Сталіца культуры

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

На калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне аб вызначэнні культурнай сталіцы 2018 года. Бабруйск перадасць статус Наваполацку, які змог на фінальным этапе абысці канкурэнта — Пінск.

Да ўдзелу ў рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца года” пераможца падышоў з добрым паслужным спісам. Як распавёў падчас прэзентацыі старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, у 2011-м горад першым у краіне прызналі “прыязным да дзяцей”, летась жа ў рэспубліканскім конкурсе “Горад культуры ў Год культуры” ён стаў лаўрэатам як “лепшы горад абласнога падпарадкавання”.

Тут прыкладаюцца намаганні для папулярызацыі дасягненняў нашай культуры і далучэння да яе шырокай грамады (у Наваполацку — 108 тысяч жыхароў, з іх 40 % — моладзь). Вядучая роля ў эстэтычным выхаванні адводзіцца Цэнтру культуры, Музею гісторыі і культуры горада, Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме, дзвюм школам мастацтваў, дзіцячай мастацкай школе імя Івана Хруцкага, музычнаму каледжу, Палацу дзяцей і моладзі, культурна-забаўляльнаму цэнтру “Вектар”, Палацу культуры “Нафтан”.

Выхаванцамі гурткоў, студый, школ мастацтваў з’яўляюцца больш за 4 тысячы навапалачан. 34 творчыя калектывы носяць званне “заслужаны”, “народны”, “узорны”. У Наваполацка — 20 гарадоў-пабрацімаў.

Горад з’яўляецца пляцоўкай для правядзення буйных конкурсаў, фестываляў, выстаў і форумаў розных узроўняў. Так, штогадова сюды з’язджаюцца айчынныя і замежныя спевакі, каб прыняць удзел у Адкрытым рэспубліканскім конкурсе юных выканаўцаў “Халі-хало”. “Наваполацку налета споўніцца 60 гадоў. І хоць нас часта асацыююць як малодшага брата старажытнага Полацка, пры больш шчыльным знаёмстве адзначаюць, што горад ужо займеў сваю адметную культурную прастору. Мы актыўна рэагуем на сучасныя павевы, адкрыты да новых думак, зносін і крокаў”, — падсумаваў спадар Дзямідаў.

Міністр культуры Барыс Святлоў растлумачыў рашэнне калегіі: “Узрост “кандыдата” не з’яўляецца важкім крытэрыем у вызначэнні культурнай сталіцы. Добра атрымаць шматвекавую спадчыну, іншае пытанне — як культурным здабыткам распараджацца сёння, на якім узроўні магчымасці і дасягненні сучасных устаноў культуры. Мы чакалі ад намінантаў расповед пра выбітныя імпрэзы, адметныя ініцыятывы. Наваполацк змог прадставіць новы матэрыял, прэзентаваць яго, распавёў пра спецыяльныя мерапрыемствы, якія шыкоўна ўпішуцца ў канцэпцыю акцыі”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"