Яна сапраўды вядзе рэй

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

На Глыбоччыне прайшоў фэст дударскіх рэгіёнаў
Мы едзем у аўтобусе з дударом з Шатландыі і размаўляем. “Кілты носяцца больш за 20 гадоў, — адказвае музыка на маю рэпліку наконт славутага шатландскага адзення, што на ім. — Ёсць зімовы ды летні варыянт, гэта — летні”. Потым дастае ноты, па якіх грае на дудзе, і пачынае распавядаць пра музыкаў, хто сачыняў мелодыі для інструмента.

/i/content/pi/cult/637/14175/3-1.jpgЛя помніка Ігнату Буйніцкаму грае Віталь Воранаў. / Фота аўтара

“А што да спалучэння шатландскай дуды і аркестра, — рэагуе ён на маё пытанне, — дык гэта акурат тэма маёй дысертацыі, якую я абараніў у Эдынбургскім універсітэце Непера”, — “раскрывае карты” доктар музыкі Ліндсей Дэвідсан. Вось вам і “ёшкіна котка”! Мы едзем ў аўтобусе, які вязе нас у адну з вёсак Глыбоцкага раёна. А кампазітар і адзін з апошніх вучняў славутага шатландскага дудара Інгліса  — госць Першага фэсту дударскіх рэгіёнаў на Глыбоччыне.

Што, як і адкуль

Яшчэ на форум “Дударскі рэй” прыехалі дудары з Вялікапольшчы (Польшча), з Маравіі, што ў Чэхіі, Фландрыі і Валоніі  — Бельгія, Расіі. Беларускую традыцыю дударства прадстаўлялі музыкі Юрась Панкевіч, Дзяніс Сухі, Сяргей Чубрык, Яўген Барышнікаў… Падзея ж не адбылася б без музыкі і арганізатара Віталя Воранава, чый, без сумневу, высакародны праект  — вяртанне дуды, яе шанаванне і папулярызацыя менавіта на Глыбоччыне — атрымаў першае ўвасабленне, дзякуючы падтрымцы мясцовых уладаў.

— Я сам адсюль, — прызнаецца мне Віталь, ахвотна распавядаючы пра ідэю нараджэння “Дударскага рэю”. — Заўважыў, што фестывалю, які прысвечаны дудзе менавіта як інструменту, у Беларусі няма. Так, у Мінску ёсць форум, які паказавае дуду ў спалучэнні з рознымі інструментамі, як яна можа гучаць у року, метале, але вось традыцыйнага яе прадстаўніцтва не назіраецца. Я ўхапіўся за гэта! Але, вядома, без традыцыі дударства на Глыбоччыне не абышлося. Увогуле, беларускі феномен дударства больш за ўсё распаўсюджаны менавіта на поўначы Паазер’я. Мы занурыліся з калегамі ў даследаванні, і стала відавочна, што Глыбоччына выгодна вылучаецца ў гэтых адносінах нават на карце поўначы Віцебшчыны.

Тут Віталь працягвае праграму фэсту і ўказвае на падарожжа ў Празарокі на радзіму Ігната Буйніцкага.

— І самая знакавая асоба, якая дазваляе нам адгукацца на гэту традыцыю, — гэта дудар Адам Шульга, які быў адным з трох музыкаў у трупе славутага Ігната Буйніцкага, — прызямляе на тутэйшую глебу музычную ініцыятыву энтузіяст.  — Мы і запланавалі паездку ў Празарокі, каб ушанаваць яго памяць. Тым больш, што ў вясковай школе ёсць музей заснавальніка першага прафесійнага беларускага тэатра, дзе можна ўбачыць і фота музыкі.

Працяг старадаўняй песні

У невялікай вёсцы высаджваецца міжнародны дэсант дудароў, і гэта — яшчэ тое відовішча. Капэла з Вялікапольшчы ў чырвоным, чэхі ў вялізных чорных капелюшах і з “касматымі” дудамі, што зроблены са скур авечак, шатландцы — у кілтах, беларусы — у ільняных кашулях… Такое прадстаўніцтва выглядае надзвычай маляўніча. Калі група збіраецца ля магілы Ігната Буйніцкага і Віталь Воранаў пачынае граць на дудзе, аддаючы даніну славутаму беларускаму акцёру і рэжысёру, — усё становіцца на свае месцы.

— Ва ўсім свеце, калі быў дудар у рэгіёне, першае для музыкаў — пайсці і ўшанаваць яго памяць, — каментуе музыка адно з няпісаных правіл кодэкса дудароў. — Гэта вельмі важна, бо каб не гэтыя людзі, мы не ведалі б нічога пра інструмент, пра традыцыю — адзінкі і захавалі яе для нас. І тым больш знакава ўшанаваць постаць Ігната Буйнцікага, які, па сутнасці, праславіў беларускую дуду на гастролях у Санкт-Пецярбурзе, Варшаве, Вільні.

Падчас экскурсіі ў музеі школы, якая носіць імя славутага беларускага тэатральнага дзеяча, расстаўляюцца ўсе кропкі над “і”. Віталь Воранаў прыцягвае ўвагу гасцей да фотаздымка тэатральнай трупы, указваючы ў першым шэрагу на постаць мужчыны ў шапцы-магерцы  — гэта і ёсць Адам Шульга. Неспадзявана ў гэты момант адбываецца тое, што незалежна ад мовы, на якой гаворыш, становіцца зразумелым усім. Еднасць з традыцыяй і салідарнасць. Музыка сустракае музыкаў, а на больш глыбінным узроўні — дуда вяртаецца туды, дзе жыў адзін з яе майстроў. Момант, які пры ўсёй прастаце і пэўнай арганізацыйнай будзённасці, варта адчуць.

І калі ў пакойчыку музея школы гучыць дуда — тое ўспрымаецца як працяг старадаўняй песні.

 

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"