму шэрагу.

Гэта мова сучаснай (тэле)дакументалістыкі — якая ўбірае ў сябе візуальны досвед каналаў National geographic, History, “Культура”,  — і такая нагледжанасць надзвычай важная. Урэшце, тое, як выглядаюць старадрукі Скарыны, сёння можа распавесці нашмат больш за доўгія тлумачэнні спецыялістаў. Уключэнне гравюр, вылучэнне чырвоным, памеры выданняў  — мастацкая (р)эвалюцыя кнігі, якую здзейсніў Францыск Скарына — гэта ягоны ўнёсак і ў візуальную культуру. Гэты “паварот” у асэнсаванні спадчыны асветніка, нарэшце, распачаты: давайце не толькі чытаць, але і глядзець, адчуваць яго кнігі.

Кніга як прарыў у свядомасці, як мастацкі твор ды геапалітычны крок — блукаючы па бібліятэках замежжа, можна толькі ўявіць, што значыла і значыць сёння дзіўная авантура сына купца з Полацка, які адважыўся выдаць у Еўропе Біблію на старабеларускай мове.

Цікавая дэталь. Сучаснасць, якая задае далягляд рэжысёрскаму погляду, цалкам арганічна ўключае ў фільм і здымкі з апошняй кніжнай выставы ў Мінску. У адным з павільёнаў беларускі Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч падпісвае чытачам уласныя творы. Рэжысёр адзначае, што тое была выпадковая сустрэча — але гэты момант толькі злучае спадчыну Скарыны з літаратурнымі дасягненнямі нашых часоў.

Урэшце, ці кніжная нацыя сёння беларусы? Ці жывем мы ў гэтай прасторы слова і культуры? Гэта тыя пытанні, якія можна задаць сабе па праглядзе стужкі. Стваральнікі карціны, разважаючы пра ўнёсак Скарыны ў фарміраванне беларускай нацыі, у фільме выходзяць на культурную місію “памежжа”, якая арганічным чынам замацавалася ў свядомасці беларусаў. Спалучэнне Захаду і Усходу, праваслаўя і каталіцызму, і ў гэтым сэнсе вядомыя словы беларускага гуманіста напрыканцы стужкі гучаць амаль як непазбежны выбар: “Гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць”. Маўляў, лёгка не будзе, але так гуртуецца нацыя. Ды ці маем мы гэту “ласку да месца”? Вось пытанне, якое не выходзіць у мяне з галавы пасля прагляду.

Дарэчы

Як паведаміла дырэктар студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аксана Эйхарт, на сённяшні момант прапановы аб пракаце “Першадруку” паступаюць ад многіх айчынных кінапракатных арганізацый. Таксама цікаўнасць да фільма праяўляюць і тэлеканалы: у прыватнасці, расійскі канал “Культура” звярнуўся з адпаведнай прапановай. Што да афіцыйнай прэм’еры дакументальнай стужкі ў сталіцы, яна плануецца на восень. Паказ мусіць адбыцца ў сталічным “Доме кіно”. Таксама стужка прагучыць у Полацку падчас святкавання Дня беларускага пісьменства.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"