Усе адценні нацыянальнага

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Юбілейны сезон Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь, як заўсёды, насычаны. Адыграўшы ў сталіцы традыцыйныя фестывалі “Мінскі джаз” і “Шлягеры на ўсе часы”, ён выправіўся ў тыя рэгіёны, што пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. Менавіта з уражанняў пра гэтыя імпрэзы распачалася наша гутарка са стваральнікам і нязменным “стырнавым” легендарнага калектыву — народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам ФІНБЕРГАМ.

/i/content/pi/cult/633/14058/12-1.jpg— Фэсты ў Хойніках і Чачэрску вы ладзіце ўжо болей за дзесяцігоддзе. Як змяніліся на вашых вачах тыя гарады і іх жыхары?

— У любым выпадку, я не назваў бы іх дэпрэсіўнымі — хаця жыццё там, вядома, няпростае. Людзі выдатна выглядаюць, прыгожа апранаюцца, у іх цудоўны настрой. Больш за тое, яны — уважлівыя і ўдзячныя слухачы, якія вельмі цікавяцца нашым музычным мастацтвам і прагнуць спасцігаць глыбінныя пласты яго гісторыі. Сустракалі наш аркестр вельмі добра, а праводзілі яшчэ лепш — стоячы і з апладысментамі! Ды і музыканты, трэба адзначыць, выклаліся напоўніцу.

Вельмі прыемна і тое, што прадстаўнікі мясцовых уладаў усімі сіламі спрыяюць правядзенню на сваёй зямлі такіх імпрэзаў, і найперш я б хацеў тут падзякаваць старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміру Дворніку. У нас ужо ёсць дамоўленасць аб правядзенні тых самых фестываляў і налета. Так, мы ад пачатку разумелі, што яны павінны стаць менавіта традыцыйнымі. Лічу, гэта адзін з самых важных іх параметраў, які дазваляе паступова выхоўваць публіку, паслядоўна адкрываючы перад ёй новыя старонкі нашай музычнай культуры. Таму гэту справу трэба працягваць, як бы цяжка тое ні было.

— А ці не баіцеся вы самапаўтораў і руціны?

— Я не ведаю, што гэта такое! Чаму многія артысты не могуць штогод даваць канцэрты ў адных і тых самых мясцінах? Ды таму, што новага матэрыялу ў іх няма, а стары рэпертуар ужо прыеўся публіцы. У нас жа шторазу рыхтуюцца эксклюзіўныя праграмы — на кожны з такіх фэстаў у маленькіх гарадах. А іх, дарэчы, наш калектыў зладзіў ужо 328! Уяўляеце — 328, і гэты лік пастаянна расце! Сёлета вось распачнем новую традыцыю — фэст у Вілейцы. Дарэчы, адзін з канцэртаў прысвяцім сувязі навукі і культуры, зважаючы на тэматыку гэтага года.

— Даруйце, але як адлюстраваць такую тэму на сцэне?

— А вы толькі ўявіце, як выглядаў бы той самы канцэрт, каб не было сучаснай апаратуры! Ну і ў працяг адказу на ваша пытанне пра руціну… Наш аркестр заўсёды шукае падыходы да гледача, і гэта таксама прастора для няспыннага творчага эксперыменту. Мы не проста даем канцэрт, але гутарым з публікай, выкарыстоўваючы зусім новую драматургію. Гэта раней на сцэну выходзіў канферансье, абвяшчаў нумары, потым — агульная песня і “да пабачэння”. Мы ж выбудоўваем цэласную праграму, якая мае завязку, кульмінацыю, завяршэнне. У музыцы ёсць такое паняцце, якое называецца штрых, пра яго мала хто сёння ведае: як гук пачынаецца, як ён доўжыцца і як завяршаецца. І кожны такі нюанс, кожнае адценне мае неверагодную важнасць — гэтаму мяне яшчэ Уладзімір Караткевіч вучыў, якога я лічу адным са сваіх настаўнікаў. Таму наша задача — не толькі стварыць настрой, але адчуваць повязь аднаго слова з другім, адной музычнай фразы з наступнай. І менавіта таму на фінальных акордах залу ахоплівае дух эмацыйнага яднання, і аркестру апладзіруюць стоячы.

— А ці спрыяюць такія фэсты выхаванню новых музыкантаў?

— Гэта адно з нашых крэда: гадаваць на нацыянальным матэрыяле новыя пакаленні музыкантаў. Але калі казаць пра запаўненне вакансій у аркестры (на шчасце, яны не так і часта здараюцца), трэба браць пад увагу і іншы прынцыповы аспект — надзвычай высокую планку выканальніцкага майстэрства. Таму з людзьмі без грунтоўнай музычнай адукацыі мы ў калектыве не знойдзем агульнай мовы. Больш за тое — не магу сказаць, што навучальныя ўстановы пастаўляюць нам прафесіяналаў, здатных вокамгненна ўліцца ў аркестр. Выпускнікі зазвычай патрабуюць грунтоўнай шліфоўкі. І часам рэпетыцыя сканчаецца слязьмі — што паробіш. Затое, потым усе прызнаюць, што наш аркестр — трамплін для прафесійнага росту. Так, маладыя музыканты — гэта надзвычай таленавітыя людзі, гэта наша будучыня, але… талент патрабуе пастаяннай і карпатлівай агранкі.

 — Увага да нацыянальнай культуры ў нас спакваля расце. Ці не адчуваеце канкурэнцыі з боку іншых калектываў?

— Ну, па-першае, наўрад ці хтосьці здолее нас дагнаць. Згадаю хаця б тое, што ў актыве аркестра — 38 праграм на творы беларускіх паэтаў розных пакаленняў! А па-другое... Увага расце, але яе ўсё адно замала. Ці часта вы чуеце нашу класіку (у тым ліку і эстрадную) па тэлебачанні ці па радыё?

— Але ж радыйшчыкі маюць аргументы: мы ставім тую музыку, якая стварае людзям настрой…

— Прабачце, не пагаджуся! Вясковая кабета, якая ўключае радыё а 6-й раніцы перад тым, як пайсці на гарод, наўрад ці прагне пачуць песню пра калізіі асабістага жыцця нейкай “спеўнай бялізны”. У чалавека простага зусім іншае і на душы, і ў галаве. Яму трэба музыка, якая стварала б настрой на працу, натхняла і бадзёрыла.

— Ёсць таксама стэрэатып пра правінцыйнасць і другаснасць нашай музыкі, асабліва папулярнай…

— На апошнім фэсце “Шлягеры на ўсе часы” мы пастанавілі давесці ўсім, што гэта не так, зрабіўшы праграму, якая спалучала беларускую ды італьянскую музыку. І дзякуючы гэтаму параўнанню слухачы маглі заўважыць, што нашы песні ні на каліва не горш за знакамітыя ў свеце творы. Для мяне гэта не ў навінку: я некалькі гадоў працаваў у Італіі, добра ведаю тамтэйшую музыку і меў магчымасці параўноўваць. Там яна, дарэчы, паўсюль гучыць і на радыё і па тэлебачанні. А беларускае… Як мне часам падаецца, гучыць толькі ў мяне ў сэрцы. Заўважце, гэта я не з гонарам кажу, а з вялікай скрухай.

— Вы закранулі тэму нацыянальнага мастацтва. Многія дасюль спрачаюцца наконт таго, што гэта такое. А які ў вас адказ?

— Гэта мастацтва, створанае людзьмі, якія нарадзіліся і гадаваліся тут, хадзілі па гэтай зямлі, шчыра яе любілі, елі хлеб ды бульбу з нашых палёў і смакавалі сакавітыя яблыкі з тутэйшых садоў. Гэта мастацтва, створанае тымі, хто паважае не толькі сваіх суродзічаў, але і суседзяў. Яно ніколі не адмяжоўвалася ад культуры сусветнай — ды і мы гэтага ні ў якім разе не павінны рабіць. І самае галоўнае: нельга падыходзіць да яго фармальна або кан’юнктурна, засвойваючы беларускі рэпертуар таму, што прыйшла ўказка зверху. Наш курс на прапаганду нацыянальнага мастацтва, якога мы трымаемся праз усю гісторыю калектыву, быў і застаецца шчырым.

— А ці няма адчування вычарпанасці матэрыялу пасля столькіх гадоў такой насычанай работы?

— Няма і блізка. Паверце, матэрыялу, які варты ўвасаблення на самай вялікай сцэне, у скарбонцы нашай культуры — неабсяжныя радовішчы! Адно што трэба гэтым цікавіцца, рупліва вышукваць, трэба, урэшце, шмат чытаць. Ды і тыя нашы класікі, імёны якіх ведае кожны, таксама могуць прагучаць з нечаканымі, нікім дасюль не раскрытымі інтанацыямі. Я ў гэтым пераконваюся акурат цяпер, калі мы рыхтуем да фэсту ў Маладзечне новую праграму, прысвечаную Янку Купалу і Якубу Коласу, якая будзе доўжыцца без малога тры гадзіны. У ёй уважлівы слухач знойдзе шмат свежых нюансаў.

— А ці можна паставіць набыткі нашых кампазітараў на адну паліцу з сусветнымі?

— Не аспрэчваю, прэтэндаваць на месца ў гісторыі можа далёка не ўсё. Але пры гэтым трэба прыгадаць цэлую пляяду тых імёнаў, якія маюць папраўдзе агульнасусветную вагу. Той жа Яўген Глебаў, Генрых Вагнер, Яўген Цікоцкі, Дзмітрый Смольскі — сапраўдны геній. А Леў Абеліёвіч, якога недарэмна называюць нашым Шастаковічам! А Мікалай Чуркін, чыё імя мы, па сутнасці, адкрылі для шырокай публікі! Галіна Гарэлава — дарэчы, вучаніца Смольскага. Рыхтуючы не так даўно канцэрт яе твораў, я і сам быў шчыра здзіўлены іх глыбінёй ды маштабам кампазітарскай задумы. Падаецца, ніхто ў свеце не здатны на тое, на што здатная яна! Без сумневу, такія імёны трэба папулярызаваць, і ў звязку з гэтым у мяне даўно наспела пытанне: чаму няма фестывалю беларускай акадэмічнай музыкі? Такая важная для нацыянальнай культуры ніша пакуль не запоўнена. І, паверце, такіх нішаў багата, на ўсё нас не хопіць. Гэта я ў дадатак пра канкурэнцыю.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"