Акцэнт не на мішуры не ўсе зразумелі

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Дазіраваны, з маштабам асобы і пра Беларусь: якім быў піяр Беларусі на "Еўрабачанні"?
Мы амаль не бачылі Cяргея АНДРЫЯНАВА на экране, але вынік яго працы якраз у тым, што людзі даведаліся пра Беларусь. Зараз жа мы сядзім з ім на беразе Свіслачы і падводзім вынікі падзеі. “Я скончыў вялікі праект “Еўрабачанне” і ведаю, што буду ў гэтым месяцы адпачываць незалежна ад розных прапаноў, каб на новы сезон выйсці з новымі сіламі”, — кажа візаві.

/i/content/pi/cult/639/14202/12-1.jpg— Журналіст з ужо напрацаваным імем, некалькі гадоў таму вы перайшлі ў піяр…

— У тых жанрах, дзе працаваў пяць гадоў, былі свае вынікі. Але стала ў нейкі момант цесна, тады я і пачаў развівацца у іншым кірунку. І, як паказвае час, у мяне нядрэнна атрымліваецца. Калі сцісла, то журналістыка — гэта пабудова тэкстаў, у піяры ж ты ствараеш штосьці для свету, для грамадства.

— Многія лічаць, што быць папулярным і незалежным адначасова немагчыма. NaviBand не раз казалі, што яны з’яўляюцца індзі-гуртом. Як лічыце, ці змаглі яны застацца такімі пасля конкурсу?

— У нас магчыма быць незалежнымі! І NaviBand, і Brutto, і Макс Корж — яскравыя гэтаму прыклады. Іншая справа, што чатыры месяцы NaviBand як прадзюсар падтрымлівала Белтэлерадыёкампанія, аднак, зараз яны зноў індзі-праект. Дарэчы, з 2013 года артысты самі рыхтуюцца да ўдзелу ў “Еўрабачанні” ад Беларусі, але сёлета было зроблена выключэнне для канкурсантаў, таму што на конкурс выбралі песню на роднай мове.

— А ці варта налета ехаць з “мовай”? І чаму, калі ў СМІ многіх краін сцвярджалі, што свая мова — важна для “Еўрабачання”, гурт заняў толькі 17 месца?

— Я быў за тое, каб мы ехалі з песняй на беларускай мове з 2006 года. Памятаю, яшчэ Ірына Дарафеева неяк выступала на нацыянальным адборы з песняй на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Падтрымліваю працяг гісторыі, але супраць прынцыпу беларуская мова дзеля беларускай мовы — чытай: “для птушачкі”. Калі ў гэтым няма гармоніі песні з мовай, нацыянальнага каларыту з выканаўцам — тады ўвогуле не трэба да падобных спалучэнняў звяртацца. А калі гармонія ёсць — гэтага чалавека можна адпраўляць на конкурс. Напрыклад, прапанаваў бы даць другі шанц дуэту “Аляксандра і Канстанцін”, Юзары і іншым, хто ўжо ездзіў на “Еўрабачанне”.

— Разам з тым, заняўшы 17 месца на конкурсе, NaviBand прыехалі ў краіну ледзь не героямі. Чаму так адбылося, калі не закранаць пытанне мовы?

— Калі ў 2005 годзе ездзіла Анжаліка Агурбаш, я толькі пачынаў сваю працу ў піяр-сферы. Мы з Анжалікай рабілі такую акцыю: сабралі два аўтобусы людзей з процілеглымі поглядамі. Гэтак хацелі падкрэсліць, што Анжаліка — той самы прадстаўнік, які аб’ядноўвае сабой усю нацыю. Аднак сёлета такога не давялося рабіць — усё само сабой здарылася. Вялікая перамога, што існуюць музыканты, якія нягледзячы на ўсе магчымыя рознагалоссі, могуць сваёй творчасцю аб’ядноўваць людзей. (Увогуле, у 2017-м атрымалася вельмі сімвалічна: 800 гадоў з моманту першай згадкі этноніма “беларус”, 500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню (але, разам з тым, беларуская мова знаходзіцца ў UNESCO ў статусе “ўразлівая”).) І паколькі я ўжо не першы год езджу на “Еўрабачанне”, скажу ўпэўнена: сёлета як ніколі адчувалася, што Беларусь — частка Еўропы. Калі толькі стваралася прома-кампанія беларускай дэлегацыі, прыдумаў назву “NaviBand from Belarusland” -- такім чынам мы заяўлялі і песню, і калектыў, і краіну. Таму раздавалі стужкі з нацыянальным арнаментам, і было вельмі прыемна, калі нарвежскія артысты выйшлі на сцэну з імі. Прома-буклет NaviBand знаёміў не толькі з беларускімі ўдзельнікамі, але і з краінай. Унутры было дзве карты. Першая — карта станаўлення беларускай дзяржаўнасці пачынаючы з Полацкага княства і заканчваючы сучаснай Рэспублікай Беларусь. Мы паказалі ўсе перыяды і ўсіх нашых суседзяў, каб Еўропа ў прамым сэнсе ведала, дзе мы геаграфічна знаходзімся. Другая карта — гісторыя развіцця беларускай мовы ад ХІІІ стагоддзя і да надання ёй статусу дзяржаўнай. Такім чынам сведчылі ўсім: мы краіна з унікальнымі мовай, гісторыяй і культурай, што адлюстравана ў слогане “NaviBand from Belarusland”.

— Піяр-ход атрымаўся?

— Сказаў бы, што гэта, хутчэй, прома-ход, паколькі слова “піяр” да NaviBand і ўсёй гісторыі з імі не да месца. Увогуле гэта была добрая прома-кампанія і сваёй перамогай у гэтай рабоце лічу, напрыклад, тое, што тэлеканал BBC падчас выступу беларусаў трансляваў тэкст беларускай лацінкай, апублікаванай у нашым прома-буклеце. Таксама сярод блогасферы існуе вядомы блогер як Pew Die Pie з 55 мільёнамі падпісчыкаў на YouTube і 10 мільёнамі ў Twitter. Дык вось, ён пасля выступу NaviBand напісаў у сябе, што дзякуючы эфіру ён даведаўся пра Беларусь. Гэта і ёсць перамога — у тым, што беларуская мова і слова Беларусь двойчы прагучалі са сцэны “Еўрабачання”. Дарэчы, я ўпэўнены: у кожнага выканаўцы павінна быць 50 працэнтаў творчасці на беларускай мове, каб беларускі выканаўца адрозніваўся ад выканаўцаў іншых краін. Аднак важна, разам з тым, каб беларуская мова не стала чарговай “птушачкай”. Усё гэта — вялікая праца, з якой не варта рабіць канвеер. Але артыстам проста неабходна паступова ўводзіць у сваю праграму дзве-тры беларускія рэчы, каб выхоўваць густ у публікі.

— Цікава, а якія стратэгіі выкарыстоўвалі пры раскрутцы Аляксея Гроса, калі ён быў удзельнікам у конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”?

— Кожны выпадак — індывідуальны. Мне вось цікава, дзе Аляксей цяпер. Пяць гадоў Грос знаходзіўся ў прадзюсарскім цэнтры, які ўкладаў у яго сродкі, зараз жа Аляксей сышоў адтуль і, відаць, сутыкнуўся з тым, што ён ніколі не ўкладаў у сябе. А тыя ж NaviBand, наадварот, стваралі сябе з нуля і звыкліся ўкладаць у сябе, таму і паехалі на “Еўрабачанне”. У іх, дарэчы, была дакладная мэта і разуменне таго, што яны хочуць ад конкурсу — прэзентаваць сябе на ўкраінскім і сусветным рынку, зарабіць грошай і зрабіць гастрольны тур. Гэта натуральная мэта нармальных артыстаў. Балазе “Еўрабачанне” павінна быць адной з лепшых падзей у жыцці, а не найлепшай.

— Многім маладым выканаўцам дапамагаюць такія праекты, як “Голас” ці “Х-фактар”…

— А ў нас што? Адбор на конкурс маладых выканаўцаў “Славянскага базару...” і адбор на “Еўрабачанне”. Навічкам гэта карысна, так. Вось у гэтым годзе добра заявіў пра сябе Мікіта Ходас. Аднак прайшло ўжо паўгода, ён пабываў у эфірах АНТ, Беларусь 1 — і далей пытанне: дзе ён яшчэ можа заявіць пра сябе? Якія маем пляцоўкі? Атрымліваецца, трэба выходзіць на іншыя рынкі? Не думаю, што яму хочацца спяваць у рэстаране, але, напрыклад, Саша Захарык вымушана так жыць, бо ў нас папросту няма адпаведных месцаў. Калісьці ж былі конкурсы — “Акадэмія талентаў”, “Поющие города”… Але для развіцця падобных праектаў тэлебачанне мае стаць камерцыйным, каб сапраўды пачалі сачыць за рэйтынгамі, каб прыходзілі буйныя рэкламадаўцы.

Магчыма мы надаем шмат увагі “Еўрабачанню”, і гэта незаслужана, паколькі гаворым пра камерцыйны конкурс, а “Славянскі базар…” належыць Беларусі, гэта адна з візітовак краіны, таму трэба рыхтаваць прадстаўнікоў для яго конкурсу не горш, чым на “Еўрабачанне”. Павінны быць якасныя аранжыроўкі, касцюмы, сцэнаграфія і інтэрактыў з гледачамі — тэлегаласаванне за выбар у намінацыю “Прыз глядацкіх сімпатый”. Важна таксама і тое, што на “Еўрабачанні” няма ганарару, а на “Славянскім базары…” можна выйграць істотныя для маладога выканаўцы грошы, каб запісаць на іх некалькі якасных песень з добрай аранжыроўкай і далей выпускаць свой матэрыял.

— Наколькі складана ў нашым грамадстве карыстацца вядомымі піяр-тэхналогіямі?

— Я займаўся піярам Алёны Ланской і Тэа на “Еўрабачанні”, іх схемы піяра адрозніваюцца на 180 градусаў ад піяра Аляксея Гроса і NaviBand. Калі ў Ланской і Тэа прысутнічае пэўны налёт скандалу, то ў выпадку з Гросам і NaviBand я пайшоў ад зваротнага і выкарыстаў больш тонкую стратэгію. І мяне вельмі здзівіла, што некаторыя беларускія медыйныя асобы не ацанілі, не зразумелі таго. Тады я для сябе чарговы раз зрабіў выснову, наколькі важна крочыць у нагу з часам. Калі ты не адчуваеш яго, твая кампанія можа праваліцца.

— А што трэба зрабіць, каб людзі зразумелі і ацанілі?

— Трэба займацца ўлюбёнай справай, паколькі, калі ты працуеш, ты знаходзішся ў тонусе, больш патрабавальны да сябе, шукаеш новыя хады, займаешся самаадукацыяй. Трэба навучыцца абмяжоўваць сябе ад непатрэбнага, аднак, у нас усё часцей адбываецца па прынцыпе: абы было і не істотна, якім чынам. Па прыездзе NaviBand у Мінск многія казалі, што яны павінны былі развесціся, каб быў нейкі скандал, бо з-за яго адсутнасці мы маем 17 месца. У мяне з нагоды таго ўзнікае пытанне. Леташняя піяр-кампанія сведчыла сама за сябе: распрануты артыст, псеўдараман і гэтак далей. І што мы ўвогуле маем? Нават не было выхаду ў фінал! Зараз піяр-кампанія не павінна ствараць медыйны твар, а падтрымліваць артыста і тое, з чым ён едзе. Акцэнт павінен быць на песні, а не на мішуры. Гэта вельмі тонкі момант, і я здзівіўся, калі не ўсе яго зразумелі.

— Сапраўды цікава, што ў параўнанні з мінулым годам у нас атрымалася такая гульня на кантрастах…

— Па шчырасці, я настройваўся перасягнуць з NaviBand Дзмітрыя Калдуна, выйсці ў топ-5. Але кожны выканаўца павінен таксама мець маштаб асобы. Калі выходзіць Джамала, ёй не патрэбныя дэкарацыі — яна перамагае, таму што яна вялікая ў гэтай песні. Калі выходзіць Сальвадор з Партугаліі, ён проста спявае песню і атрымлівае першае месца — гэта і ёсць маштаб асобы. Мы павінны выхоўваць і дапамагаць, каб “акультурыць”, падрэдагаваць і адправіць артыста на конкурс, аднак не трэба замыльваць вочы скандальнымі гісторыямі і засланяць імі саму персону.

— Ці была магчымасць паназіраць і ацаніць стратэгіі іншых выканаўцаў і нешта трансфармаваць для беларускага шоу-бізнесу?

— У нас ёсць тройка фіналістаў, на якую ставілі букмекеры: Партугалія, Балгарыя і Італія. У чым сутнасць іх кампаній? Акрамя партугальца, які сядзеў дома і рыхтаваў песню, яны, як і мы, з’ездзілі ў прома-туры. Самы галоўны прома-ход – асоба выканаўца, другі па значнасці — песня, а трэці — праца піяршчыка, якая заключаецца ў тым, каб “акультурыць” артыста і накіраваць яго творчасць у патрэбнае рэчышча. Ні ў каго не было скандальных піяр-гісторый, і гэта галоўная сутнасць піяра — дазіраванне. Калі NaviBand вярнуліся ў Мінск з “Еўрабачання”, яны далі толькі адно інтэрв’ю і зрабілі онлайн-трансляцыю: больш нікому інтэрв’ю раздавацца не будуць. Вялікай памылкай сталася тое, што пасля перамогі ў нацыянальным адборы яны пачалі раздаваць інтэрв’ю ўсім. Але трэба ведаць, што сёння піяр-кампанія — гэта інтэлігентнасць, узважанасць і загадка.

— Што такое, на ваш погляд, сапраўдны патрыятызм?

— На прыкладзе апошніх маіх работ з Гросам і NaviBand, калі я выбудоўваў піяр- і прома-кампанію, для мяне было важным падкрэсліць ва ўсіх дэталях — хэштэгі, прома-буклеты, майкі, лагатыпы, стыкеры ў Telegram, конкурсная песня, — што ёсць такая краіна Беларусь. На “Славянскім базары…” Аляксей Грос быў у вобразе князя Альгерда, якога мы малявалі на майках — гэта было імкненне распавесці пра наша гістарычнае мінулае. NaviBand хацелі стаць ляснымі чалавечкамі, а я гэта беларусізаваў у добрым сэнсе. Так і рушым — праз дэталі, маленькія крокі.

— Слухайце, а ці не з’яўляецца сучасны культ беларускай культуры проста нейкім новым піярам, які праз некаторы час “прагарыць”, а на яго месца прыйдзе штосьці новае?

— Што зараз з намі адбываецца? Мы пачынаем усведамляць, хто мы як нацыя, як краіна ў гэтым свеце. Мне здаецца, што тое — ніякі не прома- ці піяр-ход, а натуральны працэс, і ён будзе працягвацца надалей.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"