Спартакіяда — гэта…

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Напрыканцы мінулага тыдня на спартыўнай базе “Стайкі” пад Мінскам прайшла XI Рэспубліканская спартакіяда работнікаў культуры і мастацтва. Удзельнікі спаборнічалі па сямі відах спорту: валейбол, футбол, лёгкаатлетычны крос, дартс, гіравы спорт, настольны тэніс, перацягванне каната.

Ад Міністэрства культуры на спаборніцтвах прысутнічаў намеснік міністра Аляксандр Яцко, ад прафесійных саюзаў — намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Мікша і намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава. Судзейская калегія спаборніцтваў складалася з прафесіяналаў, якім даводзілася судзіць спаборніцтвы міжнародныя. Удзел у спаборніцтвах бралі зборныя ўсіх абласцей і сталіцы, а таксама зборная рэспубліканскіх арганізацый.

Аматары спорту сферы культуры і мастацтва спаборнічалі на пляцоўках, на якіх рыхтуецца да адказных стартаў алімпійскі рэзерв нашай краіны, упадабалі “Стайкі” і замежныя спартсмены — як з постсавецкай прасторы, так і з далёкага замежжа. (Дарэчы, у перспектыве “Стайкі” будуць трэніровачнай базай удзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў, што пройдуць у нашай краіне.)

Зразумела, што перад удзельнікамі галіновай спартакіяды не ставілася задача пахіснуць рэкорды, скласці канкурэнцыю тым, для каго спорт — прафесія. Спартакіяда — гэта найперш буйнамаштабная акцыя па прапагандзе здаровага ладу жыцця, па сцвярджэнні тэзы, што спорту, як і каханню, як сказаў бы класік, “все возрасты покорны”. Спартакіяда падарыла станоўчыя эмоцыі як удзельнікам, так і гледачам. А на спаборніцтвах па перацягванні каната жарсці як на Алімпіядзе проста зашкальвалі. І мо, самае галоўнае, Спартакіяда дала магчымасць усім, хто меў да яе дачыненне, адчуць сябе камандай у шырокім сэнсе — зборнай культуры і мастацтва Беларусі.

Фота аўтара