Авангард для тысячы тысяч

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Канструктыўная выразнасць: кніжнае крэда Эль Лісіцкага
У 1981 годзе на выставе “Масква — Парыж” мне давялося пабачыць кавалачак творчасці тады яшчэ мала вядомага ў СССР мастака Эль (Лазара) Лісіцкага: віцебскія проўны, найцікавыя праекты яхт-клуба на Маскве-рацэ, гіганцкай трыбуны Леніна і рэканструкцыю гэтай трыбуны, выкананай у дрэве ды метале, устаноўкі “Савецкі авіятранспарт” для Міжнароднай выставы ў Парыжы 1934 года і арыгінальныя эскізы кніжнага магазіна, якія рухаюцца.

/i/content/pi/cult/640/14226/15-1.jpgТам жа экспанавалася разнастайная паліграфічная прадукцыя, пачынаючы ад афармлення вокладкі часопіса “Журналіст” і заканчваючы запрашальным білетам паліграфічнай выставы. Што я вынес з прагляду гэтых экспазіцый? Пачуццё рэдкай мастацкасці, вобразнасць, зварот да сродкаў і катэгорый мастацтва як такіх. Як бракуе часам усяго гэтага ў работах многіх сённяшніх прэтэндэнтаў на званне таго самага авангарда… І як шмат гэтага было ў творчасці Лісіцкага!

Гэта быў урок той самай пераемнасці — глыбіннай, сапраўднай, а не дэкларатыўнай — якую, уласна кажучы, і знішчылі ў нашым развіцці часы жорсткіх догмаў і забаронаў. Пераемнасці, якую мы пад сцягам абнаўлення, на жаль, нярэдка імкнемся замяніць чыста знешнім падабенствам да чагосьці сапраўднага. Або адхрышчваемся, як у нас заведзена, яшчэ не спазнаўшы…

У адной з анкет Эль Лісіцкі пералічыў віды сваёй дзейнасці: інжынер-архітэктар, жывапісец, фотапісец, друкар. Гэты спіс далёка не поўны. Да ўсяго ён — бліскучы графік, афармляльнік выстаў, педагог і стваральнік архітэктурнай майстэрні Віцебскай школы, прафесар ВХУТЭМАСа ў другой палове 1920-х. Акрамя ўсяго гэтага, Лісіцкі з’яўляецца піянерам савецкага дызайну і плаката, а таксама ілюстратарам кніг і часопісаў. Яго творчая індывідуальнасць сфакусіравала ў сабе галоўныя рысы авангарду: падыход да мастацтва як да “светабудаўніцтва”, “делание” жыцця па законах мастацтва — мастацтва асобага роду, заснаванага на найноўшых дасягненнях навуковай і мастакоўскай думкі.

Сёння пра Лісіцкага надрукавана шмат матэрыялаў і ў прэсе, і ў інтэрнэце — як кажуць, “вочы разбягаюцца”, хаця і тут шмат чаго наблытана… Але нам гэтая вельмі таленавітая асоба цікавая і таму, што Віцебск для яго, як для Шагала і Малевіча, назаўсёды стаў родным горадам, хаця і нарадзіўся Лісіцкі прыкладна за дзвесце кіламетраў ад Віцебска, у мястэчку Пачынак Смаленскай губерні. Гэта амаль побач з хутарам Загор’е — радзімай Аляксандра Твардоўскага. У паэта ёсць такія радкі: “И еще доволен я, — / Пусть смешна причина, — / Что на свете есть моя / Станция Починок…”

“Канструктар новага супрэматычнага Сусвету” Эль Лісіцкі пісаў Казіміру Малевічу з Берліна ў Віцебск 13 сакавіка 1922 года: “…Дарагі сябра!.. Мы пражылі ў Віцебску вельмі прыгожы, вельмі значны і вельмі шматчасовы перыяд. Цяпер я гэта асабліва востра бачу. Тут (у Германіі. — Б.К.) няма ні прасторы, ні часу. Душы ходзяць, здані вельмі бледныя, і рыжына паўсюль…”

У маі 1919-га стары сябра Марк Шагал запрасіў Лісіцкага, што працаваў у Кіеве, у Віцебск, каб прапанаваць пасаду кіраўніка архітэктурнай майстэрні і майстэрні друкаванай графікі ў Народнай мастацкай школе. Так пачалося новае жыццё Лазара Лісіцкага ў гэтым горадзе на Заходняй Дзвіне, што кардынальна змяніла на доўгія гады яго творчы лёс… Але гэта тэма іншага даследавання, бо зараз нас цікавяць яго ўзаемаадносіны з кніжна-часопіснай графікай.

16 жніўня 1919 года ў часопісе “Школа и революция” Лісіцкі друкуе артыкул пад назвай “Новая культура”, дзе, у прыватнасці, піша: “…Мы зараз зусім не маем кнігі як формы, якая адпавядала б яе зместу. Кніга ж зараз усё. Яна стала ў наш час тым, чым калісьці быў храм з яго фрэскамі і вітражамі (каляровымі вокнамі), чым былі палацы і музеі, куды людзі прыходзілі глядзець і спасцігаць. Кніга стала манументам сучаснасці, але, у адрозненне ад старога манументальнага мастацтва, яна сама ідзе ў народ, а не стаіць, як храм, на месцы ў чаканні, пакуль да яго не прыйдуць. І вось кніга чакае ад сучаснага мастака, каб ён стварыў з яе гэты манумент будучыні. Ён павінен узяць на сябе гэтую работу, і тут ён вымушаны будзе кінуць свае інструменцікі, пёркі, пэндзлікі, палітрачкі ды ўзяцца за разец, за штыхель, за свінцовую армію набору, за ратацыйную машыну. І ўсё гэта паслухмяна закруціцца ў ягоных руках і народзіць яму твор не ў адным экземпляры, не унікум для аматара-мецэната, а тысячы тысяч аднолькавых арыгіналаў для ўсіх: хто смагне — той спаталяецца…”

Дарэчы, мала хто ведае, але менавіта ў Віцебску, у 1920-м, “проўніст” Лазар Маркавіч Лісіцкі ўзяў сабе творчы псеўданім Эль Лісіцкі, з якім і ўвайшоў у гісторыю сусветнай выяўленчай культуры. У галіне афармлення кнігі ён быў, як і ў іншых відах мастацтва, таксама вялікім арыгіналам, якіх у свеце не так шмат. Ён увогуле быў першым, хто прадумваў выданне ад агульнага макета да падбору абрысаў асобных літар. І кніга ў яго атрымлівалася фантастычна цэласнай, а яе дызайн, так бы мовіць, — празрыстым, ажурным, скразным. Друкарскі набор, плашкі ды іншыя атрыбуты паліграфічнай вытворчасці заўсёды адыгрывалі ў Лісіцкага выключную ролю. Сваю першую кніжку — паэтычны зборнік “Сонца пры канцы лёту” Канстанціна Бальшакова — мастак аформіў у Маскве ў 1916 годзе, а потым праз год кніжку “Пражская легенда”, а перад самым прыездам з Кіева ў Віцебск ілюстраваў “Казку пра козачку” (па матывах легенды ад Генрыха Гейнэ). Але толькі ў Віцебску Лісіцкі па-сапраўднаму адчуў вялікае значэнне ілюстраванай кнігі і каляровага часопіса для новага чытача. Яго кніжная спадчына — гэта літаграфскія малюнкі да часопіса-альбома “УНОВИС”, дзе друкаваліся Малевіч з Лісіцкім і іхнія сябры-супрэматысты, і трошкі пазней — мастацкае афармленне часопіса “Вещь”, кніг Ільі Эрэнбурга і гэтак далей.

Асабліва паспяховымі ў рабоце над кнігай у Лісіцкага былі паслявіцебскія “берлінскія” гады, калі выйшлі ў свет дзве яго кнігі — “Супрэматычны сказ пра два квадраты” (падрыхтаваная яшчэ ў Віцебску) і “Для голаса” Уладзіміра Маякоўскага. Менавіта іх мастак лічыў для сябе галоўнымі. “Супрэматычны сказ…” — дзіцячая невялічкая шасцічастковая кніжка, адрасаваная “Усім, усім рабятам” — амаль без тэксту. Сюжэт разварочваецца ў карцінках. Два квадраты — чорны і чырвоны — наўпрост з космасу імчацца на Зямлю. А тут пануюць чорнае і трывожнае. Удар па чорным — і з’яўляецца гармонія. Чырвоныя будынкі пераможна ўзводзяцца на чорнай глебе. Так, у падтэксце ляжыць аповед пра вечную барацьбу дабра са злом, а таксама прадчуванне вялікіх узрушэнняў, якія рыхтавала чалавецтву хуткая будучыня.

Малюнкі вельмі дынамічныя, у іх пераважаюць дыяганальныя лініі, якія накіраваныя з левага вугла ў правы верхні вугал, яны прыспешваюць гледача, абуджаюць яго цікаўнасць, прымушаюць перайсці да наступнай старонкі. Тэкст кнігі складваецца ўсяго з 33 слоў, але апавяданне тут вядзецца пры дапамозе візуальных, а не вербальных сродкаў. Гэта — кніга-канструктар, якая патрабуе актыўнага ўспрымання аўтарскай думкі, яна дазваляе гледачу вывучаць тое, што знаходзіцца перад яго вачыма. Лісіцкі падкрэсліваў, што ў рабоце над кніжным афармленнем мастакам і пісьменнікам рэвалюцыйнай эпохі трэба ўлічваць тое, што кніга павінна быць накіравана да напаўпісьменнай народнай масы. А для гэтага набор яе не павінен быць аднастайным, бо думка прыходзіць не праз вуха, а праз вока, і паліграфічная пластыка з яе багатымі аптычнымі магчымасцямі павінна рабіць тое, што прамоўца выяўляе голасам і жэстамі. Урэшце, сам Лісіцкі часцяком наўмысна ўскладняў успрыманне тэкста, ператвараючы яго ў шараду — змяшчаў адны літары ўнутр іншых, уключаў у наборны радок тытульныя шрыфты. Цяжка паверыць, але “кінематаграфічную” кніжку “Супрэматычны сказ…” хацелі нават экранізаваць, ды штосьці перашкодзіла.

А вось для зборніка “Для голаса” Маякоўскі сам адабраў 13 вершаў, а мастак аформіў яго як тэлефонны даведнік — з лесвічкай-рэгістрам, які дазваляе хутка адшукваць патрэбны верш. На выразах рэгістра змешчаны скарочаныя назвы вершаў — “Марш”, “Кума”, “Каханне”, “Сонца”, а таксама сімвалічныя дзвюхфарбавыя (чорныя і чырвоныя) малюначкі, створаныя з прамавугольнікаў і кружкоў. Кніжка мела пераплёт з мяккага кардону аранжавага колеру, на фронтыспісе — трохвугольнік, круг, квадрат і літары ЛЮБ, гэта значыць ініцыялы Лілі Юр’еўны Брык — каханай паэта, якая, дарэчы, з’яўлялася і рэдактарам кніжкі.

Яшчэ хачу сказаць вось што. Эль Лісіцкі заклаў падмурак, аснову тых прасторавых рашэнняў, якія выкарыстоўваюцца сёння ў камп’ютарных праграмах. Тып яго шрыфтоў можна пабачыць у сучасных айчынных і замежных плакатах, у “крутых” часопісах і кнігах. Ён з’явіўся прадвеснікам поп-арту, найноўшых прыёмаў фотамантажу, канструктывізму ў архітэктуры, сучасных рашэнняў у афармленні інтэр’ераў і мэблі. Хаця, па вялікім рахунку, “адкрыццё” Лісіцкага і ў нас, і ў Расіі — яшчэ на стадыі асэнсавання, дакладней — гэта справа будучыні… На жаль, ён мала пажыў. З яго дынамічным творчым характарам мог зрабіць неймаверна шмат. 22 лістапада 1941 года, ужо моцна хворы на сухоты, ён адзначыў свой 51-ы дзень нараджэння. А 30 снежня, калі масквічы толькі-толькі ачунялі пасля таго, як Масква мужна выстаяла перад фашыстамі, сэрца Эль Лісіцкага спынілася…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"