Калі Паліна — самая галоўная

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Случчына: малады спецыяліст + інавацыйныя тэхналогіі
Даўно мы не былі ў Слуцкім раёне. А дарэмна. Менавіта тут у свой час былі дасягнутыя ці не першыя ў краіне пераканаўчыя вынікі ў аказанні платных паслуг, у наладжванні маладзёжнага адпачынку і дыскатэчнага руху. Карацей, едзем у край слуцкіх паясоў ды працавітых людзей.

/i/content/pi/cult/636/14152/10-1.jpgНе адно слівы вялікія

У вёсцы Ісерна кіраўніца клуба знаходзілася ў адпачынку. Але на пэўны час давялося тут затрымацца. Карцела даведацца, чый бюст усталяваны на высокім пастаменце ля ўстановы культуры. Абліччам невядомы выдаваў нібыта на Францішка Багушэвіча. Подпісу не было, людзей на вуліцы — таксама. Мы, трохі расчараваныя адсутнасцю адказаў на пытанне, меліся скіравацца напрасткі на Слуцк. Праз час у Вялікай Сліве (летам сюды трэба ехаць, летам!) пабачылі з дарогі будынак, “уганараваны” бардовай шыльдай і падобны да ўстановы культуры. Журналісцкі інстынкт змусіў рэзка затармазіць.

Дзверы Вялікасліўскай бібліятэкі-клуба аказаліся адчыненымі, а ў самой установе віравала жыццё: мясцовыя школьнікі, вызначыўшыся са сваім кніжным выбарам, стаялі ў чарзе па афармленне фармуляраў. Тут, аказваецца, не толькі слівы вялікія, але і чытацкае кола. А кіруе гэтым вірам Алена Самусевіч. Апрача кніг, разлічаных на іх узрост, у руках дзяцей заўважылі і перыёдыку — аказалася, узялі пачытаць для бацькоў.

Установа ў фармаце бібліятэкі-клуба працуе ўжо некалькі гадоў. Скаргаў на паступленні новай літаратуры ў загадчыцы няма — маецца падпіска і на шэраг запатрабаваных мясцовымі жыхарамі газет і часопісаў, сярод якіх і наша “Культура”.

Тое, што чытача тут цэняць і заахвочваюць да чытання, стала зразумела з інфармацыі на стэндзе, дзе сярод іншага на “візітоўцы” ўстановы адлюстраваны вынікі конкурсу “Суперчытач-2016 года” і “Самая чытаючая сям’я”. У першай намінацыі сярод трох соцень запісаных у бібліятэцы мясцовых жыхароў (да слова, бібліятэчны фармуляр мае тут кожны другі) перамагла Наталля Чыжык, у другой — сям’я Івана Бурака. Якасны маркетынгавы падыход да справы!

Апрача падбору літаратуры і ўласна кнігавыдачы не забываюцца ў бібліятэцы на краязнаўчую працу (мы пазнаёміліся з летапісам вёскі) і на славутых землякоў, сярод якіх ёсць і пісьменнікі.

Здавалася б, у жыхароў Вялікай Слівы будзе вялікая ахвота і да займальнай беларускай літаратуры на роднай мове. Але, на жаль, вялікай цікавасці не назіраецца. Ці не агульная для ўсёй Беларусі бібліятэчная недапрацоўка: сярод мноства мерапрыемстваў, пазначаных у плане на сакавік бягучага года, не пабачылі выразна накіраваных на папулярызацыю роднага мастацкага слова. А з улікам таго, што ўстанова мае статус бібліятэкі і адначасова клуба, уяўляецца лагічным правядзенне літаратурна-забаўляльных святаў, конкурсаў і сустрэч. Спадзяёмся, што ўлетку-ўвосень тут будзе багата цікавостак, пасля якіх будуць выстройвацца чэргі ахвотных па кнігу на роднай мове.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

У мяне тут прэтэнзіі да нашых пісьменнікаў. У любым палацы культуры ці СДК мы пастаянна бачым пярэстыя афішы эстрадных зорак, што тут выступалі ці толькі плануюць гэта ажыццявіць. А вось афіш з анонсамі літаратурных вечарын з нагоды прыезду сталічнага пісьменніка (і не толькі земляка!) мы не бачылі ніколі! Ці ж справядліва? Пісьменнік (калі ён пісьменнік) таксама павінен збіраць залы. І не толькі знаёміць са сваімі творамі ці планамі, але і адказваць на пытанні, прапагандаваць родную мову ды нацыянальную культуру. Глядзіш, попыт на беларускамоўную кнігу і павялічыўся б. Дый літаратару не пашкодзіць час ад часу вяртацца ў народ. Больш сэнсу ў творах будзе, а чытачоў — у бібліятэках.

Фінансавая сімфонія

У Слуцку мы пагутарылі з загадчыкам сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аленай Камоцкай. Цяпер у раёне актуальным застаецца пытанне стварэння комплексных устаноў культуры. Найперш, каб зберагчы сельскія бібліятэкі ад аб’яднання са школьнымі. Прыкладам, у выглядзе Цэнтра культуры, які ўключаў бы ў сябе СДК, бібліятэку, музычную школу пад кіраўніцтвам аднаго чалавека. Такое ўжо праходзілі ў 1980-х, калі пашыранымі былі шматгаліновыя культурна-спартыўныя ўстановы. Усё ідзе да таго, каб скарыстацца тым досведам. Як кажа спадарыня Камоцкая, усё ў жыцці рушыць па спіралі. Але гэта толькі частковае вырашэнне праблемы. Сапраўды, якая карысць ад бібліятэкі, калі яе фонды састарэлыя і не папаўняюцца?

Пакуль жа ў раёне чарговы раз сістэма культуры зазнала сваю рэарганізацыю: цяпер тут 16 устаноў са статусам юрыдычнай асобы, сярод іх — 9 музычных школ, аўтаклуб, музей, бібліятэка з філіяламі...

Ганарацца ў раёне і адносна новай установай — у Казловічах адкрылі Цэнтр традыцыйнай культуры на базе колішняга дома афіцэраў. А літаральна ў маі ў ім будзе працаваць “Беларуская хатка” — адмысловая атракцыя для шлюбных дзей з аўтэнтычнымі мясцовымі абрадамі. Там жа актыўна дзейнічае рыцарскі клуб “Срэбраны пегас”, які таксама прыносіць канкрэтны ўнёсак у агульную скарбонку плана па аказанні платных паслуг.

Усяго ж за мінулы год сфера культуры Случчыны зарабіла блізу 300 тысяч дэнамінаваных рублёў — адзін з лепшых паказчыкаў па вобласці. Раней лідзіравалі за кошт маладзёжнага цэнтра, дыскатэк  — цяпер гэта тэма згубіла колішнюю запатрабаванасць. І галоўную партыю ў “фінансавай сімфоніі” адыгрывае Раённы цэнтр народнай творчасці, які рэалізоўвае па 6 — 8 вялікіх праектаў за год. Такіх, скажам, як “Супербабуля”. Пры гэтым задзейнічаны ўсе СДК і сельскія клубы — у іх праходзяць занальныя этапы конкурсу. Так званы “куставы” прынцып прыцягвае максімум публікі.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Падчас нашых аўтатураўскіх камандзіровак перад установамі культуры часцяком бачым самыя розныя скульптурныя “изваяния”. Былі сярод гэтых персанажаў Чапаеў, Фрунзэ і Сталін. Не кажучы пра шматлікіх Леніных. Каля клуба-бібліятэкі ў Ісерне заўважылі яшчэ аднаго міфічнага персанажа, вось толькі вызначыць, хто гэта, так і не змаглі. Не дапамаглі ні супрацоўнікі ўстаноў культуры Случчыны, ні эксперты ў сацыяльных сетках, куды “закінулі” выяву. Вылучалі нават версіі, што, маўляў, “дык гэта ж твой вобраз”.

Але я пра іншае. Чаму б не выкарыстаць савецкую скульптурную спадчыну з сэнсам: чаму не рабіць квэсты, конкурсы, экскурсіі? Пры добрым падыходзе з’явіліся б і зацікаўленыя турысты.

“24 гадзін не стае!”

Цяпер — пра галоўнае і галоўную. У падзагалоўку нашага сённяшняга артыкула можна не плюс ставіць, а знак роўнасці. Малады спецыяліст — гэта ўжо па вызначэнні носьбіт і знаўца інавацыйных тэхналогій. У нашым выпадку малады спецыяліст — Паліна Панамарова, пра якую “К” пісала яшчэ напярэдадні размеркавання культуролага і спецыяліста менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці, які толькі што скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. А размеркавалі Паліну ў аграгарадок Гацук, што на Случчыне. І не культуролагам (пакуль няма такіх пасад у штатным раскладзе), а дырэктарам СДК. Там мы з 24-гадовай дзяўчынай і пазнаёміліся.

Але спачатку пункцірам пра пэўныя акалічнасці, што характарызуюць асобу. У кабінеце Паліны — безліч моладзі і падлеткаў. У рабочай шафе напагатове — дапаможнік “Тэхналогіі культурна-дасугавай дзейнасці”, які мы працяглы час цытавалі пад рубрыкай “Бібліятэка “Лабараторыі”. На сцяне ж — вялікі папяровы плакат-сэрца, на якім — імёны і прозвішчы жыхароў Гацука з пазнакай узросту кожнага.

Паўтара года таму малады спецыяліст родам з расійскай Самары пачала сваю працу ў Гацуку са знаёмства з жыхарамі, маладымі і не вельмі. Выкарыстанне маркетынгу без ведання соцыуму — немагчымае. А потым ужо для мэтавай аўдыторыі пры падтрымцы сваіх вясковых равеснікаў і колішняга кіраўніка СДК Івана Нікіціна Паліна пачала ладзіць анімацыі, арт-тэрапіі, квэсты, івэнт-праекты (хто забыўся на сутнасць тэрмінаў, перачытайце матэрыялы ”К” пад рубрыкай ”Лабараторыя”). Працавала, словам, так, як у ВНУ вучылі. Моладзь цяпер з СДК літаральна не выходзіць. Паліна распрацавала шэсць заданняў-гульняў, якімі можна заняць публіку да пачатку працы гурткоў і клубных фарміраванняў. Мы не будзем пераказваць змест усіх гэтых акцый: і газетнай плошчы шкада, і аўтарскі крэатыў ”рассакрэчваць” на ўсю краіну не хочацца. А пра тое, што ім ужо зацікавіліся ў раёне, сведчыць той факт, што літаральна днямі ў Гацуку працаваў абласны семінар культработнікаў па абагульненні досведу працы з моладдзю. Паўторымся: дзяўчыне 24 гады. ”Скарга ў мяне адна, — кажа яна. — Не хапае гадзін у сутках!” Нічым не можам дапамагчы, шаноўная Паліна. У гэтым, напэўна, і сутнасць шчасця, калі і 24 гадзін пастаянна не стае, каб штосьці давесці ў працы сабе ды іншым.

Жыве Паліна на здымнай кватэры. Аплачвае толькі камуналку. Дапамагла з жытлом адна з сябровак. Тэрмін адпрацоўкі заканчваецца ў жніўні. Яна прызнаецца, што зразумела цяпер, што ў мясцовай культуры — яна на сёння галоўная. Так, вельмі хоча з’ездзіць у Самару, бо даўно не бачыла бацькоў. Вернецца? Не ведаем. Вельмі хацелася б, каб вярнулася. І не толькі нам.

Пра што марыць гэты чалавек, для якога наша нацыянальная культура стала роднай (разам з Іванам Нікіціным яна стварыла днямі вакальны гурт, які выконвае і фальклор)? Пра тое, каб Гацук займеў свой сталы брэнд: ”Урэшце, час ужо разабрацца, а хто такі Гацук. Мо за гэтай постаццю — штосьці брэндавае?” Пра тое, каб правесці такое свята вёскі, якое не было б падобным на папярэднія. Дай Бог, каб гэтыя жаданні ажыццявіліся.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Наша цвёрдае перакананне: такіх Палін нашай рэгіянальнай культуры не стае хранічна. І ўтрымаць яе на першым рабочым месцы трэба любымі раённымі (дый абласнымі) сіламі. У адваротным выпадку загібеюць нашы аграгарадкі, апусцеюць клубы ды бібліятэкі. Свежая кроў — свежыя ідэі. Свежыя ідэі — нясумнае вясковае жыццё. Мы абавязкова працягнем гаворку пра далейшы лёс работніка культуры Паліны Панамаровай.

Мінск — Глускі раён Магілёўскай вобласці — Любанскі і Слуцкі раёны Мінскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"