Што расце на “Полі кветак”?

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Цяпер у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі дэманструецца міжнародны выставачны праект “Поле кветак”. Назва паходзіць ад верша Чэслава Мілаша Campo di Fiori, на які яго натхніла мужная ахвярнасць герояў паўстання ў гета ў 1943 годзе.

/i/content/pi/cult/639/14209/8-2.jpgСярод адметнасцяў выставы — цікавыя экспазіцыйныя рашэнні і... прысмеркі, якія агулам спрацоўваюць на эфект уцягвання гледача. / Фота з архіва музея

Удзельнікі праекта не ставілі за мэту стварыць экспазіцыю мемарыяльнага характару. Гісторыя Халакоста добра вядомая, грунтоўна вывучаная, занатаваная ў дакументах і помніках. Мастакі ж паспрабавалі (так сцвярджаецца ў анатацыі выставы) высветліць для сябе і патлумачыць сродкамі мастацтва іншым, чаму праз дзесяцігоддзі фашызм і генацыд зноў могуць стаць рэчаіснасцю ў розных частках свету. Адштурхоўваючыся ад трагедыі еўрапейскага яўрэйства ў 1930 — 1940-х, мастакі разважаюць пра карані і сутнасць нацыяльнальных канфліктаў, пра талерантнасць і ксенафобію. У праекце бяруць удзел мастакі з Беларусі, Грузіі, Ізраіля, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Швецыі. Прадстаўлены інсталяцыі, выкананыя ў форме відэа, фота, а таксама з дапамогаю светлавога абсталявання. А яшчэ скульптура, фотадрук, малюнкі.

Экспазіцыя займае дзве залы музея. Прастору вялікай залы арганізуе светлавая інсталяцыя і вобразныя фотаздымкі, якія, паводле задумы, увасабляюць эмацыйны кантэкст трагедыі. Кажучы шчыра, без тлумачальных тэкстаў выйсці на сэнсавую канкрэтыку даволі складана. Але нават той, хто кепска ўяўляе, што такое Халакост (хоць я і не магу ўявіць такога чалавека), адчуе ў гэтай прасторы няўтульнасць, дыскамфорт, трывогу. Але ўсё адно затрымліваешся, каб разгледзець фрагменты. Гэты зварот непасрэдна да пачуццяў, прамінаючы факталогію, расповед, прыём для нашай практыкі не асабліва характэрны. І, падаецца, не надта запатрабаваны. Тым больш цікава паглядзець, як ім карыстаюцца іншыя.

Другая частка экспазіцыі, змешчаная ў зале меншага памеру, прысвечана культурным, рэлігійным і побытавым рэаліям яўрэяў у кантэксце нацыянальных культур. Гэты феномен не мог не зацікавіць мастакоў, што шчыруюць на “Полі кветак”. Наколькі глыбока яны здолелі асэнсаваць тую з’яву, меркаваць цяжка. Мая ж увага засяродзілася на друкаваных каментарыях, якімі суправаджаецца фотаінсталяцыя “Эра міласэрнасці”, выкананая групай расійскіх мастакоў. Прытым, што сама работа, на мой погляд, мае налёт сцёбу. Патлумачу. Аўтары родам з Сібіры. Міжнацыянальныя стасункі яны ўспрымаюць з гледзішча чыста прагматычнага: “Для сібіракоў сур’ёзных нацыянальных праблем не існуе. У Сібіры і на Урале людзей па нацыянальнасці асабліва не адрозніваюць. У любым выпадку, не надаюць гэтаму вялікай увагі. Мабыць, таму, што зімою тут холадна, і сумеснае выжыванне заўжды было важнейшае. Сацыяльныя канфлікты таксама сцішаныя, бо нікога ў Сібіры далей Сібіры не высылалі”.

Як на маю думку, дэклараванай мэты — ахапіць неабсяжную тэму і патлумачыць, чаму ў ХХ стагоддзі сталі магчымымі фашызм і генацыд, аўтары выставы дасягнуць не здолелі. Кажуць, што ў кожным стагоддзі сваё сярэднявечча. Ды, мабыць, гэта блізка да ісціны. І ўсё ж, каб зразумець, чаму выбухнула менавіта ў Германіі, а аказаліся “крайнімі”, “трапілі пад разборку” прадстаўнікі этнасу, глыбока ўкаранёнага ў германскую (чытай шырэй — еўрапейскую) культуру, навуку, мастацтва, эканоміку і палітыку, адаптаванага ў сацыяльную рэчаіснасць, прадстаўленага на выставе матэрыялу недастаткова. Да таго ж ён вельмі пярэсты, без канцэптуальнай думкі. Таму экспазіцыя, пабачылася мне, развальваецца на фрагменты, кожны з якіх пры гэтым цікавы сам па сабе.

Мне падаецца, што для асэнсавання такіх падзей як Халакост і з’яў як генацыд недастаткова арыгінальнага (у дадзеным выпадку — мастацкага) асвятлення шырокавядомых фактаў. Такім чынам можна толькі прыцягнуць увагу, не больш. Тут не абыдзешся без паглыблення ў псіхалогію і філасофію. Скажам, псіхолагі кажуць, што памяць наша пераборлівая, і здольнасць забываць дадзена чалавеку для таго, каб ён не звар’яцёў ад ціску інфармацыйнай масы, што захоўваецца ў ягонай галаве. Яшчэ вядома, што найперш чалавек імкнецца ачысціць свой “банк даных” ад “файлаў” дэпрэсіўнага зместу. На ўзроўні асобы ўсё зразумела. Але і вялікай грамадзе, народу, этнасу часам цяжка існаваць пад цяжарам гістарычных драм і трагедый, пад ціскам памяці пра страты і пакуты. Праўда, у што гэта часам выліваецца? У Сеціве можна прачытаць пра тое, што выключнай эмацыйнай сілы берлінскі мемарыял ахвярам Халакоста (па сутнасці сімвалічныя могілкі на гарадскім пляцы) турысты часам успрымаюць як фон для прышпільных сэлфі, а дзеці — як гульнявую пляцоўку. У байнэце шмат водгукаў рознай танальнасці сабрала фотасесія з дзяўчынай, апранутай як на пляж, на фоне абеліска на сталічнай плошчы Перамогі...

Мне на гэтай выставе прыгадаліся словы Вацлава Гавэла пра тое, што гуманітарныя катастрофы ХХ стагоддзя абумоўленыя не існаваннем у гэтым часе таталітарных рэжымаў, але той акалічнасцю, што мы першая ў сусветнай гісторыі цывілізацыя, пазбаўленая ідэі Абсалюта, інакш кажучы — веры ў Бога. Яшчэ раней пра тое ж гаварыў Фёдар Дастаеўскі: “Калі няма Бога, значыць, усё дазволена?” Каб жыць дружна, для грамадства (ужо глабальнага) трэба каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць, да якіх усе ставяцца аднолькава.

Галоўная ж каштоўнасць выставы “Поле кветак” — яе міжнародны характар. Мастакі розных краін спрабавалі асэнсаваць трагічную падзею глабальнага маштабу. І дзякуй творцам за неабыякавасць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"