Аўдыя & Відэа-38

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Красавіцкія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць фронтмэн гурта LiteSound Дзмітрый КАРАКІН (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/638/14186/8-2.jpgАЎДЫЯ

Гурт Haina, сінгл “Токам”

А.: Мода — гэта заразна. Пачынаеш баяцца любой новай музыкі, калі па волі злога року ці насмешкi лёсу трэкі “Грыбоў” і Джыгана ледзь не да секунды супадаюць ад пачатку і да фіналу, пасля чаго яшчэ доўга чакаеш вяртання свайго адэкватнага стану. Таму незразумела і з яшчэ большым дысанансам на гэтым фоне пачынаюць гучаць песні, якія “ні на што не падобныя”. У сілу свайго абмежаванага музычнага далягляду альбо будучы заражанымі эпідэміяй музыкі, напісанай пад “грыбамі”, усё цяжэй нам становіцца ацэньваць самабытную творчасць аўтараў розных жанраў, песень ды тэкстаў, створаных відавочна не на карысць меркантыльнасці, дурманлівай камерцыйнай пажадлівасці.

Праект Haina — гэтакі маніфест і выклік папсе, спроба доказу магчымасці пісаць “у сваё задавальненне”, пісаць, адгарадзіўшыся ад любых павеваў і тэндэнцый, без надзеі калі-небудзь атрымаць талерку ад “Муз-ТБ” або якi-небудзь “Залаты грамафон”. А яно, відавочна, ім і не трэба — мабыць, пляваць удзельнікі Haina хацелі на ўсе гэтыя талеркі і іншыя атрыбуты статусу, прагляды на ютубе. Што ж, такая музыка асуджаная застацца незразумелай або разарваць кайданы ланцугоў пахабнай камерцыі, што аблыталі нас, і стаць новай Nirvana.

B.: Каб я яшчэ зразумеў, пра што, уласна, песні гурта, што хочуць данесці іх аўтары слухачам, то было б і нядрэнна. Трагізму музыкай, аранжыроўкамі і вакалам наганяецца вышэй за дах, здаецца, яшчэ пара нот і акордаў — і свет праваліцца ў тартарары, вершнікі Апакаліпсісу вытруць скрываўленыя шашкі аб грывы сваiх коней i толькі ў аналах нашай галактыкі знойдзецца некалькі радкоў аб некалі былой планеце Зямля. Уражвае, карацей. І ўсё ж: каб я яшчэ зразумеў, чаго так перажываюць-пакутуюць таварышы-музыканты...

Насарогаў і “!ХОП!”, альбом “Дзюра”

A.: З першых акордаў скарае рамантычным шансон-рокам гэты альбом. Грымоты, пералівы гармоніка агаляюць у душы самыя тонкія стрункі, і вось ужо захацелася адкаркаваць бутэлечку “горкай” і пусціцца ў скокі. Так, спадары, у нас ёсць свой “Ленінград”. Музыкі-майстры выразна здабываюць гукі з інструментаў і высякаюць праўду-матку тэкстамі. Вакалу-рыку, вакалу-рэху пазайздросціць сам Сукачоў, а ў тэкстах прысутнічаюць самаіронія, сатыра, гумар, годныя “ляпісаў”. Безумоўна, гэтая работа, гэты праект у прынцыпе заслугоўваюць увагі аматараў таго, што “гарачэйшае”.

B.: Лічу Міхея Насарогава лепшым айчынным рускамоўным паэтам-песеннікам, прынамсi, у альтэрнатыўнай музыцы. Ён не проста вельмі ўмела аперуе рыфмамі, а складвае з іх дапамогай сапраўды напоўненыя сэнсам сюжэтныя творы. У іх не трэба нешта дадумваць за аўтара, прадзірацца скрозь сімвалы ды метафары, якімі любяць дражніць слухача, напрыклад, многія прасунутыя рокеры. Міхей аднолькава яркі і як апавядальнік-трагік, і як лірык, каго кідае ад любові да нянавісці і наадварот, і як адкрыты паэтычны хуліган. Інструментал у яго кампазіцыях, хутчэй, выконвае другарадную ролю, “пасуе”, але без дакладнай перадачы і гола не было б, цi не так? Ды і з аранжыроўкамі ў яго ўсё ў парадку.

На новым альбоме артыста вас чакае так iм упадабаны дэкаданс, перажыванні ды стрыманая весялосць. Вылучаю трэкі “Дурны герой” (драматычная полечка з выбухным апафеозам у прыпеве) і “Гаў-гаў” (з відавочным адсылам да Ясеніна).

Гурт “Сярод добрых людзей”, альбом “Неба дажджоў”

A.: Дзікая салата пад уплывам беларускіх The Stokes, брытанскага Стынга, расiйскіх “Братоў Грым”, запраўлены “белай паэзіяй” з загадкавым для мяне сэнсам. Увогуле, цікавая, самабытная работа, якая выклікае, хутчэй, жаданне праслухаць яе яшчэ раз хаця б у надзеі, што ў наступны незразумелае стане больш зразумелым, а таямнічая душа аўтара раскрыецца больш. Расчароўвае залішняя манатоннасць альбома ў цэлым і адсутнасць разнастайнасці, што, мiж іншым, можна спісаць на жаданне гурта паказаць сябе ў нейкiм пэўным рэчышчы, задаючы сабе жорсткія рамкі стылю.

B.: Не выключана, што гурт у тэкстах сваіх кампазіцый абраў усе магчымыя ў песенных жанрах словазлучэнні. Тое ж тычыцца і ідэй, закладзеных у трэках. Добра, каб у музыцы не-не, ды і праскоквала што-небудзь гэтакае, але артысты паслядоўныя і ў гэтым. Сыграна добра, матэрыял асэнсаваны, але не нараджае ўва мне дадзены блюз-рок з псіхадэлічным адлівам нічога, апроч тугi. Радуе, што самім музыкантам тое, што яны робяць, мабыць, вельмі падабаецца, напэўна, першаадкрывальнікамі яны сябе ў чымсьці адчуваюць. Пакінем іх у спакоі з гэтым.

ВІДЭА

Анатоль Ярмоленка, кліп на песню “Накцюрн”

А.: Калі легендарны артыст замест таго, каб спачываць на лаўрах, працягвае тварыць, ды яшчэ і адыходзячы пры гэтым ад звыклых для яго формаў выразнасцi, гэта, як мінімум, варта ўвагі. Сумесь парыжскага шансона з лацінаамерыканскай басановай разам з вытанчаным відэа — гэта і ёсць свежы кліп Анатоля Ярмоленкі. Пяшчотная кампазіцыя, прызнанне і споведзь, дзесьці нават танга ў духу “слова любви вы говорили мне” зойме пачэснае месца ў сэрцах прыхільнікаў выканаўцы.

B.: Чорна-бела, у кавярнi граюць музыканты, за акном лье дождж, вечар у кампаніі мужчыны ва ўзросце і маладой жанчыны. Стыльна, інтымна, душэўна, цёпла. Выдатна, што і мэтры выпускаюць кліпы. І не абы якія, а цалкам сабе прыемныя. Як гэты ролік — так, немудрагелісты, але вока замілоўвае, настрой стварае і нешта там унутры кранае. І песня светлая-светлая, рэтра, натуральна, але не мезазой якi-небудзь. Я ўключыў бы гэта відэа ў лонг-ліст Нацыянальнай музычнай прэміі “Ліра” ў адпаведнай намінацыі. І хай аддасца яму!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"