Зацверджана канцэпцыя

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

16 мая ў Полацку пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Васіля Жарко, як паведамляе БЕЛТА, адбылося пасяджэнне нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня Беларускага пісьменства. У рабоце камітэта прымалі ўдзел міністры культуры і інфармацыі Барыс Святлоў і Лілія Ананіч.

Сябры камітэта наведалі шэраг аб’ектаў горада, якія цяпер рыхтуюцца да свята: Мастацкую галерэю, Сафійскі сабор, Музей беларускага кнігадрукавання, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Зроблена шмат. Дарэчы, калыска беларускай дзяржаўнасці прымае Дзень беларускага пісьменства ў трэці раз. І кіраўніцтва горада імкнецца, каб мерапрыемства не было падобным на ранейшыя.

На пляцоўцы былога калегіума, дзе сёння знаходзіцца ўніверсітэт, побач са скульптурай студэнта, усталяванай у 2010 годзе, з’явілася сімвалічная бронзавая выява прафесара. Яе аўтар — дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Прохараў.

Зацверджана канцэпцыя Дня беларускага пісьменства, распрацавана яго сімволіка. Аснова святочнай рэжысуры — мастацка-гістарычная дзея “Беларускі шлях”, якую можна будзе ўбачыць на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства. Сцэнарным стрыжнем дзеі стануць дзве даты: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 1155 дзень нараджэння Полацка. Менавіта ён лічыцца калыскай беларускай дзяржаўнасці. Гэтая тэма і стане лейтматывам свята. Музычна-тэатралізаваны блок будзе прысвечаны сучаснай Беларусі.

На Дні беларускага пісьменства ў Полацку чакаецца шмат замежных гасцей: літаратараў, дыпламатаў. Пісьменнікі з 15 краін прымуць удзел у “круглым стале”, дзе гаворка пойдзе пра сённяшні літаратурны працэс, пра трывалую повязь сучаснасці з мінуўшчынай.

Падчас мерапрыемства пройдуць свята сярэднявечнай культуры “Рубон”, фінал конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, фэст кнігі і прэсы. У Музеі беларускага кнігадрукавання адбудзецца некалькі выстаў: манет з Нацыянальнага банка Беларусі і старых Псалтыроў з усёй краіны. Ахвотныя прасочаць за працай афортнага станка. У Сафійскім саборы пройдуць канцэрты. На асобнай выставе будзе падведзены вынік пленэру “Полацк у гравюрах сучасных мастакоў”.