Пра ”Аркестр-шоу”, эка-рандэву і чырвоную тусоўку

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

На запыт ”Самы юны чытач?” інтэрнэт паслужліва адказаў: Раман Бадоі з Аранбурга. Яму паўтара года. А чытаць хлопчыка навучыла бабуля — колішняя выкладчыца пачатковых класаў. Адпаведнай інфармацыі па Беларусі камп’ютар не выдае. Вядома толькі, што далёка не кожны першакласнік мае хоць які чытацкі досвед, бо не кожнаму, відаць, шанцуе з руплівай бабуляй. Такі вучань, як падаецца, не надта паспяшаецца стаць рэгулярным наведвальнікам бібліятэкі. А шкада.

/i/content/pi/cult/636/14153/11-1.jpgПачнём з навін сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі — Бабруйска. У тэатры імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча рэалізаваны праект ”Аркестр-шоу”. Дзве школы мастацтваў горада — імя Яўгена Цікоцкага ды імя Уладзіміра Алоўнікава прэзентавалі пяць аркестраў, якія маюць у рэпертуары і класіку, і сучасныя творы. Пра гэта распавяла настаўнік тэарэтычных дысцыплін ДШМ № 1 імя Яўгена Цікоцкага Марына Богуш… Загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Чорная піша пра тое, што праект ”Нараджэнне двух сэрцаў” рэалізуецца з 1998 года. Творчыя конкурсы блізнят і двайняшак сталі традыцыйнымі. Вось і днямі прайшло шоу ”Я+Я”… Пра вечар памяці ”Родных песнь пералівы”, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння заслужанага работніка культуры БССР Віктара Балаханава, паведамляе метадыст таго ж Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсянікава. За час сваёй дзейнасці Віктар Яўстаф’евіч стварыў тры народныя і некалькі харавых калектываў. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — хор народнай песні Палаца мастацтваў сёлетняй культурнай сталіцы краіны носіць імя Віктара Балаханава.

5 — 6 мая ў Мінску ладзіцца харавое свята ”Спявай, мая сталіца!” Харавыя калектывы і аркестры, якія ў свой час сталі лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выступілі ў Белдзяржфілармоніі, а сёння ў гандлёвым цэнтры ”Сталіца” праходзіць канцэрт-фестываль дзіцячых фальклорных калектываў Мінска.

Бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі Ганна Керэль напісала пра маленькі юбілей вялікага горада. Справа ў тым, што статус горада прысвоены былому пасёлку ў 2012-м. Пяцігоддзе Астраўца ў новым статусе ў дзіцячай бібліятэцы адзначылі вучні малодшых класаў сярэдняй школы № 1. Кожны атрымаў кніжныя закладкі з выявамі гарадскіх пейзажаў.

Кіраўнік гуртка Мазалаўскага СДК (Віцебскі раён) Андрэй Струнчанка распавядае, што ва ўстанове адбылася творчая сустрэча народнага жаночага клуба ”Залаты ўзрост” і суседзяў — членаў клуба аматараў песні ”Сузор’е” Капцянскага сельскага дома культуры. ”У аграгарадку Тулава, што ў Віцебскім раёне, — працягвае Андрэй Струнчанка, — у трэці раз прайшоў адкрыты конкурс харэаграфічнага мастацтва, прысвечаны Міжнароднаму дню танца. Майстэрства прадэманстравалі 200 удзельнікаў з 26 творчых калектываў раёна і Віцебска”.

3 мая ў Ждановічах аднавіў працу філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ”Музей-дача Васіля Быкава”. Новы сезон пачаўся выставай ”Усе мы родам з дзяцінства”.

Семінар ”Духоўна-асветніцкая работа публічных бібліятэк у праваслаўных традыцыях” адбыўся ў Лідскай гарадской бібліятэцы-філіяле № 4. Пра гэта паведаміла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч. 42 прадстаўнікі публічных і прыходскіх устаноў абмеркавалі каардынацыю дзейнасці бібліятэк у справе духоўнай асветы і патрыятычнага выхавання асобы.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Зэльвенскай райбібліятэкі Вольга Камякевіч распавядае: ”Наш аддзел распрацаваў міні-праект ”Эка-дыліжанс”. Бібліятэкары раёна разам са школьнікамі ініцыявалі рэйды ”Мая вёска — не сметнік”. У Каралінскай, Елкаўскай, Славацінскай сельскіх бібліятэках прайшлі экалагічныя рандэву, конкурсы знаўцаў прыроды, гідралагічныя падарожжы”.

26 — 28 мая ў Дзятлаве плануецца ІІ Фестываль-карнавал роставых лялек і гульнявых праграм.

У актавай зале дамавога храма пры Маскоўскім дзяржуніверсітэце прайшоў дзіцячы фестываль званароў. Сабралося 40 юных майстроў з краін СНД. Аршанец Кірыл Мартынаў, які стаў лаўрэатам, мастацтву званарства навучаецца ў Віцебску пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, куды ездзіць штотыднёва. Пра гэта напісала настаўніца ДШМ № 1 Оршы Алена Асіноўская.

Работнікі культуры аграгарадка Елка, што на Зэльвеншчыне, зладзілі літаратурна-музычнае свята ў гонар святых жонак-міраносіц ”Ціхі подзвіг кахання”. Паведаміла пра тое загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага РЦК Алена Ламека.

Па словах супрацоўніцы Бераставіцкай райбібліятэкі Алены Огер, там распачалася раённая акцыя ”Кнігі — лепшыя сябры маёй душы” з выязнымі тэатралізацыямі.

5 мая ў вёсцы Ахонава (Бераставіцкі раён) адбыўся традыцыйны абрад ”Юр’я”, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. А 27 мая аграгарадок Дварэц запрашае на Свята льну.

На базе Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага прайшоў міжнародны форум Творчых майстэрняў Маладзёжнага аддзялення Саюза кампазітараў Расіі. У ім прынялі ўдзел творцы з краін Садружнасці.

Старшы навуковы супрацоўнік Слаўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Вера Стасенка паведамляе, што ва ўстанове дзейнічае экспазіцыя ”Жыццё пасля Чарнобыля”. Тут карпатліва сабраны звесткі і пра ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, якія нарадзіліся на Слаўгарадчыне.

Пра бібліятусоўку ў чырвоным стылі распавядае супрацоўнік Асавецкай сельскай бібліятэкі Мазырскага раёна Людміла Крупа. Чытачы прыйшлі ў адзенні, у якім пераважае чырвоны колер. Была аформлена ”чырвоная” кніжная выстава. І ўражанне ад мерапрыемства, як пераконвае аўтар, было яскравае — ”чырвонае”.

14 мая ў аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна пройдзе III Адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных тэатраў ”Чароўны свет батлейкі”. У ім прымуць удзел і калектывы з Віцебшчыны ды Міншчыны, Мінска. Пра гэта напісала вядучы метадыст Смаргонскага раённага цэнтра культуры Наталля Юркевіч.

Інфармацыя ад бібліятэкара аддзела абслугоўвання Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Кацярыны Лясун. У сярэдняй школе № 3 бібліятэка арганізавала сустрэчу з навуковым супрацоўнікам Музея Максіма Багдановіча Міхаілам Бараноўскім — паэтам і салістам гурта ”Нельга забыць”.

У Лідзе прайшоў Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячай аматарскай харэаграфіі ”Крышталёвы туфлік”.

На 14 мая запланаваны гарадскі квэст ”Віцебск у асобах: след у гісторыі”. Маршрутную карту трэба набыць у касе Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

У рамках праекта ”Літаратурнае падарожжа” адбылася вандроўка Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры па Мёршчыне з наведваннем школы № 3. Школьнікі згадаюць Язэпа Драздовіча, Вацлава Ластоўскага, Генрыха Дмахоўскага, Генадзя Цітовіча, Сяргея Панізніка, Франца Сіўко і іншых, на чые імёны славутая Мёршчына. Пра гэта паведаміла куратар праекта Лідзія Шагойка.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"