Каб убачыла грамада

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Вызначаны намінанты на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2017 — 2018 гады. “К” высветліла, чые імёны і якія творы вынесеныя на грамадскае абмеркаванне.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, Экспертны савет пры Пастаянным Камітэце Саюзнай дзяржавы з пададзеных заявак выбраў сем намінантаў. Гэта — старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, які адзначаны за раманы “Аперацыя “Кроў”, “Сыны”, “Вам — заданне”, “За секунду да стрэлу”; галоўны рэдактар газеты “Советская Белоруссия” Павел Якубовіч — за асабісты творчы ўдзел у падрыхтоўцы матэрыялаў і непасрэднае кіраўніцтва органам друку Саюзнай дзяржавы “Союз. Беларусь — Россия”; галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анісімаў за канцэртныя праграмы калектыва ў 2011 — 2016 гадах; сцэнарыст і рэжысёр Ірына Марголіна, сааўтар сцэнарыяў Алена Далінская, асістэнт рэжысёра Вольга Анапрыенка, рэжысёры Аксана Чаркасава, Алена Пяткевіч, Ірына Кадзюкова за цыкл адукацыйных анімацыйных фільмаў “Казкі старога піяніна”; народны артыст Расійскай Федэрацыі Алег Іваноў за песні “Олеся”, “Завалінка”, “Глушаковая зара”, “Печкі-лавачкі”, “Масква за намі”, “Родная вёска”, “Горад-гарадок”; народны артыст Расійскай Федэрацыі, галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай сімфанічнай капэлы Расіі Валерый Палянскі і дырэктар калектыва Аляксандр Шанін за канцэртную праграму капэлы на XXI Міжнародным фестывалі духоўнай музыкі “Магутны Божа” ў Магілёве 24 — 25 чэрвеня 2015 года; народная артыстка Расійскай Федэрацыі Ларыса Трухіна за музычныя праекты “Над зямлёй Беларусі”, “Расія — песня мая”, “Люблю цябе, Белая Русь”.

— Мы адкрыта абмяркоўвалі заяўкі, пададзеныя да разгляду саюзамі, дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі аб’яднаннямі, а ў верасні правядзём закрытае галасаванне, — патлумачыў намеснік Дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза. — Але спачатку нам трэба працаваць над тым, каб грамадскасць убачыла і пачула гэтыя творы, выказала сваё меркаванне, ці годныя яны такой прэміі. Затым мы прагаласуем і накіруем свае рэкамендацыі Вышэйшаму Дзяржаўнаму Савету Саюзнай дзяржавы, які ўжо прымае канчатковае рашэнне.

З сямі абраных намінантаў толькі трох назавуць лаўрэатамі. Прэмію ўручаюць раз на два гады за творы літаратуры і мастацтва, што паспрыялі ўмацаванню братэрства, сяброўства і ўсебаковаму супрацоўніцтву паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Памер адной прэміі — пяць мільёнаў расійскіх рублёў.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"