У пошуках посткіно. Беларускага

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

“DIY альбо DYE” — “зрабі сам альбо памры” — такі дэвіз абраў сабе VI Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, акрэсліўшы рух посткіно, які ахоплівае медыяпрастору. У той час калі у нашых постсавецкіх галовах не знікае мроя пра беларускі гістарычны блакбастар, што пройдзе па “ўсіх кінатэатрах краіны”, віртуальная сетка прымае ўсё больш эксперыментаў маладых аўтараў, вольных ад пазіцый “вялікага кіно”. І аказаваецца, што досведы тых самых “аматараў” часам здольныя выявіць штосьці больш важнае за прадказальныя фарматы.

/i/content/pi/cult/634/14085/8-1.jpgБез дробных заляцанняў

Я сяджу ў зале культурнага цэнтра “Корпус” на паказе міжнароднай праграмы эксперыментальных стужак “CPM”. У зале зачараваная купка гледачоў глядзіць на экран, на якім стракочуць рознакаляровыя плямы 8-міліметровай кінастужкі. Хімічную апрацоўку эмульсіі (плёнкі) аўтары японскай карціны “Рух сіняга” Харука Мітані і Майкл Ліёнс з дапамогай датчыка асвятлення ад праекцыйнага экрана злучылі з аналагавым сінтэзатарам — у выніку плёнка прапаноўвае і ўласны гукашэраг. Калектыўны прагляд эксперыментальнага кіно стварае атмасферу, поўную разняволенага засяроджання. Першы этап ментальнага напружання праходзіць праз некалькі хвілін  — і тады ўзнікае адчуванне своеасаблівага вызвалення ад звыклых траекторый.

“Сinema Perpetuum Mobile”, творчае крэда якога — актуальныя тэмы, эксперымент і новыя сродкі кінамовы, — зноў падрыхтаваў шэраг праграм, што канцэптуальна адрозніваюцца ад убачанага на іншых пляцоўках. Без дробных заляцанняў і перакосу ў забавы. Без пафасу “каардынальна іншага” фестывалю, але з пільным узіраннем у новы матэрыял.

І яшчэ. Без падрымкі буйных спонсараў і без генеральных дырэктараў. На ўласным энтузіязме і капітале. Сёлета нават не ў кінатэатры, а на пляцоўцы арт-цэнтра. Але ўсе нязручнасці ў выпадку “CPM” адыходзяць на другі план, бо ў кінафоруму “кароткага метра” ёсць сваё аблічча і свая спецыфіка. Навізна ды эксперыменты з кінамовай не адмяняюць арыентацыі на сацыяльна значныя тэмы. Назваць форум хіпстарскім язык не павернецца, бо ён мае на ўвазе пошук не проста як самамэту, а як выпрабаванне пазіцыі, крытычны погляд на свет. Гэта пацвярджаецца ў праграмах, якія асэнсавана выбудоўваюцца, часам спалучаючы цалкам адрозныя працы. У гэтым рэчышчы самай паказальнай на апошнім “CPM” стала эксперыментальная праграма беларускага кіно “Belaruski No Wave”, зладжаная ўпершыню ў гісторыі фэсту.

“No wave” супраць “New wave”?

Пазначаная трэндам “новае аўдыявізуальнае”, праграма, якую курыравалі каардынатары “CPM” Максім Сырэц і Ганна Ражанцова, уяўляла з сябе не проста набор вольных эксперыментаў, а сусветны трэнд, “прыземлены” на лакальную глебу.

— Назва падборкі, якую мы сабралі, паходзіць ад вядомага руху “No wave”, які ўзнік у асяродку музыкантаў, перформераў, кінарэжысёраў у Нью-Ёрку напрыканцы 1970-х, — дзеліцца ідэяй стварэння падобнага “блоку” Ганна Ражанцова. — Вольныя мастакі, сярод якіх быў, дарэчы, і рэжысёр Джым Джармуш, своеасаблівым чынам супрацьпаставілі сваю творчасць камерцыйнай “новай хвалі” (да прыкладу, глэм-рок, панк-рок, электронная музыка), прадукты якой можна было “ўжываць”: прадаваць, купляць... Атрымалася своеасаблівая адмова ад таго, каб знаходзіцца ў пэўных метадах, вызначаць сябе ў пэўных межах дзеля таго, каб потым паспяхова прадавацца. Мы вырашылі прасачыць усе гэтыя рысы ў беларускай медыяпрасторы і сабраць праграму работ, чыім аўтарам таксама цікава спалучаць розныя жанры, выходзіць за межы класічнага кінематографа. Сёння гэты трэнд, які называюць па-рознаму — посткіно, мультымедыя, антыкіно, — надзвычай акутальны ў свеце, і ў беларускім асяродку, як высветлілася, яго прадстаўнікоў можна адшукаць.

Што ж уяўляў з сябе “Belaruski No Wave”? Яго дыяпазон сягнуў ад эстэцкіх медыярэпартажаў да сінефільскіх кліпаў. І, бадай, тут не ўтрымацца ад падрабязнага расповеду.

Сіла мультымедыя

Магчыма, самымі набліжанымі да кіно аказаліся працы фатографаў Аляксандра Васюковіча і Сяргея Гудзіліна, якія ўяўляюць “аб’ёмныя” і поліфанічныя мультымедыя. “Востраў малака” Сяргея Гудзіліна — і найпрыгажэйшы расповед пра старадаўнюю традыцыю жыхароў Друі, якая захавалася да гэтай пары. Вяскоўцы ўжо не адно стагоддзе возяць сваіх кароў пасвіцца на невялікі востраў на мяжы з Латвіяй пасярэдзіне Заходняй Дзвіны. Гэтая гісторыя “раскладваецца” на некалькі ліній: фатаграфію, музыку, відэа, як тое ўласціва мультымедыя і сучасная форма ператварае ўнікальны звычай у паэтычную і крохкую з’яву.

Вядомае даследаванне Аляксандра Васюковіча і Дар’і Царык, якое агаляе праблему гвалту ў сям’і, з фотапраекта “вырасла” ў мультымедыйную форму (“Кожная трэцяя. За зачыненымі дзвярыма”). У новым фармаце яно пакідае наймацнейшае ўражанне. Да псіхалагічных, але далікатных партрэтаў жанчын, што пацярпелі ад гвалту, далучыліся галасы гераінь. Візуальная метафара тут — цень, покрыва, яно ахутвае тых, хто сутыкнуўся з гвалтам. Паступова жанчыны выходзяць з цемры адчаю, беспрасветнасці, прамаўляючы пра перажытае. Невыпадкова работа Аляксандра таксама патрапіла ў беларускі конкурс фестывалю і, дарэчы, стала пераможцам апошняга. Бо гаворка ў дадзеным выпадку вядзецца пра тонкую мяжу, калі рэжысёр не ператварае сацыяльнае кіно ў плакат, а захоўвае гераінь праекта ў прасторы шчырасці, такой, што ім па сілах.

Непрамоўленае відавочнае

Цікава, што пераможца мінулага беларускага конкурсу, фатограф і рэжысёр Максім Сарычаў на сёлетняй праграме быў прадастаўлены ўжо нават не мультымедыя, а працай, больш набліжанай да перформансу. Гаворка пра “Ланч”, што звяртаецца да праблемы бежанства, якая закранула ў тым ліку і Беларусь. Чачэнскія дзеці снедаюць у інтэр’ерах брэсцкага вакзала — стужка, знятая адным планам, фіксуе малых, якія сядзяць спінай да гледача за доўгім сталом. Пры ўсёй прастаце, у кадры не адбываецца анічога незвычайнага — гэта асобная трапеза дзяцей у пампезным інтэр’еры, дзе афіцыянт прыносіць стравы і пытаецца, “чаму дзеці не ядуць”. Але звычайны, падавалася б, рытуал утрымлівае ў сябе шмат непрамоўленага і відавочнага, нараджаючы супраціў, што нарастае. Гэта назіранне, якое трымае ў сабе патэнцыял cхаванага канфлікту і адначасова алюзій да сусветнавядомых візуальных вобразаў.

Працы Максіма Сарычава ўвогуле апошнім часам істотна дадаюць у сваім арт-складніку, пачынаючы ад нядаўняга фотапраекта “Сляпая зона”, што распачаў сезон у арт-прасторы “Цэх”, да ўласна апошняга твора. Перад намі адбываецца заўважнае сталенне мастака, мова праектаў якога пачынае біць па болевых кропках беларускага грамадства больш трапна і глыбока.

Калі даваць пэўныя жанравыя вызначэннні, дык у лік мультымедыя-перформансаў можна далучыць працу Дзмітрыя Веляскевіча “Час для кахання”, падчас прагляду якой у глядацкай залы адбыўся сапраўдны катарсіс праз смех. Фільм рэжысёра — гэта чытанне героем па паперцы шматслоўных прызнанняў у каханні на фоне мінскіх відаў, паўсядзённых і прыбраных да свята. Герой, якога іграе / прадстаўляе сам Дзмітрый, не змяняе інтанацыі чытання напрацягу стужкі — змяняюцца толькі фоны. Але рытм, які набірае абароты, робіць галоўнае: у пэўны момант градус абсурду пачынае зашкальваць. Увогуле Дзмітрый Веляскевіч незаслужана неадкрыты мастак у нашым асяродку, які тонка адлюстроўвае несутыкненні рэчаіснасцяў, ментальных — і, адпаведна, візуальных — прастораў, дасціпна дэманструючы абсурднасць іх суіснавання побач.

Старыя знаёмыя

З новага боку адкрыўся на праграме і рэжысёр-аніматар Генадзь Буто, вядомы мінскай кінапубліцы па экспрэсіўнай анімацыі “Яно”, якая прагучала на кінафестывалях. У эксперыментальнай праграме “СPM” ад выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, які сёння жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу, прадстаўлена дзве працы — “283 жабкі” і “Адбіткі”. Першая робіць, лічы, мантажны “фотаперапіс” задаўленых жабак. Другая ж даследуе кінематаграфічнасць фатаграфіі: гісторыя тут распавядаецца праз “успышкі” выяў-негатываў. Па сутнасці, гэта даследаванне ўспрыняцця візуальнага, калі зроку вяртаецца яго першапачатковая функцыя — углядвацца, сачыць, а не слізгаць ці ахопліваць поглядам.

Гэты трэнд ускосна быў падтрыманы і двума музычнымі кліпамі — “Trap” гурта “The Glitchhh” і “Rahat Lukum” электронай прынцэсы “Mustelide”.

Дзяўчынкі rule

І безумоўным “хітом” эксперыментальнай праграмы стаў малабюджэтны сітком “Усе свае” калектыву “TemaVidos”, пятая серыя якога “Было ці не было?”, лічы, атрымала публічную прэзентацыю на “No Wave”. Дзявочы калектыў з Гомеля працуе з тэмай ЛГБТ-супольнасці ў кіно, але робіць гэта так таленавіта, што можна толькі пазайздросціць эксперыментам. “Усе свае” зроблены так смешна і надзённа, што, бадай, аналагаў у сучасным незалежным беларускім кіно і няма. Праблемы стасункаў у фільме выглядаюць універсальнымі, і шкада, што падобны серыял не можа мець шырокага гледача. Магчыма, узнаўленне вядомага сіткома “Уіл і Грэйс” тут і не вельмі дарэчы, але нагадаю, што ён меў у нас сваіх прыхільнікаў.

Падчас дыскусіі, якая адбылася пасля прагляду, аўтаркі фільма прызналіся, што актыўна натхняюцца масавай культурай — каналам “ТНТ”, шоу Рэгіны Дубавіцкай, свядома карыстаючыся мовай падобных праграм. Тым не менш нельга не заўважыць у рабоце і жартаўлівага абыгрывання прыёмаў сусветнай культуры — “наіўнае” цытаванне таго ж Хічкока.

DIY пакуль DYE?

— Атрымалася, што сам паказ гэтых работ стаўся даследаваннем таго, як фільмы, сабраныя намі з розных крыніц — “Youtube”, медыяплатформы, асабістыя сайты аўтараў — могуць жыць у розных прасторах: як онлайн, так і офлайн, — падводзім вынікі пасля прагляду з куратаркай праграмы Ганнай Ражанцовай. — Мы не чакалі такога эфекту, але ўсё атрымалася. Рады імпульсіўнаму моманту, які выявіў, што аўтары часам самі абмяжоўваюць сваю аўдыторыю, а яна можа быць значна шырэйшай.

“Belaruski No Wave”, дзякуючы Сinema Perpetuum Mobile, паспяхова выявіў сваю прысутнасць як прамоўлены трэнд. Ды ўрэшце — супрацьпастаўленне беларускай “New wave” і “No wave” выглядае надзвычай паўнакроўна для нашага кінаасяродку. Але зноў-такі менавіта праца такіх пляцовак, як “СPM”, і дазваляе ўбачыць тое, што ў нас адбываецца на самых розных франтах. І тут натуральным чынам узнікае заканамернае пытанне: наколькі хопіць сіл энтузіястам даследаваць лакальнае поле і ствараць той самы культурны прэцэдэнт на канкрэтным прыкладзе? Быць той самай цэнтрабежнай сілай вечнага кінарухавіка?

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"