Як паведамляе БелТА, на галоўнай сцэне свята будзе прадстаўлена шоу “Купальскі сон”. Разыначкай сёлетняга гала-прадстаўлення стане акцэнт на цыркавое мастацтва. Менавіта такім чынам арганізатары хочуць распавесці пра нацыянальныя асаблівасці святкавання Купалля ў розных краінах. 8 ліпеня на Шклоўшчыне збяруцца і цыркавыя артысты з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі. Прынамсі, на прэс-канферэнцыі ў Беларускім дзяржаўным цырку яго мастацкі кіраўнік Вітаўтас Грыгалюнас распавёў, што новая сталічная праграма “Небывальшчына” стваралася з прыцэлам якраз на Александрыю. “Нумары падбіраліся так, каб асобныя з іх можна было выкарыстаць на святкаванні Купалля. Днямі да нас прыйдуць арганізатары — прадстаўнікі канала АНТ. У іх ужо маецца гатовы сцэнарый, туды ўпісаны прапанаваныя намі артысты. Засталося абмеркаваць дэталі, у тым ліку — тэхнічныя”, — растлумачыў акалічнасці прамоўца.
Цыркавыя выступленні на беразе Дняпра аб’яднае адзіная сюжэтная лінія, паміж творчымі блокамі выступяць папулярныя эстрадныя выканаўцы, напрыклад, да беларусаў прыедзе расійскі папулярны спявак Стас П’еха і народная артыстка Украіны Ірына Білык. Яшчэ ў грандыёзным святкаванні прымуць удзел артысты, харэографы, творчыя калектывы і народныя майстры з васьмі краін свету. Завяршыцца маштабнае відовішча святам феерверкаў, да якога таксама закліканы замежныя спецыялісты. Баль піратэхнікі дапоўніць лазернае шоу.
Сёлета публіка зможа не толькі назіраць, але і ўдзельнічаць у свяце. Арганізатары прапануюць заўзятарам разнастайных квэстаў сваю версію моднай гульні: “У пошуках кветкі папараці” гасцям давядзецца наведаць шматлікія тэматычныя пляцоўкі і выканаць спецыяльныя заданні па купальскай тэматыцы. Для заўзятараў пляцення вянкоў з прыродных матэрыялаў прадугледжаны арыгінальны конкурс. Не абыдзецца без традыцыйнага “Горада сяброўства”. Пляцоўку плануюць разбіць на ўмоўныя вуліцы. На Міжнароднай “паселяцца” майстры краін, што будуць удзельнічаць у свяце, на Рэспубліканскай турыстаў прывітаюць майстры і падворкі рэгіёнаў Беларусі, на Гандлёвай выставяць павільёны рэспубліканскіх арганізацый і прадпрыемстваў, а на “Скарбніцы Падняпроўя” кожны ахвотны набудзе вырабы майстроў Магілёўшчыны. На “вуліцах” будуць ладзіцца прэзентацыі, выставы і майстар-класы. Дзецям, якіх заўсёды багата на народным фэсце, таксама не давядзецца сумаваць: спецыяльна для іх задумана шмат гульняў і забаў.