Паэтыка Месяца

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Творчае аб’яднанне “m’Art”, традыцыйна выстаўляецца ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва з 2006 года.

/i/content/pi/cult/637/14170/9-2.jpgТворы яго прадстаўнікоў прасякнутыя сімвалізмам і алегорыямі, тэматыка ж была пакліканая паказаць бязмежнасць рэальнасцяў, пазнанне якіх магчымае на мяжы станаў звышсвядомага прасвятлення і занурвання ў цемру ірацыянальнага. Да ўсяго, нават у колькасных адносінах “Сны” сталі адной з самых разнастайных экспазіцый аб’яднання. Наведвальнікі ўбачылі жывапіс Алега Захарэвіча, Аляксандра Дзямідава, Уладзіміра Канцадайлава, Алёны Гурынай, графіку і скульптуру Аляксандра Шапо, графічныя творы Усевалада Швайбы і Рамана Сустава, скульптурныя работы Сяргея Сотнікава — выстава аб’яднала віцябчан і мінчан.

Экспанаваныя творы не падпарадкаваныя адзінаму мастацкаму метаду: можна было пабачыць і ўплывы маньерызму, і сюррэалістычныя матывы, і імпрэсіянізм, і, вядома ж, невычэрпнае багацце сімвалізму. Пры гэтым у адной рабоце лёгка паядноўваліся некалькі мастацкіх метадаў. Аднак у любым выпадку ўсе мастакі, што называецца, “малююць”, валодаюць высокім майстэрствам з пазіцыі класічнай школы. Таксама адпавядалі самым высокім прафесійным стандартам і скульптурныя творы, зусім не рэалістычныя па сваім змесце. Такім чынам, “Сны”, падобна ўсім выставам “m’Art”, бяспройгрышныя і ўніверсальныя па магчымасцях успрымання з боку гледачоў самых розных густаў. Для тых, якія лічаць, што каштоўным у мастацтве можа быць толькі тое, што валодае формай, з’яўлялася відавочнай класічная база, бо з ёй мастакі нідзе не парывалі і ніколі не выступалі з пазіцый радыкальнага авангарду. Тым жа, хто хацеў занурыцца ў трансцэндэнтальнае, былі пададзены розныя рэжымы альтэрнатыўнага адлюстравання рэальнасці. Яны адпаведныя асаблівасцям творчай метадалогіі мастакоў, зыходзяць з іх унікальнага бачання свету, у сваю чаргу маглі наладзіць тонка адчувальнага наведвальніка на змененае ўнутранае ўспрыманне светабудовы і працэсаў, якія праходзяць у ім. Сутнасць падобнага ўспрымання складалася ў тым, каб глядач бачыў не паверхню з’яваў, а іх прычынную аснову.

Некаторыя сімвалічныя вобразы (сімвалізм рыб, птушак, крылаў) і дэкаратыўныя элементы з’яўляліся агульнымі ў розных мастакоў, што кажа аб блізкасці іх творчай гнасеалогіі. Урэшце, большасць прадстаўленых майстроў прымалі ўдзел у выставах творчага аб’яднання не аднойчы. А лідарам і стваральнікам “m’Art” з’яўляецца жывапісец архетыпічных і сімвалічных рэальнасцяў Алег Захарэвіч. З леташняй юбілейнай выставы ён дэлегуе паўнамоцтвы куратара іншым сваім калегам, і “Сны” фармаваў мінчанін Аляксандр Дзямідаў, добра знаёмы віцебскаму гледачу. Гэтым разам ён прадставіў пераважна вобразы воднай стыхіі, якія выражаюць розныя формы ўзаемаадносін з навакольным светам. А на персанальнай выставе Дзямідава, што прайшла ў студзені — лютым гэтага года ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва, яго стылізаваныя антрапалагічныя і зааморфныя персанажы, упісаныя ў канцэпцыю першапачатковай прастаты і чысціні ўспрымання, раскрывалі ў сукупнасці з натуральным асяроддзем і сімвалізмам жылля аблічча ідэі “зямнога раю”.

Уладзімір Канцадайлаў з’яўляецца ўдзельнікам “m’Art” ужо з другой выставы, якая адбылася ў 2007 годзе. Самая ж першая выстава называлася “Зімовыя сны”, і сімвалічна, што гэты мастак прапанаваў серыю карцін з аналагічнай назвай, такім чынам правёўшы лінію ад таго часу да цяперашняй адзінаццатай экспазіцыі. Серыя прадстаўляе стылізацыю беларускага духоўнага космасу, ці іншымі словамі — нацыянальнага энергаінфармацыйнага асяроддзя. У поўнай адпаведнасці са значэннем ліку актуальнай выставы, Уладзімір Канцадайлаў аб’ядноўвае тое, што для звычайнай аднамернай, хай нават і філасофскай, свядомасці застаецца неспалучальным: прыхільнасць хтанічным уплывам і вытанчаную адухоўленасць. Для яго сімволіка-імпрэсіяністычных карцін характэрныя медытатыўнасць і сузіральнасць, якія так уласцівыя нацыянальнаму характару ў яго найбольш узорных праявах. Тут выяўляецца яшчэ адно значэнне лічбы “11”, якое паказвае на мужчынскую маніфестацыю тыпова жаночых якасцяў. Такая, уласна, і прырода сноў, бо яна з’яўляецца па сутнасці сваёй “месяцовай”. З аднаго боку, гэты месяцовы характар выражае пераважна жаночую, сузіральную першааснову існага, з другога ж боку, дасягненне снення і выраз яго вынікаў патрабуе зусім мужчынскае валявое памкненне. Тая ж месяцовая снёная паэтыка ўласцівая жывапісу Алега Захарэвіча, і выказвае ён тут ідэю бясконцай разнастайнасці “лабірынтаў быцця”, дадзеных для ўспрымання з дапамогай актыўнага ўяўлення. Пры гэтым “уяўнае” паўстае рэальным, бо выяўляе архетыпічныя высновы ўсіх бачных феноменаў і працэсаў нашай рэчаіснасці.

Месяцовыя сузіральныя вобразы можна бачыць у скульптурных творах Сяргея Сотнікава “Анёл і горад” і “Прагулка”. Па ўсёй відавочнасці, гаворка пра анёла Віцебска і месяцовыя прагулкі Зорнай Багіні па начным горадзе ў вобразе басаногай рамантычнай дзяўчыны. Сам жа Сотнікаў стаў знакавым скульптарам для Віцебска, калі ўзгадаць, што з адкрыцця мемарыяльнай шыльды яго аўтарства, прысвечанай Марку Шагалу, пачалося летась святкаванне ў гонар перайменавання часткі вуліцы Праўды ў вуліцу знакамітага мастака. Віцебская мастачка Алёна Гурына прадставіла незвычайны погляд на свет апісання скрозь вытанчаныя алегорыі, раскрыўшы рэальнасць трансцэндэнталій, што стаяць за межамі, здавалася б, такой звычайнай рэчаіснасці. А графічныя работы Усевалада Швайбы, Рамана Сустава, графіка і скульптура Аляксандра Шапо, увасобілі глабальныя філасофскія праекты, якія выказваюць канцэптуальны змест усёй іх творчасці. З творамі Аляксандра Шапо мясцовы глядач найбольш знаёмы. У пэўным сэнсе правакацыйная выстава “Пачатак”, што прайшла ў 2015 годзе ў Віцебскім мастацкім музеі і перадала магічнае вымярэнне сакральнага эратызму, абвяргала маралістычныя крытэрыі, што вызначаюцца светапогляднай коснасцю, рыгіднасцю, абмежаванасцю.

Відавочна, што будучыня “m’Art”, які аб’ядноўвае гэтых па-рознаму змястоўных творцаў, мае несумненна пазітыўныя перспектывы.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ, арт-журналіст

Віцебск