Фантан ідэй. І з водаправодам!

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Пра “канструкцыі” і “канструктараў”
Апошні дзень нашай аўтатураўскай камандзіроўкі па Міншчыне і Магілёўшчыне выдаўся надзвычай плённым. Пабачылі ў дзеянні ўстановы культуры адразу трох раёнаў. Словам, было што параўноўваць. І тут вось пра што хацелася б сказаць. У свой час нашы аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі пачыналі з нуля і пры адносна аднолькавых умовах. Але на сёння кожны прыйшоў да выніку, які часам істотна розніцца ад таго, што зроблена, скажам, найбліжэйшымі суседзямі. Працэс дыялектычны і натуральны. Гэта як у старэйшай групе дзіцячага садка: кожнаму выхаванцу руплівая выхавальніца дае аднолькавы канструктар, але якімі рознымі атрымліваюцца канструкцыі. Безумоўна, тут усё ад канструктара залежыць. Вось на такую акалічнасць і хацелася б зрабіць акцэнт.

/i/content/pi/cult/633/14062/10-1.jpgАльтэрнатыва

У мінулым матэрыяле мы казалі пра перспектывы захавання народных традыцый у Глускім раёне: акрэслілі болевыя кропкі ў сферы традыцыйнай культуры, характэрныя для многіх куткоў краіны. Наўздагон хацелася б вось што яшчэ зазначыць. На адзін і той жа гурток дома рамёстваў дзеці ходзяць максімум год-два. Адпаведна іх здольнасці застаюцца на аматарскім узроўні і наўрад ці выкарыстоўваюцца ў будучыні. Пра далейшую перадачу мясцовых традыцый у такім выпадку няма і гаворкі. Так, на Глушчыне няма пакуль школы рамёстваў. Але майстар лозапляцення з Заеліцы Аляксей Меснік знайшоў пэўную альтэрнатыву. Пра яе і хочам распавесці. Летась Аляксей набраў у свой гурток дзяцей выключна з другога класа мясцовай школы. Пры гэтым час заняткаў падабраны так, каб малеча з іншых вёсак магла паспець на зваротны рэйс школьнага аўтобуса. Майстар сцвярджае, што хоць з малодшымі школьнікамі па першым часе працаваць цяжэй, але і выніковая аддача тут нашмат большая. Сябры па школе застаюцца сябрамі і па гуртку. Вось такая “канструкцыя” атрымалася. Пабачым, наколькі працяглым застанецца “рамесніцкае” сяброўства.

Сістэма

А вось у Любанскай дзіцячай школе народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “канструкцыя” якасна адрозная: будучыя майстры вучацца пяць гадоў, пры гэтым авалодваючы самымі разнастайнымі традыцыйнымі рамёствамі: бандарствам, ганчарствам, лозапляценнем, разьбой па дрэве, ткацтвам, вышыўкай. А з гэтага навучальнага года ў школе з’явіўся новы кірунак зусім не традыцыйнага мастацтва — фрывалітэ: адмысловая тэхніка пляцення карункаў.

Вынікі сістэмнай працы не прымусілі сябе чакаць. Летась адбыўся першы выпуск школы з 14 выпускнікоў. Восем з іх вырашылі і, самае галоўнае, змаглі паступіць у мастацкія каледжы, прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы і працягнуць навучанне па профілі. І гэтым вельмі ганарыцца дырэктар школы Любоў Серавокая. Прыемна адзначыць, што па “наводцы” “К” у Любань звярталіся па кансультацыі з нагоды дзейнасці школы рамёстваў калегі з Быхава. Плануем арганізаваць у рэдакцыі “круглы стол” з удзелам прадстаўнікоў усіх нашых рамесніцкіх школ. Бо менавіта ў такой “школьнай” арыентацыі нам бачыцца галоўная перспектыва развіцця дамоў рамёстваў і нашага традыцыйнага мастацтва ўвогуле. У каго іншае меркаванне — выказвайце!

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Каб вучэбны працэс па асновах рамесніцкага майстэрства заставаўся эфектыўным, неабходна годнае тэхнічнае аснашчэнне і ўласна матэрыялы для вырабаў. Пытанні ў гэтым плане ў Глускім раёне маюцца. Майстар з Заеліцы выкарыстоўвае ўласную кухню, дзе варыць лазу. Клопатаў дадае і тое, што, праз хімічную апрацоўку навакольных каналаў для патрэбаў меліярацыі, лазу цяпер можна знайсці толькі на берагах ракі, а для гэтага трэба ехаць у райцэнтр. Вось так цывілізацыя “спрыяе” захаванню навакольнага асяроддзя і народных традыцый.

Валанцёрства

Пабываць у Любані і не завітаць у адкрытую некалькі месяцаў таму “Лаўку рамесніка” мы, вядома, не маглі. Аднак перад гэтым па дарозе заехалі ў аграгарадок Асавец, дзе ў адным будынку размяшчаецца і бібліятэка, і сельскі дом культуры. Супрацоўніц апошняй установы спынілі літаральна ў дзвярах. Дырэктар Лілія Ахрыменя, мастацкі кіраўнік Святлана Кандраценя, а таксама актыўны ўдзельнік мясцовай самадзейнасці ўрач Анатоль Аладка рыхтаваліся да выезду ў суседнюю вёску Ямінск на канцэрт. У фармаце экспрэс-інтэрв’ю высветлілі вось што.

Аказваецца, ва ўстанове разлічваюць не толькі на свае сілы, але і на мясцовую супольнасць. Дoбры прыклад — “Дыска-клуб”. У межах гэтага фарміравання школьнікі прыходзяць не толькі патанчыць, але і навучыцца спраўляцца з гукавой і асвятляльнай апаратурай. А падвучыўшыся, моладзь сама займаецца арганізацыяй дыскатэк. Самі вызначаюць рэпертуар у сацыяльных сетках, праз іх жа і запрашаюць на дыскатэкі. Пры такім падыходзе цікава ўсім: і падлеткам, якія з радасцю тут бавяць вольны час, і кіраўніцтву СДК, якое выконвае план па аказанні платных паслуг. Падобнае ў свой час мы бачылі ў Шчучынскім раёне. Там таксама маецца свой ды-джэй. А ў вёску прыязджаюць на танцы з райцэнтра. Урэшце, паспяховыя канструктары могуць быць і валанцёрамі ці фрылансерамі.

Традыцыя

Вырашылася пытанне ў Асаўцы і з вядучымі святочных праграм. Іх падрыхтоўка вядзецца ў рамках літаратурна-драматычнага гуртка “Маладзічок”. Апроч таго пры ўстанове дзейнічаюць клубныя фарміраванні “Крыжачок”, “Фарбы Радзімы”, гурток па вышыўцы. А гонарам установы з’яўляецца вакальны калектыў “Світанак”, які дзейнічае тут больш за 30 гадоў. Нельга не адзначыць і ўсеагульны любанскі трэнд: Асавецкі СДК актыўна супрацоўнічае з мясцовымі майстрыхамі па ткацтве і вышыўцы, якія хоць і працуюць у сябе дома, але заўсёды ўдзельнічаюць у супольных мерапрыемствах. Увагу да нацыянальных традыцый назіралі мы ці не ў кожнай установе раёна, а такая “канструкцыя”, пагадзіцеся, вартая пераймання.

Пераканаліся ў гэтым і ў асавецкай бібліятэцы, якую ўзначальвае Таццяна Малаш — ёсць тут арыгінальны этнаграфічны куток, вынік шматгадовай краязнаўчай працы. Пра павагу з боку мясцовай супольнасці сведчыць і той факт, што Таццяна Іванаўна абрана старастай аграгарадка. Гэта і не дзіўна, бо ў сваёй дзейнасці яна імкнецца ахапіць усіх жыхароў населенага пункта: пры бібліятэцы дзейнічае аб’яднанне пажылых людзей “Настальгія”, клуб-майстэрня “Чароўная нітачка”, для сямейнай публікі клуб “Надзея”, у межах якіх адбываюцца гутаркі, майстар-класы, сумесныя агляды прэсы за кубачкам гарбаты. Ажыццяўляецца ва ўстанове і сацыяльны праект “Дарога дабра”, разлічаны на працу з цяжкімі падлеткамі. І гэта таксама традыцыя.

На развітанне Таццяна Іванаўна адзначыла, што як і ў іншых бібліятэках, летась у параўнанні з мінулымі гадамі кніг паступіла нашмат менш. Але гэта не такая ўжо і праблема, бо кнігі дораць чытачы. Актыўна выкарыстоўваецца тут і буккросінг.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Мяне ўразіла рэкламная дзейнасць Любанскага аддзела ІРКСМ. І не столькі тое, што начальнік аддзела Васіль Каткавец сам сядае за камп’ютар і піша карэспандэнцыі для “К” (да прыкладу, пра хуткі тэатральны фестываль, і дарэчы, менавіта такой ухвальнай палітыкі прытрымліваецца і начальнік Мастоўскага аддзела Сяргей Дзейкало), колькі шматлікая і арыгінальная друкаваная прадукцыя: паштоўкі, візітоўкі, плакаты, афішы, запрашэнні. Гэтага ўсяго, пярэстага, яркага і незвычайнага па форме, было столькі падрыхтавана да нядаўняга адкрыцця “Лаўкі…”, што праігнараваць падзею было немагчыма. Таму і ператварылася яна ў святочны перформанс. Вось так бы ды ў кожным раёне!

Міні-гатэль і пякарня

У Любані найперш завіталі ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Размову з кіраўніком сферы культуры Любанскага раёна Васілём Каткаўцом пачалі з перспектыў яе развіцця. А тое, што яны ёсць, Васіль Сцяпанавіч не сумняецца, бо ў раён прыходзяць буйныя інвестары, будуецца вялікі горна-ўзбагачальны камбінат.

З гэтай нагоды ў кіраўніцтва раёна маюцца ідэі. Не адна і не дзве. Скажам, мяркуецца ператварыць Обчынскі СДК, што ў сямі кіламетрах ад Любані, у Цэнтр традыцыйнай культуры. І не фармальна ператварыць, а на базе ўжо наяўнага клуба нацыянальнай кухні “Гаспадыня”: праводзіць там абрады, вяселлі з элементамі традыцыйнай культуры, стварыўшы пры гэтым міні-гатэль, якога так не хапае ў горадзе.

Чарговая задумка Васіля Каткаўца — народная пякарня. Пакуль на рэалізацыю праекта сродкаў няма, але надзея маецца, бо ідэю падтрымаў старшыня Любанскага райвыканкама Сяргей Казецкі, які з вялікай адказнасцю ставіцца да развіцця культурнай прасторы раёна. І гэта дае свой плён. У мінулым годзе да 450-годдзя Любані па ініцыятыве Сяргея Казецкага быў адрэстаўраваны парк культуры і адпачынку, які стаў цэнтрам святкавання гарадскога юбілею. Былі ўведзены ў эксплуатацыю фантан, сцэна, трэнажоры, дзіцячая пляцоўка. Менавіта ў парку з ліпеня па верасень пачалі праходзіць бясплатныя танцы, а штонядзелю клубныя ўстановы аграгарадкоў летась паказвалі свае праграмы “Нядзельны вечарок”.

Ніхто не прайграе

Цяпер на большасць канцэртаў у Любані і раёне білеты распрадаюцца за некалькі тыдняў да выступлення. Яшчэ адзін з сакрэтаў — разам з квітком чалавек атрымлівае і права на ўдзел у бясплатнай латарэі, розыгрыш якой адбываецца падчас мерапрыемства. Не абыходзіцца ў справе прыцягнення наведвальнікаў ва ўстановы культуры і без крэатыўнасці. Возьмем “Чароўны куфэрак” — юбілейны ХІ тэатральны фестываль, якому ў гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў і 30 гадоў узорнаму тэатру “Летуценнікі” — арганізатару фестывалю. Фестываль адбудзецца ў маі. Сёлета ён пройдзе пад эгідай 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Час фестывалю адмыслова супаў з Міжнародным днём музеяў. Не выпадковы і праект у межах падзеі “Тэатральнае бяссонне”: у Ноч музеяў у школе мастацтваў адбудзецца паказ маладзёжнага спектакля “Гэта ўсё яна” (18+), а апоўначы адбудзецца яго абмеркаванне. Вядома ж, моладзі будзе мора!

І школьная, і публічная

Нават у такім актыўным у культурным плане раёне адбываецца аптымізацыя ўстаноў. Не маглі не закрануць і гэту тэму. Па словах Васіля Каткаўца, у выніку аптымізацыі ў вёсках большасць бібліятэк цяпер інтэграваныя. У той жа час маецца разуменне кіраўніцтва раёна, што ў аграгарадках важна захаваць па дзве бібліятэкі — школьную і публічную. У цэлым жа для Любаншчыны характэрны дыферынцыраваны падыход да аптымізацыі. Добры прыклад — Баяніцкі сельскі клуб. Летась яго планавалася закрыць, тым больш загадчыца клуба выходзіла на пенсію, а жыхароў тут — блізу 180 чалавек. Вось толькі вяскоўцы не пагадзіліся з такой перспектывай, запрасілі кіраўніцтва раёна і здолелі пераканаць, што з закрыццём клуба (бібліятэка і школа былі закрыты яшчэ раней) усе перспектывы вёскі канчаткова знікнуць. Прыслухаўшыся да людзей, пакінулі клуб, знайшлі на пасаду дзяўчыну, гатовую завочна падвучыцца ды сумяшчаць працу ў ФАПе і ў сферы культуры. Ці яшчэ прыклад. У невялікіх Шыпілавічах установа культуры таксама захавалася, бо месца тут адметнае — радзіма знакавай постаці не толькі для Любаншчыны, — вядомага пісьменніка, фалькларыста і краязнаўцы Паўла Шпілеўскага. Штогод тут праходзіць фэст традыцыйнай культуры “Пятровіца” з летняй школай народнага танца.

І ўсё ж клопатаў з установамі культуры ў раёне хапае, найперш, з рамонтна-будаўнічымі работамі. Актуальныя праблемы ў гэтым плане з Загальскім СДК. Гмах савецкіх часоў патрабаваў замены ацяплення, рамонту сцэны. Радуе, што паступова сітуацыя вырашаецца гаспадарчым шляхам.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Вось такія “канструктары”, вось такія “канструкцыі”. Мы яшчэ раз пераканаліся, што сапраўдную культуру робяць не па інструкцыях ці метадычках. Тут не столькі рукамі варта, колькі душой. Тады і прарастуць рунню — як гэта пастаянна адбываецца на Любаншчыне — адметныя фестывалі, установы культуры, творчыя праекты.

Мінск — Глускі раён Магілёўскай вобласці — Любанскі і Слуцкі раёны Мінскай вобласці — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"