Яна паўсюль!

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Аксана Волкава: сола і “ў ансамблі”
Сярод нядаўніх лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі — салістка нашага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, заслужаная артыстка краіны, пераможца сямі міжнародных конкурсаў Аксана ВОЛКАВА. Яе спеўнае майстэрства даўно прызнанае не толькі ў нас, але і ў замежжы — ад Масквы да Лондана і Нью-Ёрка, куды яе пастаянна запрашаюць для ўдзелу ў асобных пастаноўках і фестывалях. З параўнанняў “тут і там”, “у нас — у іх” і пачалася наша размова.

/i/content/pi/cult/638/14189/6-1.jpg— Рознымі з’яўляюцца самі тыпы тэатраў. Наш тэатр адносіцца да так званых рэпертуарных, што распаўсюджаны, бадай, на ўсёй постсавецкай прасторы і ўтрымліваюць у афішы адначасова безліч спектакляў. На Захадзе існуе іншая схема: усе працуюць выключна на адну прэм’еру, ніхто паралельна не заняты іншым рэпертуарам. Другое прынцыповае адрозненне ў тым, што калі справа тычыцца нейкіх тэхнічных момантаў, працы тэхнічных службаў, там няма слова “нельга”. Жывы агонь? Калі ласка. Найскладаныя канструкцыі на сцэне? Няма праблем. А ў нас на ўсе рэжысёрскія фантазіі ёсць іншы звыклы адказ: забаронена паводле тэхнікі бяспекі. Але я пастаянна сутыкаюся з парадоксам: усё тое, што ў нас “забаронена” — у замежных тэатрах чамусьці дазваляецца. Увогуле, адным з апошніх трэндаў у сусветнай сцэнаграфіі стала максімальнае ўжыванне не бутафорыі і муляжоў, а натуральных рэчаў: жывога агня, вады, пяску, зямлі, келіхаў, каб звінелі… Гэта сапраўды заварожвае. Калі ж нават замест свечкі, якую без аніякай рызыкі мы запальваем і ў храме і дома, выкарыстоўваецца электралямпачка, гэта адразу зніжае ўражанне ад відовішча.

— А ўласна рэжысёрскія прыдумкі? Запытваю яшчэ і таму, што ўжо некалькі гадоў вы сумяшчаеце напружаны спеўны графік і сям’ю, дзе двое дзяцей, з заняткамі па класе опернай рэжысуры ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дык як — набраліся ў замежжы “авангардызмаў”?

— Нейкіх радыкальных пастановак у маёй выканальніцкай практыцы пакуль не было, а шкада. У той жа “Кармэн” мяне ніколі не прасілі зрабіць, да прыкладу, іншы характар, змяніць пластыку… Заўсёды адштурхоўваліся ад таго, што прапаноўваю ў маёй гераіні я. Але ў хуткім часе мяне чакае ўдзел у рыжскім спектаклі, дзе ўсё перанесена ў сучаснасць: хіп-хоп, татуіроўкі, шэры бетон, паўзмрок, банда… Мне цікавы такі паварот! Не люблю я выходзіць у цыганскай спадніцы — не арганічна гэта для мяне! Да таго ж, ёсць шмат артыстак, хто робіць гэта лепш, для каго цыганскія матывы, што называецца, у крыві. Вось вам, дарэчы, адрозненне нашай опернай рэжысуры ад заходняй: там часцей зыходзяць з канкрэтных салістаў, з таго, што ім бліжэй. Затое ў нас надзвычай глыбока распрацоўваюць псіхалагічныя дэталі, звяртаюць увагу выканаўцаў на тое, што думае іх персанаж у той ці іншы момант. Але ў мяне ўзнікае правамернае пытанне: добра, я ведаю, што адчувае зараз Кармэн, а што — Хазэ. Ды толькі як нам гэта паказаць? Праз які жэст, рух ці нейкія іншыя дэталі данесці тыя патаемныя думкі сваіх герояў да гледача? А тым больш, у вялізнай опернай зале, каб быць зразуметым не адно ў партэры, але і на балконе? Вырашаюць гэту праблему не ўсе пастаноўшчыкі, так што даводзіцца шукаць самастойна.

— А калі рэжысёр не сочыць за далейшымі паказамі ці ён увогуле запрошаны і з’язджае пасля прэм’еры, дык салісты і ўвогуле змяняюць многія мізансцэны.

— Часцей гэта бывае не таму, што лянуюцца, а з-за неразумення ўчынкаў свайго героя. Бо рэжысёр кіруе звонку, а герой — у цябе ўнутры. І ты лепш адчуваеш, што менавіта ён можа зрабіць, а што — не. У мінулыя сезоны ў Вялікім тэатры Масквы ішла “Кармэн” англійскага рэжысёра Дэвіда Паўнтні, дзе было многа танцаў, элементаў бурлеску, але ў фінале Хазэ хапаў каханую за валасы і біў галавой аб парапет. Рэжысёр з’ехаў — і Кармэн пачала паміраць больш традыцыйным спосабам.

— Вы з гэтай гераіняй яшчэ з часоў навучання, калі ў канцэртах вельмі часта спявалі “Хабанэру”, у тым ліку з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі. За гэтыя гады змянілася ваша ўяўленне пра Кармэн?

— У студэнцтве ў маёй Кармэн было многа ілюстрацыйнага: маўляў, паглядзіце на мяне! З часам, калі цябе “адпускаюць” уласна вакальныя пытанні, з’яўляецца творчая свабода, пачынаецца сапраўднае “жыццё” твайго персанажа. Асабіста мне ў гэтым вельмі дапамагае партнёр: калі ёсць паміж намі нейкая іскра, дык і жэсты самі нараджаюцца, і ў каханне глядач паверыць, і ў нянавісць. Тут вельмі важна, каб абодва героі былі вельмі моцнымі асобамі, і ўсё ж яна яго перамагае. А калі ты перамагаеш яго з першай ноты, дык і далей не надта цікава.

— Тыя канцэртна-сольныя прэзентацыі “Кармэн” вам неяк дапамаглі ў далейшым спасціжэнні гэтага вобразу?

— Любая канцэртная дзейнасць, асабліва ў пачатку кар’еры, вельмі важная. Аднакурснікі за маёй спіной, здаралася, кпілі: яна паўсюль, а мы… А я толькі таму была паўсюль, што, быццам кіношная Фрося Бурлакова, сама грукалася ва ўсе дзверы і прасіла: ну, вазьміце мяне! Я не хацела быць той “класнай” спявачкай, якая спявае толькі ў класе. Удзельнічала ва ўсіх студэнцкіх канцэртных брыгадах, выступаючы па шпіталях, дамах ветэранаў. Гэта вельмі важна, бо з’яўляецца “імунітэт”, які дапамагае справіцца са сцэнічным хваляваннем, набыць вопыт выступленняў у любых умовах.

— Што самае важнае для станаўлення маладога вакаліста?

— Творчая асоба, якая будзе накіроўваць яго на правільны шлях. Спачатку гэта выкладчык — і мне вельмі пашанцавала, што я патрапіла ў клас Лідзіі Галушкінай, дзякуючы якой на выхадзе з Акадэміі музыкі ў мяне не было відавочных вакальных дэфектаў. А далей — праца з дырыжорам. Для мяне гэта быў Аляксандр Анісімаў, які ў той час працаваў у тэатры. На Захадзе вельмі распаўсюджаная сістэма майстар-класаў, але я лічу, што карыстацца гэтым трэба тады, калі ў цябе ўжо ёсць правільна сфарміраваная базавая ўстаноўка, на якую, бы на ёлку навагоднюю, ты можаш вешаць любыя ўпрыгожванні.

— А конкурсы?

— Мне заўсёды было ўсяго мала, хацелася большага. І муж увесь час стымуляваў: вось, ты нічога не робіш, на конкурсах нічога не атрымліваеш. Я нічога не атрымліваю? І панеслася… Разоў шэсць быў “ледзяны душ”, але хутка я пачала разумець, што акрамя голасу вельмі цэніцца тое, як ты ім умееш валодаць, як абіраеш праграму. Гэта таксама неацэнны вопыт! Я вельмі ўдзячная, што мне дапамагалі і старэйшыя калегі (той жа Уладзімір Пятроў, які на двухтыднёвым конкурсе імя Глінкі ў Чалябінску пасяліў мяне ў сваёй маці), і муж, які і натхняў, і грошай на паездкі не шкадаваў.

— Дзякуючы яму, дарэчы, вы сталі Волкавай. Змена прозвішча неяк паўплывала на ўнутраны стан? Можа, і сапраўды з’явілася гэткая “воўчая хватка”?

— Я так хацела замуж, што калі мы прыйшлі ў ЗАГС падаваць заяву, была на ўсё згодна і на пытанне наконт змены прозвішча чыста механічна адказала “так”. А потым задумалася: мяне ж ведаюць і любяць як Бондараву. Раптам стану Волкавай — ці не давядзецца ўсё пачынаць з пачатку? Але Васіль быў катэгарычны: “Пераходзіш на маё прозвішча ці мы развітваемся. На сцэне можаш называцца хоць Пупкінай, а ў сям’і — толькі Волкавай”. — “Дык, можа, узяць падвойнае?” — “Ага, яшчэ патройнае прыдумай”. Я тады заканчвала Акадэмію музыкі і нават паспела дыплом атрымаць на новае імя. Праўда, была смешная сітуацыя. У трупу тэатра мяне прынялі яшчэ на трэцім курсе. І вось прыходжу пасля вяселля, а там вывесілі загад аб размеркаванні партый на новы спектакль. Адна з маіх калег стаіць ля стэнда і абураецца: маўляў, што гэта такое — прызначана нейкая Волкава! Ды мы не ведаем такую, адкуль яна ўзялася? Я ёй ціхенька: “Гэта я”. — “Прозвішча змяніла? Гэта ж крута! Ну, што такое Бондарава? Штосьці рамеснае, звязанае з вырабам бочак. А Волкава — гучыць. Адразу зразумела: дарогу ёй не пераходзь, бо загрызе”.

— І што, даводзілася кагосьці “загрызці”?

— Ды не, я па натуры не баец — змагаюся толькі з сабой. Упэўнена, калі чалавек увесь час знаходзіцца ў стане барацьбы, з самага пачатку нацэлены на гэткае змаганне з усім і ўсімі, асабліва ў мастацтве, нічога добрага не атрымаецца. Калі адчуваеш сябе пакрыўджаным, лепш за справу не брацца: будзе штосьці не тое, не так. Можа, гены крыўды-помсты заразныя? І наадварот: калі з цябе сыходзяць праменні любові, дабрыні, калі палаеш творчасцю, энергіяй, дык усім гэтым таксама “заражаеш” астатніх — і набываеш не ворагаў, якіх трэба знішчыць-спапяліць, а паплечнікаў. Ну, а ўвогуле… Хочаш зрабіць добра — зрабі сам (пры ўмове, вядома, што сам у гэтым разбіраешся).

— Што яшчэ на сёння вы павінны “зрабіць самастойна”? Акрамя новых партый, новых спектакляў…

— Я дасягнула далёка не ўсяго, на што здольная: ніхто не ведае нас лепш, чым мы самі. Мяне не задавальняе, да прыкладу, тое, што я чалавек “апошняга моманту”, жыву выключна “сёння і зараз”. З аднаго боку, гэта добра, што я хуткая на пад’ём і гатова імгненна сесці ў самалёт і выратаваць спектакль хоць на краі свету. Але хацелася б больш доўгатэрміновага планавання — як у многіх іншых вядомых салістаў, калі планы, паездкі, запрашэнні распісаны на пяцігоддзе наперад. У свой час муж зрабіў мне сайт, а я там не магу нават біяграфію сваю давесці да ладу, неяк структураваць інфармацыю, унесці апошнія сведчанні, рэгулярна адпраўляць у агенцтвы апошнія запісы, новыя фотасесіі.

— Усім гэтым, калі няма свайго адміністратара, могуць займацца блізкія — той жа муж.

— Ні ў якім разе! Так, ён куды больш арганізаваны, усё для мяне рабіў і робіць. Склаў, да прыкладу, табліцу маіх выступленняў: што, дзе, калі. Але даўнішні мой сольнік “Опера-мадэрн” быў цалкам на ім — і з-за гэтага мы часта сварыліся. Таму арганізацыйнымі пытаннямі цяперашняга вечара “Аксана Волкава — Solo” я займалася сама. Вася па характары таксама лідар, таксама выпускнік Акадэміі музыкі. І калі пачынае дапамагаць, дык яму трэба быць галоўным. Але мне трэба таго ж самага — быць галоўнай! Навошта тыя “спаборніцтвы”? Таму цяпер кожны займаецца сваёй справай: ён — сваёй фірмай, я — сваёй творчасцю.

— А сям’ёй, дзецьмі хто займаецца?

— Разам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"