NaviBand: і песня з’явілася!

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Выхад у фінал “Еўрабачання” гурта NaviBand — нагода падтрымаць Ксенію Жук і Арцёма Лук’яненку сёння ўвечары, апавясціўшы сваіх сяброў з еўрапейскага кантынента пра гэтых талентаў з Беларусі! Напярэдадні ж згадаем фрагменты нядаўняга інтэрв’ю “К” з маладымі артыстамі, каб зразумець, чым яны “дыхаюць” па-за “Гісторыяй майго жыцця”. Дарэчы, тады нашы героі прызналіся: гэта была самая доўгая размова за ўсю гісторыю калектыву. Спадзяёмся, той рэкорд калегамі не ўзяты і дагэтуль.

/i/content/pi/cult/637/14157/1-2.jpg— Як вызначаеце жанр, у якім працуеце?

А.Л.: — Пра нас журналісты пішуць: індзі-фолк, поп-індзі, кантры.

К.Ж.: — Мы сапраўдныя індзі, індэпендэнт, незалежныя ні ад каго, самі па сабе. А фолк, поп ці рок — гэта ад песні залежыць. У нас ёсць кампазіцыя, якая сапраўдны фолк, — кавер на народную песню “Рэчанька”, а калі ўзяць песню на рускай мове “Наш мотив” — гэта поп.

— З аднаго боку вы — індзі, з іншага — вас пастаянна ўключаюць у афіцыйныя праграмы, канцэрты, адпаведна, з’яўляюцца тэлеэфіры…

А.Л.: — Нам падабаецца, што можам быць і там, і там.

К.Ж.: — Не ведаю, як здарылася, што нас ведаюць у Беларусі. Мы не ўнікальныя, песні з простымі тэкстамі, але ў іх ёсць настрой, пазітыў.

А.Л.: — Як не ўнікальныя?! Наша ўнікальнасць у магіі паміж мной i Ксюшай, у той атмасферы, якую мы ствараем, магчымасці пазначаць сябе як беларусаў, быць музычна свабоднымі. У прастаце, трох акордах, меладызме ды двух галасах, якія сплятаюцца ў гэтай гармоніі. А наша мэта — каб як мага больш людзей даведаліся пра нашу творчасць, пра Беларусь, нашу культуру ды мову. Гэта неверагоднае пачуццё патрыятызму і ёсць сапраўднае адчуванне любові да сваёй краіны, і яно, напэўна, для мяне як місія — каб беларуская мова, культура былі больш распаўсюджанымі.

— Як вы сябе ацэньваеце, скажам, па дзесяцібальнай шкале?

А.Л.: — Калі адэкватна падыходзіць, то я, мабыць, гурту восем балаў паставіў бы: за працу, за тое, што ствараем, бо ёсць да чаго імкнуцца.

— Нядаўна ў ток-шоу, пра беларускі шоу-бізнес абмяркоўвалася: каб стаць сапраўдным артыстам, трэба быць таленавітым, ці галоўнае — дасведчаны і прабіўны прадзюсар?..

А.Л.: — Мая класная кіраўніца казала: каб дасягнуць нейкіх вышынь, чалавеку неабходны адзін працэнт таленту і дзевяноста дзевяць — працы. I я гэтаксама лічу. Але нам патрэбен прадзюсар. Аднак значэнне гэтага слова забруджана часам. Нам патрэбен чалавек, які зразумее, падкажа моманты, якіх нам не хапае, зможа накіраваць, маючы сувязі, знаёмствы. Але гэта павінен быць той, каму блізкая па духу наша творчасць, з чыёй дапамогай зможам больш распаўсюдзіць яе. Ва ўсіх артыстаў, якія чаго-небудзь дасягнулі, былі людзі, якія з імі займаліся. Тыя ж музычныя прадзюсары, прафесіяналы. Дапусцім, у нас ёсць ідэя, ёсць песня і не хапае таго, хто прыйдзе і скажа, што куплет трэба прыбраць, а прыпеў пакінуць. Хто палепшыць песню з гледзішча ўласнага вопыту і працы.

— Сустракаліся з такім меркаваннем, што Navi — не вельмі цікавыя выканаўцы? І папулярныя вы таму, што, як той казаў, калі няма рыб — добры і грыб?

А.Л.: — Абгрунтаванняў гэтаму не чуем. Ёсць людзі, якія могуць сказаць, што мы “салодкія” ды таму падобнае — лухту, карацей. Гэта не так, у нашых песнях больш глыбокая філасофія. I я не згодзен, што ў сучаснай музыцы такое ўжо бязрыб’е: у Беларусі шмат талентаў.

К.Ж.: — Мне здаецца, пакаленне наватараў толькі пачынае расці.

— Згодныя з тым, што з’яўляецеся прадстаўнікамі трэнду, які сёння прынята называць “мяккай беларусізацыяй”?

А.Л.: — Мы ж і спявалі па-беларуску! Гэта зараз усе запар пачалі апранаць вышыванкі і спяваць на беларускай мове. Нават тыя артысты, якія і мовы добра не ведаюць. Зрэшты, гэта крута! Калі нас будуць называць “мяккімі прадстаўнікамі беларусізацыі” — няхай так і будзе, мы толькі рады!

— Ці ёсць спосабы ў прасоўванні сваёй творчасці, скажам так, у менеджменце, у піяры, якія для вас забароненыя?

А.Л.: — Навязванне, мулянне вока рэдактарам часопісаў, радыёстанцый альбо тэлебачання. Калі творчасць спадабаецца — нас паклічуць, запросяць на выступленне, на інтэрв’ю, папросяць кампазіцыю на радыёстанцыю. Прыдумваць штучны піяр, быць кан’юнктуршчыкамі — не пра Navi. Некалі нас папракалi, маўляў, вось, яны спецыяльна напісалі песню на беларускай мове, яны хочуць быць у трэндзе. Але людзі мабыць не ведалi, што першая песня, якая з’явілася ў нашай творчасці — беларускамоўная!

— Як вам у шоу-бізнесе?

К.Ж.: — Мы не імкнемся быць з усімі, мы стаім трохі асабняком.

А.Л.: — У iм шмат надуманага, ненатуральнага. Цяпер прыходзіць пакаленне артыстаў, іншая музыка, старыя схемы перастаюць працаваць. Мала апрануць вышыванку і праспяваць песню на беларускай мове, толькі ад гэтага залы поўнымі не стануць. Ды і не факт, што публіка паверыць такому выканаўцу. Нават, калі ўсё будзе вельмі прыгожа, усе ў беларускіх нацыянальных сімвалах, і ў песні будзе 56 разоў выкарыстана слова “Беларусь”, упэўнены, беларускі глядач, які добра разбіраецца ў тым, дзе штучнае, а дзе шчырае, не павернецца да такога артыста. Можна ж напісаць песню, у якой будзе распаведзена простая гісторыя пра каханне беларускіх хлопчыка і дзяўчынкі, і любові да радзімы ў ёй будзе не менш. Такі “схаваны” патрыятызм значна больш каштоўны.

— Ці плануеце ўдзельнічаць у адборы да “Еўрабачання”?

К.Ж.: — Думаем над гэтым. Ёсць меркаванне, што беларускія артысты, якія паўдзельнічалi ў адборы на “Еўрабачанне”, быццам спыняюцца ў сваім творчым развіцці. Таму ёсць страх, што калі мы трапім туды, усё спыніцца. Але, калі паедзем на конкурс, то толькі з беларускай мовай, каб пачулі еўрапейцы, як гучыць сучасная Беларусь.

А.Л.: — Мы казалі: калі ў нас з’явіцца песня, якую можна будзе прапанаваць на “Еўрабачанне”, паспрабуем на яго прабіцца. Такая песня з’явілася.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Поўная версія інтэрв'ю з гуртом — тут.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"