Эфект кніжнага “стартапа”

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Раскладаем па палічках: падзея з сацыяльным партнёрам
Мяркую, вядомую прымаўку “скажы, хто твой сябар — і я скажу, хто ты” трэба сёння перафразаваць. Скажам, для работнікаў сферы культуры Беларусі лепш прагучыць выраз накшталт “скажы мне, хто твой сацыяльны партнёр — і я скажу, хто ты”.

/i/content/pi/cult/638/14181/13-3.jpg

Падчас фестывалю “Горад і Кнігі”. 2015 год. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ з архіва “К”

Што трэба культработніку?

Аднойчы ў раёне давялося пачуць жарт: калі работнік культуры кажа, што ў яго ёсць усё для мерапрыемства, дык гэта… не работнік культуры. І ў гэтым жарце ёсць зерне праўды, балазе бюджэтнае фінансаванне скарачаецца. На жаль, бібліятэкі тут — у авангардзе. І не толькі таму, што ўстановы сёння ўсё больш робяцца не толькі асветніцкімі, але і інфармацыйна-культурнымі цэнтрамі, а і па зусім простай прычыне: кантакты з чытачамі вымушаюць супрацоўнікаў “кніжніц” шукаць новыя формы работы, прыцягваць увагу наведвальнікаў не толькі выставамі і сустрэчамі з літаратарамі. Часам з дапамогай сталых сяброў.

Напрыклад, як адзначыла “К” галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу і праектнай дзейнасці Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вольга Воўк, першы фестываль “Горад і Кнігі” тутэйшыя спецыялісты ладзілі з дапамогай сацыяльных партнёраў.

— Наш фэст нарадзіўся з выставы “хэнд-мэйд” герояў з сучасных кніг, якая прайшла ў БНТУ ў 2013 годзе і выклікала цікавасць наведвальнікаў, — кажа Вольга. — Тады мы падумалі: чаму не папрасіць знакамітых айчынных майстроў “хэнд-мэйду” зрабіць для фестывалю лялькі “нераскручаных” герояў кніг. Некаторыя з майстроў адгукнуліся на прапанову — і наш кніжны “стартап” у 2014 годзе выйшаў у народ.

Пазней ужо штогадовы фэст прызналі лепшым на форуме “HR-брэнд 2016” у намінацыі “Культура” (пра што “К”, дарэчы, пісала). І заслуга сацыяльных партнёраў у гэтай перамозе — вялікая. Хаця на гэтым шляху паўстае шмат цяжкасцей.

— Паводле свайго вопыту магу сказаць, што ў асноўным праца з партнёрамі ідзе на асабістых кантактах, — кажа Вольга Воўк. — Напрыклад, каб знайсці майстроў хэнд-мэйду, мы выходзілі на знаёмых або проста абыходзілі ўсе выставы падобнага кшталту (скажам, той жа “Млын”), якія ладзіліся ў сталіцы цягам года, і прапаноўвалі майстрам паўдзельнічаць.

Пра неабходнасць асабістых кантактаў у справе прыцягнення сацыяльных партнёраў казала мне і загадчык аддзела культурна-відовішчнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Наталля Башкірава. Напрыклад, “Бібліяноч-2017”, якую наведала па розных падліках ад 3 да 7 тысяч чалавек, супрацоўнікі аддзела зладзілі дзякуючы “сарафаннаму радыё”.

— Напрыклад, мы змаглі “дагрукацца” да знакамітага выканаўцы Яна Жанчака, да іншых артыстаў, якія выступілі перад наведвальнікамі бясплатна, — кажа Наталля Башкірава. — Ахвотна адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у “Бібліяночы” і студэнты ўніверсітэта культуры і мастацтваў (іх было каля 50 чалавек), і студэнты педуніверсітэта імя Максіма Танка, якія паказалі калекцыі авангарднай моды, і рок-гурты, і дзіцячы тэатр сталічнай ДШМ № 2 ды многія іншыя... Гэта ды многае іншае арганізавалі дзякуючы асабістым кантактам.

Натуральна, сувязі не бяруцца з паветра. Па словах суразмоўцаў, для таго, каб стварыць базу кантактаў, бібліятэкарам трэба бываць на мерапрыемствах, знаёміцца з цікавымі людзьмі, прапаноўваць ім супрацоўніцтва калі не цяпер, дык у перспектыве.

Як прымусіць застацца?

Гэта яшчэ адзін важны момант паспяховага сацыяльнага праекта.

— Чалавек прыйшоў на “Бібліяноч” ці на фестываль “Горад і Кнігі”, і ён не павінен пашкадаваць аб тым, што завітаў у бібліятэку, — кажа Вольга Воўк. — Таму трэба стварыць ва ўстанове культуры такую атмасферу свята, каб кожны мог адшукаць тут нешта для душы. А для гэтага, натуральна, трэба запланаваць як найбольш тэматычных пляцовак, запрасіць на свята знакамітасцей (скажам, мы змаглі праз асабістыя сувязі нашых партнёраў “зацягнуць” да нас вядомую пісьменніцу Вольгу Грамыка) або абраць цікавую тэму для падзеі — напрыклад, прысвечаную кніжным коміксам.

Скажам, падчас “Бібліяночы” ў Нацыянальнай бібліятэцы працавала 14 тэматычных зон для дзяцей, моладзі і людзей сталага веку. Такая колькасць разнастайных пляцовак, кажа Наталля Башкірава, — вынік узаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі.

— Асаблівую ўвагу надавалі маладому пакаленню, каб данесці да іх простую думку: не ўсё сёння можна “прагугліць”, — кажа візаві. — Таму знаёмілі ахвотных з магчымасцямі, якія прадастаўляе Нацыяналка карыстальнікам, піярылі дзіцячую пляцоўку, ставілі лялечныя спектаклі...

Акрамя таго, па словах Башкіравай, аказваецца, мала хто ведаў, што ў музеі кнігі кожны можа ўбачыць старадрукі мінулых стагоддзяў, а ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца багатая калекцыя вінілавых пласцінак.

А што ў рэгіёнах?

Натуральна, у сталіцы нашмат больш магчымасцяў для таго, каб зладзіць маштабную імпрэзу з разлікам на дапамогу сацыяльных партнёраў. Але і ў раёнах зрабіць цікавую акцыю ў бібліятэцы цалкам магчыма.

— У сталіцы бібліятэкі ўжо не маюць манаполіі на правядзенне літаратурных вечарын, кніжных фестываляў, сустрэч аўтараў з чытачамі, а ў раёнах Беларусі ўсё гэта яшчэ цалкам магчыма, — кажа Вольга Воўк. — Таму поспех на рэгіянальным узроўні, на мой погляд, рэальны і нават прадказальны. Асабліва калі адшукаць у сваім горадзе цікавых людзей, апантаных тым або іншым хобі, майстроў народнай творчасці, хэнд-мэйду... І тут вельмі можа дапамагчы збіранне звестак па краязнаўстве або інфармацыя пра знакамітых людзей горада.

Як лічыць Вольга Воўк, падобныя мерапрыемствы абавязкова маюць праходзіць у бібліятэках, але, натуральна, як разавыя акцыі.

— Час сёння імкліва змяняецца, і з дапамогай такіх акцый, як “Бібліяноч” або кніжны фестываль, бібліятэкары ламаюць стэрэатыпы пра тое, што ў бібліятэцы павінна быць цішыня, і што людзі, якія там працуюць, — нецікавыя асобы, якія ўмеюць толькі перастаўляць кнігі з месца на месца, — адзначыла суразмоўца. — Акрамя таго, гэтыя разавыя акцыі ўплываюць на станоўчы імідж бібліятэк, а яны самі рэкламуюць сваю дзейнасць і прыцягваюць увагу новых наведвальнікаў, прапаноўваючы ім жывыя стасункі з жывымі людзьмі, чаго ў эпоху гаджатаў не стае.

Важны тут яшчэ адзін момант, на які звярнула ўвагу Наталля Башкірава: падобныя мерапрыемствы карысныя і чытачам, і бібліятэкарам, і сацыяльным партнёрам.

— Справа ў тым, што тыя ж сацыяльныя партнёры часам не ў стане зладзіць актыўную рэкламную кампанію ў СМІ, а бібліятэка прадастаўляе ім такую магчымасць, — адзначыла Наталля Башкірава. — Пры такой умове ўсе застаюцца ў выйгрышы. Так што за сацыяльным партнёрствам, на мой погляд, — бібліятэчная будучыня.

Бібліятэкі займаюць асаблівае месца ў сістэме сацыяльнага партнёрства. Інстытуцыя, шчыльна звязаная з дзяржавай, яны, па сутнасці, выступаюць формай арганізацыі грамадскіх ініцыятываў, становяцца каталізатарамі актыўнасці чытачоў. Так што іх дзейнасць у галіне сацыяльнага партнёрства будзе актуальнай заўсёды. Іншая справа, што не ўсялякі аддзел маркетынгу той або іншай бібліятэчнай установы сёння можа ўзяць на сябе ролю падобнага аб’яднаўчага і крэатыўнага цэнтра для правядзення маштабных падзей.

Дарэчы

19 — 20 мая ў Мінску адбываецца чарговы праект Навуковай бібліятэкі БНТУ. Гэтым разам форум “Горад і Кнігі” ўпершыню атрымаў фармат вулічнага кніжнага фестывалю. На ім працуе 5 вялікіх пляцовак: выставачная, дзіцячая, маладзёжная, экспертная, а таксама выстава хэнд-мэйд герояў з сучасных кніг.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"