“Бібліяноч”: скарыстайцеся вопытам!

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Мінск, Баранавічы, Маладзечна, Магілёў — гэтыя гарады прынялі сёлета міжнародную акцыю ў падтрымку чытання "Бібліяноч". Пяць з сямі мінскіх кніжніц наведалі карэспандэнты "К", а магілёўскія бібліятэкары даслалі расповед пра падзею. Спадзяёмся, такі дастаткова шырокі ахоп "Бібліяночы-2017" дазволіць бібліятэкарам Беларусі (і наогул работнікам культуры) атрымаць цікавы вопыт у справе прасоўвання кнігі. Нагадаем таксама, што цікавыя матэрыялы на гэтую тэму былі і ў № 16: гаворка пра праект "Батл перакладчыкаў", выкарыстанне SMM-тэхналогій у продажы літаратуры і практыку музея ў бібліятэцы.

/i/content/pi/cult/635/14114/12-1.jpgКолькі крокаў ад ровара да тэлескопа?

“Бібліяноч-2017”, што прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, пакінула шмат уражанняў. І адно з іх, бадай, галоўнае: каб правесці шыкоўную бібліятэчную ноч, не трэба “вынаходзіць ровар”, выпрошваць значныя фінансавыя сродкі ў мясцовых улад ці запрашаць на выступленні знакамітых дыджэяў або заезджых артыстаў. Заўсёды магчыма справіцца сваімі сіламі. Прычым, упэўнены, не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах.

Скажам, такія ж travel-экскурсіі, як у Нацыяналцы накшталт “Book-вандроўкі” ды “У госці да Скарыны”, можна зладзіць у любой раённай ды нават сельскай кніжніцы Беларусі, асабліва калі падысці да экскурсійнай справы не “дзеля галачкі”, а творча ды з выкарыстаннем інтэрактыўных мультымедыйных сродкаў. Як і запрасіць гасцей “бібліяночы” згуляць у шашкі ці шахматы з мясцовымі бібліятэчнымі “грасмайстарамі”.

Яшчэ ў Нацыяналцы было не праціснуцца каля сталоў з настольнымі гульнямі. А каля іншых, пастаўленых проста ў калідорах бібліятэкі, валанцёры давалі майстар-класы па выразанні розных прылад з паперы і скуры, паказвалі, як працуе друкарскі міні-станок “а-ля Скарына”, фарбавалі твары дзяўчатам і хлопцам з дапамогай “аквагрыму” і нават прафесійна наводзілі макіяж. Наколькі мне вядома, такія ж ці падобныя “штукарствы” для наведвальнікаў сваіх “бібліяначэй” з поспехам ладзяць і бібліятэкары з раёнаў краіны. Згадаю хаця б Чачэрскую раённую кніжніцу, дзе робяць шмат што з прыведзенага вышэй і дзе кожную “бібліяноч” дзеці і дарослыя чакаюць адразу пасля таго, як скончыцца папярэдняя…

Акрамя таго, нельга не згадаць пра яшчэ адну, дзіцячую пляцоўку ў Нацыяналцы пад назвай “Свет дзяцінства”, дзе можна было і пафатаграфавацца з казачнымі персанажамі, і паглядзець выставу дзіцячага малюнка ды лялечны спектакль “Прыгоды кацянят” дзіцячага тэатра мінскай ДШМ № 2, а таксама паўдзельнічаць у хімічных вопытах ад музея навукі “Элемента”. Усё гэта, натуральна, можна зрабіць і ў любой кропцы краіны. Асабліва калі не замыкацца толькі ў сваім бібліятэчным свеце, а запрасіць на дапамогу калег з іншых устаноў культуры горада: з той жа раённай дзіцячай школы мастацтваў, Дамоў і Цэнтраў культуры і рамёстваў…

Натуральна, некаторыя івэнты можна было зладзіць толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі: скажам, музычнае шоу “Music time” з выступленнямі сольных выканаўцаў і нават рок-гуртоў або назіранне за зорным небам у тэлескоп з аглядавай пляцоўкі на даху будынка. Пагадзіцеся, запрашаць сваіх чытачоў на неабсталяваны дах бібліятэкі, каб правесці там “зорную” лекцыю, адважыцца далёка не кожны кіраўнік установы культуры: бяспека наведвальнікаў — вышэйшая за ўсе конкурсы і мерапрыемствы.

Але ці так важныя гэтыя эксклюзівы? Галоўнае, каб і бацькам, і дзецям у гэтую ноч у бібліятэцы было весела і ўтульна. І каб пасля, ужо ў дзённы час, яны завіталі сюды неаднойчы. Падаецца, у сталічных бібліятэкараў тое атрымалася. Думаю, што і на раёне падобныя акцыі абавязкова прыцягнуць да сябе ўвагу многіх людзей. Прычым без вынаходжання як ровараў, так і тэлескопаў…

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ


І не трэба ніякіх буфетаў

Ад рэтра-салона да палатак з коміксамі — вось што можна было пабачыць на “Бібліяночы” ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук і ў Навуковай бібліятэцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Яшчэ да пачатку падзеі ў холе ўніверсітэцкай кніжніцы сабралася шмат людзей, але нікога, акрамя журналістаў, не пусцілі раней за ўстаноўлены час на саму пляцоўку. А там — тэматычныя зоны (практычна ўсе з іх былі прысвечаныя коміксам ды сусветам такіх кніг, як “Уладар пярсцёнкаў” Толкіна і “Вядзьмак” Сапкоўскага). Але можна было таксама правесці час на навукова-пазнаваўчых лекцыях ды пагуляць з сябрамі па інтарэсах у настольныя гульні ці пасачыць, паўдзельнічаць у сапраўдных эксперыментах.

На другім паверсе сустрэла пісьменніцу Людмілу Рублеўскую, якая рыхтавалася да прэзентацыі сваёй новай кнігі “Дагератып”, і дырэктара кнігарні “У Гены” Генадзя Кагана, чый стол пераўтварыўся ў сапраўдную выставу коміксаў і кніг пра фантастыку. Каля яго сабралася шмат фанатаў, а Генадзь тым часам прызнаўся, што цяпер больш карыстаюцца попытам коміксы пра Бэтмена і “Гравіці Фолз”, астатнія ж кнігі наведвальнікі, з якіх большасць, канешне, студэнты, проста разглядалі, але не без цікавасці, бо гэта — эксклюзіў.

— Дзякуючы “Бібліяночы” ў адным месцы збяруцца людзі, якія будуць гаварыць аб тым, што іх цікавіць, — акрэсліла стаўленне да падзеі спадарыня Рублеўская.

Моладзь тым часам збеглася на трэці паверх, дзе можна было пагуляць у настольныя гульні, паўдзельнічаць у спаборніцтве фанатаў “Уладара пярсцёнкаў”, “Ведзьмака” ці праверыць свае сілы ў віктарыне “Geek Quiz”. Цікава, што паміж студэнтамі сядзелі і дарослыя мужчыны, якія вельмі ўважліва сачылі за хадамі сапернікаў. Дарэчы, у некаторых залах можна было і сфатаграфавацца з улюбёнымі персанажамі ды ўвогуле прагуляцца з імі да першага паверха і выпіць разам па кубачку кавы.

Бібліятэка БНТУ абрала вельмі актуальную тэму. “На жаль, век малюнкаў са словамі амаль выціснуў сапраўдныя кнігі, але, — гаворыць Людміла Рублеўская, — галоўнае, каб чыталі”. Ці будуць пасля такой тэматычнай ночы чытаць? Атмасфера беларускага комік-кона — гэта вельмі добра, але, вядома, не назаўсёды. А вось ідэя з настольнымі гульнямі — добры ход, бо, па вялікім рахунку, моладзі практычна няма дзе сабрацца за вялікім сталом і штосьці зрабіць разам. Таму калі бібліятэка БНТУ засвоіць такую традыцыю, то моладзь туды будзе прыходзіць не толькі па спецыяльную літаратуру. Ну а калі прыйдзе, дык і чытаць пачне.

А вось бібліятэка НАН не акрэслівала праграму “Бібліяночы” для пэўнай катэгорыі. Дзесьці танцаваў народны ансамбль, дзесьці паказваліся вопыты ці чыталіся лекцыі. Але, нягледзячы на “стракатасць”, было ўтульна. А вось, скажам, на трэцім паверсе, дзяўчына спявала вядомыя ўсім песні са старых кінафільмаў (гэтая частка “Бібліяночы” была прысвечана 50-годдзю новага будынка бібліятэкі, і кожны змог пабыць на месцы яе работніка таго часу). У розных залах праводзілі эксперыменты ў рамках праекта “Дзіўная хімія”. Дзесьці ў суседняй зале ішлі вопыты “простыя” — тое, што можна зрабіць дома.

Але больш зацікавіла… зала з кнігамі. Ніякія фокусы не ўражвалі так, як старыя і проста незвычайныя кнігі. Там была і самая вялікая кніга ў бібліятэцы — вельмі прыгожая, з цудоўнымі малюнкамі — пра птушак Амерыкі; самая тоўстая кніга ў фондзе — “Імператарскія палацы. Запіскі Імператарскага Маскоўскага археалагічнага інстытута”; самая маленькая, амаль з дзве фалангі пальца, — “Святое Евангелле ад Мацвея”.

І не трэба ніякіх буфетаў, танцаў, хімічных вопытаў — бібліятэцы Акадэміі навук ёсць што паказаць і пра што расказаць. Да ўсяго, у зале з тымі дзіўнымі кнігамі хадзілі навуковыя супрацоўнікі, якія праводзілі экскурсіі па ўсіх экспанатах. На кнігі глядзелі, кнігі чыталі маленькія і дарослыя, бо такога амаль нідзе не пабачым штодня. Таму і людзей у гэтай зале было больш. Як сказала навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Марына Ліс, гэта рэдкі выпадак, калі аддзел стварае экспазіцыю са сваіх кніг, таму што экспанатам шкодзіць яркае святло і іншыя раздражняльнікі.

На жаль, невядома, калі мінчане зноў змогуць пабачыць гэты цуд кнігадрукавання, але тое дакладна можа стаць выдатнай нагодай наведаць бібліятэку яшчэ раз.

Ганна ШАРКО


Пасля скачка з тарзанкі

На “Бібліяноч” прыехала адразу пасля скачка з тарзанкі з 30-метровай вежы. Я пра тое, што эмацыйна культурнае мерапрыемства дакладна не перакрыла “палёт”, але спрацавала інакш. Бібліятэка ў цемры ночы і дажджу (а надвор’е было сапраўды дрэннае) здавалася месцам цёплым і ўтульным, куды хацелася хутчэй дабегчы пасля цяжкага насычанага дня.

На падыходзе да Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы — шмат падлеткаў. Хтосьці ішоў са мной у адзін бок, хтосьці — у адваротны, прычым гучна абмяркоўваючы на беларускай мове нейкае выкананае заданне. Ці гэта ўжо не сам па сабе станоўчы вынік працы бібліятэкараў?

Унутры аказалася прыстойна людзей, прычым большасць з іх была занятая справай. Па калідорах курсіравалі групы школьнікаў, азадачаныя інтэлектуальным квэстам “Скарбніца пакаленняў”. Фонам ішоў чорна-белы фільм з Чапліным. У вялікай актавай зале чалавек 60 — 70 назіралі заканчэнне літаратурнай антыгламурнай прэміі “Блакітны свін”, якую вяла пісьменніца Людміла Рублеўская. Затым яе змянілі Ігар Палякоў і Тамара Лісіцкая з літаратурна-музычнай праграмай “Мужчына і Жанчына. Рэпетыцыя”. Як на мой густ, тая “рэпетыцыя” нагадвала піяр медыяперсон.

У правым крыле бібліятэкі абаснавалася яўрэйская культурная грамада, якая накрыла ажно два сталы: адзін з прысмакамі, а другі — з фарбамі. Калі першы больш упадабалі дарослыя, ім было зручна весці нязмушаныя размовы за гарбатай, дык другі запаланілі дзеці, якія размалёўвалі нешта цягам “Бібліяночы”. Гучала яўрэйская музыка, ды ўвогуле ва ўсёй установе атмасфера была гасцінная.

Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка, дзе я таксама пабывала ў “Бібліяноч”, — месца ўвогуле незвычайнае. Мо таму, не зважаючы на спецыфіку, установа сабрала сваю аўдыторыю, прычым, магу спрачацца, складалася яна не толькі з медыкаў. Бо лекцыі пра лекавыя ўласцівасці п’явак, а тым больш пра анатомію, паслухаць было цікава. Зазірнула і ў музей бібліятэкі, дзе паралельна праводзілася некалькі экскурсій: як групавых, так і адзіночных. Па запісе ўсе ахвотныя маглі патрапіць і ў фондасховішчы ўстановы. Супрацоўнікі паклапаціліся пра інтэртэймент — запрасілі на барабанны канцэрт. Дамовіўшыся з санаторыем, арганізавалі фітабар. Зразумела, не абышлося без тэматычных квэстаў, гульні “Мафія”. На “дэсерт” выступіў тэатр “Дом сонца” са сваім містычным святломузычным шоу, якое закончылася амаль а 23-й.

Галоўная выснова з “Бібліяночы”: бібліятэкары дакладна ўсведамляюць важнасць падзеі. Каб прывабіць максімум людзей, праграмы аказаліся насычанымі. А зарабіўшы пэўны аўтарытэт у гэтай справе, налета я смела рабіла б сцэнарый ужо не такім універсальным, а больш спецыфічным. Людзі прыйдуць па старой памяці, але асацыяцыі, у тым ліку з самой бібліятэкай, застануцца больш яскравыя.

Аліна САЎЧАНКА

Фота аўтараў

 

Бэйкер-стрыт у Магілёве

21 красавіка магілёўская Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Карла Маркса ўпершыню далучылася да міжнароднай акцыі ў падтрымку чытання “Бібліяноч”. Тут прайшла маладзёжная тэматычная вечарынка “Сардэчна запрашаем на Бэйкер-стрыт 221Б!”, звязаная са знакамітым дэтэктывам Шэрлакам Холмсам.

Удзельнікаў сустракала яго каханая Ірэн Адлер і запрашала зрабіць фота на памяць у чырвонай тэлефоннай будцы, вывучыць творчасць аўтара аповедаў пра Холмса Артура Конана Дойла ў выставе-інсталяцыі, прыгадаць любімыя моманты ля сцяны з кадрамі з брытанскага серыяла “Шэрлак”. Адкрыла ж падзею жывая скрыпічная музыка — гэта нашы сябры з Дзіцячай школы мастацтваў № 5 выканалі саўндтрэкі з класічнай і новай экранізацый вядомых кніг.

На пляцоўцы “Парады ад домаўладальніцы” разам з місіс Хадсан госці паўдзельнічалі ў майстар-класе па вязанні на спіцах і кручком. Тут жа праводзіўся майстар-клас Алены Карпенка па мастацтве каліграфіі.

Самай наведвальнай зонай стала “Скарбніца Агры” — пляцоўка Мэры Ватсан і Эміліі Рыкалеці. Можна было пагуляць у логіка-асацыятыўную гульню “Кракадзіл”, картачную гульню “Спасцігні сутнасць”, пашукаць словы ў кнігах на бібліятэчных паліцах, якія складаліся ў цытаты з твораў пра Холмса, сфатаграфавацца ў фотазоне з газетнымі выразкамі, паглядзець фільмы на вялікім экране...

Некалькі пляцовак прапаноўвалі праверыць эрудыцыю і кемлівасць у настольных гульнях. Інспектар Лестрэйд сустракаў гасцей у “Скотланд-Ярдзе”, дзе маладыя людзі гулялі ў сучасныя настолкі. У ролі інспектара ў гэты вечар выступаў сябра бібліятэкі Ігар Хамротаў з гульнятэкі “Ордэн D6”. У “Клубе Дыяген” разам з сяржантам Салі Донаван хлопцы апрабавалі дэтэктыўную настольную гульню “Клюэдо".

Моладзь, якая прысутнічала на іншых вечарынках і зноў вяртаецца ў бібліятэку, прадчувала масу сюрпрызаў ад квэст-рума. Гэтым разам гасцей чакаў ролевы квэст-рум па матывах класічных апавяданняў Артура Конана Дойла і брытанскай экранізацыі серыяла. Адна з самых цікавых забаў вечара чакала гасцей у імправізаванай рэдакцыі газеты “Times”. Правёўшы сумоўе для прыёму на працу, журналістка Кіці Райлі адпраўляла будучых супрацоўнікаў прайсці квэст “Кропкі”. Працавала выстава-буккросінг “Кніжны фрымаркет”.

Заробленыя ў конкурсах і гульнях фунты стэрлінгаў госці трацілі ў бібліябары, які на гэтую вечарыну ператварыўся ў лонданскі — каля дома 221Б па Бэйкер-стрыт. Тут можна было пакаштаваць класічныя англійскія пачастункі. Скажам, дварэцкі Бэрымар са сваімі памагатымі гатаваў аўсянку пры гасцях.

Асноўная частка вечара сканцэнтравалася ў “Баскервіль-холе”. Праграму там адкрыў так упадабаны маладымі людзьмі з іншых вечарынак “Кінабатл”, які гэтым разам быў, вядома ж, тэматычным. пераможцаў чакалі прызы ад партнёра мерапрыемства — сеткі кінабараў “Blockbuster”. Вечар працягнула інтэлектуальная гульня “Ты — Шэрлак”, якую правяла госця з мінскай Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя Мікалая Астроўскага Маргарыта Дземідовіч.

Галоўны сюрпрыз вечара — спецыяльны госць з Вялікабрытаніі: віцэ-прэзідэнт Брытана-Беларускай гандлёвай палаты, заснавальнік ТАА “Онлайн-клас” Мэл Роджарс. Ён ахвотна адказваў на пытанні аб англійскім надвор’і і стэрэатыпах, літаратуры і асаблівасцях аўтамабільнага руху ў Лондане, дзяліўся сваім уражаннем пра творчасць Артура Конана Дойла і экранізацыі яго твораў. А ледзь толькі пачуліся гукі прылятаючага верталёта, данесліся першыя ноты “I want to break free”, як усе госці, уключаючы Мэла Роджарса, хорам праспявалі культавую песню, якая стала негалосным гімнам генія злачыннага свету Марыярці.

Пасля госці пыталіся пра планы бібліятэкі, пакідалі нам свае пажаданні, фатаграфаваліся ў фотазонах і дзякавалі ўсім датычным да мерапрыемства. У сацыяльных сетках працягваюць з’яўляцца водгукі гасцей, і адзін з іх гучыць так: “З апошняй вечарынкі прайшло дастаткова шмат часу. Вы спытаеце: “Miss me?” — мы адкажам вам: “Yes!” Вось так, перафразаваўшы рэпліку персанажа з легендарнага “Шэрлака Холмса”, які падарыў нам тэму для выдатнай вечарынкі, госці прызнаюцца, што сумуюць па нас і чакаюць новых цікавых мерапрыемстваў...

Марта АРЛОВА, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"