Форт ІV, танцы як раней і “Фанфары сяброў”

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Натрапіў на сайт “Музычныя рэкорды” і ў чарговы раз падумаў, што нагода для напісання інфармацыі можа быць не толькі падзейнай, але і факталагічнай. Толькі факт павінен быць адмысловым. Цікава, да прыкладу, у якой нашай школе мастацтваў найбольшая колькасць народных ды ўзорных калектываў? Колькі гадоў самай маладой работніцы культуры? Увогуле, нам не стае Кнігі рэкордаў рэгіянальнай культуры. Каб больш паважаць сябе, каб з’явілася дадатковая матывацыя для стваральнай працы. Словам, чакаю цікавай інфармацыі, толькі — звесткі пра самыя нізкія заробкі не дасылаць!

/i/content/pi/cult/639/14206/11-1.jpg“Юныя музыканты Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 1,— піша настаўнік Алена Асіноўская, — прывезлі з ІV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “Лідскі вянок” букет узнагарод. Лаўрэатамі сталі Аляксандра Мудрак (фартэпіяна); Уладзіслаў Вараб’ёў (балалайка); ансамбль у складзе Лізаветы Яфрэменка, Таццяны Кабаевай (балалайкі); дуэт Веранікі Тарасевіч (балалайка) і Наталлі Гусевай (фартэпіяна)”.

На Случчыне дзясяты раз прайшлі Віткаўскія чытанні — краязнаўчы форум, які збірае аматараў літаратурнага беларускага слова. Пра гэта напісала загадчык дзіцячага аддзела Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі Галіна Шахновіч.

IV рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” прайшоў у Касцюковічах. Намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Дробышава распавядае, што ў свяце прынялі ўдзел фальклорныя калектывы Краснапольскага, Крычаўскага, Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага, Горацкага, Касцюковіцкага раёнаў. У гарадскім скверы працавала тэатральная пляцоўка, конкурс аўтарскай песні называўся “На струнах сэрца”, а ў школе мастацтваў адбыліся паэтычныя чытанні.

Адкрыўся для наведвання IV форт Гродзенскай крэпасці, адзіны з 13 фартыфікацыйных збудаванняў, што захаваўся да нашых дзён. Першая экскурсія пачалася з анімацыйнай праграмы, якую прапанавалі ўдзельнікі драматычнага гуртка Раціцкага цэнтра культуры.

Сёння на Аўгустоўскім канале (ля шлюза “Дамброўка”) адбываецца штогадовае адкрытае рэгіянальнае свята “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”. Выступяць лепшыя самадзейныя калектывы Верцялішкаўскага і Індурскага цэнтраў культуры. Бібліятэкары прэзентуюць кніжныя выставы. Ахвотных чакаюць водныя вандроўкі на цеплаходзе.

Заўтра Тарноўскі дом культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнага мастацтва распачынае фестываль-свята “Танцуем па-даўнейшаму”. Мэта акцыі — далучэнне жыхароў Гродзеншчыны да аўтэнтычнага танцавальнага фальклору.

“У межах XXIV Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, — піша Андрэй Струнчанка з Віцебска, — прайшоў абласны конкурс аркестраў народных інструментаў, аркестраў баянаў і акардэонаў, а таксама — абласное свята-конкурс традыцыйнай свістулькі. Лепшым дзіцячым аркестрам прызнаны калектыў Ушацкай школы мастацтваў, лепшым дарослым — аркестр Бешанковіцкага РЦК”.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Таццяна Сосна распавяла пра літаратурную сустрэчу ў рамках семінара “Шчучыншчына — наш родны край: да 500-годдзя першай згадкі пра Шчучын”.

У Зэльве прайшоў VII Абласны фестываль аўтарскай песні “Новае пакаленне”. У ім прынялі ўдзел больш за 20 аўтараў-выканаўцаў.

Дырэктар Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея (Мастоўскі раён) Кацярына Басінская запрашае на ткацкія майстар-класы. Да слова, летась музейшчыкі арганізавалі працу трохдзённай школы падвойнага ткацтва.

У Барысаве прайшоў Абласны фестываль “Фальклорная талака”. Вядучы метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Наталля Сухая паведамляе, што сёлета тэму мерапрыемства задалі вясновыя святы і абрады народнага календара.

Днямі адкрыўся 167-ы па ліку маршрут бібліёбуса Ашмянскай раённай бібліятэкі. Бібліятэкар Галіна Аніхоўская і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Галінская пабывалі ў вёсках Ягелаўшчына і Грынцы.

У Віцебскім абласным цэнтры народнай творчасці, як піша вядучы метадыст установы Вольга Прусак, прайшоў абласны семінар для фалькларыстаў. Яго тэмай стала падрыхтоўка абласнога агляду-конкурсу вясельных абрадаў.

Свята духавой музыкі адбылося ў аграгарадку Парэчча Гродзенскага раёна. V Адкрыты фестываль “Фанфары сяброў” сабраў творчыя калектывы з Літвы, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Беларусі.

Астравецкая дзіцячая бібліятэка, як распавяла бібліятэкар Ганна Керэль, зладзіла прэзентацыю кнігі “Кірмаш на клумбе” мясцовай аўтаркі Інесы Багдзевіч. Дзеці атрымалі выданні з аўтографамі паэткі.

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна правяла семінар “Роля і месца бібліятэкі ў сучасным інфармацыйна-камунікатыўным асяроддзі рэгіёна”. Гаворка ішла пра сацыяльнае партнёрства, карпаратыўнае ўзаемадзеянне. Пра гэта напісала бібліятэкар аддзела маркетынгу Валянціна Лук’янава.

Іван Монцік з вёскі Вялікія Лукі (Баранавіцкі раён) напісаў пра мерапрыемства ў Ляснянскай сярэдняй школе з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння паэта, драматурга, тэатральнага дзеяча Уладзіслава Галубка. Прысутныя наведалі школьны музей, усклалі кветкі ля памятнага знака. Канцэрт адбыўся ў мясцовым сельскім доме культуры.

 

Арт, мажор, шэдэўры

У канцэрце “Музычныя шэдэўры дзвюх культур”, які адбыўся ў Малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, узялі ўдзел інструментальны квартэт Акадэміі мастацтваў літоўскага Клайпедскага ўніверсітэта і ансамбль “Грамніцы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Прагучалі шэдэўры беларускага песеннага фальклору і мала вядомыя беларускай аўдыторыі творы літоўскай нацыянальнай музыкі. Трэба сказаць, што мультыстылістыка стала адной са знакавых праяў “Грамніцаў”. Спалучэнне традыцыйных народных вакальных манер выканання і аранжыроўкі ў сучасных стылях — асаблівасць творчага почырку ансамбля цягам амаль усяго часу яго існавання.

Сумесны канцэрт беларускіх і літоўскіх артыстаў — вынік развіцця дамовы аб супрацоўніцтве, падпісанай у 2016 годзе БДУКіМ і Клайпедскім універсітэтам. А яшчэ падзея была прымеркавана да 25-га юбілейнага фестывалю мастацкай творчасці “Арт-Мажор”, які ўніверсітэт традыцыйна праводзіў вясной.

Канцэрт стаў працягам актыўнай дзейнасці ансамбля “Грамніцы” па пашырэнні і паглыбленні партнёрскіх сувязяў з мастацкімі калектывамі, грамадскімі аб’яднаннямі і культурнымі супольнасцямі розных краін. Пачатак гэтай працы быў пакладзены яшчэ ў 1990-я гады, калі ў выніку паспяховых канцэртаў “Грамніцаў” у Бельгіі, у студэнцкім Лёвене ўзнікла культурная асацыяцыя “Беларусь-Бельгія“, ініцыятарам стварэння якой з бельгійскага боку сталі вядомы кампазітар і піяніст Пол Бэсэманс і музыканты ансамбля Het Brabants Volksorkest пад кіраўніцтвам скрыпача і выканаўцы на дудзе, ганаровага супрацоўніка брусэльскага музея музычных інструментаў Хуберта Бонэ. Пазней былі шматлікія выступы “Грамніцаў“ у Галандыі, Францыі, Швецыі і Швейцарыі, Літве, Латвіі, Польшчы і Германіі, Паўднёвай Карэі, В’етнаме, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і ў рэшце рэшт у Кітаі.

З 20 па 23 мая ансамбль прымаў удзел у Днях славянскай культуры і пісьменства, якія прайшлі ў Бельску-Падляскім (Польшча), пасля прадставіў сваю творчасць у Германіі, дзе 24 мая ў Берліне ў Расійскім доме навукі і культуры прайшоў яго першы канцэрт.

Уладзімір ЗЯНЕВІЧ, прафесар кафедры народна-песеннай творчасці БДУКіМ

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"