Арцель шчасця

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Тыя, хто сочаць за выставамі творчай суполкі “Арцель” Беларускага саюза мастакоў, не маглі не заўважыць: звычайна яны маюць прэтэнцыёзныя, філасафічна шматсэнсоўныя назвы. Вось і зараз сваю экспазіцыю ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў сябры суполкі назвалі “Шчасце”. Разам з выставай у сценах цэнтра прайшла прэзентацыя кнігі лідара аб'яднання Рыгора Несцерава.

/i/content/pi/cult/635/14120/9-2.jpgСуполка складаецца з прафесіяналаў, якія даўно знайшлі ў мастацтве свае тэмы, вызначыліся са стылістыкаю і вобразным ладам. І пад які інтэграл іх ні ўплішчвай, усё адно кожны з іх будзе казаць пра сваё — што набалела, што цікавіць, што падаецца надзённым. Некаторыя творы ўжо прайшлі свайго роду апрабацыю на персанальных выставах, іншыя прадстаўлены грамадзе ўпершыню.

Як на маю думку, згаданая суполка ўяўляе добра збалансаваную творчую групу — падабенства аркестра, дзе кожны выконвае сваю партыю, а ў выніку атрымліваецца даволі гарманічная мелодыя. Уладзімір Ганчарук мае схільнасць да рамантычнай містыкі. Алена Шлегель натхняецца антычнай міфалогіяй і вобразамі Рэнесансу. Васіль Касцючэнка іранічна ставіцца да з’яваў і рэчаў, якія для мноства людзей з’яўляюцца важнымі жыццёвымі чыннікамі і нават больш шырока — знакамі асэнсаванага быцця. Блізкі яму па духу, але зусім іншы ў стылістыцы Сяргей Малішэўскі. Наталля Іванова нагадвае гледачу, што ў кожным дарослым, бітым жыццём чалавеку жыве дзіця, схільнае верыць у калядныя казкі.

Валянцін Губараў у сваім тэматычна-вобразным сегменце — агульнапрызнаны мэтр і, можа, нават жывы яго класік. Для яго Сусвет — гэта разбудаванае да глабальных памераў мястэчка, дзе ніякія сацыяльныя катаклізмы і тэхналагічныя інтэрвенцыі не здольныя змяніць лад жыцця і псіхалогію насельнікаў. Мацвей Басаў, здаецца, утульна пачуваўся б на Святой зямлі, але воляй лёсу ягоны Ерусалім — Мінск, у вобраз якога ён уносіць матывы сваёй двухтысячагадовай настальгіі. А вось Сяргей Пісарэнка мае настальгію іншага кшталту. Ён прагне схавацца ад гарадской мітусні і тлуму ў вясковым абшары. Мастак з замілаваннем малюе пуню і хату, называючы гэта “Сваёй тэрыторыяй”. Але насамрэч і горад яму ўжо не чужы. У ягоных “Кутках маіх успамінаў” — дахі гарадскіх дамкоў.

Віртуальны свет Аляксандра Шыбнева нібыта змаляваны з Сярэднявечча ў стылі мініяцюр братоў Лімбургаў, калі б тыя былі знаёмыя з традыцыйным мастацтвам Кітая і Японіі. Аляксандр Забаўчык спрабуе гаварыць пра ўсё адразу, пазбягаючы хоць якой канкрэтыкі. Я, зразумела, маю на ўвазе дыялог мастака з гледачом, дзе “словы” — візуальныя вобразы. Рыгор Іваноў прадставіў жывапісную серыю з выявамі рознакаляровых экранаў. На ягоную думку, яны для сучаснага чалавека — акно ў Сусвет. Ад формы і каляровай настройкі экрана залежыць і наша ўспрыманне свету — так можна зразумець аўтара. Зразумела, што рама — частка вобраза карціны. Але першаснае ўсё-такі палатно...

У кожнай супольнасці свая субардынацыя. Вось і “Арцель” пры дэклараванай роўнасці мае падзел на групу лідараў з выразна акрэсленым почыркам і тых, хто вызначаецца ў сваёй самасці. Па аналогіі — група салістаў і хор. Думаю, глядач на выставе адразу адчуў бы, хто ёсць хто. Але, мяркуючы па даволі густоўнай экспазіцыі, усім мастакам у суполцы ўтульна і камфортна, бо ёсць творчае паразуменне.

Выстава называецца “Шчасце”. Паглядзеўшы яе, міжволі задумваешся, а што ж гэта такое? Што ёсць шчасце для мяне асабіста? Калі, няглядзячы на пярэстасць экспазіцыі і непрыманне шэрагу твораў, у гледача ўзнікае такое пытанне — выстава ладзілася не дарма. Можа, шчасце ў сумоўі — творчым і звычайным? У магчымасці памятаць і марыць? Зрэшты, шчасце — проста жыць паводле свайго ўяўлення пра шчасце… У мастакоў суполкі гэта атрымліваецца. Прынамсі здаецца, што атрымліваецца…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"