Абстракцыяністы пра абстрактнае і канкрэтнае

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Абстрактнае мастацтва, культурныя паралелі паміж Беларуссю і Германіяй, актуальныя праблемы мастацкай педагогікі — пра ўсё гэта ў інтэрв'ю з віцебскімі мастакамі Уладзімірам ФЕДАРЦОМ, Антанінай ФАЛЕЙ і Аленай ТОЛАБАВАЙ (усе трое — яшчэ і выкладчыкі кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта), чые персанальныя выставы праходзілі ў вядомым мастацкімі традыцыямі нямецкім горадзе Рэбург-Локуме ў Ніжняй Саксоніі, дзе існуе галерэя “Lust auf Kunst”, якой кіруе Эвелін Роса.

/i/content/pi/cult/634/14102/6-1.jpgДарэчы, супрацоўніцтва прадстаўнікоў сучаснай віцебскай мастацкай школы з нямецкай галерэяй трывала працягваецца з 1993 года, з часу, калі Эвелін Роса стала прыязджаць у Віцебск, закахаўшыся ў гэты горад. Зразумела, каханне тое — скрозь прызму мастацтва. Выставы, якія сталі падставай для інтэрв'ю, выражаюць сучасныя тэндэнцыі абстрактнага мастацтва. “Два светы” Уладзіміра Федарца сведчаць пра наяўнасць іншай рэальнасці за межамі вядомага нам свету. Яе ўспрыманне пераўзыходзіць магчымасці свядомасці, затое можа быць даступна інтуіцыі мастака. “Solo 9.3” Антаніны Фалей кажа пра ўнутраны псіхакосмас, змест якога можа быць роднасным з неабсяжнасцю Сусвету. У “Салярысе” Алены Толабавай творы абстрактнага жывапісу спалучаюцца з арт-аб'ектамі. І калі жывапіс выказвае ідэю сінергіі на метафізічным узроўні, то арт-аб'екты перадаюць сацыяльнае вымярэнне ўзаемадзеяння.

— Абстрактнае мастацтва сёння... Магчымасці вырашэння якіх сэнсу і рэалій яно прадугледжвае?

У.Ф.: — Тут мастак можа індывідуальна трактаваць колер і кампазіцыю, і гэта выяўляе яго погляд на свет, яго пазіцыю ў адносінах да рэчаіснасці і працэсу творчасці, і гэта — не аднабокае выказванне. Да таго ж тут ёсць магчымасць прапанаваць гледачу самому зрабіць высновы пра тое, што цікавіць мастака і што ён выказаў у карціне.

Сам я прайшоў добрую рэалістычную школу жывапісу. У нас была станковая кампазіцыя, дзе існавала канкрэтыка задумы і сюжэту. І мой настаўнік Леанід Асядоўскі казаў, што кампазіцыя — гэта не Неба, а Зямля. Значыць, калі я выкарыстоўваю ў кампазіцыі недастатковую колькасць Зямлі, тое ўжо “ненармальна” з пункту гледжання пабудовы фармальнай кампазіцыі. Зараз, калі згадваеш пра студэнцкія гады і глядзіш на сучасныя падзеі і іх праявы ў свеце мастацтва, добра разумееш, што інструментаў рэалістычнага мастацтва відавочна недастаткова, бо яны не могуць ахапіць магчымасці разумення сучаснага свету і трактовак таго, што адбываецца ў ім. Бо мне хочацца сказаць не толькі пра тое, які выдатны свет, як свеціць Сонца, — мне трэба выказаць іншы, ценевы бок з'яў.

Праблемы ж ва ўспрыманні абстрактнага мастацтва складаюцца з таго, што людзі не падрыхтаваныя. А, скажам, я ўвогуле лічу, што абстракцыя — рэалістычны жанр, толькі гэта іншы рэалізм, выражаны альтэрнатыўнымі сродкамі. Не хачу сказаць, што мастацтва толькі для мастацтва, цяпер у абстракцыі існуе шмат ілжывых тэндэнцый, якія выяўляюцца ў культываванні ўмоўнасцей дзеля камерцыялізацыі. Так, хоць мастак кіруецца інтуіцыяй, абстрактная работа кампазіцыйна невыпадковая, яна мае тыя ж заканамернасці, што і ў рэалізме. І патрабуе нават большага ўзроўню падрыхтоўкі.

А.Ф.: — Абстрактныя работы могуць многае сказаць пра ступень майстэрства ў мастака. Гэта нават заўважна па кропцы, пастаўленай у патрэбным месцы, з патрэбным націскам, у патрэбным маштабе. Усе тыя пытанні, якія вырашае мастацтва акадэмічнае, мастацтвам абстрактным не здымаюцца: тыя ж законы кампазіцыі, тое ж пачуццё маштабу. Застаецца і тая ж архітэктоніка... Спосаб выражэння думак, вядома, іншы, і каб яго ўспрымаць, трэба быць чалавекам падрыхтаваным. Гэта як у музыцы слухаць блюз — таксама трэба мець падрыхтоўку. Можна колькі заўгодна спрабаваць тлумачыць прынцыпы абстрактнага мастацтва, выкладаючы гісторыю развіцця жывапісу, нават людзям адукаваным, але калі нехта хоча памыляцца ў сваім негатыўным стаўленні...

З 1997 года, калі адбылася мая першая персанальная выстава ў Віцебскім мастацкім музеі, я імкнуся знайсці і выказаць свой асабісты колер, бо ён выбудоўвае прастору. Пакуль знайшла частку спектру: ад фіялетавага да бірузовага, але мае пошукі працягваюцца. Другой па значнасці для мяне тэмай з'яўляецца кампазіцыя ў плоскасці. За кожнай абстрактнай работай бачны аўтар. Рэалістычнае мастацтва таксама дазваляе бачыць аўтара, але гэта часта быццам бы пад вэлюмам. У абстрактным жа мастацтве агаляецца ўнутраны свет мастака, што ён умее і пра што разважае.

Кампазіцыя ж для мяне — гэта ўзаемадзеянне паміж мной як мікрасусветам і ўсім космасам. Калі я працую над ёй, не маю жадання адлюстраваць нешта бачнае. Але калі яна гатовая ў выніку канцэнтрацыі ўсіх творчых сіл, часта знаходжу адпаведнасці паміж спадарожнікавымі фатаграфіямі Зямлі, зробленымі з космасу, і маімі карцінамі. Сваім мастацтвам я развіваю сябе, ствараю свой навакольны свет, уношу гармонію з дапамогай колеру і законаў кампазіцыі. Як кожны, што знаходзіцца па-сапраўднаму ў пошуках, я імкнуся знайсці тыя законы, якія яшчэ не адкрылі, і напісаць тую карціну, якую пакуль ніхто не напісаў.

Абстрактнае мастацтва існуе ўжо каля стагоддзя, і яго гістарычная годнасць не павінна выклікаць сумневаў. У замежных каталогах цяпер няма падзелу на абстрактны і рэалістычны жывапіс. Наогул, зараз жывапісам з'яўляецца ўсё, што напісана фарбамі на палатне ці любой іншай паверхні. У кожнага свая задача і свая тэма, і ў той жа час мы ўсе разам працуем у рэчышчы развіцця ўяўленняў аб мастацтве.

— Ці ёсць адрозненні адносна ўспрымання абстрактнага мастацтва ў Беларусі і Германіі?

У.Ф.: — Нейкіх вялікіх метадалагічных адрозненняў не існуе. Творчая “кухня” — адна, погляды — вельмі падобныя. Але там няма выпадковых абстрактных работ, чые выканаўцы спрабуюць працягнуць у гэтае мастацтва ўласнае невуцтва і лжывыя праекцыі. Можа, і добра, што абстрактнае мастацтва ў нас становіцца модным, хоць і са спазненнем. Аднак у Беларусі ёсць мастакі вельмі высокага ўзроўню, якія да гэтага часу ўспрымаюць абстрактныя карціны непрыязна, называючы іх, напрыклад, “матрацам”. Ну, калі ёсць палоскі, значыць, гэта матрацы! Не хоча чалавек турбаваць сябе тым, каб паглядзець за гэты “матрац” або пад яго, а там жа таксама можа знаходзіцца нешта больш цікавае, чым на паверхні. Што зробіш: на асацыяцыі абстрактнае мастацтва і разлічана. А яно ж у стане нават ствараць сюжэты, цалкам адпаведныя канкрэтным візуальным уяўленням аб рэчах і з'явах, прачытаных кнігах, фантастычных светах.

А.Т.: — Мне здаецца, што працэнт людзей, якія ўспрымаюць абстракцыю на ўзроўні разумення, не залежыць ад краіны. Вядома, для краін Захаду абстракцыя больш звыклая, але гэта не значыць, што яна разумеецца. Маленькі эпізод пацвярджае гэтую здагадку. У Нямеччыне мяне папрасілі правесці майстар-клас, прычым трэба было пісаць кветкі. Папрасіў мастак, які шмат гадоў займаецца графікай, мае акадэмічную адукацыю. Я пісала гартэнзіі, шукала гучанне колеру і потым ужо засяродзілася на падрабязнасцях, бо нікуды не падзецца ад фармальнасцяў будовы пялёсткаў і гэтак далей... Нямецкі мастак быў вельмі здзіўлены, у захапленні, і задаў мне пытанне: “Алена, а чаму ты выстаўляеш гэтую абстракцыю, калі можаш пісаць такія гартэнзіі?” Але ж я вырашала задачу першакурсніка…

У.Ф.: — Па нямецкай статыстыцы, любіць абстрактнае мастацтва, як і іншыя авангардныя напрамкі, усяго толькі 3% насельніцтва. Што ж, напэўна, гэта шмат... Але ставяцца там да абстракцыі прынамсі з разуменнем, без істэрыкі і шараханняў. Даўно на абстрактныя выставы прыходзяць многія прадстаўнікі іншых відаў мастацтва.

А.Ф.: — Рэалістычнае мастацтва адлюстроўвае свет, а абстрактнае — асобу мастака і стварае новы свет. У першым выпадку асоба мастака апасродкаваная, а ў другім яна з'яўляецца ключавым фактарам, праз яе раскрываецца светабудова.

У.Ф.: — Выбар жа ёсць: рэалістычная абстракцыя ці абстрактная “рэальнасць”. Зразумела, апошняе валодае абмежаванымі магчымасцямі выражэння ў параўнанні з рэалістычнай абстракцыяй. Абстрактная “рэальнасць”  і ёсць тое, што ў нас пераважна адбывалася ў перыяд так званага сацыялістычнага рэалізму. У большасці выпадкаў — абстрагаванне ў негатыўным і абмежаваным сэнсе: нейкія надуманыя, ідэалізаваныя тэмы, зададзеныя да выканання.

А.Ф.: — Я ў Германіі наведала Музей сучаснага мастацтва ў Гановеры, дзе азнаёмілася з калекцыяй сучаснага мастацтва, таксама наведала музей Кунстхале ў Брэмене. Дык вось, заходзіла ў вялікія залы, дзе вісіць толькі адна работа. Не “пятрушка”, як у нас на выставах сучаснага мастацтва. Кідалася ў вочы вельмі якасная разнастайнасць. На жаль, мы пакуль ад гэтага далёкія. У Гановеры ж ёсць і кабінет Эль Лісіцкага, які быў адноўлены па яго чарцяжах, а чарцяжы тыя былі зроблены Лісіцкім у Віцебску. І даволі вялікая выстава яго работ ёсць у пастаяннай экспазіцыі, многія з якіх таксама былі выкананы ў Віцебску.

— Як належала б фарміраваць мастацкі густ у жыхароў Беларусі з ранняга ўзросту? І ці можна нешта “прышчапіць” старэйшым пакаленням адносна ўспрымання арт-прасторы?

А.Ф.: — У Беларусі ў свой час выключылі з ліку неабходных дысцыплін школьнага курса ўрокі малявання і сусветнай мастацкай культуры, дык адкуль было ўзяцца і ўзрасці мастацкаму густу? Мяне натхняе прыклад Латвіі. У кожным з маленькіх гарадкоў там ёсць мастацкая школа, дзе, вядома, няма ніякіх праблем з паперай і фарбамі… Што да ўніверсітэцкай сістэмы, нельга рабіць адукацыю масавай, магчымай для ўсіх, хто здольны плаціць. Мастак і дызайнер — складаныя, эксклюзіўныя прафесіі. Таму колькасць студэнтаў трэба паменшыць і патрабаванні прад'яўляць на больш сур’ёзным узроўні.

У.Ф.: — Можна ўзяць прыклад еўрапейскіх вышэйшых школ: браць усіх для першага года навучання, але далей кіраўнік курса павінен мець права адбору... Што ж да больш сталых асоб, то для іх у плане фарміравання мастацкага густу ўсё, як правіла, аказваецца занадта позна…

А.Ф.: — Я лічу, што ў нас вельмі мала адукацыйных праграм, выкарыстанне якіх давала б кваліфікаваную мастацкую падрыхтоўку, а таксама кваліфікаваную інфармацыю пра гісторыю мастацтва. А выкарыстоўваючы заходні вопыт, варта працаваць у кірунку фарміравання сістэмы розных узроўняў адукацыі. На базе нашай кафедры дызайну можна было б стварыць сістэму, пачаўшы з азнаямленчых курсаў па дызайна і гісторыі мастацтва, ад месяца да паўгода, зняўшы ўсе ўзроставыя абмежаванні. Гэта прадмет для пошуку і дыскусій. Да нас маглі б пайсці для атрымання такой адукацыі ў тым ліку і пенсіянеры.

У.Ф.: — На справе ж праграмы скарачаюцца, умовы пагаршаюцца, усё адбываецца наадварот. Вось было ў нас, напрыклад, восем гадзін малюнка на тыдзень, а стала чатыры. Жывапіс наогул з другога курса на многіх спецыяльнасцях прыбіраюць, і з уступных іспытаў таксама яго выключылі...

— Зноў вернемся да Германіі. Наколькі, па вашых уражаннях, распаўсюджана цікавасць да метафізічных і элітарных форм мастацтва там?

А.Ф.: — Паказальным з'яўляецца ўсеагульная цікавасць да выяўленчага мастацтва ў прынцыпе. Заходзіш у госці да людзей — ствараецца ўражанне, што карціны вісяць ва ўсіх і ўсюды. Відаць, што хтосьці любіць адзін кірунак у мастацтве, хтосьці — іншы, але ў кожнага дома — свая маленькая галерэя. Карціны могуць вісець на сценах, стаяць у рамках на камодзе і на стале. А ўлічваючы, што ў Рэбург-Локуме праходзяць выставы віцебскіх мастакоў, можна ўбачыць у прыватных дамах творы тых, хто добра табе знаёмы.

Георгій КАРЖАНЕЎСКІ, арт-журналіст

Віцебск

Фота аўтара і з інтэрнэта