Майстар-класы vs. “капрызы” з месцаў

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

У тур са сваім... журналістам / “Залаты акардэон” пра майстар-класы, якія часам — насуперак
Смаргонь — семдзесят трэці населены пункт (з меркаваных дзевяноста) для “залатога акардэона краіны”, спевака і аўтара песень Ігара Квашэвіча ў яго “Беларусь-туры”, распачатым у мінулым верасні. Фіналу музычна-адукацыйнага праекта “К” чакаць не стала. Па-простаму, у шараговым парадку, мы “наляцелі” ў гэты горад разам з артыстам, каб падтрымаць лаўрэата міжнародных конкурсаў маральна, а саму акцыю, якая кладзецца ў рэчышча цыкла артыкулаў “У тур са сваім журналістам”, сілай друкаванага слова...

/i/content/pi/cult/637/14163/10-1.jpgМёд i дзёгаць

Турнэ павінна завяршыцца ў апошнія дні мая, а праграму яго складаюць майстар-класы выканаўцы ў дзіцячых школах мастацтваў / сярэдніх спецыяльных навучальных установах і сольныя выступы — менавіта ў такім парадку і ў названай звязцы. У рамках паездак спадар Квашэвіч “бярэ на аловак” тыя таленты — юных калег па інструменце, якіх прадставіць публіцы ўжо за рамкамі тура ў якасці “разагрэву” на сваіх восеньскіх канцэртах у абласных цэнтрах (яны пакуль застаюцца “абдзеленымі” праектам). Лепшых жа з іх (у тым жа амплуа) ён запросіць на заключнае шоу, што пройдзе бліжэй да канца года, верагодна, у мінскім Палацы Рэспублікі.

Смаргонь, як я зразумеў, не супраць была б дэлегаваць на гэтыя мерапрыемствы вучня трэцяга класа Дзіцячай школы мастацтваў Дзяніса Кузьміна (прозвішча ў хлапчука артыстычнае!), бо акрамя яго з тых, хто навучаецца ў ёй iгры на акардэоне / баяне, на майстар-клас больш ніхто не прыйшоў. Выкладчык баяна Чэслаў Жых выказаўся ў тым сэнсе, што, на яго погляд, у маленькага баяніста іскрынкі божыя сапраўды ёсць, і патлумачыў адсутнасць іншых выхаванцаў акадэмічнымі канцэртамі — “экзаменамі” для іх вельмі важнымі.

Майстар-клас з’яўляўся часткай паўтарагадзіннай творчай сустрэчы ў ДШМ. Спачатку Дзяніс прадэманстраваў свае навыкі, выбраўшы для “экзекуцыі” адзін з опусаў Георга Фрыдрыха Гендэля. А затым ужо Ігар Квашэвіч разабраў iгру навучэнца, адзначыўшы безумоўныя “плюсы” і падрабязна спыніўшыся на тым, што варта таму падцягнуць, прапанаваўшы ўласныя варыянты выканання твора вялікага кампазітара. Маэстра даў некалькі прафесійных саветаў, але ў цэлым застаўся ад пачутага, хутчэй, задаволеным, а не расчараваным. А ў “другой серыі” прысутныя ў зале педагогі ацэньвалі яго майстэрства. Перакладанні для акардэона, кампазіцыі, спецыяльна напісаныя пад гэты інструмент (у тым ліку аўтарства беларускага), мелодыі папулярныя — “адпальваў” Квашэвіч такім акадэмічным і эстрадным наборам і ўжо ў сярэдзіне выступу ганараваўся воклічам “брава!”

— А табе спадабалася? — спытаў я Дзяніса Кузьміна.

— Вельмі. Буду імкнуцца да таго, каб у будучыні граць гэтак жа прафесійна: мая мара — стаць вядомым баяністам. Дзякуй Ігару Міхайлавічу, што сёння ён мне адкрыў нейкія свае сакрэты.

Чэслаў Альфонсавіч мяркуе, што пры належнай стараннасці, пры жаданні і далей ісці музычным шляхам з Дзяніса можа вырасці моцны выканаўца. І прызнаў, што з такімі патэнцыйнымі мацакамi ў дзіцячых школах мастацтваў цяпер не густа: прымаюць у іх і адкрыта слабенькіх у музычным дачыненні дзетак паўсюдна, якім і бліц-урокі заезджых майстроў не дапамогуць (а яны ў смаргонскую ДШМ перыядычна наведваюцца).

— Шкада, вядома, што не так шмат людзей сабралася на майстар-клас, — укладваючы ў кофр акардэон, заўважыў музыкант. — Але гэта лепш, чым нічога. А “нічога” ў гэтым туры здаралася. Для мяне ён — абсалютна не камерцыйны (кошт білета на канцэрты — 4 — 6 рублёў), да таго ж і з бюджэту на яго не ўзята ні капейкі. Гэты праект — адукацыйны і скіраваны на папулярызацыю пэўнага кшталту інструментальнай музыкі, беларускай эстрады. І крыўдна, калі на месцах тыя, хто павінен арганізоўваць падобныя сустрэчы, раптам распісваюцца ў сваёй бездапаможнасці, зрываючы іх. “Мы забыліся”, — сказалі мне ў адным горадзе. Я не хацеў бы ўжываць незвычайнае грознае слова “сабатаж”, але часам складалася адчуванне, што дзе-нідзе людзі наўмысна правальвалі акцыю. Гэта тычыцца і райвыканкамаўскіх работнікаў, і кіраўнікоў устаноў культуры. Ім было прасцей спаслацца, напрыклад, на форс-мажор (маўляў, паколькі гэты праект не быў унесены ў план іх мерапрыемстваў, то ў іх і ўзніклі невырашальныя цяжкасці), чым дапамагчы з рэалізацыяй яго. Ніякіх жа асаблівых высілкаў з іх боку не патрабуецца, а ўсё тыя ж, — дапусцім, рэкламная кампанія, продаж білетаў. “Да нас расійскія артысты едуць, не лезьце”, — сказалі ў іншым горадзе. “Прыязджайце і самі ўсё рабіце”, — прапанавалі ў трэцім. Прычым у асноўным менеджарскія, функцыі піяршчыка на сябе і так узяў мой старэйшы брат Андрэй. І дзякуй Міністэрству культуры, якое адгукнулася на праект і ўсяляк яму садзейнічае. Асаблівая мая падзяка Ірыне Дрыга, першаму намесніку міністра.

У самай жа большай ступені Квашэвіча хвалявалi менавіта адмены майстар-класаў. Дзіўна, але ўрокі чалавека, чыё імя добра вядомае і спецыялістам, і калегам, і публіцы, па меншай меры, на прасторах былога Саюза, акардэаніста найвышэйшага класа, аказваліся адпрэчанымі па чыімсьці “капрызе”. Так, экспрэс, але — заняткі, неабходныя юным музыкантам. Урэшце, мае патрэбу ва ўвазе само інструментальнае мастацтва, некалі вельмі папулярнае і запатрабаванае ў нашай краіне. Не, гаворым пакуль не пра марнасць, але калі такая сусветная зорка, як наш суайчыннік Уладзіслаў Плігаўка, сёння радуецца таму, што на радзіме на яго сольныя канцэрты прыходзяць пад сто чалавек, то да катастрофы — рукой падаць.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што адмены насілі адзінкавы характар, але на тое і лыжкі дзёгцю, каб і яны адклаліся ў памяці выканаўцы...

Што ж будзе з радзімай і з намі?..

— Буду рэзкі, але ўзровень пачатковай, сярэдняй музычнай адукацыі ў Беларусі прыкметна знізіўся, — па дарозе да Раённага цэнтра культуры Квашэвіч падхапіў тэму Жыха. — Вышэйшая яшчэ трымаецца. На шчасце, такая “дэградацыя” амаль не закранула педагагічныя кадры. Але каго ім вучыць? І раней сапраўдныя таленты былі напералік, але трывалым было сярэдняе звяно выпускнікоў, а цяпер выкладчыкі не давучваюць, а дамучваюцца з тымі, хто ёсць. Няма нейкай унутранай канкурэнцыі сярод навучэнцаў. Хто вінаваты? Ніхто. Рэальнасць такая. Што рабіць? Ніхто не ведае. Значыць, зараз не час для музыкі ў такім разрэзе, у такім аб’ёме? Падобна на тое. Але што тады будзе заўтра з беларускай музыкай, беларускай культурай?..

У РЦК у гэты дзень праходзіла дабрачыннае мерапрыемства для інвалідаў — з канцэртам і салодкім сталом.

— Такія акцыі ў нас праводзяцца рэгулярна, калі якая-небудзь арганізацыя арандуе памяшканне і сваёй увагай хоць неяк прыхарошвае нялёгкае жыццё людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі або робіць святы для ветэранаў, — кажа дырэктар установы Галіна Крацёнак.

З білетнымi канцэртамі ідзе па-рознаму: народ збіраецца на іх хвалямі — то поўныя залы, то ніякай рэкламай публіка не прабіваецца. Але паглядзець на сваіх — калектывы цэнтра — гледачы прыходзяць з задавальненнем. Ці выгадны з фінансавага пункту гледжання РЦК такі ў чымсьці нефарматны выканаўца як Квашэвіч, Галіна Іванаўна сказаць не змагла. Усё ж такі ў Ігара Міхайлавіча як у артыста ёсць імя, будзь на яго месцы менш вядомы чалавек, з рэпертуарам не толькі масавым, слухач мог бы застацца і дома.

...Саўндчэк. Пасля яго Квашэвіч некалькі хвілін задрамаў ў артыстычнай на лавачцы, адключыўшыся ад быцця, — гэта пастаянны абрад выканаўцы, “наладка” на канцэрт. Адрэлаксаваўшы такім чынам і пераапрануўшыся ў адзін з двух узятых з сабой у Смаргонь сцэнічных касцюмаў, з адным з трох прыхопленых у горад акардэонаў, Ігар выйшаў на публіку...

Выступленне яго складалася з інструментальнага аддзялення, песеннага і зноў інструментальнага, кропкай у якім (і ў самой iмпрэзе, што працягнулася без антракту без малога дзве гадзіны) стала песня “Беларусь”. За выключэннем аднаго, усе астатнія творы выконваліся ў суправаджэнні плэйбэка — падшыўкі, што лаюць змагары чыстага мастацтва, але без якой цяпер цяжка сабе ўявіць аналагічныя канцэрты. У інструментальных частках пераважна гучалі сусветныя хіты — “Турэцкі марш”, “Бесамэ муча”, “Пырскі шампанскага”, “Кумпарсiта”, “Палёт чмяля”, “Рыа-Рыта”... У песеннай (пад “мінус”) — лірычныя кампазіцыі аўтарства Квашэвіча (ён, дарэчы, прызнае, што яго любоў да творчасці Юрыя Антонава ў нейкай меры адбіваецца на творчасці ўласнай). На патрыятычных песнях, прысвечаных тром славянскім дзяржавам, зала ўстала — любіць наш народ усялякае духапад’ёмнае, як і эстраднае, зрэшты, — адна дама на ўсю моц “адрывалася” ў праходзе пад нейкі са шлягераў у выкананні Ігара Міхайлавіча. Наогул, шчыра паклаўшы руку на клавір, пры ўсім маім спакойным і нават далікатным дачыненні да айчыннай сучаснай масавай песні, трэкі Квашэвіча цалкам вартыя жорсткіх ратацый у радыёэфіры і прайм-тайма на тэлебачанні, а далей ужо як пойдзе. Думаю, што трыста семдзесят чалавек (столькі было прададзена білетаў, кожны коштам у пяць рублёў, у зале на 500 месцаў) са мной пагадзіліся б, бо і песенныя рэчы Ігара ўспрымаліся з тым жа натхненнем, што і інструментальныя (на “Песеньцы пра добры настрой” гледачоў “захапіла” так, што яны заспявалі самі, хорам, пад воклічы акардэаніста “Смаргонь — чэмпіён!”).

Напэўна, былі б у Квашэвіча інструменты бутафорскія, ён, як гэта і належыць пры творчым экстазе, іх парваў бы — і сваім выступам, і прыёмам выканаўца застаўся задаволеным. А вось да апарата-абсталявання артыст прэтэнзіі (у інтэлігентнай форме) прад’явіў — штосьці часам “прастрэльвала” і гудзела ў маніторах. Цёзка-гукарэжысёр толькі канстатаваў відавочнае — абнавіць яго гаспадарку не замінала б.

...Cэлфi, аўтографы на кампактах і плакатах, кароткія шчырыя гутаркі ў фае. Яшчэ адзін горад “упаў” пад націскам гэтага таленавітага і прыгожага чалавека, што ўжо два гады жыве ў Германіі, павышаючы ў адной з навучальных устаноў той краіны свой прафесійны ўзровень. І што рвецца з яе на радзіму пры кожным зручным выпадку, каб дарыць сваё мастацтва і веды суайчыннікам…

На здымку: Ігар Квашэвіч з Дзянісам Кузьміным падчас майстар-класа ў Смаргоні.

Фота аўтара
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"