Партнёрства ваенных музеяў

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

У дні святкавання 72-й гадавіны Вялікай Перамогі ў Мінску гасцявала дэлегацыя брытанскіх музейшчыкаў на чале з генеральным дырэктарам Імперскага ваеннага музея ў Лондане Даян Ліс. Госці наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама мемарыяльныя комплексы “Хатынь” і “Малы Трасцянец”.

/i/content/pi/cult/637/14173/2-2.jpgГосці музея знаёмяцца з яго экспанатамі. / Фота Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Мне давялося прысутнічаць на экскурсіі па музеі гісторыі Вялікай Айчыннай, якую для брытанскіх калег праводзіў асабіста яго дырэктар Дзмітрый Шляхцін. Замежныя музейшчыкі не такія ўжо рэдкія госці ў нашай сталіцы. Людзей гэтай прафесіі ва ўсім свеце яднае блізкая, можа нават аднолькавая ментальнасць, стыль сумоўя, лад мыслення і паводзін. Вось і брытанскія госці былі сваімі людзьмі сярод мінскіх калег. Звычайна вынікам такіх візітаў становяцца сумесныя праекты, абмен выставамі. І зараз у кароткім інтэрв’ю, якое спадарыня Ліс дала ў час згаданай экскурсіі, гаварылася пра перспектывы супрацоўніцтва паміж Імперскім ваенным музеем і Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Госця з Брытаніі выказала захапленне ўстановай культуры і адзначыла, што ў экспазіцыі ёсць шэраг тэм, безумоўна цікавых яе суайчыннікам.

Музей, кіраўніком якога з’яўляецца Даян Ліс, для Злучанага каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі мае значэнне аналагічнае таму, што для Беларусі адыгрывае Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яго наведванне для брытанцаў — школа патрыятызму і далучэнне да вялікай гісторыі. Пры гэтым экспазіцыя Імперскага ваеннага музея не толькі распавядае пра эвалюцыю зброі і пра войны, у якіх на працягу мінулага стагоддзя і пачатку бягучага ўдзельнічалі брытанцы разам з падданымі Імперыі і грамадзянамі Садружнасці. Наведвальнікі музея атрымліваюць уяўленне пра тое, як вайна ўплывае на асобу і грамадства. Не будзе памылкай сказаць, што і нашы музейшчыкі працуюць у тым жа кірунку, аналізуючы псіхалогію чалавека на вайне і розныя аспекты міжваеннага, ваеннага і пасляваеннага часу.

У час экскурсіі па Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны гасцей цікавілі канкрэтныя пытанні. Кшталту, колькі працэнтаў аўтэнтыкі ў тым ці іншым артэфакце, а колькі прыпадае на працу рэстаўратараў? Гума на колах ваенных аўтамабіляў — “родная” або сучасная? Рэчы, як вядома, могуць псавацца і ў нерухомым стане. Якія прыстасаванні скарыстоўваюцца ў сюжэтных інсталяцыях, каб рарытэтныя артэфакты не дэфармаваліся? Ці арыгінальныя паперы ў вітрынах? Госці з цікавасцю разглядалі ўзоры брытанскай зброі, якія ў выніку ваеннай сумятні траплялі ў рукі нашых партызан.

Як мне падалося, брытанскіх музейшчыкаў найбольш зацікавілі тэмы абарончых баёў 1941 года, акупацыйнага рэжыму і народнага супраціву фашыстам. Па словах спадарыні Ліс, іх музей распавядае пра ваенныя падзеі, што найперш і ў асноўным датычаць уласна брытанскай гісторыі. Між тым, грамадзе яе краіны можа быць вельмі цікавым тое, што адбывалася ў час вайны на савецка-германскім фронце, а таксама на акупаванай немцамі тэрыторыі Савецкага Саюза.

Такім чынам, супрацоўніцтва нашага і брытанскага музея, абмен выставамі на ваенную тэматыку ў перспектыве маглі б паспрыяць станаўленню ўзважанай і карэктнай трактоўкі падзей Другой сусветнай вайны. У самой Брытаніі, па словах Даян Ліс, гадавіны перамогі шырока не адзначаюцца. 8 мая ладзіцца ўрачыстая імпрэза на плошчы перад Імперскім ваеным музеем — вось, бадай, і ўсё… Таму нашым гасцям было важна пабачыць, як святкуюць Дзень Перамогі ў Беларусі, зразумець, чаму падзеі больш як сямідзесяцігадовай даўніны хвалююць нашых людзей і сёння.

 

Дарэчы

Нядаўна прайшоў рабочы візіт супрацоўнікаў беларускіх музеяў — Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і Нацыянальнага гістарычнага музеякраіны — да польскіх калег. Дэлегацыя наведала крэпасць Модлін. Пабачылі беларусы і шэраг варшаўскіх музеяў. Асаблівую цікавасць у прафесіяналаў выклікаў Музей Варшаўскага паўстання, у экспазіцыі якога скарыстаны найноўшыя тэхналогіі. Далей былі Музей Другой сусветнай вайны ў Гданьску, мемарыял Вестэрплятэ і Музей ваенна-марскога флоту ў Гдыні з шэрагам філіялаў. У час візіту абмяркоўваліся шляхі далейшага супрацоўніцтва.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"