“Залаты акардэон” дае штуршок

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Музычна-адукацыйны праект “Беларусь-тур”, які праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, працягвае крочыць па краіне. “К” задала некалькі пытанняў музыканту і галоўнаму завадатару тура Ігару Квашэвічу, які на сёння праехаўся больш чым па 60 гарадах і вёсках краіны. Напрыклад, 11 красавіка ў графіку паездкі “залатога акардэона Беларусі” быў пазначаны Маладзечна, а на наступны дзень — Вілейка.

/i/content/pi/cult/633/14059/13-1.jpg

 

Ігар Квашэвіч падчас майстар-класу ў Бабруйскай ДШМ № 1 імя Яўгена Цікоцкага. / Фота з архіва "К" прадастаўлена школай

— Я маю надзею, што праз музыку ў дзяцей, як цяпер кажуць, “з глыбінкі” палепшыцца мастацкі густ, і яны змогуць ацаніць напоўніцу дасягненні і здабыткі ў айчынным музычным мастацтве. Адсюль натуральным шляхам паўстала і ідэя правядзення майстар-класаў для юных музыкантаў, сустрэчы з імі і іхнімі выкладчыкамі. Бо не сакрэт, што для многіх музыкантаў-пачаткоўцаў падобная форма работы з’яўляецца пэўным штуршком для ўдасканалення, а без паездак па рэгіёнах тое здзейсніць немагчыма…

— З якімі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца щ час тура? Ці былі транспартныя, жыллёвыя, арганізацыйныя праблемы?..

— Пра гэта лепш пытацца ў кіраўніка праекта “Беларусь-тур” Андрэя Квашэвіча. Адзначу толькі вось што. У некаторых раёнах у мяне былі пэўныя непаразуменні з-за таго, што адказныя асобы ў аддзелах ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовых райвыканкамаў часам нават не ведаюць пра такі тур. Між тым, ён шырока асвятляецца сродкамі масавай інфармацыі, падтрыманы Міністэрствам культуры Беларусі, праводзіцца сумесна з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” і Беларускай асацыяцыяй беларускіх баяністаў. Так што ў пэўнай ступені гэтае “няведанне” пра маштабную рэспубліканскую акцыю ў некаторых раёнах было для мяне даволі дзіўным. Але ў пераважнай большасці на месцах пра “Беларусь-тур” чулі, нам спрыяюць і ставяцца вельмі добразычліва.

— Наколькі вам спадабаўся ўзровень тых юных музыкантаў, з якімі вам даводзілася сустракацца падчас выездаў? Ці шмат сярод іх будучых “зорачак”?

— Прызнаюся, даволі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства мне даводзілася сустракаць пераважна ў вясковых паселішчах, у аграгарадках, дзе ў музычных школах займаюцца і працуюць сапраўды адданыя і ўлюбёныя ў справу як дзеці, так і настаўнікі. А вось у некаторых раённых дзіцячых школах мастацтваў узровень выхаванцаў быў часам і ніжэйшы за той, што я адзначаў на сяле. Чаму так адбываецца, я не ведаю. Выкажу думку, што дзеці ў раённых цэнтрах больш любяць сядзець у інтэрнэце, чым іх вясковыя аднагодкі. Але ж для таго, каб узрастаць у сваім майстэрстве, патрэбна шмат працаваць, пастаянна самаўдасканальвацца. Бо, як вядома, у музычным выхаванні спыняцца нельга, гэта няспынны працэс, без якога немагчымы далейшы поспех любой юнай “зорачкі”.

— Ці назіралі вы ў дзіцячых школах мастацтваў такія праблемныя моманты, як састарэлыя інструменты, слабую матэрыяльна-тэхнічную базу? І дзе з гэтым больш праблем: у горадзе ці на сяле?

— Наколькі я змог убачыць, агучаныя праблемы ў пераважнай большасці дзіцячых школ мастацтваў Беларусі сёння вырашаны. Ёсць іншая: кадравая. Мне часцяком казалі, што маюць у школе добрыя інструменты, а вось маладых настаўнікаў ці некаторых патрэбных спецыялістаў няма, і іх шукаюць там ужо даволі даўно. Так што менавіта кадравая праблема, як мне падаецца, сёння выходзіць на першы план у рэгіёнах. Інструмент заўсёды можна прыдбаць, а вось як зацікавіць працай у школе мастацтваў маладога спецыяліста?

— А ўвогуле, наколькі, на ваш погляд, у айчынных ДШМ якасная падрыхтоўка? Ці не прайграем мы ў гэтым плане замежнай сістэме адукацыі?

— Як я ўжо не раз казаў, беларусы часам вельмі скептычна ставяцца да свайго, айчыннага, і лічаць, што мы ва ўсім саступаем замежнаму. Між тым, у нас ёсць цудоўныя магчымасці праявіць сябе, раскрыць свой патэнцыял. Наша сістэма музычнай адукацыі “школа — вучылішча — ВНУ”, закладзеная ў савецкі час, любой іншай, у тым ліку, і замежнай, сістэме дасць вялікую фору. Я два гады пражыў у Германіі, і, паверце, мне ёсць з чым параўноўваць. Напрыклад, у Баварыі дзеці сёння вучацца граць на інструменце ўсяго толькі 30 хвілін на тыдзень. Але ж гэта мізер! Прычым за гэтыя паўгадзіны яны плацяць 20 еўра, а ў нашых школах, дзе ўрокам надаецца нашмат больш часу, трэба заплаціць усяго 5 — 6 еўра ў месяц. Так што той, хто хоча ў Беларусі навучыцца музыцы, абавязкова навучыцца. Трэба толькі адарвацца ад камп’ютара і ўзяцца за інструмент…

— Цяпер, як вядома, у Беларусі ў шмат якіх аграгарадках функцыянуюць філарманічныя пляцоўкі. Наколькі яны, на ваш погляд, запатрабаваныя, ці ёсць у іх пастаянныя наведвальнікі? І ці маюць яны будучыню?

— Што да мяне, дык мне без розніцы дзе выступаць: у Крамлёўскім палацы ў Маскве ці на сцэне Дома культуры аграгарадка, бо я ўсюды стараюся выкласціся напоўніцу, прыцягнуць увагу кожнага, хто знаходзіцца ў залі. Так што, калі мне прапануюць у такім сельскім ДК выступіць, дык я з радасцю пагаджуся. А наконт філарманічных пляцовак скажу толькі, што гэта — вельмі добрая ініцыятыва. Бо калі нічога не рабіць, дык нічога і не будзе. Нам трэба выхоўваць свайго слухача і гледача, далучаць дзяцей і моладзь (а таксама, натуральна, іхніх бацькоў) да сусветнай класікі, да сусветных шэдэўраў. Бо гэта праца на перспектыву, на будучыню нашай краіны. Толькі праз культуру (а я лічу беларускую культуру візітнай карткай нашай дзяржавы!), праз судакрананне з прыгожым, можна выхаваць сапраўднага грамадзяніна, паўнавартасную і ўсебакова развітую асобу. За мяжой, дарэчы, гэта разумеюць таксама: я, напрыклад, нядаўна выступаў у адным вясковым паселішчы ў Баварыі, дзе пражываюць усяго 500 чалавек. Дык там два гады таму адбудавалі канцэртную залу коштам у два мільёны еўра, і на маім выступленні ў ёй не было вольных месцаў. Поўная зала вясковых людзей сядзела і слухала музыку Бетховена і Баха. Так што нам варта цаніць тое, што мы маем, і не спыняцца на дасягнутым, бо ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб узрастаць і творча рэалізоўвацца. Спадзяюся, што і наш музычна-адукацыйны праект для многіх стане яшчэ адным крокам у гэтым кірунку.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"