“Збірайце і захоўвайце для гісторыі”

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Як рабілі першы крок да стварэння музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
Улетку 1942 года, калі фашысцкія полчышчы рваліся да Сталінграда, а савецкія войскі вялі кровапралітныя абарончыя баі, у Маскве Цэнтральны Камітэт КП(б)Б прымае рашэнне аб стварэнні Камісіі па гісторыі Айчыннай вайны для збору, сістэматызацыі, захоўвання і прапаганды дакументаў па гісторыі вайны. Узначаліў Камісію сакратар ЦК КП(б)Б Цімафей Гарбуноў. У склад яе ўвайшлі гісторык Іван Краўчанка, намеснік начальніка Беларускага штаба партызанскага руху Іван Крупеня, пісьменнік Міхась Лынькоў, сакратар ЦК КП(б)Б Уладзімір Малін, сакратар ЦК ЛКСМБ Сяргей Прытыцкі, начальнік упраўлення культпрасветустаноў СНК БССР Еўдакія Уралава. Непасрэдную работу па зборы матэрыялаў вялі навуковыя супрацоўнікі пад кіраўніцтвам адказнага сакратара Камісіі Васіля Стальнова, у далейшым першага дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/636/14142/14-1.jpgСупрацоўнікі Камісіі запісвалі расповеды арганізатараў партызанскага руху, падполля, збіралі дакументы пра подзвігі воінаў-беларусаў на франтах, пра першых Герояў Савецкага Саюза, пра гераізм працоўных людзей, эвакуіраваныя прамысловыя прадпрыемствы, навуковыя ўстановы, установы культуры. Дакументы і матэрыялы паступалі ў Камісію з ЦК КП(б)Б, штаба партызанскага руху, падпольных райкамаў і абкамаў, штабоў партызанскіх брыгад і непасрэдна ад саміх удзельнікаў народнага змагання.

Ва ўсе партызанскія брыгады і атрады, якія дзейнічалі асобна, былі накіраваны лісты аб неабходнасці збору і захавання матэрыялаў па гісторыі партызанскай барацьбы, пра зверствы фашыстаў на акупаванай тэрыторыі. Вось пра што пісаў у дырэктыўным лісце да камандзіраў брыгад і атрадаў камандзір Палескага партызанскага злучэння Іван Скалабан: “У мэтах назапашвання для гісторыі дакументаў, якія адлюстроўваюць развіццё партызанскага руху ў Беларусі, збірайце іх і адсылайце ў штаб злучэння. Пры немагчымасці адпраўкі ў штаб, захоўвайце на месцы, закопвайце пазначаныя матэрыялы ў накрытыя мясціны для вымання іх па вызваленні раёнаў ад акупантаў. Захоўвайце таксама ўсе салдацкія кніжкі і іншыя дакументы, канфіскаваныя ў немцаў, тыя, што не ўяўляюць у дадзены момант асаблівай каштоўнасці”. На жаль, праз некалькі дзён пасля падпісання гэтага гістарычнага дакумента Іван Скалабан гераічна загінуў у баі супраць нямецкіх карнікаў.

Больш за ўсё Камісіяй сабрана дакументальных матэрыялаў. Гэта, перш за ўсё, выданні падпольных райкамаў і абкамаў КП(б)Б у выглядзе газет, лістовак, брашур, заклікаў і зваротаў, партызанскіх рукапісных часопісаў, баявых лісткоў і сценных газет, выданняў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, а таксама дакументаў нямецкіх акупацыйных улад.

18 ліпеня 1943 года Камісія прыняла ад сакратара Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б А.Кляшчова сем экзэмпляраў газеты “Палеская праўда”. У снежні 1943 года Рудзенскі падпольны райкам КП(б)Б накіраваў у Камісію некалькі вершаў, напісаных партызанскім паэтам А.І.Пятровічам. 30 жніўня ад Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б паступіла калекцыя лістовак, надрукаваных у друкарні 37-й партызанскай брыгады імя Пархоменкі, якая дзейнічала ў Старобінскім і Любанскім раёнах.

У Камісію паступала шмат нямецкай прапагандысцка-агітацыйнай літаратуры. Так, 14 і 25 верасня 1943 года камандаванне партызанскай брыгады імя Суворава Вілейскай вобласці накіравала нямецкія дакументы, захопленыя партызанамі пры разгроме варожага гарнізона ў Пліскім раёне (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Сярод іх: нумары газеты “Мінск-цайтунг”, “Голас вёскі”, “Беларуская газэта”; часопіс “Новы шлях”, агітацыйныя плакаты і гэтак далей.

Падобную калекцыю дакументаў Камісія атрымала ў маі 1944 года і ад 1-й партызанскай брыгады імя Заслонава Віцебскай вобласці. Некаторыя выданні зараз з’яўляюцца музейнай рэдкасцю. У пераліку значацца газеты “Беларускае слова”, “Руль”, часопісы “Наша армія”, “Біч”, брашура “Вытрымкі з дзённіка камандзіра партызанскай брыгады”, “Кніга для сялян”, “10 за аднаго”, лістоўкі “Вось каго абараняе савецкі баец”, “Ушанаванне герояў”, “Што чакае вас, “партызан” і іншыя.

Значна менш Камісіяй сабрана прадметаў рэчавага характару: зброі, прадметаў побыту партызан, твораў мастацтва, узнагарод і гэтак далей. Прывядзём асобныя прыклады паступленняў названых прадметаў.

10 чэрвеня 1943 года партызанская брыгада “Буравеснік” правяла аперацыю па разгроме варожай аўтакалоны, якая рухалася ў кірунку да фронту па аўтамагістралі Мінск — Слуцк. У выніку бою партызаны не толькі знішчылі аўтамашыны, але і захапілі шмат трафеяў. Сярод іх аказаўся мяшок нямецкіх узнагарод і аўтамат, які належаў забітаму ў гэтай засадзе мінскаму ваеннаму камісару Эрангейтару. У хуткім часе трафеі былі дасланы самалётам у Маскву і сталі здабыткам Камісіі па гісторыі вайны.

Месяцам раней партызан брыгады “За Радзіму” імя Флягонтава, якая дзейнічала ў Чэрвеньскім і Пухавіцкім раёнах, прафесійны мастак Леанід Бойка накіраваў у Камісію пасылку з малюнкамі, напісанымі ім у тыле ворага. У суправаджальным лісце ён паведамляў: “Нягледзячы на цяжкія ўмовы, усе малюнкі і партрэты зроблены з натуры, праўдзіва і дакладна перадаюць асобныя моманты з нашага партызанскага жыцця. Некаторыя малюнкі, па Вашым разглядзе, могуць быць выкарыстаны ў друку “Савецкай Беларусі”, “Камсамольскай праўды” ці ў часопісах, а таксама ў аддзеле партызанскага руху музея Вялікай Айчыннай вайны”.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца і другі ліст Бойкі, у якім ён паведамляў аб перасылцы яшчэ дзесяці малюнкаў, якія просіць перадаць у музей. У заключэнні ліста партызан-мастак абяцае: “У далейшым, калі будзе магчымасць, я дашлю Вам яшчэ малюнкі з партызанскага побыту, баявых эпізодаў, а таксама замалёўкі вынікаў устанаўлення “новага парадку” нямецкіх акупантаў”. Па ўсёй верагоднасці, такой магчымасці ў бліжэйшы час не аказалася. Па распараджэнні БШПР брыгада “За Радзіму” 19 верасня — 14 снежня 1943 года ажыццявіла цяжкі рэйд з Чэрвеньскага раёна ў Маларыцкі і ўвайшла ў склад партызанскага злучэння Брэсцкай вобласці.

І тым не менш, у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца дастаткова вялікая калекцыя малюнкаў Леаніда Бойкі. Каб выканаць 74-гадовай даўніны просьбу мастака, застаецца толькі перадаць гэтыя рэліквіі па прызначэнні — Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Дарэчы, у архіве да гэтага часу захоўваюцца мастацкія творы і іншых мастакоў-партызан: Генрыха Бржазоўскага, Мікалая Гуціева, Мікалая Абрыньбы, Уладзіміра Сухаверхава, Сяргея Раманава і іншых.

5 студзеня 1944 года начальнік штаба ваенна-аператыўнай групы Магілёўскай вобласці Іван Буланаў перадаў у Камісію па гісторыі Айчыннай вайны самаробны аўтамат, выраблены ў зброевай майстэрні 1-га партызанскага атрада брыгады “Чэкіст”. На бакавой сценцы аўтамата выгравіраваны надпіс “Сакратару ЦК КП(б)Б Т.Панамарэнка да 25-годдзя БССР”. Цяпер гэты ўнікальны твор экспануецца ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Дакументы архіва паведамляюць яшчэ пра адно ўнікальнае паступленне. 5 жніўня 1943 года ў ЦК КП(б)Б з партызанскага атрада імя Варашылава дастаўлены сцяг лёгкага артылерыйскага палка 8-й стралковай дывізіі імя Дзяржынскага. На суправаджальным лісце маецца рэзалюцыя сакратара ЦК КП(б)Б, старшыні Камісіі па гісторыі Айчыннай вайны Цімафея Гарбунова, адрасаваная адказнаму сакратару камісіі Васілю Стальнову: “Пакладзіце гэты сцяг у чамадан і захоўвайце. Складзіце вопіс з пазнакай, адкуль атрымана і як”. Выратаваны сцяг палка сёння таксама знаходзіцца ў музеі.

У кастрычніку 1942 года да 25-годдзя Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі Камісіяй па гісторыі Айчыннай вайны падрыхтавана выстава “Белоруссия живёт, Белоруссия борется, Белоруссия была и будет советской”, якая экспанавалася ў трох залах Гістарычнага музея на Чырвонай плошчы ў Маскве. Гэта выстава і з’явілася падставай для створанага ў гэты час Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Намаганнямі Камісіі праведзены тры мітынгі прадстаўнікоў беларускага народа: 1-шы — 18 студзеня 1942 года ў Казані, 2-гі і 3-ці 27 верасня 1942 года і 25 ліпеня 1943 года ў Маскве. На мітынгах выступалі дзяржаўныя дзеячы Беларусі, франтавікі і партызаны, рабочыя і сяляне, навукоўцы, беларускія пісьменнікі і паэты, дзеячы культуры і мастацтва. Ва ўсіх выступленнях гучала ўпэўненасць у перамозе над ворагам і імкненне да бязлітаснай барацьбы з нямецкімі акупантамі. У сваім выступленні на мітынгу 18 студзеня 1942 года Народны паэт Беларусі Янка Купала асабіста агучыў напісаны ім 19 верасня 1941 года верш “Беларускім партызанам”.

За перыяд свайго існавання Камісія па гісторыі Айчыннай вайны пры ЦК КП(б)Б сабрала больш за 20 тысяч дакументаў і фатаграфій, большасць якіх і сёння захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь і Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Генадзь БАРКУН, гісторык