Пяць мільёнаў “плюсаў” у культуру

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

13 красавіка ў малой зале Палаца Рэспублікі адбылася цырымонія ўшанавання лаўрэатаў рэспубліканскай акцыі “Мецэнат культуры Беларусі—2016”. У прысутнасці міністра культуры краіны Барыса Святлова ганаровыя дыпломы атрымалі 76 кіраўнікоў і прадстаўнікоў арганізацый розных формаў уласнасці, якія аказалі на працягу 2016 года арганізацыям культуры спонсарскую дапамогу.

/i/content/pi/cult/633/14078/1-1.jpgБывае, для рэалізацыі праекта ёсць ідэі, натхніцелі і выканаўцы, але, каб закруціліся колы, не хапае фінансавага складніка. Радуе, што ўсё больш прадстаўнікоў бізнесу, арганізацый розных форм уласнасці адчуваюць: іх спонсарская дапамога можа паспрыяць урадлівасці глебы, на якой узрастае айчыннае мастацтва. Каб аддзячыць людзям, без якіх многія задумкі канулі б у Лету, заснавана рэспубліканская акцыя “Мецэнат культуры Беларусі”. 13 красавіка ў малой зале Палаца Рэспублікі ўручылі ганаровыя дыпломы 76 партнёрам сферы.

Перад пачаткам цырымоніі госці мерапрыемства маглі пазнаёміцца з некаторымі рарытэтамі, набытымі пры непасрэднай падтрымцы мецэнатаў. Цэлы стэнд распавядаў пра ўнікальныя прадметы сівой даўніны, якія з’явіліся ў экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, дзякуючы кампаніі “Japan Tobacco International”. Так, мінчане могуць любавацца кантушовым поясам XVIII — пачатку XIX стагоддзя з польскага Кракава. Разглядаць сярэбраны нямецкі кубак, падараваны ўнуку кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага Богдану з нагоды яго шлюбу з графіняй Габрэлай Марыяй Патуліцкай. Пазнаёміцца з кацэяй XII — XIII стагоддзя, якая з’яўляецца самай ранняй формай царкоўнага кадзіла, папярэдніцай знаёмага нам сёння кадзіла на ланцужку…

Другі стэнд распавядаў пра сумесныя праекты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з прадстаўнікамі бізнесу. Запрошаныя на імпрэзу з цікавасцю разглядалі “Жазло праўлення” Сімяона Полацкага (набыта пры дапамозе “Белгазпрамбанка”) і факсімільнае выданне поўнага збору кніг Францыска Скарыны (пры дапамозе банка “БелВЭБ”). Побач месцілася першае прыжыццёвае выданне на лацінцы знакамітага трактата нашага суайчынніка, ваеннага інжынера і тэарэтыка артылерыі, аднаго з заснавальнікаў сусветнай ракетнай балістыкі і касманаўтыкі Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі” (пры дапамозе “БПС-Сбербанка”) і яго пераклад на нямецкую мову (пры падтрымцы кампаніі “БелАВМ”). Выклікала захапленне “Жіція святых” з упершыню размешчаным на тытульным аркушы архітэктурным сілуэтам Магілёву. Кніга была выдадзена ў 1702 годзе Дзмітрыем Растоцкім  — адным з арганізатараў Магілёўскай брацкай друкарні, а набытая для галоўнай кніжніцы краіны кандытарскай фабрыкай “Слодыч”. Там жа публіка знаёмілася са зборнікам рэлігійных твораў для стараабрадніцкай царквы “Аб жыціі хрысціянскім”, падрыхтаваным да друку ў арганізаванай магнатам-рэфарматарам Антоніем Тызенгаўзам Гродзенскай друкарні. Канонік вярнуўся ў Беларусь дзякуючы “Брытыш Амерыкан Табака Трэйдзінг Компані”.

Я прыводжу малую частку прыкладаў, калі грошы буйных кампаній дапамагалі запоўніць белыя плямы нашай гісторыі ці спрыялі фарміраванню прасторы сучаснага мастацтва. За мінулы год сфера культуры прырасла спонсарскімі грашыма больш чым на 5 мільёнаў рублёў. Па меркаванні міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, само штогадовае правядзенне акцыі з’яўляецца паказчыкам высокаразвітай культуры і цывільнасці нашага грамадства. Святлоў са сцэны падзякаваў мецэнатам за тое, што яны ўвесь Год культуры былі побач: “Вы дапамаглі нам як у справе вяртання нашай культурнай спадчыны, так і ў стварэнні, падтрымцы новых культурных каштоўнасцей, якія, мяркую, увойдуць у скарбонку беларускіх мастацкіх дасягненняў”.

Бізнесменаў узнагароджвалі за ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай культуры, за аказанне падтрымкі ў правядзенні наватарскіх культурных праектаў, за ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, за сталую падтрымку нацыянальнай культуры. Найбольш лаўрэатаў было вызначана ў намінацыі “За значны ўклад у арганізацыю міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў і свят” — пад святло сафітаў узнялося 11 прадстаўнікоў арганізацый. У Міністэрстве культуры між тым зазначылі, што ў рамках аднаго мерапрыемства не ўдалося узнагародзіць дыпломам усіх лаўрэатаў, таму ўшанаванне бізнес-структур працягнецца ўжо на рэгіянальным узроўні.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"