Турызм — устойлівы?

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Генеральная асамблея ААН абвясціла 2017-ы Годам устойлівага турызму. Сам выраз пакуль што падаецца нам не зусім зразумелым неалагізмам, калькай з англійскага “sustainable”. Тым больш, слоўнікі вызначаюць гэты прыметнік як “здатны падтрымлівацца на тым самым узроўні”, а Беларусь, дзе ўсё толькі развіваецца, такі падыход не надта задавальняе. Тым не менш “круглы стол" на гэтую тэму, арганізаваны Міністэрствам культуры краіны, Інстытутам культуры Беларусі ў супрацоўніцтве з Беларускім камітэтам ICOMOS і Музеем гісторыі Мінска, засведчыў: пра многія актуальныя для больш “турыстычных” краін праблемы нам варта задумацца.

Як адзначыў у сваёй прамове намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яцко, устойлівы турызм — гэта прынцып удумлівага выкарыстання турыстычных рэсурсаў без шкоды для іх саміх альбо скажэння іх адпачатковай сутнасці. Апошняе выяўляецца, напрыклад, у “дыснэйлэндызацыі” набыткаў спадчыны, пераўтварэнні народных абрадаў у шоу. З іншага боку, устойлівы турызм прадугледжвае таксама і задавальненне патрэбаў спажыўцоў — як у атракцыях, так і ў хлебе штодзённым. Адпаведна, гаворка вядзецца пра пэўныя кампрамісы.

Вядома, для беларускага турызму пакуль актуальныя трохі іншыя праблемы, старыя і ўсім вядомыя: слабая інфраструктура, брак інфармацыйнага забеспячэння, неадладжанасць узаемаадносінаў розных суб’ектаў турызму… Казаць пра тое, што яны не вырашаюцца, наўрад ці выпадае: прагрэс не вокамгненны, але відавочны. Сведчаннем таму хаця б новыя буклеты — густоўныя, адэкватныя і без празмернага пафасу, — прэзентаваныя падчас “круглага стала” Нацыянальным агенцтвам па турызме. Але рух наперад не такі хуткі, як бы таго хацелася, пра што сведчылі выступленні як прадстаўнікоў туріндустрыі, так і замежных экспертаў. Збудаваць гатэлі на любы густ і гаманец — гэта, вядома, справа праблематычная, а вось уцямна патлумачыць, чаму ў многіх прывабных для наведвальнікаў мясцінах дасюль адсутнічае ўрбаністычная навігацыя ды хоць якія інфармацыйныя стэнды, папраўдзе няпроста.

Па словах прадстаўніка Дэпартамента па турызме Марыны Масташовай, колькасць экскурсантаў на Беларусі летась павялічвалася ў паўтара разы, склаўшы болей за мільён чалавек. І паколькі размяркоўваюцца яны зусім не раўнамерна, дзе-нідзе помнікі спадчыны пачынаюць ўжо “стагнаць” ад завышанай да іх увагі. Па словах начальніка аддзела Інстытута культуры Беларусі Алы Сташкевіч, калі колькасць наведвальнікаў Нясвіжскага палацу перасягне адзнаку ў паўмільёна за год (а ўсё да гэтага ідзе), для ансамбля тое створыць сапраўдную пагрозу.

— Як сведчыць сусветная практыка, з аднаго боку, рост турызму спрыяе эканамічнаму развіццю рэгіёнаў, з іншага — утварае вялікую нагрузку на культурны ландшафт, — дадала эксперт.

У той самы час дырэктар аднаго з флагманаў культурна-пазнаваўчага турызму на Беларусі кампаніі “Віяполь” Галіна Патаева перакананая, што зачыняць перад турыстамі дзверы музея — гэта шлях у нікуды. А выйсце яна бачыць у стварэнні дадатковых турпрадуктаў для тых групаў, якія фізічна не могуць змясціцца ў не прызначаных для “шырокага выкарыстання” анфіладах палаца. Напрыклад, экскурсіі па парку.

Безумоўна, такі ашаламляльны і стабільны поспех Міра з Нясвіжам не можа не радаваць: ён больш красамоўна за любыя сцверджанні сведчыць, што турызм на Беларусі магчымы. Але ў той самы час актуальнай застаецца праблема стварэння новых папулярных дэстынацый — балазе, іх асартымент па-ранейшаму дастаткова сціплы.

Адзін з перспектыўных варыянтаў — старажытны Мсціслаў. Пераўтварыць яго ў турцэнтр імкнуліся яшчэ за сівым савецкім часам, не раз рабіліся такія спробы і пазней, але вынікі пакуль не надта суцяшальныя. Прычын тут цэлая купа: і несамавіты стан большасці гарадскіх адметнасцяў, і ўсё тыя ж праблемы з інфраструктурай, і, урэшце, геаграфічны фактар.

— Выдатны горад, але адлегласць у 400 км ад аэрапорта не спрыяе развіццю ўстойлівага турызму, — кажа Ала Сташкевіч.

Паводле яе словаў, праблему можа вырашыць івэнт-менеджмент — як дадатковая прынада для турыстаў. Прыкладам, адзін толькі рыцарскі фэст, які традыцыйна ладзіцца па ініцытяве мясцовых уладаў, прыносіць каля 20% штогадовых даходаў усёй сферы культуры краю. З іншага боку, калі на шматкіламетровым шляху да Мсціслава турыста будуць чакаць цікавыя прыпынкі, дарога не падсца яму празмерна доўгай. Прыпыняцца ёсць дзе, але амаль усе вартыя ўвагі аб’екты, што трапляюцца на маршруце, на сёння для паказу не надта прыдатныя.

Адным з “апорных слупоў” устойлівага турызму з’яўляецца чынны ўдзел у захаванні спадчыны мясцовай супольнасці. Рабіць на гэта акцэнт цяпер — сапраўдны трэнд ва ўсім свеце. Размаітыя ідэалістычныя схемы вымалёўваюць і некаторыя беларускія эксперты: мясцовыя людзі скідаюцца па шэлегу, у складчыну рэстаўруюць свой занядбаны замак або палац, а потым з яго дапамогай зарабляюць на турызме. На жаль, такія тэхналогіі не ўяўляюцца магчымымі нават у самых светлых мроях. Аднаўленне спадчыны — гэта настолькі дорага і складана, што можа быць хіба прэрагатывай дзяржавы. Іншая справа — забяспечыць мясцовых жыхароў магчымасцю выказваць сваё меркаванне.

— На жаль, у нас часта здараецца так, што жыхары не прымаюць ніякага ўдзелу ў планаванні і прыняцці рашэнняў адносна выкарыстання тых аб’ектаў спадчыны, што знаходзяцца на іх тэрыторыі, — лічыць Ала Сташкевіч.

Але перад тым як шукаць механізмы забеспячэння ўплыву vox populi на ход падзей, варта вырашыць старую і даўно набалелую праблему: стасункі паміж “рэспубліканскімі” аб’ектамі спадчыны і мясцовымі ўладамі, што кіруюць на прылеглай да іх тэрыторыі. Як сведчыла выступленне навуковага супрацоўніка Замкавага комплекс “Мір” Вольгі Навіцкай, пытанні засталіся нават у выпадку з гэтым мястэчкам, і яго турыстычную карту давялося ўсталёўваць не на цэнтральнаяй плошчы, што было б дарэчна, але на тэрыторыі самога комплексу.

У той самы час, калі ўдумацца, прыклады ўстойлівага турызму ў нас ужо ёсць. На думку намесніка старышыні Беларускага бюро ICOMOS Цімафея Акудовіча, у гэтую катэгорыю цалкам трапляюць тыя сотні храмаў, што былі адноўлены і падтрымліваюцца сіламі мясцовых супольнасцяў.

— Тут няма пытання фінансаў, але гэта працуе, — кажа ён. — У тым жа Мосары мясцовыя людзі ганарацца, што турысты з розных краін свету аглядаюць “той кусток, які я сам пасадзіў”, і ўся вёска ўдзельнічае ў падтрыманні комплексу.

Галіна Патаева закранула тэму аплаты наведвання храмаў падчас экскурсій, каб сродкі на падтрыманне яны мелі таксама ад турыстаў. Аднак, паводле яе словаў, юрыдычна гэта зрабіць няпроста. Ды і з этычнага пункту гледжання… Прыкладам, той жа светлай памяці ксёндз Ёзас Булька быў прынцыпова і катэгарычна супраць збірання аплаты за наведванне “Мосарскага цуду”. Зрэшты, тут варта нагадаць пра такі традыцыйны (і пры гэтым добраахвотны) спосаб, як скарбонкі для ахвяраванняў, усталяваныя ў кожным храме.

Прадстаўнік праекта ЕС “Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі” Янез Сіршэ адзначыў вузкі погляд на культурны турызм: ён улічвае канкрэтныя аб’екты паказу, а не культурны ландшафт у самым шырокім сэнсе слова, уключна, напрыклад, таксама і з кулінарыяй. Тэма, ізноў жа, не новая, і пэўныя зрухі, безумоўна, ёсць. У прыватнасці, асацыяцыя “Адпачынак у вёсцы” не так даўно выпусціла кулінарную карту Беларусі. Як няцяжка заўважыць, галоўным рухавіком у гэтай справе застаюцца аграсядзібы, і гэта яшчэ адно сведчанне іх перадавой ролі.

— Людзі сапраўды пачалі разумець, што дзядоўская хата можа быць і культурным набыткам, і крыніцай даходаў, — кажа Цімафей Акудовіч. — І вучацца цаніць сваё.

Без сумневу, гэты фактар (а ён спакваля, але даецца ў знакі) здатны паспрыяць не толькі павелічэнню аб’ёмаў унутранага турызму, але таксама і яго ўстойлівасці.