“Апошні довад” — іншы…

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Выстава “Ultima Ratio Regnum”, якая адкрылася 21 красавіка ў Мірскім замку, уражвае перадусім сваёй грунтоўнасцю. Падавалася б, музейшчыкі сёння заклапочаныя найперш прыцягненнем наведвальнікаў ды павелічэннем пазабюджэтных даходаў. Ды, на шчасце, далёка не ўсе пагаджаюцца з гэтай рэдуцыраванай функцыяй, замахваючыся на асэнсаванне значных для гісторыі нашай краіны падзей. Менавіта такі падыход — а зусім не каштоўныя экспанаты — варта назваць галоўнай адметнасцю маштабнага праекта, запачаткаванага былой дырэктаркай “Мірскага замка” Вольгай Папко і даведзенага да лагічнага завяршэння яе наступнікам Аляксандрам Лойкам. Хаця экспанаты былі сабраныя ажно з трох розных музеяў: шведскага Гісторыі арміі, Рэгіянальнага музея Біржайскага края “Сэла” і нашага Нацыянальнага гістарычнага.

/i/content/pi/cult/635/14130/2-2.jpgУласна, выставачны праект уключае не толькі чатыры невялікія залы, але і шыкоўны, добра ілюстраваны фаліянт, які наўрад ці можна назваць звыклым каталогам — не толькі паводле аб’ёму (паўтысячы старонак!), але і паводле ўзроўню падачы матэрыялу. Ролю беларускіх земляў у дзвюх датычных да нас Паўночных войнах гісторыкам яшчэ належыць асэнсаваць — не кажучы пра грамадства. Задача, адзначым, не з простых: як і падчас іншых глабальных еўрапейскіх канфліктаў, беларускае грамадства тады падзялілася на розныя лагеры, а сама тэрыторыя стала тэатрам баявых дзеянняў — з усімі наступствамі.

Навуковыя куратары выставы — маладыя гісторыкі Мікола Волкаў і Кірыл Карлюк — без сумневу, зрабілі ў гэтую справу важкі ўнёсак. Прычым тыя падзеі іх цікавілі ў самых розных аспектах, і ў кнізе адлюстравана не толькі храналогія баявых дзеянняў, але і гісторыя тэхналогій, паўсядзённасць, уплыў на ход падзей рэлігіі і культуры... Пры аналізе ўлічваўся саслоўны фактар, актуальны для той эпохі, бо погляд на гістарычныя падзеі простых сялян, натуральна, зусім іншы, чым тых, хто гэтыя падзеі вяршылі, выкарыстоўваючы “апошнія довады”.

Менавіта гэты фразеалагізм, які раней выводзіўся на гарматах, і стаў назвай выставы. І таму прэзентацыя на адкрыцці новага музейнага атракцыёна  — сапраўднай гарматы, якая сапраўды страляе, — стала ўдалай рэжысёрскай знаходкай. Як паабяцаў Аляксандр Лойка, страляць яна адгэтуль будзе ў замку рэгулярна.

Варта адзначыць, што цесныя памяшканні адной з замкавых вежаў — гэта не надта спрыяльная прастора для размяшчэння экспазіцыі. Тым не менш архітэктура была выкарыстана належна. Ідучы пакручастымі сходамі наверх, наведвальнік трапляе ў апартаменты знаці, для якой вайна была чымсьці кшталту экстрэмальнага турызму. А вось спусціўшыся ў сутарэнні, можна ўявіць, чым дыхалі ў той самы час шараговыя жаўнеры.

Урэшце, даследчыку фартыфікацыі Міколу Волкаву ўдалося тонка і ненавязліва “прывязаць” выставу да месца яе правядзення. Цудоўным экспанатам in situ сталі выяўленыя ў вежы нішы. Цалкам верагодна, што падчас тых войнаў у іх былі схованкі — прычым мясцовы люд мусіў хаваць не толькі золата-брыльянты, але і звычайнае зерне для сяўбы. Як патлумачыў даследчык, калі падчас першай Паўночнай вайны (1655—1660) замак яшчэ выконваў абарончую функцыю, дык падчас другой, усяго праз паўстагоддзя, ён пераўтварыўся ўжо выключна ў рэспектабельную рэзідэнцыю, дзе ладзіліся несканчальныя балі. У прынцыпе, падобную трансфармацыю за гэты час спазнала і ўся дзяржава Рэч Паспалітая.

Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны трафеям, вывезеным шведамі ў ваенныя гады з нашых земляў і хаця б часова вернутым дзякуючы музейнаму супрацоўніцтву. Гэта сімвалічна: як адзначыў на адкрыцці выставы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг, супольны праект сведчыць пра тое, што адносіны паміж нашымі краінамі сёння развіваюцца зусім у іншым ключы, чым тое было “за дзедам шведам”  — як у нас і дасюль гавораць менавіта з нагоды тых войнаў.

 

На здымку: фрагмент экспазіцыі.

Фота прадастаўлена музеем