Адпусці сябе ў Венецыю!

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Мы і свет на знакамітым біенале мастацтваў / Частка ІІ
У фатаграфічнай частцы біенале мяне чакала вялікая ўдача — “Парламент” Барыса Міхайлава ў нацыянальным украінскім павільёне. Удача, якую я прадчувала. Але і тое, што немагчыма было прадугледзець — фатаграфія як медыя ў агульным кантэксце Венецыі, — было, безумоўна, цікава.

/i/content/pi/cult/639/14212/7-1.jpg(Працяг. Пачатак у № 20.)

Інтэрв’ю — нечаканае

Непадрыхтаванае, прагаворанае на адкрыцці павільёна Румыніі, сярод знаёмых і незнаёмых людзей. Эмацыянальнае, перарывістае, глыбокае, таму што пагружанае ў доўгія ўласныя развагі. А з іншага боку, у Венецыі лёгка мець зносіны. І пачынаеш гаворку без прадмоў.

Але галоўнае, што дзвюма гадзінамі раней я ўбачыла нацыянальны павільён Украіны, і не скарыстацца нечаканай сустрэчай з Барысам і Вікторыяй Міхайлавымi было немагчыма.

Павільён размясціўся ў студыі Cannaregio, 1345 D, гэта раён Cannaregio — удакладняю, таму што ў Венецыі ўсё трэба шукаць і з дакладнымі адрасамі ёсць праблема! Такім чынам, студыя-частка палаца з натуральным дахавым святлом, нішамі ўздоўж сцен, шыкоўнымі бэлькамі ў вялікай зале і каменнымі скляпеннямі ў трох малых. Невялікі закрыты дворык з зачахлёнай лодкай служыў для адпачынку і фуршэту. Больш за ўсё атмасфера схіляла да класічнай выставы ў “белым кубе”, менш за ўсё — да дэканструкцыі, пад якую падпала дакументальная фатаграфія. Але прастора не перамагла мастака, як гэта часта бывае ў specific places.

У камандзе ўкраінскага павільёна, акрамя мэтра Міхайлава, дзве групы маладых мастакоў — “Жужжалка” і “Швэдар” з Іванам Святлічным. Дызайнер Антон Бялінскі з капсульнай калекцыяй спецыяльна для праекта і Юрген Тэлер, які падрыхтаваў пацешную фотакнігу, спалучыўшы элементы каталога, кранальны бэкстэйдж і тэксты. Куратар павільёна Пітар Дарашэнка і асістэнт Лілія Кудзеля добра ведаюць праекты Барыса Міхайлава (ды і як іх не ведаць?), у прыватнасці, па выставах у “Пінчукарт-цэнтры”, дзе яны працавалі раней. Зараз куратары прадстаўляюць Цэнтр сучаснага мастацтва ў Даласе, і ў іх партфоліа ўжо ёсць удзел у Венецыянскім біенале, то бок — вопыт.

Але “Парламент” — зусім свежая серыя, знятая ў 2014 — 2016 гадах, і паказваецца ўпершыню. І, забягаючы наперад, Міхайлаў вельмі змяніўся. Адзначым абавязкова гэтую эксклюзіўнасць выставачнага паказу, калі рэакцыя значна адрозніваецца ад знаёмства з тым, што ўжо было апублікавана ў сеціве. Стратэгія, у рамках якой вельмі вядомы мастак працуе з маладымі калегамі, таксама вартая згадкі. Гэтая ж схема была выкарыстаная ў расійскім павільёне і, думаю, не толькі там.

І яшчэ адзін прынцыпова важны момант: здавалася б, серыю можна зразумець як вельмі крытычную ў адносінах да ўкраінскага істэблішменту, але Міністэрства культуры краіны выказалася ў падтрымку аўтара. Святлана Фаменка, камісар нацыянальнага павільёна і першы намеснік міністра культуры, адзначыла, наколькі дакладна Міхайлаў працуе са стэрэатыпамі медыя-ландшафту.

І вось мы гаворым з Барысам і Вітай, я хвалююся, і яны таксама пад уражаннем ад вернісажу, першых водгукаў. Барыс кажа:

— На шчасце, я не бачу ў рэальным жыцці ні таго негатыву, якім працятыя медыя, ні таго нібыта “пазітыву“, што таксама навязваецца. Мне здаецца, у сітуацыі постпраўды людзі, спажыўцы гэтых скажэнняў, адчуваюць сябе вельмі няўпэўнена. Бо калі нельга давяраць нікому, незразумела, што адбываецца. Няўпэўненасць, адчуванне фальшу, пачуццё неабароненасці, ды і многія іншыя праблемы — яны адсюль.

Мне кажуць, што я сказіў выявы людзей, гэта значыць зрабіў іх брыдкімі. Па-першае, гэта супрэматызм, досыць абстрактныя выявы. Тое, да чаго імкнуліся Пікаса, Малевіч, многія іх папярэднікі і паслядоўнікі, зараз робяць дыгітальныя тэхналогіі. А па-другое, я разумею пад прыгажосцю натуральныя, нерэжысiраваныя праявы чалавека. Наўрад ці іх варта чакаць у медыя-выступах у прынцыпе. Можна, у рэшце рэшт, казаць аб татальным інфармацыйным шуме, так, аб яго бессэнсоўнасці і пустаце. Мы, гэта значыць грамадства, яго члены, не разумеем адзін аднаго.

Барыса Міхайлава нездарма лічаць філосафам: ад яго “грамадства неразумення” літаральна крок да дыскусій сучасных інтэлектуалаў, напрыклад, тэзіса Эрнэста Лаклана пра “немагчымасць грамадства”, паколькі яно пераасэнсоўваецца і перапісваецца пастаянна, а разрыў паміж “сапраўднай” і “прыпісанай” свядомасцю ўсё больш паглыбляецца. Практычна ў Міхайлава атрымалася візуальная трактоўка тэорыі камунікацыі Нікласа Лумана, які разглядае яе як “трыадзінства інфармацыі, паведамлення і разумення”, а прывесці гэтыя складнікі хаця б да кансэнсусу практычна немагчыма.

Але можна інтэрпрэтаваць “Парламент” зусім інакш: паколькі ён не пакідае цяжкага ўражання, паставімся з гумарам да гэтай задумы, паставім і яе таксама пад сумнеў, пакінем як рассыпаны пазл, як гульню. А ў будучыні, хто ведае, мазаіку гэтую яшчэ збяруць у чытэльным парадку.

Такі ўзровень сучаснай сусветнай фатаграфіі, і я рада, што многія эксперты (напрыклад, Марат Гельман) назваў “Парламент” адным з лепшых праектаў біенале. Ён, па-першае, глабальны па сваёй ідэі, чыста фатаграфічны, і постсавецкі, блізкі нам. А ў пэўным сэнсе футурыстычны, папераджальны.

Замоўкніце, спадар Мунк!

Менавіта так я зразумела рэпліку, надрапанаю каля копіі “Крыку” Эдварда Мунка, які ўжо больш за сто гадоў звініць, нагадваючы чалавецтву аб яго болю, страхах, праблемах. Эдвард Мунк, зрэшты, не адзіны класік, да якога апелююць сучасныя мастакі — у дадзеным выпадку ў нацыянальным павільёне Паўднёвай Карэі. Вось і “Мысляр” Радэна трапіў у гэты ж кантэкст: у сучасным мастацтве не пералічыць запазычанняў, паўтораў, адлюстраванняў. Але справа, вядома, не ў форме: грубіяніць Мунку грамадства, і ніхто мастака не чуе, прымнажаючы сацыяльныя праблемы. Ужо наколькі ён прабівае, наколькі вядомы і высока ацэнены яго “Крык”, не чуюць яго, нічым не праламаць гэтыя сцены неразумення.

Журналісты на прэс-канферэнцыі, дарэчы, звярталіся да арганізатараў, заклікаючы іх растлумачыць адабраную на біенале арт-практыку: ці ў рэзанансе яна з выклікамі радыкалізму, міграцыйным і экалагічным крызісамі, разрывамі камунікацый і грамадскіх дагавораў, з расчараваннем у дэмакратыі і ўрбанізацыі. Бо крызісы сапраўды глабальныя, пераплюхваюць усе межы, і ў сучасным мастацтве відавочныя кожнаму. На гэтыя пытанні куратар Паола Барата адказваў у тым сэнсе, “што праблемы пачынаюцца ў галовах і сэрцах людзей, мы іх не пагаршаем і не драматызуем. Грамадства можа прасіць у мастакоў дапамогі, і тады дыханне мастацтва дойдзе да складанай рэальнасці. Але трэба пазбягаць папулізму, і тады задача грамадства — у цяжкі час заставацца чалавецтвам”. Часам я думаю, што гэта занадта прыгожыя словы, але па вялікім рахунку, у іх закладзены глыбокі сэнс.

Тайваньскі праект Doing Time (“Робячы час”) мастака Тэчынг Хзіка, як і карэйскі, імкнецца да сацыяльнага даследавання праз многія медыя: аб’екты, графіку, відэа, светлавыя інсталяцыі, але заснаваны ён на фатаграфіі. Аўтар фіксуе кожны дзень з двух гадоў, праведзеных у Нью-Ёрку. Робіць фатаграфіі, трапляе ў экстрэмальныя сітуацыі, працуе, дзе давядзецца, жыве на вуліцы, парушае закон, становіцца “нічым” і адраджаецца. Праект брутальны, і ні ў якім разе не прыемны ва ўсіх адносінах, але маштаб даследавання вельмі ўражвае. Фотаздымак “на дакумент” становіцца злепкам часу, факт зліваецца з мастацтвам.

Фатаграфія на грані кінематографа

Адзін з самых прыгожых праектаў біенале — “Мой гарызонт” Трэйсі Мофат (Аўстралія). Гэта толькі фатаграфія, але тут яна выступае такімі пранізлівымі стоп-кадрамі фільма, што гледачу застаецца толькі ў думках правесці злучальныя ніткі. Распаведзены дзве гісторыі: Body remembers (цела памятае) аб вяртанні ў разбураны дом і Passage (праходжанне) аб пасажырах судна, якое плыве праз акіян. “Распаведзены“ яны мовай так званага эмацыйнага інтэлекту, сюжэты ў серыях ледзь-ледзь праглядаюцца. Абедзве гісторыі маюць асабістыя вытокі, але аўтар наўмысна не прывязвае іх да пэўных месцаў і дат. Паняцце гарызонту, на думку Трэйсі Мофат, аб’ядноўвае бытавое і ўяўнае, успаміны і звароты да будучыні. Гэта вельмі лірычныя эпізоды неіснуючых фільмаў, і не дзіўна, што Мофат удзельнічала ў Канскім фестывалі, неаднаразова паказвала відэа-арт на самых прэстыжных сусветных пляцоўках. Гэты фармат таксама прысутнічае ў праекце, але фатаграфіі, сумленнае слова мацнейшыя. Іх двухсэнсоўны ўяўны жанр мне здаўся вельмі незвычайным. А дасылкі да Сіндзі Шэрман (“Кадры з фільмаў без назвы”, 1980) не пераканаўчымі. Проста сувязь з кінематографам відавочная.

Лянкевіч і Palazzo Bembo

Беларускую тэму ў Венецыі працягвае фатограф Андрэй Лянкевіч у праекце Еўрапейскага культурнага цэнтра “Персанальныя структуры — Адкрытыя межы“...

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст (спецыяльна для “К”)

Мінск — Венецыя — Мінск

Фота аўтара


Працяг — у наступных нумарах "К".