Крок да фэст-сталіцы Паазер’я

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

На Глыбоччыне прайшоў І Фэст дударскіх рэгіёнаў / Частка ІІ
У касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Удзела на Глыбоччыне пачынаецца ранішняя служба. Прыхаджане чакаюць уступ аргана, калі цішу храма пранізваюць высокія гукі дуды. Усе ўстаюць — па цэнтральным праходзе ўрачыста крочыць шатландскі дудар, і мелодыя інструмента запаўняе прастору. Дудар праходзіць у першы шэраг і змаўкае. І тады іншая дуда пачынае свой рэй — беларускі музыка крочыць праз храм у зацікаўленай і здзіўленай радасці тых, хто прыйшоў на імшу. Калі ён займае месца побач з калегам з Шатландыі, уступае дуда бельгійца…

/i/content/pi/cult/638/14180/13-2.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 19.)

Нечаканае яднанне

Фестываль “Дударскі рэй” завітаў у вёску Удзела, каб спалучыць у нядзельнай службе касцёла беларускія традыцыі, і тое атрымалася незабыўна — дуда стала жывой музычнай аздобай імшы.

— Але мяне ўжо абазвалі “нехарошым чалавекам”, — каментуе выступленне ў касцёле ініцыятар фэсту і музыка Віталь Воранаў. — У Беларусі ёсць дудары, якія ставяцца падазрона да падобнага спалучэння. Але я бачыў службы з удзелам дудароў у Славакіі, Польшчы, — і тое не падалося блюзнерствам. Наадварот — імшы прайшлі ва ўзнёслай атмасферы, прыгожа і арганічна.

Сапраўды, калі на ўласныя вочы бачыш, як стрымана і ўрачыста гучыць дуда ў касцёле, усе сумневы наконт яе прысутнасці ў храме сыходзяць. Пакідаюць уражанне і светлыя твары прыхаджан, і шэпт бабулек: “Дудары ідуць!” Каб пераканацца, што дударская традыцыя зусім не “чорт з гарохам” для мясцовых людзей, варта пабываць на падобнай імпрэзе. Калі адзін з маравакаў, сыграўшы мелодыю, прыпадае на калені, каб прыняць камунію, мясцовыя адчуваюць еднасць з госцем.

Вяртанне як праект

Паўсюль, дзе выступалі дудары ў сваім туры па Глыбоччыне ў межах фэсту, іх чакала ўважлівае стаўленне і вось гэтае адчуванне таго, што так і мае быць. Калі гукі дуды скаралі дзіцячую публіку ў школцы імя Ігната Буйніцкага ў Празароках, у згаданым уздзельскім касцёле, у Мосары, у прасторы шыкоўнага парка, створанага ксяндзом Ёзафам Булькам, ля магілы слыннага рупліўцы… Ды нават у санаторыі “Пліса”, новым комплексе ля Празарокаў, дзе публіка, што прыехала адпачыць, усё больш з Расіі, — паўсюль дуду ўспрымалі прыязна і з цікаўнасцю. Як нечаканую госцю, у якой пазнаеш шляхетную постаць.

— Я бачыла падобны інструмент у маёй вёсцы, — рэагуе на ўнікальную вялікапольскую “сэршэнку” настаўніца са школы ў Празароках. “Сэршэнка” (ці “сесенька”) — адзін з найстаражытных інструментаў Еўропы, што мае паходжанне з Х — ХIV стагоддзя. Яна робіцца з пульхіра свінні, мае два “мяхі”, і звяртае на сябе ўвагу нязвыкла высокім гучаннем.

— У нас падобную дуду рабілі са страўніка цяляці, якое п’е толькі малако, — удакладняе жанчына падчас выступлення вялікапольскай капэлы ў празарокскай школе. — Я бачыла такі інструмент, калі была дзяўчынкай.

Вось калі пераконваешся, што Глыбоччына — дударскі край. І калі праект Воранава ўдасца раскруціць, апошні мае атрымаць, падаецца, не толькі сімвалічныя дывідэнды.

Музей, указальнікі, школа

— Каб замацаваць дуду за Глыбоцкім раёнам, выношваем і ідэю стварэння музея дуды, — дзеліцца сваім пражэктам руплівец. — Па папярэдняй дамоўленасці ва Удзеле нам згодныя прадаставіць дамок, дзе раней жыў арганіст. Ён належыць францысканам, але зараз пустуе. У хатцы дастаткова зрабіць адзін пакойчык, а далей гэты куток можна развіць у больш паўнавартасны музей, які мог бы стаць філіялам Глыбоцкага краязнаўчага.

Візаві адзначае, што “музейнага матэрыялу” ў беларусаў для падобнай ініцыятывы дастаткова. “І дуды знойдзем, і рэканструкцыю зробім, і знакавыя фотаздымкі для рэгіёна збяром, літаратурныя, этнаграфічныя крыніцы… — пералічвае ён. — Галоўнае, паразуменне паміж усімі партнёрамі”.

У дудара прадугледжаны і наступны крок — стварэнне табліцаў на ўездзе ў Глыбоцкі раён з надпісам “Дударскі рэгіён”. У больш далёкай перспектыве — помнік памяці дудара Адама Шульгі з тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага. “Каб усё гэта ўдалося ажыццявіць, атрымаўся б цалкам завершаны праект”, — адзначае ён. Імпэту Віталя Воранава, які з’яўляецца і аўтарам кнігі “Дударская Глыбоччына”, можна пазайздросціць. Галоўнае, каб адгукнуліся на ідэю культурна-крэатыўнага праекта мясцовыя ўлады.

Дарэчы, у час фестывалю адзін з нашых дудароў — Сяргей Чубрык — падараваў Глыбоцкай дзіцячай школе мастацтваў жалейку, зробленую ўласнымі рукамі. Казаць пра вывучэнне дуды як музычнага інструмента ва ўстанове пакуль яшчэ зарана, але гэты крок таксама можна лічыць прапановай аб супрацоўніцтве ад няўрымслівых дудароў.

“Дударскі…” ці “Вішнёвы…”? Абодва!

— Не ўсё адразу, — дала каментарый “К” на агучаныя ініцыятывы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч па завяршэнні фестывалю. — Сёння ў школе мастацтваў на жалейцы ўжо вучыцца граць хлопчык, тое было выдатнай прапановай, але такія сур’ёзныя ініцыятывы, як стварэнне музея дуды, патрабуюць часу. Ды і помнік Адаму Шульгу можа з’явіцца, мяркую, толькі на пяты фестываль, — мы ж правялі толькі першы.

Тым не менш, поспех І Фестывалю дударскіх рэгіёнаў Таццяна Тарасевіч прызнае і шчыра вітае ініцыятыву. “Фестываль атрымаў мноства станоўчых водгукаў, і мы рады, што Глыбоччына пабагацела на такую міжнародную імпрэзу. Колькасць мясцовых форумаў нас не засмучае, — адказвае яна на пытанне наконт суседства “Дударскага рэя” з “Вішнёвым фэстам”. — Наадварот, толькі вітаем. Гэта розныя мерапрыемствы, кожнае з якіх вылучае сваю лінію: “Вішнёвы фэст” — папулярызуе нашу кулінарную традыцыю. Фэст дударскіх рэгіёнаў — музычную. Так, весці некалькі мерапрыемстваў — складана, але чаму Глыбокае не можа стаць фестывальнай сталіцай Паазер’я?” — слушна адказвае Таццяна Тарасевіч.

Што да кульмінацыі Першага “Дударскага рэю”, то ёй стаў вялікі Гала-канцэрт на Цэнтральнай плошчы мястэчка, што сабраў разам не толькі беларускіх і замежных дудароў, але і мясцовыя калектывы. Не прамінуць увагай удзячную публіку імпрэзы, якая з вялікай цікаўнасцю рэагавала на выступленні ўдзельнікаў нават у дождж. Своеасаблівы фармат фэсту, варта адзначыць, патрабуе больш узважанай рэжысуры свята і стылёвых рамак, — не адмоўлюся ад невялікіх заўваг са свайго боку. А форум прагучаў важным і ладным праектам на карце культурных падзей не толькі Глыбоччыны, але, бадай, і ўсёй Беларусі.

“Хэлоў! Мы прыехалі з Нью-Ёрка паглядзець на Глыбокае. А ці можна папрасіць у вас праграму фестывалю?” — яшчэ на пачатку імпрэзы звярнуліся да Віталя Воранава падчас майго інтэрв’ю з ім відавочна нетутэйшыя турысты. А яшчэ Віцебск, Мінск, Паставы… Гэта толькі тыя цікаўныя госці, з якімі давялося пазнаёміцца асабіста. Што казаць, дуда сапраўды вядзе рэй.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"