Як выдаць альбом, не ўклаўшы ні рубля?

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Беларускі гурт “Zdan” выдаў дэбютны альбом у Японіі, не ўклаўшы ў справу грашовых сродкаў, хіба толькі высілкі — свае і сяброў. Пра тое, што рабіць таленавітым, але незаможным музыкам, і пра ролю фальклору ў сучаснай музыцы гутарым з лідаркай гурта Вольгай ЯНУШКЕВІЧ.

/i/content/pi/cult/635/14116/13-2.jpg— Як адбываўся запіс альбома?

— Спачатку запісала партыі ўсіх інструментаў у midi-рэдактары і даслала іншым удзельнікам гурта. Такім чынам можна супрацоўнічаць на адлегласці з таленавітымі музыкамі-самавукамі, якія не ведаюць нотнай граматы, а такіх, па маіх назіраннях, у сучасных гуртах ці не палова. Удзельнікі “Zdan” жывуць у розных гарадах, мы бачыліся жыўцом літаральна пару разоў, ды і знайшліся праз інтэрнэт.

Кожны сам запісваўся ў хатніх умовах: гітара, бас, вакал — праз якасную аўдыякартку на хатнім камп'ютары. Так, хатні запіс па якасці, мо і саступае студыйнаму, але не вельмі і моцна. Потым знайшоўся чалавек, які якасна звёў гукавыя дарожкі (не ўзяўшы за гэта грошай). Мастэрынг вывеў песні на ўзровень прафесійнага гучання. Гэта наш сябра, фанат сваёй справы, фанат стылю depressive black metal. Наша сябоўка Вольга Кан, што даўно здымае метал-канцэрты, задарма зрабіла фота для буклета і дызайн. І мадэлямі выступілі аматары стылю, якія самі прыдумалі вобразы для фотасесій.

Ужо маючы на руках матэрыял, мы склалі тэкст англамоўнага ліста да музычных выдавецтваў і сталі яго рассылаць са спасылкай на прэзентацыйнае відэа. Я знайшла каля 300 лэйблаў па ўсім свеце, якія спецыялізуюцца ў нашай стылістыцы. Атрымала адказ з японскага выдавецтва “Zero Dimentional”, якое ад пачатку пазначыла для сябе як вельмі крутое. Яно выдае альбомы вельмі вядомых гуртоў у нашым стылі. Гаспадар лэйбла ведаў англійскую мову прыкладна гэтак, як і я, але неяк мы паразумеліся. Ён выдаў 500 копій альбома на дысках, частку выслаў нам, а астатнія будзе сам распаўсюджваць па ўсім свеце, па звычайных і інтэрнэт-крамах.

— Дармовы сыр, як вядома, бывае ў мышалоўцы. Які інтарэс японцу выдаваць альбом невядомага гурта з Беларусі?

— Гэты чалавек — фанат музычнага стылю. Ён высылаў фота сваёй крамы — некалькі пакояў, ад падлогі да столі занятых дыскамі. Мы атрымалі пятую частку тыражу альбома, і гэта досыць добрыя ўмовы. Бывае, што музыкантам аддаюць толькі 5 працэнтаў выдадзенага… У той жа час мы падпісалі кантракт, адпаведна якому не можам выкласці нашу музыку ў сеціва. Але знойдзецца шмат аматараў зрабіць гэта замест нас. Каб хацелі, мелі б права пісаць на такіх аматараў скаргі адміністратарам інтэрнэт-рэсурсаў.

Скажам, у майго сябра быў выпадак, калі ён, як і мы, шукаў выдаўца для свайго музычнага матэрыялу, рассылаў яго. І нехта ўзяў і выклаў музыку ў вольны доступ. Тады ўсё — ніхто не стане выдаваць тое, што дзесьці “вісіць”.

— Забарона на змяшчэнне музыкі ў сеціве дзейнічае пэўную колькасць гадоў ці пакуль альбом распрадаецца?

— Па-рознаму, у нашым выпадку — усё жыццё.

— Чула пра такі ход: альбом выстаўляецца ў інтэрнэт, а потым выпускаецца дыск з дадатковымі песнямі, прыгожым буклетам. І жорстка кантралюецца распаўсюд дадатковых кампазіцый.

— Таксама цікавы маркетынгавы ход. Трэба прасоўваць сваю музыку ўсімі магчымымі сродкамі.

— Чаму менавіта Японія? Там настолькі папулярны depressive black metal?

— Наўрад ці там ён папулярнейшы, чым у Беларусі. Хутчэй, ёсць людзі па ўсім свеце, якіх аб’ядноўвае любоў да стылю.

— Ці выяўляюцца ў музыцы “Zdan” нейкія этнічныя беларускія рысы?

— Уласна ў музыцы не, але тэксты ў нас беларускамоўныя, буклет зроблены беларускай лацінкай. Гэта можа ствараць складанасці замежнаму слухачу, бо тэксты не перакладзеныя на англійскую. З іншага боку, хто зацікавіцца сэнсам, той знойдзе магчымасць перакласці. Асаблівасці вакалу ў depressive black metal такія, што слоў без буклета не разабраць. Гэты від спявання завецца “шрайк”, ён вельмі надрыўны, эмацыйны, значна адрозніваецца ад шырэй вядомых скрыму і гроўлінгу, што выкарыстоўваюцца ў іншых кірунках метал-музыкі. Можна сказаць, што шрайк — гэта крык душы, якая пакутуе.

— Ці лёгка перайсці на шрайк пасля беларускіх традыцыйных песень? Вопыт іх выканальніцтва дапамагаў ці замінаў?

— Калі чалавек прызвычаіўся да чагосьці аднаго, то яму складана перайсці да новага, а калі ўвесь час эксперыментуе — то прасцей. Я вельмі люблю народныя спевы, але не абмяжоўваюся гэтым, спяваю ў розных кірунках. Я вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна, потым зацікавілася традыцыйнай музыкай, ужо свядома, не адразу пасля школы, а ў 20 гадоў паступіла на кафедру этналогіі і фальклору Універсітэта культуры і мастацтваў. Гэта выдатная школа традыцыйнага спеву, падчас навучання я стала яшчэ граць на гармоніку. Канешне, з фальклору, як і з любой музычнай творчасці, шмат не заробіш. Але пасля ўніверсітэта я працягваю “для душы” граць і спяваць у розных гуртах, як і іншыя выпускнікі нашай кафедры. Нехта працуе з дзеткамі, з бабулямі, нехта стварае сучасную музыку з фальклорнымі матывамі.

“Zdan” — далёка не першы мой вопыт у галіне сучаснай музыкі. З традыцыйным вакалам я ўдзельнічала ў праектах “Osterweg”, “Vapor hiemis”, “Piarevaracien”, у апошнім таксама грала на сінтэзатары. Заўсёды імкнулася захаваць традыцыйную манеру выканання. На мой погляд, гэта варты шлях, каб зацікавіць традыцыйнымі спевамі большую колькасць людзей, тых, якія акапэльную аўтэнтыку самі слухаць не будуць. Нехта захоча знайсці арыгінал інтэрпрэтаванай песні, ён будзе пазнавацца, стане больш вядомым, чым калі б ляжаў дзесьці на паліцы. Фактычна гэта другое жыццё песні пасля выканання ў натуральным асяродку.

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"