Няпростыя “...Гісторыйкі” пра любоў і Мінск

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Сямён БУКЧЫН, публіцыст
Пачну з таго, чым іншым разам заканчваюць водгукі на кнігі. З ухвалы выдаўцам ды ілюстратарам. Зрэшты, да дызайн-праекта “Нашага старога добрага Вавілона”, апроч Генадзя Вінярскага, мастака Сяргея Стальмашонка, фотамайстра Георгія Ліхтаровіча, спрычыніўся і аўтар кнігі Міхаіл Валодзін.

/i/content/pi/cult/633/14073/4-2.jpgПрыемна ўзяць у рукі кампактны альбом, маляўнічы пераплёт якога ўжо вабіць чытача знаёмымі “аб’ектамі” стылізаванай мінскай даўніны. А пачні гартаць — і ўжо не адарвацца ад гэтай “Прагулкі па горадзе ў мінскіх гісторыйках” (такі падзагаловак кнігі).

Калі не вельмі абазнаны чытач пакорпаецца ў інтэрнэце, дык даведаецца, што Валодзін — той самы папулярны бард, чые песні яму здаралася чуць. А магчыма, таму ж чытачу траплялася і кніга Валодзіна пра індыйскія падарожжы. Я, дарэчы, лічу яе адной з лепшых кніг пра Індыю менавіта таму, што краіна Буды ў ёй прапушчана праз глыбока асабістае духоўнае ператварэнне аўтара.

І “Мінскія гісторыйкі” — таксама надзвычай асабістае для Валодзіна. Тут не толькі любоў да роднага горада, але, цалкам магчыма, перш за ўсё вострае жаданне суаднесці “мінскасць” (дазволю сабе такі няўклюдны тэрмін за бракам іншага) з вялікім светам, імкненне пераадолець комплекс правінцыйнасці і паказаць, што насамрэч “пазл складаецца” і Мінск годна ўключаны не толькі ў еўрапейскую, але і ў сусветную гісторыю. Трэба адно ўважліва прыгледзецца, і мы ўбачым, што будынак гарадскога паштамта вельмі падобны да палацца архітэктара XVIII стагоддзя Луіджы Ванвітэлі, які стаіць побач з рымскім фантанам Трэві, што ўсім вядомая скульптура “Хлопчык з лебедзем”, якая ўпрыгожвае самы стары фантан горада, знаходзіцца ў шэрагу падобных твораў нямецкага скульптара Тэадора Калідэ, іх можна пабачыць і ў Сан-Сусі (рэзідэнцыі прускіх каралёў), і на востраве Уайт (рэзідэнцыя англійскай каралевы Вікторыі). І высвятляецца: нічога незвычайнага, што Эйнштэйн мог стаць прафесарам беларускага ўніверсітэта. І стаў бы, каб не Сталін... А славіст Вячаслаў Зайцаў, які працаваў у акадэмічным інстытуце літаратуры, у 1970-м зрабіўся героем нашумелага навукова-папулярнага фільма нямецкага кінарэжысёра Эрыха фон Дэнікена “Успаміны аб будучыні”, таму што верыў у пазазямное паходжанне чалавечай цывілізацыі. І адначасова ненавідзеў савецкую ўладу. За гэта, дарэчы, і заплаціў зламаным лёсам. Хоць хто ж ведае: магчыма, філолагу і быў падрыхтаваны такі звышсуровы лёс — па волі КДБ прайсці праз вар’ятню? І, верагодна, таму Зайцаў гэтак імкнуўся ў касмічныя далячыні, што Мінск здаваўся яму самым нерамантычным горадам Зямлі. “У ім ніколі не бачна зорак”, — казаў Вячаслаў.

Аднак ёсць, ёсць рамантыка старога Мінска — пераконвае нас Міхаіл Валодзін. Праўда, яна асаблівага роду. Каб адчуць яе, неабходна быць альбо закаханым у горад “каранарным” мінчуком, альбо настроіцца на “мінскую хвалю”. Яна і ў гісторыі цудам ацалелага Чырвонага касцёла, і ў аповедзе пра мінскія карані Марты Скаўронскай, якая стала расійскай імператрыцай Кацярынай I.

Архітэктурныя гісторыі ў Валодзіна цесна пераплеценыя з чалавечымі, і ў гэтым асаблівы каларыт ягонай кнігі. Няхітрасць пазначанага жанру — “прагулка” — не адмяняе ноты драматызму, уласцівыя “гісторыйкам”. Па краі ляза прайшлі архітэктар будынка цяперашняга Міністэрства абароны Валянцін Гусеў і начальнік упраўлення архітэктуры Уладзімір Кароль, куратар будаўніцтва гмаху КДБ. І зразумелыя слёзы скульптара Заіра Азгура, які плакаў, калі на ягоных вачах руйнавалі помнік Сталіну.

Ёсць у кнізе Валодзіна “гісторыйкі”, што называецца, з адкрытым фіналам. Адна з іх — кранальны расповед пра савецкі танк, які на пачатку ліпеня 1941-га ва ўжо занятым немцамі Мінску здзейсніў баявы рэйд па горадзе. На жаль, кажа аўтар, танк на пастаменце каля Дома афіцэраў — не “той “вогненны дыназаўр”, што прарваўся праз толькі што заняты фашыстамі горад”. Паколькі, сапраўды, “той, хто апошнім пакідае абложаны горад, заслугоўвае не меншай славы, чым той, хто ўрываецца ў яго першым”.

Нехта з чытачоў скажа: “Забаўныя гісторыйкі”. Нехта недаверліва прамармыча: “Байкі!” Аднак і той, і другі напэўна адчуюць: нешта такі закранула душу, памяць. І гэта найбольш істотнае.

Міхаіл Валодзін прысвяціў кнігу сваім бацькам, якія былі “народжаныя ўдалечыні ад Мінска”, але прывучылі яго “любіць родны горад”. Гэтую любоў чалавека, што “сэрцам прыкіпеў да дзівоснай ілюзіі, імя якой Мінск”, ён ашчадна перадае сваім чытачам.