Ідэі для Мінска ад ашчаднага Лаўрэнса

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Cёлета фестываль урбан-арту “Vulica Brasil” адбываецца ў сталіцы ўжо чацвёрты раз. Гэта творчае сумоўе бразільскіх і беларускіх мастакоў, дызайнераў і архітэктараў. Фэсты ўжо дадалі Мінску новых фарбаў. Сям-там на тле дэпрэсіўнай забудовы з’явіліся яркія малюнкі, а шэрыя асфальтавыя тратуары ператвораны ва ўтульную прастору, прыдатную для рэлаксу.

/i/content/pi/cult/634/14082/14-1.jpgЛеташні плён фестывалю урбан-арту “Vulica Brasil”.

Але, бадай, галоўны здабытак гэтай акцыі — новы погляд на горад як на суцэльную прастору, не падзеленую на сегменты рознай вартасці і прэстыжнасці. Удзельнікі фестывалю маюць за мэту данесці грамадзе думку, што ў кожнай сваёй частцы  — гістарычны цэнтр, прамысловая зона або спальны раён — горад мусіць адпавядаць крытэрыям паўнавартаснага жыцця. Што кожны лапік гарадской прасторы можа мець рысы непаўторнасці.

Фестываль тэрытарыяльна ахоплівае вуліцу Кастрычніцкую. Але рэалізаваныя тут ідэі могуць быць скарыстаныя і ў іншых месцах сталіцы ды не толькі. На прыкладзе ўжо зробленага відаць: каб зрабіць дэпрэсіўную прастору прывабнай, часам не трэба шмат грошай. Сродкі могуць быць адносна таннымі ў параўнанні з немалым эстэтычным і псіхалагічным эфектам, што з іх дапамогаю дасягаецца. Драўляны “паркет” з лавачкамі, столікамі, раслінамі і паркоўкай для ровараў, якія зараз ёсць на Кастрычніцкай, дорага не каштуюць. Але цяпер па той вуліцы прыемна прайсціся няспешным крокам, разглядаючыся па баках. Мяркуецца, што сёлетні фестываль надасць прасторы новых цікавостак. Беларусь і Бразілія — гэта розны лад жыцця, розныя культурныя традыцыі, розная ментальнасць. Істотна розніцца і гарадская культура двух краін. Між тым у 1960 —1970-х гадах Аскар Німеер быў для савецкіх архітэктараў (і для беларускіх у прыватнасці) іконай. Захапленне выклікала ягоная здольнасць рабіць шэдэўры, напоўніцу скарыстоўваючы простыя геаметрычныя формы і канструктыўныя магчымасці такога “дэмакратычнага” матэрыялу як бетон. Былі нават конкурсныя праекты забудовы Цэнтральнай плошчы Мінска (сёння — Кастрычніцкая) аб’ектамі, вельмі падобнымі да тых, што ствараюць ансамбль плошчы Трох Уладаў у горадзе Бразіліа.

У праграме сёлетняга фестывалю урбан-арту былі сустрэчы мінскіх студэнтаў-архітэктараў з выбітным бразільскім дойлідам Лаўрэнса Жыменэсам. Ён прадстаўляе новае пакаленне, што сцвердзілася ў творчым сэнсе пасля таго, як бразільская школа архітэктуры прыдбала высокі аўтарытэт у свеце дзякуючы згаданаму вышэй Німееру. Гэтае пакаленне абапіраецца на дасягненні папярэднікаў, але ідзе сваім шляхам. Для іх трэндам з’яўляецца не столькі прэзентабельнасць архітэктурных аб’ектаў, якая часам можа выяўляцца праз кантраст з асяроддзем, але найперш гармонія з прыродай, экалагічнасць. Зразумела, не забываюцца яны і пра камфорт.

Сусветную славу Німееру прынесла пабудова з нуля цэлага горада — новай сталіцы Бразіліі. Гэты буйнамаштабны праект меў за мэту штуршок эканамічнаму развіццю глыбінных раёнаў краіны. Параўнаць гэта можна хіба з пабудоваю Санкт-Пецярбурга на зямлі, аддаленай ад гістарычнай сталіцы, але стратэгічна важнай для імперыі. У Бразіліі шануюць Німеера як вялікага пераўтваральніка, але задач, аналагічных той, што давялося вырашаюць яму, сёння перад бразільскай архітэктурай не стаіць. Можна казаць, што зменшыўся маштаб праектных задач, зніклі манументальнасць і прэзентатыўнасць (часам на мяжы з пампезнасцю), але пры гэтым адбылося паглыбленне ў бытавую канкрэтыку. Маштаб вялікіх прастораў трансфармаўся ў чалавечы маштаб.

Архітэктуру робяць прафесіяналы, але замаўляе яе грамадства. І калі сёння ў Бразіліі мода менавіта на такую архітэктуру, значыць, грамада ўсведамляе той факт, што некранутая або максімальна захаваная прырода — большая каштоўнасць, чым прыгожая пабудова. Прыкладам ашчаднага стаўлення да прыроднага ландшафту можа служыць праект сядзібы для прыватнага замоўцы, распрацаваны архітэктурным бюро, якое ўзначальвае спадар Жыменас. Само прыватнае ўладанне ўяўляе прастору ў 500 тысяч квадратных метраў. З кавалкам узбярэжжа, з рэліктавым атлантычным лесам, з вялікімі перападамі рэльефу. Комплекс пабудоў раскіданы па тэрыторыі ў 66 тысяч квадратных метраў. А асноўная пабудова — дом гаспадароў — мае плошчу 3 тысячы “квадратаў”. Дык вось, гэты дом стаіць не навідавоку, а “ўтоплены” ў ландшафт —- ён змешчашы ў лагчыне і, як мост, злучае два пагоркі, па доме і пад домам можна прайсці.

Спадару Жэменэсу, па ягоных словах, калі-нікалі даводзіцца пераконваць замоўцу, што будынак не трэба хаваць за плот, што ён мусіць гарманіраваць з абшарам. Што нават офісны ці вытворчы будынак могуць выконваць функцыі адкрытай для грамады тэрыторыі, быць прасторай сумоўя. Адвечнай праблемай сучасных мегаполісаў і проста вялікіх гарадоў ён лічыць суіснаванне побач багатых і бедных раёнаў. Пры ўсёй прадуманасці планіроўкі гарадоў нельга выключыць фактар стыхійнасці. Архітэктар жа мусіць думаць і пра тое, каб ягоная праца спрыяла сацыяльнай згодзе, а не правакавала канфлікты.

Хоць сучасная архітэктура шмат у чым універсальная, бразільскі досвед, па словах нашага госця, не можа быць скарыстаны ў Беларусі наўпрост, у чыстым выглядзе. Хаця б таму, што бразільскія архітэктары маюць адвечнай праблемай — як абараніць людзей ад спякотнага сонца, а ў паўночным рэгіёне Еўропы, да якога належыць і Беларусь, трэба клапаціцца пра захаванне цяпла ў памяшканнях. З розных задач нарадзіліся і розныя тыпы будынкаў, горадабудаўнічыя канцэпцыі. Сам Лаўрэнса Жыменэс, працуючы для краін з іншымі кліматычнымі ўмовамі і іншымі культурнымі традыцыі, думае пра адаптацыю досведу да канкрэтыкі праектнага задання.

Але чаму ў бразільскіх архітэктараў і ў самога спадара Жыменэса можна павучыцца, дык гэта ашчаднаму стаўленню да прыроды і здольнасці спалучаць эстэтыку нацыянальных традыцый з сучаснымі функцыямі і тэхналогіямі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"